Лісічкі ў кошыку, архіўнае фота

Беларуская народная кухня: гатуем стравы з лісічак

137
(абноўлена 07:00 20.07.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, хто лічыў грыбныя стравы больш каштоўнымі, чым золата ці срэбра, і вучыць гатаваць лісічкі.

Калі ў полі закаласілася жыта, надыходзіць час адпраўляцца ў лес па грыбы. Сярод зялёных мхоў невялікімі лапікамі жаўцеюць лісічкі і трэба паспяшацца не толькі пакаштаваць з іх смачныя стравы па беларускіх народных рэцэптах, але і зрабіць прыпасы на зіму.

Ліска, лісіца, лісічанка, пліска, жоўцік і жаўцюр, смалянка, саснянка, вавёрчын, яўрэйскі або кашэрны грыб — усё гэта назвы лісічкі звычайнай ў розных рэгіёнах Беларусі. Яны сустракаюцца ў літаратурнай мове і народным маўленні і выразна адлюстроўваюць спецыфіку грыба, яго форму, колер, выкарыстане ў кулінарыі.

Так у народзе кажуць: "Раней за лісічак нішто не расце", "Лісічкі — грыбы чыстыя, не рабачлівыя (чарвівыя)", "Раней за лісічак нішто не расце", "Лісічка за ўсіх грыбоў хітрэй — заўсёды пад жоўты лісток хаваецца".

Па сваіх якасцях не ўсе грыбы раўназначныя і лісічкі знаходзяцца ў шэрагу найбольш каштоўных. Гэтыя грыбы зручна збіраць, паколькі растуць яны на адным месцы вялікімі сем’ямі і не бываюць чарвівымі.

У народзе заўважалі, што на адным месцы гэтыя грыбы з’яўляюцца не кожны год. Калі суха, то іх трэба шукаць па мхах, калі холадна — па ельніках, калі мокра — па бярэзніках. Сустрэць іх у лесе або на кірмашы можна ад ліпеня да верасня. Лісічкі спажываюць свежымі, марынаванымі, сушанымі і салёнымі. Выкарыстоўваюць іх і ў народнай медыцыне.

Замест срэбра і золата – стравы з грыбоў

У І ст нашай эры рымскі навуковец і пісменнік Пліній упершыню паспрабаваў сістэматызаваць грыбы, вылучыўшы дзве вялікія групы: страўныя і нястраўныя.

У старажытным Рыме ў багатых людзей і патрыцыяў без грыбных страў не абыходзілася ніводнае застолле. Нездарма ў тыя часы зявілася крылатая фраза, якая належыць паэту Марцыялу: "Срэбрам і золатам... лёгка паступіцца, але немагчыма адмовіцца ад стравы з грыбоў".

У кухараў розных краін свету лісічкі ў пашане. Стравы з іх гатуюць у Польшчы, Германіі, Расіі, Фінляндыі, Карэі, Латвіі, Літве і вядома ж у Беларусі. Вось як гатуюць гэтыя грыбы ў Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці.

Суп з лісічак

Інгрыдыенты:

  • 500 г свежых лісічак
  • 100 г сала
  • 1 цыбуліна
  • 1 ч.лыжка мукі
  • 2 ст лыжкі смятаны
  • Соль
  • Чорны молаты перац
  • Зеляніна кропу

Як гатаваць:

Пачысціць і вымыць грыбы, дробна нарэзаць сала, патаўчы ў ступцы і падсмажыць на ім дробна накрышаную цыбулю, дадаць лісічкі і тушыць 45 хвілін. Затым грыбы заліць гарачай вадой у патрэбным аб’ёме, пасаліць і давесці да кіпення. Змяшаць смятану з мукой і забяліць ёй гатовы суп. Пасыпаць перцам або кропам.

