Дзіця з навагоднім падарункам

Навагоднія падарункі могуць стаць пераносчыкам каронавіруса - медыкі

33
(абноўлена 11:33 23.12.2020)
Вірусы, і ў прыватнасці COVID, могуць знаходзіцца практычна на любых паверхнях, аднак працягласць іх жыцця розная.

МІНСК, 23 сне - Sputnik. Цацкі, падарункі, навагоднія аксэсуары і іншыя рэчы, закліканыя парадаваць як дзяцей, так і дарослых, могуць стаць крыніцай праблем, так як на іх можа пераносіцца каронавірус.

Вірус можа захоўвацца на кардонных паверхнях да сутак, а на пластыкавых і металічных - да трох дзён. На тканкавых паверхнях ён захоўваецца ад некалькіх гадзін да аднаго тыдня. Працягласць залежыць ад шэрагу фактараў - у прыватнасці, тыпу матэрыялу і ўмоў навакольнага асяроддзя. На бавоўне высыханне віруса адбываецца хутчэй, на сінтэтыцы - даўжэй.

Акрамя гэтага, бактэрыі добра сябе адчуваюць у цёплым і вільготным асяроддзі, якое ствараюць адзенне і пасцельная бялізна.

"Практычна любая паверхня можа ўтрымліваць хваробатворныя мікраарганізмы. Вірус Sars-CoV-2, які становіцца прычынай хваробы COVID-19", - прыводзіць РІА "Новости" словы ўрача-эпідэміёлага Вольгі Нянасцінай.

Таму ўрач рэкамендуе выбіраць падарункі ў масках і аднаразовых пальчатках.

Набытыя рэчы дома можна апрацаваць дэзінфікуючым сродкам, нейкія падарункі можна вынесці на некаторы час на балкон, а гародніну і садавіну - прамыць праточнай вадой, такую ​​рэкамендацыю даў доктар медыцынскіх навук, урач-імунолаг, спецыяліст па асабліва небяспечных iнфекцый Уладзіслаў Жамчугоў.

Раней медыкі папярэджвалі аб небяспецы навагодніх рэквізітаў, і ў прыватнасці абавязковага элемента галоўнага персанажа - бароды Дзеда Мароза, бо ў ёй можа знаходзіцца вірус.

33
Тэги:
каронавірус
Тэмы:
Каронавірус COVID-19 (1022)
Жыхарка вёскі Пагост Гомельскай вобласці ставіць у печ пірог

ў пячы пірагі сядзелі…". Як правільна развітацца з Калядамі?

53
(абноўлена 21:37 23.01.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра традыцыйную страву беларускай кухні і вучыць гатаваць святочныя пірагі.

Час бяжыць так хутка, як коціцца сонца па небасхіле. Сярэдні зімовы месяц з сапраўднымі маразамі і смакам святаў блізкі да завяршэння.

Ухваляючы Раство Хрыстова, здаецца толькі ўчора ўсе збіраліся за калядным сталом, ласаваліся каўбасамі, частавалі калядоўшчыкаў, хадзілі ў царкву на Вадохрышча і ладзілі Провады Каляд. А цяпер надышоў час засяродзіцца на будзёным, і народны каляндар нагадвае аб мудрых колішніх завядзёнках.

Пасля Вадохрышча пачыналася Малая вясельніца. Калісьці гэтай парой царква дазваляла вянчанне, і таму да Масленіцы спраўлялася найбольшая колькасць вяселляў. А якое ж вяселле без смачных пірагоў? Самы час падпальваць у печы і выпякаць пірагі!

"А механошу чатыры грошы і пірог харошы…"

Пірог – святочная страва беларускай кухні, якая суправаджае ўсе сямейныя святы.

У традыцыйнай свядомасці пірог – увасабленне багацця, дастатку, заможнасці. Так пра небагатага чалавека казалі: "На хлеб мае, на пірог шукае".

