Традыцыйныя стравы ў вёсцы Навіны Бярэзінскага раёна

няўмечкі не баляць ні ручкі, ні плечкі…" або сапраўдны абед з вясковай печы

114
(абноўлена 09:22 30.01.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра сэрца сялянскай хаты і вучыць гатаваць у печы традыцыйныя стравы.

У вёсцы кажуць, што зіма ўцякае цёмнымі начамі, але пакуль што гэта халодная пара года яшчэ ў самай сіле. Наперадзе люты, ды і ў сакавіку яшчэ чакай прымаразкаў. Маўляў "марац адмарозіць палец".

Крыху зімовай міфалогіі

Няўстойлівае ўзімку надвор’е беларусы тлумачылі складанымі адносінамі паміж незвычайнай сямейнай парай Зімой і Марозам. Народная фантазія малюе Зіму ў вобразе сівой, старой бабы, якая ласкава просіць Мароза зазірнуць да яе ў госці. Але бывае, што той, маючы незалежны характар, не адклікаецца на запрашэнні. Тады Зіма горка плача і па яе шэрым твары сцякаюць халодныя слёзы, ператвараючыся ў дождж.

А ў вёсцы халодны пранізлівы вецер гудзе ў коміне печы, выдуваючы цяпло з драўляных хат. Па начах чуваць, як патрэскваюць бярвенні ў сценах і дзяды казалі, што гэта трашчыць Мароз. Быццам бы ўначы ён ходзіць па вёсцы і сядае на хату таго, хто забыўся запрасіць яго на куццю. Слухаючы такое дзецям міжволі хацелася прытуліцца да цёплай печы, каб паслухаць казкі пра магутнага і страшнага Дзеда. З аповедаў выцякала, што той здольны разваліць хату, памарозіць азімыя, жывёлу і людзей. Каб залагодзіць Ледзянога Дзеда яго трэба было паклікаць да святочнага стала  праз адчыненыя ў калядную ноч дзверы: "Мароз, хадзі  куццю есці"!

У народзе гэты міфалагічны персанаж часам уяўляўся высокім лысым дзядзькам у белай снежнай свіце з доўгай сівой барадой, вусамі і з чырвоным або сінім носам. Сваю галаву ён быццам бы схаваў пад калматай, белай ад шэрані шапкай. Казалі, што безвалосы дзед літасцівы да лысых людзей. Існавала павер’е згодна з якім, каб суняць надта моцныя маразы, трэба было па памяці налічыць дванаццаць лысых знаёмцаў.

"Студзень хаты студзіць – рана гаспадароў будзіць"

Так і ёсць. Жывучы ў вясковым драўляным доме пад цёплай коўдрай доўга не паляжыш. За ноч мароз і вецер выстудзілі хату і, каб у ёй не мерзнуць, трэба шпарка бегчы ў дрывотню па дровы і хутчэй падпальваць у печы.

Грачанік па-маларыцку
© Photo : з асабістага архіву Ларысы Мятлеўскай

У народзе кажуць, што печ – сэрца хаты. Як захавальніца прыроднага агню яна атаясамлівалася з несупынным працягам жыцця ў хаце і жанчынай, якая валадарыла ёю, трымаючы ў сваю чаргу сямейны лад. У народзе казалі: "Добрая жонка – дома рай, злая – хоць ты з хаты ўцякай".

Складаючы печ пячнік будаваў яе "пад гаспадыню", каб той, гатуючы ежу, было зручна карыстацца ёю штодня. Не здарма  жыве показка, што гаспадыня пахне дымам, а гаспадар полем.

"Бабіна дарога ад печы да парога"

Ступень занятасці вясковай жанчыны неверагодная і цяпер мала чым адрозніваецца ад клопатаў сялянкі мінулага. Хіба што толькі ў дапамогу гаспадыні на кухні з’явіліся сучасныя прылады. Але ўсё адно – ад самага рання толькі паспявай паварочвацца! Трэба прыгатаваць сняданак, накарміць сям’ю, уставіць у печ стравы да абеду, дагледзець гаспадарку, прыбраць у хаце і інш. Вядома ж: "Замуж выйсці – трэба знаць: позна легчы, рана ўстаць".