Лисички, архивное фото
© Pixabay
Лісічкі

Тушаныя лісічкі

Інгрыдыенты:

  • 500 г свежых лісічак
  • 2 ст лыжкі вяршковага масла
  • 3 ст лыжкі смятаны
  • 1,5 шклянкі грыбнога адвару
  • Соль
  • Зеляніна кропу

Як гатаваць:

Свежыя грыбы пачысціць і вымыць, нарэзаць і тушыць на сухой патэльні ва ўласным соку ўвесь час мяшаючы пакуль не выпарыцца сок. Дадаць у грыбы загадзя дробна нашаткаваную і падсмажаную  на масле цыбулю, грыбны адвар або ваду і тушыць 30 хвілін. За некалькі хвілін да гатовасці пасаліць, дадаць смятану і пасыпаць сечанай зелянінай кропу. Падаюць да варанай бульбы.

Лисички
© Pixabay
Лісічкі ў лесе

Парады руплівай гаспадынькі:

  • Падчас працяглай варкі грыбы страчваюць сваю пажыўнасць і, выпускаючы сок цвярдзеюць;
  • Больш жорсткія ножкі звычайна вараць асобна і даўжэй за шапачкі, а прыгатаваныя - крышаць дробна;
  • Ачышчаныя і вымытыя грыбы з прэсным смакам тушаць або смажаць ва ўласным саку з тлушчам;
  • Каб свежыя грыбы не крышыліся, перад тым як нарэзаць, трэба абліць іх кіпенем.
137
Тэги:
беларуская кухня, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (77)

Месцы сілы: карта прыродных святынь Мінскай вобласці

1306
(абноўлена 17:34 07.05.2021)
Сучасныя беларусы ходзяць з ахвяраваннямі да дрэў, крыніц і валуноў і просяць збавіць ад слепаты, падарыць добрага мужа і палегчыць роды. Што, дзе і ў чаго прасіць – у інфаграфіцы Sputnik.
Карта прыродных святынь Мінскай вобласці – інфаграфіка sputnik.by
© Sputnik Беларусь / Інфаграфіка

Па сціплых падліках, на Міншчыне знаходзіцца больш за 40 шанаваных прыродных святынь. Гэта камяні, крыніцы і нават дрэвы.

Гэтыя месцы здаўна ахутаныя легендамі і паданнямі. Напрыклад, побач з вёскай Крыжоўка Мінскага раёна ёсць Волас-камень, які, згодна з народнымі меркаваннямі, адказвае за ўрадлівасць і багацце. Назва каменя паходзіць ад язычніцкага бога Вялеса, які быў заступнікам хатняй жывёлай. Нават зараз на дрэвах вакол каменя можна знайсці чарапы быкоў і кароў.

Тут жа непадалёк знаходзіцца "Камень кахання", які 150 тысяч гадоў таму прынёс сюды ледавік. Да яго прыходзяць людзі не толькі ў пошуках бясконцага кахання, але і пары з просьбамі зачаць дзіця і палегчыць роды.

Самыя папулярныя прыродныя святыні Мінскай вобласці з інфармацыяй аб іх – на карце Sputnik.

КАЛІ Ў ВАС НЕ АДЛЮСТРОЎВАЕЦЦА ІНФАГРАФІКА — ГЛЯДЗІЦЕ МАТЭРЫЯЛ НА ПОЎНАЙ ВЕРСІІ САЙТА>>

1306
Тэги:
Святыні, дрэвы, камяні, Беларусь, Мінская вобласць
Тэмы:
Забытыя і знакамітыя: самыя цікавыя славутасці Беларусі
По теме
Дзе беларусы шукаюць здароўе і каханне і як у гэтым дапамагаюць камяні і вада
Беларускія вербы

Вербная магія або вярба на ўсялякую патрэбу

159
(абноўлена 16:37 24.04.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра Вербную нядзелю і дзеліцца сакрэтамі народных завядзёнак.

Нарэшце распусцілася вярба і ў паветры залунала свята. Паабапал дарог, на фоне яшчэ шэрых лясоў жоўтыя ад пяшчотных кветак вербы, свецяцца нібыта свечы ў храмах, нагадваючы ўсім аб надыходзе свята.