У народзе звычай адорваць пірагамі заўсёды азначаў імкненне дзяліцца дабрабытам. На Каляды і Вялікдзень імі абавязкова частавалі калядоўшчыкаў і валачобнікаў. У калядных і валачобных песнях так і спяваецца: "А механошу чатыры грошы і пірог харошы…" і "...кварту гарэлкі, пшоны пірог, к таму пірагу місу тварагу...".

І цяпер, як і даўней, пірагі пякуць на хрэзьбіны, вяселле, з пірагом адпраўляюцца ў сваты, сустракаюць дарагіх гасцей. На Брэшчыне і Гарадзеншчыне існаваў нават вясельны абрад пад назвай Перагі. Падчас абраду госці нявесты праз тыдзень пасля вяселля ехалі да жаніха і, вядома ж, везлі з сабой пірагі. У вёсцы Баброўнікі Гарадоцкага раёна з гэтай нагоды казалі: "Ужэ за тыдзень пірогі робяць".

"Ой, не магу, а ем па пірагу!"

Беларускія пірагі заўсёды маюць круглую або прадаўгаватую форму, а адзін з вясельных пірагоў рагойш выпякаецца ў выглядзе рога.

"Пірог" або "пірох" гэта не толькі здобная булка, упрыгожаная шышкамі, кветкамі, каласамі і птушкамі, гэта яшчэ і бохан белага або чорнага хлеба.

Тэхналогія выпякання пірагоў была блізкай да хлеба. Сфарміраваныя боханы адпраўлялі ў печ на драўлянай лапаце з доўгай ручкай, таму пачуўшы ў гутарцы, што гаспадыня спякла "вялікі пірог хлеба на ўсю лапату" ніхто не здзіўляўся.

Дражджавыя пірагі пяклі не толькі з нагоды якога небудзь свята, але і тады, калі вельмі хацелася чаго-небудзь смачнага.

Старадаўнія рэцэпты

Каб адчуць гісторыю на смак, прапаную некалькі даўніх рэцэптаў пірагоў ад беларускіх кухарак, якія спадзяюся прыйдуцца вам да спадобы.

Рагойш

З чаго гатаваць. Для цеста:

  • 500 г мукі,
  • 2 ст лыжкі сметанковага масла,
  • 15 г дражджэй,
  • 200 г малака,
  • 2 яйкі,
  • 2 ст лыжкі алею,
  • цукар,
  • соль.

Для накрыпкі.

  • 400 г мяса птушкі (курыца, гусь, індык),
  • 100 г цыбулі,
  • соль і перац па смаку.

Як гатаваць. У цёплым малацэ распусціць дрожджы і ўсыпаць палову мукі. Падрыхтаваную рошчыну пакінуць у цёплым месцы на гадзіну. Калі аб’ём рошчыны павялічыцца ў два разы і яна пачне паціху апускацца, дадаць соль, цукар, сметанковае масла, астатнюю муку і замясіць цеста. Паставіць цеста для закісання ў цёплае месца яшчэ на дзве гадзіны.

Пасыпаць стол мукой і выкласці на стол гатовае цеста, падзяліць яго на два роўныя кавалкі, кожны з якіх раскачаць у пласт таўшчынёй у 3 см і пакласці у іх сярэдзіну накрыпку, надаць форму рога.

Рагойшы пакласці на бляху вышмараваную алеем, памазаць яйкам, зрабіць праколы для выйсця пары і выпякаць у печы або духоўцы да гатовасці.

Для накрыпкі асобна спячы мяса птушкі, пакрышыць яго, дадаць туды падсмажаную на алеі цыбулю, соль, перац, перамяшаць, укласці ў раскачанае цеста.

Пірог на кожны дзень

А гэты рэцэпт упершыню быў надрукаваны ў Вільні ў 1854 годзе ў кнізе Вінцэнты Завадскай "Першая беларуская кулінарная кніга. Літоўская кухарка".

З чаго гатаваць.

