Стрэчаньскі дзянёк сёлета выдаўся надзіва пагодны. Свяціла сонейка, было суха і крыху марозна. Калі верыць народным прыкметам усё гэта прадракае раннюю вясну. Што ж, хутка пабачым! Пераваліўшы за палову снежны, марозны люты і надалей прарочыць добрае надвор’е.
У народзе лічылі, што вясна пачынаецца ад 15 лютага, калі адзначаюць зімовае свята народнага календара Грамніцы або Стрэчанне. Кажуць, што ў гэты дзень да абеду зіма, а пасля абеду ўжо вясна. Так і кажуць "Грамніцы-паўзіміцы" але, характэрызуючы няўстойлівае надвор’е апошняга зімовага месяца, дадаюць: "Да Грамніц пільнуй рукавіц, а на Грамніцах у тых самых рукавіцах".
У нядаўнім мінулым найстаражытнейшае свята жывога агню Грамніцы (Стрэчанне, Устрэчанне) для чалавека, жыўшага ў суладдзі з прыродай мела вялікае значэнне. Многія з тых, хто і цяпер ходзіць у царкву на "Сретенье"* асвячаць свечкі, не падазраюць, што свята мае глыбокія язычніцкія карані і звязана з язычніцкім богам грымот і маланак Грамаўніком (па-ранейшаму, Перуном). Адсюль назва свята Грамніцы, а не зразумелая ўсім царкоўна-славянская назва "Сретенье" ператварылася ў Стрэчанне або Устрэчанне і тлумачылася, як сустрэча зімы з летам.
*Сретенье у хрысціянстве знаменавала сустрэчу Сімяона з Ісусам Хрыстом, сустрэчу Старога і Новага запаветаў.
Памяць аб паходжанні язычніцкіх назваў свята і цяпер выкрываецца ў народных тлумачэннях. Напрыклад, вясновыя навальніцы і дажджы пад уладай Грамаўніка спрыялі росту расліннасці. У народзе верылі, што расліны надзелены вялікай жыццёвай сілай, якая бы памірае і можа адрадзіцца праз агонь. Таму на Грамніцы рабілі з саломы куклу і палілі яе, вяртаючы такім чынам сілу раслінам.У пазнейшы час пад уплывам хрысцяінства Грамніцы сталі атаясамлівацца таксама са святым Юрыем (Георгіем). Так, на думку народа Грамніцы таму Грамніцы, што ў гэты дзень св. Юрай быццам бы "чысціць сваю стрэльбу і выпрабоўвае яе на чарцях". Калі ён у іх страляе – грыміць. Таму з гэтага дня зрэдку ўжо можна пачуць грымоты. Але верылі, што дзякуючы асвечаным у гэты дзень грамнічным свечкам, гэтыя грымоты не шкодзяць ні людзям, ні жывёлам, ні збудаванням.
Свечка, прынесеная з царквы ў гэты дзень, мела вялікую сілу. Многія імкнуліся мець яе ў хаце як абярэг ад нячыстай сілы. Выкарыстанне свячы ў народнай магіі, гаспадарцы і нават медыцыне было вельмі разнастайнае. Лічылася, што чэрці, ведзьмы і ліхія духі ўсяляк пазбягаюць агню і дыму ад гэтых свечак. Казалі, што нават не запаленая "грамніца"* быццам нервуе ведзьмаў і чараўніц так, што "...калі маюць да грамніцы доступ, грызуць яе зубамі".
*грамніца – асвечаная на Грамніцы свечка.
Усяго толькі некалькі дзесяцігоддзяў таму ў вёсках Лоеўскага і Светлагорскага раёнаў, што на Гомельшчыне, аб чароўнай свячы можна было пачуць наступнае меркаванне:
"Кожны хазяін ішоў у цэркаў, дзе свяціў ету (стрэчанскую) свечку, хаваў за пазуху і прыносіў дадому. Кусочкі свячы даваліся людзям і жывёлам, як лякарства, насіліся ля цела, як амулет. Імі падкурвалі пры іспугах ліхарадках бальную жывёлу, семяна, адзежу".