Вербніца – прадвесніца Вялікадня – узнёслае ўрачыстае свята. У хрысціянстве яно прымеркавана да Уваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім, дзе народ сустракаў яго пальмавым лісцем. У беларусаў сімвал свята – вярба, якую падчас набажэнства асвячаюць у храмах. Чаму свецяць вярбу, а не пальмавае лісце ў народзе тлумачылі так:

"Ну, а ў нас пальмаў ужэ ж няма, то і рашылі вярбу. Вот паэтаму і вярба".

У некаторых мясцінах Гарадзенскай губерніі яшчэ ў 19 стагоддзі на Вербніцу прывозілі ў цэрквы вярбу цэлымі дрэвамі з карэннямі і пасля асвячэння ламалі з яе галіны.

Што пра свята людзі кажуць

Аб тым, як Хрыстос уваходзіў у Іерусалім, народ складаў легенды. На Гомельшчыне гэтую падзею пажылыя людзі апісвалі так:

"Бог ехаў на кані. Людзі расцілалі палотны, багатыя расцілалі каўры, дарогу ўсцілалі. А бедныя ўсцілалі ветачкі. Так Бог не паехаў па каўрах і палотнах, а паехаў па ветачках".

З цягам часу "вярбой" у народзе сталі называць галінкі вярбы, аздобленыя каляровымі сухімі кветкамі, травамі, каласкамі, мохам і інш. Яны імітавалі сабой "пальмы". Вядома ж, у розных рэгіёнах Беларусі ёсць свае, адметныя традыцыі аздаблення велікодных верб з выкарыстаннем прыродных матэрыялаў. Сярод іх асабліва вылучаюцца вядомыя на ўвесь свет так званыя "Віленскія пальмы". У мастацкім аздабленні гэтых вербаў удала спалучыліся народныя традыцыі і беларусаў, і літоўцаў. "Пальмы", падобныя на "віленскія", распаўсюджаны таксама і ў заходняй частцы Беларусі, якая мяжуе з Літвой, на Браслаўшчыне, Гарадзеншчыне, у Лідзе, Гродна, на Астравеччыне.

Вербы са Скідзеля
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Вербы са Скідзеля

Для вырабу такіх "пальм" нарыхтоўваюцца палачкі рознага памеру ад 50 да 70 см. Каб складаўся ўзор, да іх прывязваюцца ў адпаведным парадку сухія кветкі рознакаляровага геліхрызума і іншых сухацветаў, каласы збожжа, сухія травы, якія ў сваю чаргу фарбуюцца ў яркі зялёны колер. Над іх стварэннем напрацягу года працуюць цэлыя сямейныя дынастыі, ствараючы сапраўдныя творы традыцыйнага мастацтва.

У Вербную нядзелю "пальмы" можна сустрэць і нават набыць на кірмашах каля цэркваў і касцёлаў буйных гарадоў. І не толькі набыць, але і пагутарыць, даведацца шмат цікавага аб народных завядзёнках, бо яшчэ жывая вера аб магічных уласцівасцях вербных галінак.

Вербныя завядзёнкі

Як толькі ў народзе не выкарыстоўвалі асвечаную вярбу! Ёю лячылі не толькі людзей, жывёл але і прадметы побыту, з ёй варажылі на замужжа, хадзілі на могілкі, асвячалі агарод і інш. Асабліва моцнай яна лічылася ў Вербніцу. Вось некаторыя прыклады народных завядзёнак і побытавай магіі.

Чаму свецяць вярбу? На гэта пытанне адказваюць па-рознаму. Напрыклад, жыхары вёсак Полацкага раёна мяркуюць, што "вярбу свецяць, каб жыта ішло такое высокае і чыстае, як вярба. А ядловец засцерагае ад усякага зглазу, ад уреда" (Ганна Баратынская, 1912 г.н., в. Мураўшчына).