  • 3 л мукі,
  • 80 г дражджэй,
  • 1 л малака,
  • 5 яек,
  • 0,75 шклянкі топленага масла,
  • 1 шклянка цукру,
  • горкі міндаль,
  • соль па смаку.

Як гатаваць. Уліць пакаёвай тэмпературы малако ў вялікую ёмістасць, пасаліць, працадзіць туды дрожджы, усыпаць столькі мукі, каб можна было лёгка зрабіць камячкі, накрыць і паставіць, каб цеста падышло.

Калі рошчына падрасце, моцна выбіць, уліць жаўткі, узбітыя з цукрам да белага колеру, дадаць тоўчаны міндаль, узбітую з бялкоў пену, пасля дадавання кожнага інгрыдыенту мяшаць.

Потым мясіць моцна, дасыпаючы столькі мукі, каб цеста можна было рэзаць нажом, не пакідаючы на ім слядоў ад нажа, у канцы ўліць масла, яшчэ добра вымешаць з маслам і пакінуць, каб падышло.

Потым рабіць булкі і класці іх на бляху, вышмараваную маслам і пасыпаную мукой.

Паставіць у цёплае месца і калі падрастуць, памазаць яйкам і выпякаць гадзіну.

Смачна есці!

53
Тэги:
Каляды, беларуская кухня
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі
Рамонкавы чай, архіўны фотаздымак

Чайныя гісторыі. Гарбата ці чай?

48
(абноўлена 21:47 22.01.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра паходжанне традыцыйнага гарачага напою і вучыць гатаваць беларускі "глінтвейн".

Пра нешта прыемнае на смак, далікатнае і адначасова святочнае ў народзе кажуць: "Смачна бы чай". Марознае надвор’е вымагае часцей, як звычайна, гатаваць гарачыя напіткі, сярод якіх на першым месцы вядома ж гарбата або чай.

Цяпер мала каму вядома, што гэты цудоўны заморскі напітак, які мы прывыклі ўжываць кожны дзень, прыжыўся ў Беларусі толькі ў пазамінулым стагоддзі. Здольны хутка сагрэць, пазбавіць смагі і стомы, чай быў вядомы ў асяроддзі шляхты яшчэ ў ХVІІ ст, але з-за сваёй дарагоўлі за межы палацаў не выходзіў.

Усё памянялася ў пачатку ХІХ ст, у якім чай стаў дасягальным не толькі для заможнай вярхушкі тагачаснага грамадства, але і гарадскога насельніцтва.

Ведалі пра чай і вяскоўцы, якія часта бывалі ў Расіі на заробках, а таксама тыя, што прыязджалі ў горад на кірмаш або па іншых справах. Часам ім даводзілася заходзіць у гарбатню або карчму, дзе прапаноўвалі выпіць шклянку цёмнага духмянага чаю з абкладанікам*, пернікам або баранкамі. Асаблівым попытам карыстаўся гарачы чай на Масленіцу, калі ў горад на кірмаш сцякаўся народ з навакольных вёсак. Міжволі ў сялян чай стаў атаясамлівацца з горадам, паколькі толькі там яго можна было пакаштаваць.

У гэты ж час, як самастойная містычная з’ява, чай уваходзіць у народны тлумачальнік сноў. Так, пабачыць сон, у якім фігурыруе чай, лічылася добрым знакам.

Народны соннік пра чай

  • Піць чай у сне  -  нечаканы падарунак, бяседа або паездка ў горад, дзе можна пачуць навіны, а можа і ўзапраўду пашанцуе напіцца чаю.
  • Калі чай будзе з малаком соннік папярэджваў - будзе сварка.
  • Калі прысніцца проста кубачак гарбаты, то гэта да нечаканых гасцей.