Гаспадар звычайна рыхтуецца да клопатаў надыходзячага дня нетаропка. Часам з люлькай у руках, грунтоўна "абмазгоўваючы" свае планы, ён назірае, як шпарка рухаецца гаспадыня. У жанчыны ж раніцай няма часу як кажуць нават галаву ў бок павярнуць.Такая завядзёнка! Але чаму жанчыны заўсёды такія занятыя?  

У Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці старыя людзі распавядалі, што калісьці па зямлі ў абліччы "старычка" хадзіў Бог. Пра гэта ходзіць шмат легенд, адна з якіх была запісана ў 1998 годзе беларускай фалькларысткай Аленай Боганевай ад сялянкі Ніны Масько (1926 году нараджэння):

"Ідзець Бог па зямле. Жнуць бабы жыта.Вот ён у іх спрашываець:

- Пакажыця мне дарогу.

- Ай, мне некалі паказываць, ідзі дальшэ!

Он і пайшоў. Косюць мушчыны. Он падходзіць к ім:

- Пакажыця мне дарогу.

Січас мушчына касу палажыў, пашоў паказываць дарогу. Ну і вот. Раз бабам некалі – ім і цяпер усё некалі. Ім нет паказываць уремя дарогу, усягды работы многа. А мушчынам – яны сядуць, пакураць, ім уремя хватаіць. Вот так Бог здзелаў".

"У няўмечкі не баляць ні ручкі, ні плечкі…"

Яшчэ звечара гаспадыня склала меню са страў на цэлы дзень. Цяпер, пакуль у печы разгараюцца дровы застаецца толькі раскласці прадукты па гаршчках і кожны ў свой час адправіць гатавацца. Пад пільным наглядам кухаркі печ зробіць сваю справу.  Калі печы няма – не бяда, стравы вясковай кухні, якія прапаную сёння, можна прыгатаваць на любой пліце, але ж вядома – з печы ўсё смачней!

Вядома ж увечары гаспадыня адчувае вялікую стому, але ж толькі ў няўмечкі не баляць ні ручкі, ні плечкі. Задаволеная смачнымі стравамі сям’я – лепшая ўзнагарода для маці і жонкі, а ласкавыя словы падзякі "як рукой" здымаюць стому.

Некалькі смачных вясковых рэцэптаў

Ячны крупнік з грыбамі

З чаго гатаваць:

  • 40 г сушаных грыбоў,
  • 4 бульбіны,
  • 4 ст лыжкі ячных (буйных) круп*,
  • 1 морква,
  • 1 цыбуліна,
  • 50 г сметанковага масла,
  • 2 ст лыжкі смятаны,
  • прыправы (перац, соль, лаўровы ліст).

*Я́чневыя крупы – від круп, якія вырабляюць з ячменнага зерня. У адрозненні ад панцаку (пярлоўкі) ячневыя крупы не падвяргаюцца паліраванню і шліфоўцы і маюць прадаўгаватую форму з няроўнымі краямі.

Як гатаваць. Сушаныя грыбы прамыць, замачыць у халоднай вадзе на 3-4 гадзіны, затым яшчэ раз прамыць і варыць у вадзе ў якой яны набухалі, гадзіну - паўтары без солі. Звараныя грыбы выняць, прамыць цёплай вадой, нарэзаць палоскамі. Булён працадзіць.

Пакуль варацца грыбы прамытыя ячныя крупы заліць халоднай вадой і пакінуць для набухання на 2 гадзіны, затым адварыць.

Гатаваныя грыбы і крупы пакласці ў грыбны булён, паварыць 15-20 хвілін, дадаць накрышаную кубікамі бульбу, пасаліць.

За 5 хвілін да гатоўнасці пакласці абсмажаныя на масле моркву і цыбулю, перац, лаўровы ліст.

Гатовы крупнік заправіць  смятанай.

Парасяціна адварная

З чаго гатаваць:

  • 800 г парасяціны,
  • 1 л вады,
  • 1 морква,
  • 1 цыбуліна,
  • 1 корань пятрушкі,
  • 2 ч лыжкі мукі,
  • 3 ст лыжкі смятаны,
  • прыправы (перац, соль, лаўровы ліст).

Як гатаваць. Закіпяціць падсоленую ваду і пакласці туды мяса цэлым кавалкам, дадаць моркву, корань пятрушкі, цыбулю і варыць на слабым агні паўгадзіны. Затым пакласці ў каструлю перац гарошкам, лаўровы ліст і давесці мяса да гатоўнасці.