Традыцыйныя вербы і паштоўкі
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Традыцыйныя вербы і паштоўкі, зробленыя дзецьмі Нядзельнай школы

Куды дзець старую вярбу? Гараджане пакідаюць іх у скрынях каля царквы, калі прыходзяць на набажэнства. А на вёсцы свае завядзёнкі. Мінулагоднія вербы палілі, а вось прыгожых букецікаў, якімі была аздоблена вярба, было шкада, таму часта іх надоўга пакідалі за абразамі, далучаючы да новых вербаў. Так і цяпер амаль у кожнай сялянскай хаце абраз упрыгожваюць галінкі асвечанай вярбы.

Вербны букецік замацоўвалі за абразамі, каб не толькі ўпрыгожваў покуць, але і засцерагаў хату ад маланкі. Летам, як толькі ў небе загрыміць – выстаўлялі ў вакно сухія галінкі вярбы і грымоты абыходзілі сялібу бокам.

Перш чым трапіць за абразы на покуці, асвечаныя галінкі вярбы раздавалі ўсім, хто меў у іх патрэбу. Каб не наклікаць на сябе бяды, лічылася, што калі вярба трапіла ў хату на покуць, адорваць ёю, або пазычаць камусьці было ўжо нельга.

"Не я б’ю – вярба б’е! Хіра ў лес, а здароўе ў косці!" У народных уяўленнях лічылася, што гэта дрэва ўплывае на жыццяздольнасць і здароў’е чалавека і жывёл, засцерагае ад нечысці. Іначай, чым патлумачыць жыццядзейнасць старажытнага абрада, згодна з якім "білі" (пасцёбвалі) не толькі дзяцей, каб яны хутчэй раслі, але і дарослых, каб не хварэлі. Цяжка вытлумачыць радасць, якая нараджаецца ў сэрцы, калі чуеш адвечнае:

"Не я б’ю – вярба б’е.
За тыдзень – Вялікдзень.
Будзь багаты, як зямля,
Будзь здаровы, як вада,

Як лёд – на ўвесь год!"

Чароўныя словы народнай замовы!

Што яшчэ лячылі вярбой? Ліхаманка, паразіты і хворыя зубы падуладны пупышкам асвечанай вярбы. Для гэтага дастаткова было з’есці па дзевяць пупышак з асвечанай вярбы. Часам вярбу запальвалі і акурвалі ёю ад ліхаманкі хату, клалі вярбу ў ваду і тады, калі купалі ў ёй хворае дзіця. Пупышкі давалі дзецям ад гельмінтаў, попелам ад спаленай вярбы пасыпалі месца вакол калыскі навароджанага дзіцяці, каб прадухіліць усялякія негатыўныя ўздзеянні нябачных варожых сіл.

Ідзём з вярбой на могілкі. На Радаўніцу прынята віншаваць з Вялікаднем памерлых продкаў. На магілы блізкіх людзей неслі галінкі вярбы, асвечанай у царкве ў Вербную нядзелю. Галінкі клалі на могілкі, каб павіншаваць такім чынам са святам памерлых продкаў. Цяпер на гэту традыцыю практычна забыліся і замест вербаў нясуць на могілкі букеты штучных кветак, якія з часам ператвараюцца ў смецце.

Каб скацінка здаровая была, а кароўка давала шмат малачка. Для гэтага, пасля набажэнства ў Вербную нядзелю з вербамі абыходзілі хлявы. Кароўку, авечак і іншых хатніх жывёл сцябалі галінкамі, каб добра вяліся, здаровыя былі, ліхога вока не баяліся. Частку вярбы пакідалі ў хлеве, а часткай пасля выганялі скаціну на пашу ў Юр’я.