Моўнае паходжанне

Асноўным пастаўшчыком чаю ў свеце з ХVІІ ст быў Кітай. Менавіта з кітайскай мовы пайшла ўсім вядомая назва напітка "чай", які атрымліваюць з маладога лісця шматгадовага кустарніка або дрэва. На "кантонскім" дыялекце "ча" і "чаэ" перакладаюцца як "напітак" і "чай-ліст".

Але ж, у беларускай мове існуе і другая назва гэтага напітка – гарбата. Дарэчы, "гарбата" і "чай" уяўляюць сабой сінонімы.

Слова "гарбата" таксама па сваім паходжанні звязана з кітайскім словам "ча", якое трансфармавалася ў лацінскай мове ў "tea-herba", што азначае "трава тэа". З цягам часу слова "гарбата" выйшла з ужывання і заменена словам "чай".

На Гарадзеншчыне ў Гальшанах, Ашмянах, Смаргоні, у Воранаўскім раёне ў народнай гаворцы і цяпер можна пачуць: "Чаю наварыла, а сама ляту да суседкі", "Каб горонцай вады ды заварыць чай", "Тут чай яму гарачы".

І, тым не менш, апошнім часам можна назіраць, што старая назва "гарбата" калі-некалі адраджаецца зноў.

Крыху гісторыі

У Беларусь чай трапляў або з захаду праз Польшчу або з Кітаю праз Расію. Кошт добрай кітайскай гарбаты вынікаў не толькі з ручной працы, складанага працэсу апрацоўкі сыравіны, але і з транспартных і гандлёвых расходаў. Чайнае падарожжа ад Кітая да Еўропы і па сушы, і па моры было даволі працяглым. Ад Кітая да Масквы чайныя "цягнікі" пераадольвалі 11000 кіламетраў напрацягу шасці месяцаў.

Нават тады, калі чай перастаў быць прадметам раскошы, ён працягваў заставацца каштоўным прадуктам. Купляючы чай наўпрост у Кітаі, англічане, галандцы і рускія актыўна гандлявалі ім у іншых краінах.

У другой палове ХІХ стагоддзя з розных палітычных і эканамічных прычын чай нарэшце патаннеў. Амаль у кожным буйным горадзе і ў мястэчках  былі адчынены чайныя крамы і бакалейныя лаўкі. Тут можна было набыць чай на любы густ і ў любой колькасці. У такіх крамах прыемны водар чайнага ліста нагадваў селяніну духмянае, добрае сена і ў народзе склалі показку: "Сена бы чай".

Шляхецкія парады

Паклапаціцца аб захаванні тонкага водару чаю павінна была гаспадыня. У гэтым была пераканана шляхцянка Ганна Цюндзявіцкая, якая ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя жыла непадалёк ад Мінска і пакінула цэлы шэраг каштоўных гаспадарчых і кулінарных парад. Многія з іх не страцілі сваёй актуальнасці і сёння. Яна адзначала, што гарбата вельмі распаўсюджаны сярод шляхты напітак. Але ён не заўсёды бывае аднолькава добрага смаку і гэта залежыць ад умення правільна яго захаваць.

У тыя часы пастаўкі гарбаты не былі рэгулярныя і таму яе набывалі адразу шмат. Гарбату, расфасаваную па порцыях вагой у фунт (409,5 г), трэба было захоўваць толькі ў халодных памяшканнях і далёка ад водарных рэчаў. Фунты гарбаты шчыльна пакаваліся ў скрынях, засланых унутры фольгай. Каб прадухіліць страту водару і перасыханне спрэсаванага чаю, зверху яго накрывалі не толькі паперай, але і чыстым, без паху мыла, палатном. Улетку скрыні апускалі ў лядоўню і трымалі на адмыслова зробленых для гэтага паліцах.