Альбо часам і такое:
"Калі пачыналася навальніца, то іх запальвалі каб маланка хату не спаліла. Яны як бы зберагалі нас ад нячысцікаў. Свечы гэтыя вешалі над хлявамі. Каб ведзьмы не забралі малако ў каровы. Калі чалавек умірае, даюць у руку свечку, свячона свечка вельмі добра ў хаце. Яе запальвалі, маліліся богу, абыходзілі ўсе вуглы ў хаце і абыходзілі шчэ і хлеў, каб ніяка нячыста сіла не прыкасалася. Калі гналі ў чаргу кароўку, то ішлі з гэтаю свячою да кароўкі, маліліся абыходзілі кругом, а тады гоняць у поле, штоб здоровенька була, у пору дадому прыходзіла, малачко давала".
Важнасць дня сустрэчы зімы і лета ўсяляк падкрэслівалася не толькі ў прыгожых паданнях і абрадах, але і ў побытавых дзеяннях. Гаспадыня павінна была памятаць, што паліць у печы перад усходам сонца нельга, бо тады ў яе кароў ведзьмы будуць адбіраць малако, а на падлозе не павінна быць пяску, каб у хаце ўлетку не завялося шмат мух.
На Гомельшчыне і цяпер жыве показка, што сустрэчу зімы з летам можна падгледзець. Для гэтага рэкамендавалася:
"Апоўначы ісці на перакрыжаванне і глядзець на неба. А там такая карціна: зіма ў футры, з нагі на нагу перамінаецца, глядзіць нядобра з-пад ілба на вясну. Тая ж ў вобразе маладой дзяўчыны, у белым адзенні, з вянком на галаве ўсміхаецца зіме. Колькі часу яны моўчкі гуляюць у глядзелкі, але зіма ўжо слабая, не можа перамагчы вясну. Так, сустрэўшыся сярод зор пастаяць яны і разыходзяцца".
А яшчэ дзеці верылі, што калі пабегчы босымі за агароды і гумны, глядзець, як сустракаюцца зіма з летам, то самым смелым зіма падорыць чырвоныя боты. Калі ж праз некаторы час са слязьмі на вачах, расчараваныя і змерзлыя малечы вярталіся назад, то дарослыя, смеючыся і ківаючы на іх чырвоныя ад снегу і холаду ногі, казалі, што гэта і ёсць тыя самыя "чырвоныя боты" ад Зімы. Каб хоць як суцешыць малых, маці частавала дзяцей абрадавым печывам у выглядзе сярпоў і кос і адпраўляла грэцца на гарачую печ.
А вось і добры рэцэпт на такое печыва, якое і цяпер гатуюць вясковыя гаспадыні
Хатняе пячэнне.
З чаго гатаваць:
Як гатаваць. У смятану дадаць соду, яйкі, цукар і соль, прасеяную муку і замясіць цеста.
Пасыпаць стол або дошку мукой і тонка раскачаць цеста. Нарэзаць фігуркі ў выглядзе сельскагаспадарчых прылад, конікаў, качак і інш.
Выпякаць у духоўцы пры 180 градусах або ў досыць жаркай печы 25-30 хв.
Смачна есці!
Лён на Беларусі вырошчваюць са старадаўніх часоў. Продкі заўсёды ставіліся з павагай да гэтай культуры, бо яна літаральна магла апрануць цэлую сям’ю і нават вёску. Чыстае і светлае льняное адзенне было сімвалам нявіннасці і маральнай чысціні, таму маладыя дзяўчаты на вяселле апраналі сукенкі, зробленыя з ільнянога матэрыялу. А ў Старажытным Егіпце, дзе людзі даведаліся пра лён 7-9 тысяч гадоў таму, тканіны з лёну лічыліся элітнымі, таму ў іх заварочвалі муміі егіпецкіх фараонаў.
Прыгажосць і зручнасць ільняной тканіны цэніцца ва ўсім свеце, а на Беларусі і дагэтуль захоўваюць традыцыі льнянога ткацтва. Кросны, варштат, мялкі, церніцы, трапкач і іншыя старадаўнія прылады для вырабу льняной тканіны — у фотастужцы Sputnik.