Асвячэнне вярбой агарода. Гэта абрад мог бы быць карысны для дачнікаў. Вярбе прыпісвалі здольнасці апладняць зямлю, паляпшаць яе ўраджайнасць. Для гэтага пасля выгану жывёлы вярбу ўтыкалі ў зямлю (у чатырох вуглах нівы) або разламвалі галінкі і раскладвалі іх па палях. Або выкарыстоўвалі попел ад спаленай мінулагодняй вярбы. Яго высыпалі на грады, каб забяспечыць добры ўраджай, абараніць ад шкоднікаў і ахаваць агарод ад стыхійных бедстваў. Казалі:

"Каб ураджай добры ўвосені сабраць, каб усё так хутка расло, як вярба на мяжы суседа, каб чэрві ды жукі не нападалі".

Для большай пэўнасці чыталі замову:

 "Чэр* нападаіць, кор пад’ідаіць. Чэр кіпучая, чэр магучая, ідзі з нашага поля на мхі, на балоты, на гнілыя калоды, а калі ня пойдзеш, то святэй Міхайла-арханій сашлець пціц з нябес з жалезным носам. Будуць драць, кляваць, вашу жысць рашаць. Ва векі амінь".

*Чэр – чарвяк, вусень.

Вярба, як зваць суджанага? Калісьці дзяўчаты, як прыйдуць з царквы, садзіліся каля хаты на лаўку і пачыналі чакаць. Як толькі міма праходзілі якія-небудзь хлопцы з дапамогаю вербачкі варажылі: сцебануўшы незнаёмага хлопца, пыталі ў яго імя, спадзяючыся даведацца пра імя свайго суджанага. Уяўляю, як гэта выглядала б каля падхезда якога-небудзь дома ў горадзе. Ва ўсялякім разе весела. Дзяўчаты, чаму б не паспрабаваць?

"Лячэнне" дзяжы. У хаце пасля вяртання з царквы накіроўваліся да дзяжы з мэтай яе "палячыць", калі гаспадыня заўважала, што хлебнае цеста апошнім часам у ёй не ўдаецца. Падыходзічы да дзяжы, гаспадыня сцёбала яе і прамаўляла:

"Што ж ты, мая дзежачка, апошнім часам збунтавалася? Каб у табе заўжды хлеб удаваўся! Глядзі ж, каб выправілася!"

Цікава, ці дапаможа такі абрад тым гаспадыням, у якіх каструлі не хочуць варыць смачную ежу? Можа з імі таксама пагутарыць шчыра? Смех смехам, а толькі мне думаецца, што ў гэтым выпадку трэба галінкамі "лячыць" кухарку-няўмеку.

Вось такія яны, чароўныя галінкі асвечанай вярбы!

Прыемна назіраць, як у вялікім горадзе на Вербніцу ад царквы расцякаюцца чэрады святочна апранутых людзей з асвечанымі вербамі ў руках. Схадзіла ў царкву і я. Прайшлася з зацікаўленым вокам па вербным кірмашы, прыцанілася, набыла колькі вербаў і засталася задаволеная. Вярнуўшыся дадому разам з чароўнымі галінкамі, сваякам і суседзям занесла святочны, добры настрой.

Шануйце звычаі продкаў – і яны будуць спрыяць вам штодня!

159
Тэги:
завядзёнкі, сакрэты, Вербная нядзеля, Ларыса Мятлеўская, этнограф, вярба, магія
Удзельнік Ты супер! 60+ Аляксей Іванавіч Хазееў

Пенсіянер з Гомеля: праект "Ты супер! 60+" выконвае дзіцячую мару

0
(абноўлена 20:24 14.05.2021)
На тэлеканале НТБ стартуе новы музычны праект "Ты супер! 60+". У шоў прымуць удзел таленавітыя людзі ва ўзросце ад 60 гадоў, якія засталіся без падтрымкі родных і блізкіх.

Сярод 45 канкурсантаў чацвёра - з Беларусі. Карэспандэнт Sputnik Марыя Навуменка пагутарыла з удзельнікам праекта з Гомеля 68-гадовым Аляксеем Іванавічам Хазеевым і даведалася, адкуль у яго ўзнікла любоў да музыкі.