Паколькі гарбата была сапраўдным скарбам, часта яе трымалі ў крышталёвым або шкляным посудзе ў шафе, якая замыкалася гаспадыняй на ключ. Перад запарваннем гарбаты гаспадыня выдавала кухару патрэбную колькасць заваркі. Але Цюндзявіцкая раіла не захоўваць гарбату ў шкле і вось чаму: "На расход бярыце не цэлы фунт адразу, а патроху насыпайце ў скрыначку, таксама з фольгай. Пры гэтым націскайце на гарбату праз фольгавую абгортку і паперу. Ніколі не трымайце гарбату ў крышталёвым ці шкляным посудзе. Бо ў ім па-першае, на яе нельга націснуць, а, па-другое, усялякае перасыпанне гарбаты вядзе да таго, што пах канчаткова вытыхаецца".

А як на вёсцы?

Вёска не спяшаліся мяняць свае густы і па ранейшаму працягвала ўжываць правераныя часам мясцовыя традыцыйныя напіткі, зрэдку наведваючыся ў горад. Тут у чайных крамах ды лаўках можна было набыць чай на любы густ і ў любой колькасці. Прыемны водар чайнага ліста нагадваў селяніну духмянае, добрае сена і ў народзе склалі показку: "Сена бы чай".

Чорны чай на вёсцы сталі "варыць" толькі ў другой палове ХХ стагоддзя паралельна з ранейшымі фруктовымі ўзварамі і зельнай гарбатай.

Чайная "алхімія"

Каб зварыць добрую гарбату ў ХІХ стагоддзі гаспадыні бралі ваду з ракі або карысталіся свежай дажджавой вадой, якую папярэдне фільтравалі. Вада для гарбаты павінна была быць мяккай і не мець ніякіх пахаў. Калі ж вада была жорсткая, то ёй патрэбна было адстаяцца.

Наліўшы ваду ў імбрык, ставілі яго на агонь да таго часу, пакуль тая не пачынала шумець бы хвоя ў лесе ад подыху ветра. Тады накрыўку здымалі і, калі  бачылі, што вада злёгку калыхаецца, ёю можна было заліваць сухую гарбату ў загадзя прагрэтым фарфоравым або фаянсавым імбрычку.

Каб атрымаць добрую гарбату неабходна ўзяць імбрычак аб’ёмам не менш за 0,5 л. У большасці краін дзе любяць піць гарбату прынята норма – чайная лыжка на шклянку. Заліўшы гарбату вадой чакаюць 2-3 хвіліны, а пасля перамешваюць заварку лыжкай і чакаюць яшчэ 2 хвіліны. Важна памятаць, што чым больш заварваецца гарбата, тым горшай на смак яна становіцца. Якасная гарбата павінна мець яркі колер і быць празрыстай.

У канцы ХІХ стагоддзя было прынята піць гарбату з дадаткам сырых вяршкоў або малака, з лімонам, варэннем, фруктовым цукрам, журавінавым морсам, віном, ромам і нават гарэлкай. Гатуючы гарбату, гаспадыні раілі класці ў імбрык кавалачак цукру, які на іх думку дапамагаў чаінкам лепш раскрыцца і больш эфектыўна ўзбагаціць напітак  водарам. Каб палепшыць смак таннай гарбаты і зрабіць яе больш моцнай, у гарбату дадавалі крышачку соды.

Вось некалькі зімовых старадаўніх рэцэптаў.

Гарбата з чырвоным віном.

З чаго гатаваць на 1 порцыю.

  • 1-1,5 ч лыжкі гарбаты,
  • 200 г вады,
  • 50-100 г чырвонага сухога віна.

Як гатаваць. Заварыць моцную гарбату, прафільтраваць, пасаладзіць па смаку, дадаць добрае чырвонае сухое віно. Падаць у шклянках або высокіх кубках.

Гарбата з мёдам і гарэлкай

З чаго гатаваць.

  • 3-4 ч лыжкі гарбаты,
  • 1 шклянка мёду,
  • 200 г гарэлкі,
  • 600-700 г вады.

Як гатаваць. Заварыць моцную гарбату і крыху астудзіць, перамяшаць яе з мёдам і гарэлкай; усё падагрэць. Падаць у маленькіх кубачках.