Адварваць парасяціну або замест яе мясную грудзінку без рабрынак лепей у печы або духоўцы напрацягу некалькіх гадзін пакуль мяса з салам не стануць вельмі мяккім і далікатным. Мяса лічыцца гатовым, калі нож уваходзіць у яго "як па маслу".

Парасяціну выняць, булён працадзіць, дадаць у яго пасераваную муку, разведзеную ахалоджаным булёнам, пракіпяціць, уліць смятану, прагрэць. Гэтым соусам паліць парэзаную кавалкамі парасяціну.

Падаць з любымі саленнямі.

Смачна есці!

114
Тэги:
беларуская кухня
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (75)
Урок беларускай мовы

"Руплівая гаворка" у Дзень роднай мовы

73
(абноўлена 20:16 19.02.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца сакавітымі сакрэтамі жывой беларускай мовы і раіць быць руплівымі.

21 лютага ва ўсім свеце адзначаюць дзень роднай мовы. Няма гаворкі, што кожнаму сваё мілейша. Люблю прыслухоўвацца да жывой гутарковай мовы. Сапраўдная асалода напаткаць на ніколі не чутую прымаўку, або наноў адкрыць для сябе забытае слова. Як добрая страва мова мае смак – і слова можа быць горкім, кіслым, салодкім, салёным! Часам чуеш, як хтосьці ў захапленні кажа: "Якая смачная, сакавітая яго (яе) гаворка! І з якой торбы гэта слоўца выкацілася? Цікава, я не чуў...".

Рупіць – значыцца, не "лежань"!

На двары зімна, а ў вясковай хаце неяк асабліва ўтульна і цёпла. Ад выпаленай печы ўсё мацней цягне водарам ежы, якую руплівая гаспадыня пачала гатаваць зранку.

Асноўная праца па гаспадарцы зроблена яшчэ да сняданка, цяпер самы час крыху адпачыць. У чаканні абеда можна ўзлезці на печ, каб пагрэцца і падрымаць. Нездарма ж у народзе кажуць, што ўлетку гаспадар гаруе, а зімою – лежань, дармаед. Але руплівым гаспадарам ніколі спакойна не ляжыцца. Маўляў, руплівы спаць не будзе, ён рупіцца.

Слова "руплівы" як няма лепей выкрывае характар беларусаў і асабліва чалавека, які жыве на роднай зямлі і дбае, рупіцца аб ёй. Клапоціцца аб нейкай сваёй справе. Кожны дбае аб нечым сваім – і тады ў народзе кажуць: "Што каму рупіць, той тое і жупіць"*.

*"Хто пра што хвалюецца, аб тым і кажа" (рус. "У кого что болит, тот о том и говорит")

"Руплівая" тэлепатыя

А яшчэ, паміж мужчынам і жанчынай, якія доўга жывуць разам, заўсёды ёсць нячутны дыялог. Пасля маўчання яны могуць працягваць гутарку так, быццам чулі чужыя думкі, казаць разам аднолькавыя словы. Гэта і ёсць еднасць, калі Бог парупіўся злучыць розных людзей.

У пакоі так ціха, што здаецца чутна, аб чым думаюць гаспадар і гаспадыня.

Гаспадар:

"Руплівы, хазяйственны чалавек, ён усё думая, яму ўсё рупіць. Рупатлівы чалядзін не чакае зацеву. Рупасьлівы, рупатлівы гаспадар няўпозьне свае сяўбы.

Руплівы чалавек рупіцца зрабіць усё. Руплівы чалавек – заботлівы, яму рупіць работа. Руплівы чалавек без работы не можа пасядзець.

У руплівага чалавека ўсё ў доме ёсць. Рупны чалавек раней устаніць. Ён  чалавек рупны, а  нярупны – гультай.

Мне рупіць работа, і бацька мой рупны. Трэба агледзець сад... Адклад не ідзе ў лад.

Я яму: "Будзь здароў, сусед! Няхай ідуць бычкі да тваіх кароў!" А ён мне: "... і ўвесь хлеб паелі". Каб ты быў рупны, даходны, то меў бы сваё, быў бы з грашыма. Мець рупатлівасць ніколі ня шкодзе. Вось на свеце як бывае: хто працуе, той і мае. Добра рабі, добра і будзе.