Гэта, безумоўна, не нанатэхналогіі, але паглядзець таксама ёсць на што.
Глядзіце таксама:
На Беларусі лён вырошчваюць са старадаўніх часоў. Нашы продкі казалі, што "лён усіх апранае", і прысвячалі гэтай сельскагаспадарчай культуры свае песні, вершы і казкі.
Лён быў сімвалам нявіннасці і маральнай чысціні, таму нявеста на вяселле апранала сукенку з ільну. На беларускім гербе кветачкі льну сімвалізуюць працавітасць, дабрабыт і парадак.
Традыцыйнай прыладай ткацтва на Беларусі быў гарызантальны ткацкі станок — кросны. Беларускія навукоўцы вылучаюць некалькі тыпаў ткацкіх станкоў, якія існавалі ў XIX — пачатку XX стагоддзя і адрозніваліся па канструкцыі. У больш прымітыўных (на "сохах" і на "станінах") асобныя дэталі ўкапваліся ў зямлю ці мацаваліся да столі. Больш дасканалыя называліся "рамавы ткацкі станок" ці "варштат".
На першым этапе льноапрацоўкі ад сцяблоў саспеўшага, а потым вымачанага і высушанага льну аддзяляюць галоўкі. Рабілася гэта пры дапамозе драўляных "пранікаў", якімі іх аббівалі. На поўначы Беларусі галоўкі абрывалі спецыяльнымі нажамі-"драчкамі".
Пасля абрывання галовак сцябло льну разміналі на "мялках" або "церніцах", каб вызваліць з яго валакно. На Беларусі вядомыя нахільныя і гарызантальныя мялкі. Іх рухомыя часткі — білы — мелі адно ці два рэбры.
Пасля апрацоўкі на мялках рэшткі кастры на валакне выдалялі пры дапамозе "трапала".
Прыладамі для часання льну служылі драўляныя і металічныя "грэбні". Пры іх дапамозе валакно расшчаплялася на больш тонкія валаконцы і канчаткова ачышчалася ад кастры. Пасля часання льну атрымлівалася валакно рознай якасці. Адыходы ад часання ўтваралі "кудзелю".
Валакно, якое заставалася пасля часання, — "кужаль" — спляталася ў косы і ў такім выглядзе захоўвалася да прадзення.
Наступны этап апрацоўкі льну — прадзенне — звязаны з вырабам нітак з валакна. Звычайна ім займаліся жанчыны ў перыяд з лістапада па сакавік. Асноўнымі прыладамі прадзення былі прасніца, верацяно і самапралка.
Працэс прадзення пачынаўся з замацавання кудзелі на прасніцы. На стойцы мацавалася кудзеля, а на донца садзілася жанчына. Стойка прасніцы, якая не мела донца, устаўлялася ў спецыяльную адтуліну ў лаве.
Самая старадаўняя прылада для прадзення — верацяно. Яго выраблялі з драўніны ясеня, грушы ці бярозы. Пры прадзенні жанчына пальцамі правай рукі выцягвала валакно з кудзелі, адначасова трыма пальцамі левай рукі паварочвала верацяно.
Крыху болей за тыдзень, як мінулі Грамніцы, а ў прыродзе ўжо відаць вялікія змены. Удзень усё часцей скрозь хмары прабіваецца сінь неба і сонечны луч прымушае плакаць ледзяшы. Снегавая пярына пачала таяць і хутка знікне зусім, нарабіўшы навокал плюты. Усё гэта ў чарговы раз пераконвае ў справядлівасці народных назіранняў: "Да Грамніц не скідай з рук рукавіц, а як прайшлі Грамніцы – то ўжо не трэба рукавіцы".
Прыемна назіраць, як заварушылася вёска пасля зімовай спячкі. Як даўней, так і цяпер клопат у хлебароба адзін – сяло паціху пачынае рыхтавацца да сяўбы. Кажуць, што рупліваму гаспадару праца ў вочы лезе. Вядома ж, "хто любіць трудзіцца, таму без працы не сядзіцца". Хуткі надыход вясны гоніць селяніна з цёплай хаты і вымагае брацца за неадкладныя справы. "Няма чаго чакаць прынукі, калі работы поўны рукі!" (Я.Колас. Новая зямля.)