«Чайны» слоўнічак

  • Чай – гарбата/чай
  • Чайная – гарбатня/чайная
  • Травяны чай – зельная гарбата/чай з зёлак
  • Чай заварыўся – гарбата нацягнула, запарылася
  • Імбрычак – заварачны чайник
  • Абкладанік – бутэрброд, луста хлеба з мясам, сырам і інш.
48
Тэги:
чай, беларуская кухня
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей

Макей: Беларусь падрыхтавала некалькі кандыдатур пасла ў ЗША

8
(абноўлена 14:53 28.01.2021)
Узначаліць беларускае дыппрадстаўніцтва павінен быў Алег Краўчанка, аднак у канцы мінулага года ён памёр.

МІНСК, 28 сту – Sputnik. Беларусь зацікаўлена, каб у ЗША быў беларускі пасол, заявіў у чацвер кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей.

"Што тычыцца прыбыцця паслоў, мы зацікаўленыя ў тым, каб мець такі важны канал сувязі ў нашых дзяржавах. Мы зацікаўлены ў прыбыцці амерыканскага пасла і зацікаўлены, каб наш пасол быў у ЗША", - сказаў Макей.

Новая палітыка

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка
Пресс-служба президента Республики Беларусь
Ён звярнуў увагу на тое, што з прыходам новай адміністрацыі ў Белы Дом Мінск бачыць некаторыя пазітыўныя моманты ў сферы бяспекі.

"Я маю на ўвазе, у першую чаргу, кантакты паміж Расіяй і ЗША па дамове аб стратэгічных наступальных узбраеннях, вядзецца размова па Дагаворы па адкрытым небе", - сказаў Макей.

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што Беларусь падтрымлівае падобнага роду намаганні, якія будуць спрыяць большай стабільнасці і бяспецы.

"Мы заўсёды казалі, што нацэлены на раўнапраўнае, плённае, цеснае і канструктыўнае ўзаемадзеянне з ЗША. Мы разумеем, якую ролю іграюць Злучаныя Штаты ў свеце", - падкрэсліў кіраўнік МЗС Беларусі.

Аднак ён удакладніў, што з улікам неаб'ектыўнага ўспрымання некаторымі заходнімі партнёрамі працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі, Мінск не выключае, што могуць быць пэўныя цяжкасці ў выбудоўванні нармальных узаемаадносін з ЗША.

Гісторыя з пасламі

Двухбаковыя адносіны паміж краінамі абвастрыліся ў 2008 годзе. Пасля пашырэння санкцый у дачыненні да Беларусі з Вашынгтона быў адкліканы беларускі пасол Міхаіл Хвастоў. Пасол ЗША Карэн Сцюарт у адказ таксама была вымушаная пакінуць рэспубліку. З тых часоў пасольствы ўзначальвалі часовыя павераныя.

У 2015 годзе Белы дом прыпыніў большасць абмежаванняў у дачыненні да Мінска, і з гэтага часу пачалося паступовае наладжванне адносін паміж краінамі. Тэма магчымага вяртання паслоў закраналася ў апошнія гады неаднаразова.

Пра намер Вашынгтона прызначыць новага кіраўніка амерыканскага дыппрадстаўніцтва ў Мінску "у самы бліжэйшы час" паведаміў кіраўнік Дзярждэпартамента Майкл Пампео ў лютым 2020 года падчас сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Тады ж і стала вядома, што паслом можа стаць Джулі Фішэр. 15 снежня яе кандыдатура была зацверджана сенатам ЗША, а 24 снежня яна была прыведзена да прысягі.

Летам мінулага года паслом Беларусі ў Злучаных Штатах быў прызначаны Алег Краўчанка, аднак з'ехаць працаваць за акіян ён не паспеў - у канцы снежня ён памёр на 50-м годзе жыцця.

Чытайце таксама:

8
Тэги:
ЗША, Беларусь, Уладзімір Макей