Рупата точыць, людзі гатовяцца к вясеннім работам. Рупатлівым людзём цяжка каратаць даўгія ночы. Рупатліваму гаспадару час дарагі. Ня будзе пасьпеху ў рабоце, калі рупаты няма.

Баба мала спіць ночы, рупатлівая, садзіцца за прадзіва. Яна старанная такая, рупісліва. Рупіцца яна, як там дзеці?..".

Гаспадыня:

"З малада мне хата рупіць. Мне рупіць печ паліць і есці зварыць. Парупіў мяне так рана ўстаць. Рупілася ж яму снядання! А мне рупіць карову падаіць. Спачатку пакарміць.

Дужа хацеў ехаць, а цяпер адрупіла табе?

Як пашыла стала лёгка на душы, што не рупіць. Як рупя, то не ўснеш.

Мне рупіць сказаць. А кажуць, жанчына дзяржыць тры вуглы ў хаце, а мужчына адзін. Жанчына – яна болей робіць. Яна робіць і робіць, так і выходзіць, што яна тры вуглы дзяржыць, а мужчына адзін вугол. Ён табе і пойдзе, і пасядзіць, і пакура. Які з яго рупесьнік, калі ён вечна спіць. А тут усё робіш і робіш: тут і мыеш, тут і пасуду, тут і свінням даеш, і карову доіш. А пакажы каму – няма каму што паказаць, што рабіла.

Не натто рупіслівы сын у іх, што ў салдатах, і не піша маццы.

А чалавек такі рукаты, залатыя рукі. Рупіслівы чалавек, аба ўсім забоціцца. Вы гуляеце, а імне аб дварэ рупіць. Рупіць мне ісці дахаты.

Як была адна, то нічога не рупіла. Дзеці рупяць. Дзетачка, спі, а дзельца помні.

Я руплюся, што з ім сталася? Мне рупіцца, не засну, думаю, як ён там адзін? Хто хадзіў на заробкі, да Стрэчання ўжо павярталіся назад. Ня рупіць дома работа яму. Ня будзе паспеху ў рабоце, калі рупаты няма.

Ай, што казаць, за паляжанкай, пасядзець некалі. Ідзіце есці, хлеб на стале – рукі свае!".

Рэцэпт моўнай асалоды

Слоўнічак:

  • руплівы, рупатлівы, рупаслівы, рупіслівы – клапатлівы, старанны, дбайны;
  • рупата, рупасць, рупатлівасць – клапатлівасць, стараннасць, уважлівасць, засяроджанасць на выкананні чаго-небудзь;
  • рупе – непакоіць, клапоціць, абуджае думку ці жаданне;
  • рупесьнік – турботнік;
  • адрупіла – перастала хацецца, адпала жаданне;
  • перарупіла – перахацелася;
  • прырупіла – прыспічыла.

Чытайце таксама:

73
Тэги:
Беларуская мова
Вясковы краявід на стрэчанне

Нябесныя сустрэчы ці "Грамніцы-паўзіміцы"

29
(абноўлена 18:27 19.02.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра тое, навошта на Грамніцы свяча, чыстая падлога, як атрымаць "чырвоныя боты", і прыводзіць цікавы рэцэпт хатняга пячэння

Стрэчаньскі дзянёк сёлета выдаўся надзіва пагодны. Свяціла сонейка, было суха і крыху марозна. Калі верыць народным прыкметам усё гэта прадракае раннюю вясну. Што ж, хутка пабачым! Пераваліўшы за палову снежны, марозны люты і надалей прарочыць добрае надвор’е.

У народзе лічылі, што вясна пачынаецца ад 15 лютага, калі адзначаюць зімовае свята народнага календара Грамніцы або Стрэчанне. Кажуць, што ў гэты дзень да абеду зіма, а пасля абеду ўжо вясна. Так і кажуць "Грамніцы-паўзіміцы" але, характэрызуючы няўстойлівае надвор’е апошняга зімовага месяца, дадаюць: "Да Грамніц пільнуй рукавіц, а на Грамніцах у тых самых рукавіцах".