Усё яшчэ халоднае надвор’е вымагала цёпла апранацца і таму, накінуўшы на плечы світу, курту або кажушок не забываліся заткнуць за пояс скураныя або суконныя рукавіцы, так патрэбныя ў працы на марозе. На двары, ў полі і лесе іх чакаў цэлы шэраг абыдзённых спраў, характэрных для лютага.Трэба было адрамантаваць прылады працы, агледзець вазкі і вупраж, парупіцца аб садзе і пчолах. Запрэгшы ў санкі каня, выправіцца ў лес па дровы або сена і выканаць шэраг іншых спраў, якімі не будзе часу займацца да наступнай зімы. Жанчыны ж спяшаліся наткаць як мага болей палатна, бо здаўна праверана, што "марцоўскае сонца" выбяліць яго як найлепей. Працы хапала ўсім, а чым жа тым часам жыла моладзь?
Да масленічнага мясаеду заставалася яшчэ колькі часу і тыя, хто надумаў хутка жаніцца прыглядаліся да дзяўчат. Добрай нагодай для гэтага быў звычай клікаць, "гукаць" вясну. Гукаць вясну пачыналі на Грамніцы, калі лічылася, што вясна сустракаецца з зімой.
У фондах Літаратурнага музея М. Багдановіча захоўваецца экзэмпляр этнаграфічнага нарыса Адама Ягоравіча Багдановіча "Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў", які быў надрукаваны ў 1895 годзе ў Губернскай тыпаграфіі Гродна. Нарыс каштоўны тым, што ў ім змешчаны звесткі аб старажытных аграрных абрадах, якія паўплывалі на фарміраванне традыцыйнай культуры беларусаў. Этнограф і фалькларыст Адам Багдановіч сцвярджаў, што вясну гукалі даволі працяглы перыяд, які з часам значна скараціўся:
"Встарину, по рассказам, пение весновских песен не прекращалось в течение всего Великого поста, но в последнее время, под влиянием духовенства и более сознательнаго отношения к христианской вере, в Великий пост пение редко слышится, а во вторую его половину почти совсем прекращается. Но после Пасхи, когда очистится от снега земля, молодёжь обоего пола, по вечерам, собирается на пригорках и там песнями призывает весну. И так продолжается до Николина дня".
У вяснянках, пачутых этнографам у Барысаўскім павеце, моладзь дзякавала Богу за перажытую зіму і надыход цяпла, прасіла блаславення клікаць вясну ў добры час, ад якога будзе залежыць далейшы ход сяўбы.
Ад вясны ж чакалі збожжа, густой травы, кветак на вянкі дзяўчатам, "ясных дзянёчкаў і частых дажджочкаў":
"Зіму замыкаці, вясну выклікаці!
Дай жа нам, Божа, жыта і пшаніцы, зялёнай травіцы!
Дай жа нам, Божа, на хлеб-жыта род, а на статак плод,
На людзей здароўе!".
Дарэчы гукалі вясну не толькі на лясных пагорках. Калі снягі былі глыбокія, то дзяўчаты забіраліся на стрэхі або азяроды, іншыя высокія месцы каля хат і адтуль спявалі. Гукалі як наймацней, каб вясна дакладна пачула і найхутчэй наблізіла цёплыя дзянёчкі. А пакуль у кожнай спявачкі меліся рукавічкі, якія пры першым гуканні вясны з рук не скідалі, таму што зімна яшчэ!
Рукавіцы, рукавічкі, рукаўкі, рукавачкі… – так у беларусаў прынята называць частку мужчынскага і жаночага адзення для аховы рук ад холаду. Шылі іх з аўчыны, сукна, вязалі з шарсцяных нітак з асобным размяшчэннем вялікага пальца. Часта гэтым займаліся асобныя майстры – рукавічнікі або рукавічніцы.