Душой адчуў, што трэба спяваць

Аляксей Іванавіч на "Ты супер!" рэалізуе мару дзяцінства - праспяваць на вялікай сцэне.

"Я нарадзіўся ў невялікай вёсачцы ў Гомельскай вобласці. З дзяцінства з заміраннем сэрца слухаў музыку, вучыў папулярныя ў тыя гады песні Мусліма Магамаева, Мікалая Сліченкі. І, вядома ж, уяўляў, як я выступаю на сцэне, а побач грае аркестр", - прызнаецца ён.

Аляксей Іванавіч скончыў тэхнікум у Гомелі, пяць гадоў служыў на касмадроме Плесецк ў Архангельскай вобласці, а затым больш за 20 гадоў прапрацаваў на Гомсельмашы - займаўся выпускам збожжа- і кормаўборачных камбайнаў.

"Я ганаруся тым, што камбайны ў палях - гэта вынік маёй працы. А спяваў я заўсёды для сябе, на хатніх вячорках. Калісьці тэхнолаг ў цэху мне сказаў: "Не тут табе трэба працаваць, ты павінен быць на сцэне!", - успамінае Хазееў.

Вось і адправіўся Аляксей Іванавіч на сцэну, калі выйшаў на пенсію.

"Я душой адчуў, як быццам мне Бог сказаў: "Ідзі і спявай". І я прыйшоў у мясцовы хор і стаў там салістам", - распавядае суразмоўца Sputnik.

"Калі ў гледачоў гараць вочы - гэта так натхняе. Калі слухач атрымлівае задавальненне - гэта шчасце для артыста. Калі ў мяне гэта атрымаецца тут, на праекце, то я буду вельмі рады", - дадае ён.

На пытанне "Ці жадае перамогі ў конкурсе?" у Аляксея Іванавіча філасофскі адказ: "Які салдат не марыць стаць генералам, а як складзецца - час пакажа!".

Аб праекце "Ты супер! 60+"

Участник Ты супер! 60+ Алексей Иванович Хозеев
© Photo : PR НТВ
Удзельнік "Ты супер! 60+" Аляксей Іванавіч Хазееў

Адправіць заяўку на ўдзел у шоў мог любы чалавек, які пазбаўлены падтрымкі самых блізкіх сваякоў - дзяцей, унукаў, ва ўзросце ад 60 гадоў з Расіі і краін СНД. Кастынг праекта ўжо завершаны. У першым сезоне новага шоў возьмуць удзел 45 канкурсантаў: самаму маладому - 60 гадоў, а самаму сталаму - 87. Сярод іх - палкоўнік МУС у адстаўцы, урач-оталарынголаг, ткачыхі, хімікі, хатнія гаспадыні і прадстаўнікі іншых прафесій, а таксама прафесійныя музыкі, сярод якіх ёсць тыя, хто спяваў у хоры Марыінскага тэатра і тыя, хто скончыў кансерваторыю і РАМ ім.Гнесіных.

Правілы праекта простыя: у кожным выпуску на сцэну будуць выходзіць ўдзельнікі і выконваць кампазіцыі. У зону чакання пройдуць тыя, хто атрымае тры ці чатыры "так" ад членаў журы: калі ніхто з іх не націсне на зялёную кнопку або націсне ўсяго адзін, а таксама калі галасы падзеляцца 2/2, то удзельнік пакідае праект. У фінале кожнай праграмы журы назаве імёны тых, хто праходзіць далей. Конкурс будзе складацца з двух этапаў: адборачны тур і фінал.

Вядучымі праекта стануць Вадзім Такмянёў і Анастасія Пак. Імёны членаў журы будуць абвешчаныя пазней.

"Ты супер! 60+" будзе праводзіцца тэлеканалам НТБ сумесна з Міжнародным інфармацыйным агенцтвам і радыё Sputnik.

0
Тэги:
"Ты супер! 60+", праект, Гомель, Пенсіянеры