Памяць Перунова

У нядаўнім мінулым найстаражытнейшае свята жывога агню Грамніцы (Стрэчанне, Устрэчанне) для чалавека, жыўшага ў суладдзі з прыродай мела вялікае значэнне. Многія з тых, хто і цяпер ходзіць у царкву на "Сретенье"* асвячаць свечкі, не падазраюць, што свята мае глыбокія язычніцкія карані і звязана з язычніцкім богам грымот і маланак Грамаўніком (па-ранейшаму, Перуном). Адсюль назва свята Грамніцы, а не зразумелая ўсім царкоўна-славянская назва "Сретенье" ператварылася ў Стрэчанне або Устрэчанне і тлумачылася, як сустрэча зімы з летам.

*Сретенье у хрысціянстве знаменавала сустрэчу Сімяона з Ісусам Хрыстом, сустрэчу Старога і Новага запаветаў.

Памяць аб паходжанні язычніцкіх назваў свята і цяпер выкрываецца ў народных тлумачэннях. Напрыклад, вясновыя навальніцы і дажджы пад уладай Грамаўніка спрыялі росту расліннасці. У народзе верылі, што расліны надзелены вялікай жыццёвай сілай, якая бы памірае і можа адрадзіцца праз агонь. Таму на Грамніцы рабілі з саломы куклу і палілі яе, вяртаючы такім чынам сілу раслінам.

У пазнейшы час пад уплывам хрысцяінства Грамніцы сталі атаясамлівацца таксама са святым Юрыем (Георгіем). Так, на думку народа Грамніцы таму Грамніцы, што ў гэты дзень св. Юрай быццам бы "чысціць сваю стрэльбу і выпрабоўвае яе на чарцях". Калі ён у іх страляе – грыміць. Таму з гэтага дня зрэдку ўжо можна пачуць грымоты. Але верылі, што дзякуючы асвечаным у гэты дзень грамнічным свечкам, гэтыя грымоты не шкодзяць ні людзям, ні жывёлам, ні збудаванням.

Абярэг ад нячысцікаў

Свечка, прынесеная з царквы ў гэты дзень, мела вялікую сілу. Многія імкнуліся мець яе ў хаце як абярэг ад нячыстай сілы. Выкарыстанне свячы ў народнай магіі, гаспадарцы і нават медыцыне было вельмі разнастайнае. Лічылася, што чэрці, ведзьмы і ліхія духі ўсяляк пазбягаюць агню і дыму ад гэтых свечак. Казалі, што нават не запаленая "грамніца"* быццам нервуе ведзьмаў і чараўніц так, што "...калі маюць да грамніцы доступ, грызуць яе зубамі".

*грамніца – асвечаная на Грамніцы свечка.

Усяго толькі некалькі дзесяцігоддзяў таму ў вёсках Лоеўскага і Светлагорскага раёнаў, што на Гомельшчыне, аб чароўнай свячы можна было пачуць наступнае меркаванне:

"Кожны хазяін ішоў у цэркаў, дзе свяціў ету (стрэчанскую) свечку, хаваў за пазуху і прыносіў дадому. Кусочкі свячы даваліся людзям і жывёлам, як лякарства, насіліся ля цела, як амулет. Імі падкурвалі пры іспугах ліхарадках бальную жывёлу, семяна, адзежу".

Альбо часам і такое:

"Калі пачыналася навальніца, то іх запальвалі каб маланка хату не спаліла. Яны як бы зберагалі нас ад нячысцікаў. Свечы гэтыя вешалі над хлявамі. Каб ведзьмы не забралі малако ў каровы. Калі чалавек умірае, даюць у руку свечку, свячона свечка вельмі добра ў хаце. Яе запальвалі, маліліся богу, абыходзілі ўсе вуглы ў хаце і абыходзілі шчэ і хлеў, каб ніяка нячыста сіла не прыкасалася. Калі гналі ў чаргу кароўку, то ішлі з гэтаю свячою да кароўкі, маліліся абыходзілі кругом, а тады гоняць у поле, штоб здоровенька була, у пору дадому прыходзіла, малачко давала".

Поглядкі за Стрэчаннем

Важнасць дня сустрэчы зімы і лета ўсяляк падкрэслівалася не толькі ў прыгожых паданнях і  абрадах, але і ў побытавых дзеяннях. Гаспадыня павінна была памятаць, што паліць у печы перад усходам сонца нельга, бо тады ў яе кароў ведзьмы будуць адбіраць малако, а на падлозе не павінна быць пяску, каб у хаце ўлетку не завялося шмат мух.