Сяляне пры гаспадарчых работах карысталіся пераважна суконнымі і аўчыннымі рукавіцамі, а жыхары гарадоў і мястэчак вязанымі. Калі хтосьці не ўмеў пашыць або звязаць рукавіцы самастойна, то набыць іх было лёгка на кірмашы, у невялікіх галантэрэйных крамах і ў вандроўных купцоў, якія хадзілі па вёсках і гандлявалі ўсялякай патрэбнай дробяззю.
Вядома ж, кожны меў не адну пару рукавіц і да зімы іх пачыналі набываць загадзя. Так, каб падкрэсліць значную колькасць кавалераў у дзяўчыны жартуючы казалі: "Хлопцаў, як рукавіц".
Рукавіцы таксама атаясамліваліся з зімовымі халадамі. Калі зіма саступала лету, то казалі: "Прайшлі Грамніцы – скідвай рукавіцы". Калі ж лета паварочвала на зіму, то папярэджвалі: "Прыйшоў Іспас – гатуй рукаўкі ў запас".
Дарэчы, на поўначы Беларусі, у Гарадоцкім раёне нават існаваў імправізаваны танец "рукавіца", які выконвалі толькі дзяўчаты. Рухаючыся ў танцы яны імітавалі рухі дрывасека або вязанне рукавіц. Танец суправаджаўся прыпеўкай, якая, магчыма, і дала яму назву:
"Тапор, рукавіцы, жонка мужа не баіцца.
У нас новые права, жонка мужа прадала!".
Беларускія загадкі загадкавыя самі па сабе. Яны настолькі мудрагелістыя, што знайсці адгадку часам падаецца немагчымым. Адгадванне загадак заўсёды было выпрабаваннем кемлівасці, розуму, знаходлівасці.
Чаму яны такія засакрэчаныя? Адгадка крыецца ў самім жанры, іншасказальная форма твораў якога была абумоўлена жыццёвай неабходнасцю. На думку тагачасных людзей трэба было ўтаіць сапраўдныя назвы і свае намеры ад злых сіл і ворагаў.
Тэматычны змест і вобразнасць загадак звязаны з працоўнай дзейнасцю селяніна, яго гаспадаркай і побытам, сямейным жыццём, уяўленнямі аб раслінным і жывёльным свеце, грамадстве і інш. Калі гэтага не ведаць, то, пачуўшы загадкі, напрыклад, пра рукавіцы, сучаснаму чалавеку застаецца толькі паціснуць плячыма.
Вось і прыклад
Загадка: "Шчупу, шчупу па галавішчу; ашчупаў мазгавішча, сунуў галыша" (адгадка: рукавіца на лаве, ашчупаў, шукаючы яе, і на голую руку надзеў).
Загадка: "Дзесяць братоў у дзве шкуры адзеты" (адгадка: рукі ў рукавіцах).
Дарэчы за правільныя здагаданкі на кірмашы давалі пернік або абаранак у якасці прызу і там жа можна было падзівіцца на дзявочы танец "рукавіца". Народны звычай гукаць вясну паціху адраджаецца. Па ўсёй Беларусі стала звыклым гукаць вясну не толькі ў вёсках, але і ў гарадскіх парках. Тут можна не толькі пачуць мілагучныя звонкія вяснянкі, але і далучыць да іх свой голас.
Цёплых вам дзянёчкаў!
Якія падзеі адбыліся 2 сакавіка і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.
Таксама сёння нарадзіліся чэшскі кампазітар Бедржых Сметана, яўрэйскi пiсьменнiк Шолам-Алейхем і прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.
Сёння праваслаўныя вернікі шануюць памяць вялікапакутніка Фёдара, якому моляцца пра знаходку страчаных рэчаў і людзей, якія зніклі без вестак. Таксама лічыцца, што святы абараняе дом ад злодзеяў.
У народзе лічылі, што сны, якія бачылі з 1 на 2 сакавіка, хутка спраўдзяцца.
Калі 2 сакавіка шмат ледзяшоў, будзе добры ўраджай. Калі аблокі плывуць з заходу – будзе дождж.