На Гомельшчыне і цяпер жыве показка, што сустрэчу зімы з летам можна падгледзець. Для гэтага рэкамендавалася:

"Апоўначы ісці на перакрыжаванне і глядзець на неба. А там такая карціна: зіма ў футры, з нагі на нагу перамінаецца, глядзіць нядобра з-пад ілба на вясну. Тая ж ў вобразе маладой дзяўчыны, у белым адзенні, з вянком на галаве ўсміхаецца зіме. Колькі часу яны моўчкі гуляюць у глядзелкі, але зіма ўжо слабая, не можа перамагчы вясну. Так, сустрэўшыся сярод зор пастаяць яны і разыходзяцца".

А яшчэ дзеці верылі, што калі пабегчы босымі за агароды і гумны, глядзець, як сустракаюцца зіма з летам, то самым смелым зіма падорыць чырвоныя боты. Калі ж праз некаторы час са слязьмі на вачах, расчараваныя і змерзлыя малечы вярталіся назад, то дарослыя, смеючыся і ківаючы на іх чырвоныя ад снегу і холаду ногі, казалі, што гэта і ёсць тыя самыя "чырвоныя боты" ад Зімы. Каб хоць як  суцешыць малых, маці частавала дзяцей  абрадавым печывам у выглядзе сярпоў і кос і адпраўляла грэцца на гарачую печ.

А вось і добры рэцэпт на такое печыва, якое і цяпер гатуюць вясковыя гаспадыні

Хатняе пячэнне.

З чаго гатаваць:

  • мука 450 г,
  • цукар 100 г,
  • смятана 100 г,
  • яйкі 2 шт,
  • алей 50 г,
  • сода 3 г,
  • соль па смаку.

Як гатаваць. У смятану дадаць соду, яйкі, цукар і соль, прасеяную муку і замясіць цеста.

Пасыпаць стол або дошку мукой і тонка раскачаць цеста. Нарэзаць фігуркі ў выглядзе сельскагаспадарчых прылад, конікаў, качак і інш.

Выпякаць у духоўцы пры 180 градусах або ў досыць жаркай печы 25-30 хв. 

Смачна есці!

29
Тэги:
беларуская кухня
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (75)
Вакцынацыя ад COVID-19

Расійскую вакцыну "Спутник V" зарэгістравалі ў Гватэмале

0
(абноўлена 18:00 25.02.2021)
Гватэмала стала 37-й па ліку краінай, дзе ўхвалена прымяненне расійскага прэпарата, які ўвайшоў у топ-3 сусветных вакцын супраць каронавіруса па колькасці атрыманых адабрэнняў.

МІНСК, 25 лют – Sputnik. Расійская вакцына "Спутник V" зарэгістравана ў Гватэмале, гэта ўжо трэцяя краіна Цэнтральнай Амерыкі, якая адобрыла прэпарат, перадае Расійскі фонд прамых інвестыцый (РФПІ).

"РФПІ аб'яўляе аб рэгістрацыі расійскай вакцыны супраць каронавіруса "Спутник V" міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Гватэмала", - распавялі ў фондзе.

Там адзначылі, што рэгістрацыя прэпарата была ажыццёўлена ў паскораным парадку.

"Бяспечная і эфектыўная расійская вакцына прызнана па ўсім свеце і з'яўляецца адным з ключавых інструментаў для барацьбы з пандэміяй", - паведаміў кіраўнік РФПІ Кірыл Дзмітрыеў.

На дадзены момант расійская вакцына "Спутник V" зарэгістравана ў Расіі, Беларусі, Аргентыне, Балівіі, Сербіі, Алжыры, Палестыне, Венесуэле, Парагваі, Туркменістане, Венгрыі, ААЭ, Іране, Рэспубліцы Гвінея, Тунісе, Арменіі, Мексіцы, Нікарагуа, Рэспубліцы Сербскай (энтытэт Босніі і Герцагавіны), Ліване, М'янме, Пакістане, Манголіі, Бахрэйне, Чарнагорыі, Сэнт-Вінсэнце і Грэнадынах, Казахстане, Узбекістане, Габоне, Сан-Марына, Гане, Сірыі, Кыргызстане, Гаяне, Егіпце і Гандурасе.

Чытайце таксама:

0
Тэги:
Гватэмала, Расія, вакцына, каронавірус
Тэмы:
Расійскія вакцыны ад каронавіруса