Бліны з тварагом на Масленіцу

Загавіны альбо развітанне з Масленічным тыднем

107
(абноўлена 09:13 13.03.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская нагадвае пра Масленіцу-палізуху і дзеліцца рэцэптурай беларускага біфштэксу.

Завяршаецца масленічны тыдзень напрацягу якога штодня можна было ласавацца блінамі рознага гатунку дадаючы іх маслам і сырам. Масленіца-палізуха – так ласкава называлі яе ў народзе і  шкадавалі развітвацца з пачуццём светлай радасці і гарэзлівай весялосці: "Мы думалі Масленіца сем нядзель, ажна Масленіца ўсяго сем дней".

Вядома ж, цяпер сытае жыццё можна ладзіць сабе незалежна ад пары года і царкоўнага календара, які прадугледжваў пост. А даўней перспектыва смачна пад’есці адсоўвалася да Вялікадня. Можа таму такое вялікае значэнне надавалася Загавінам, апошняму дню Масленіцы, калі вернікі ў апошні раз перад Вялікім постам елі мяса і сала.

Нявесты на кірмашы

Провады Масленіцы ў нядзелю ладзіліся з асаблівай урачыстасцю. Зранку, калі не заставаліся святкаваць блізка каля хаты, то стараліся выправіцца амаль ўсёй сям’ёй на кірмаш у бліжэйшае мястэчка. Звычайна ехалі бацькі і старэйшыя сыны і дочкі. Дзеўкі адзявалі самую лепшую адзежу, паколькі менавіта там, на кірмашы хлопцы выбіралі сабе нявест. У Лёзненскім раёне распавядалі, што адбывалася гэта так:

Масленічныя катанні на конях
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Масленічныя катанні на конях

"Сядзіць дзеўка на вазу з бацькам, прадаець зярно. Ідуць мальцы, пытаюць, чыя яна, адкуль, і так нагледзіць, пазнакоміцца, а тады сватоў засылаець".

Напрацягу масленічнага тыдня кірмашы ладзіліся і вялікія, і малыя. Асабліва значны кірмаш быў на запусты ў нядзелю. У Лёзненскім раёне яго лічылі святочным. За зіму ў майстроў збіралася багата тавараў і іх трэба было прадаць да пачатку палявых работ. Галіна Сухаруцкая, жыхарка вёскі Мерзлякова, што ў Лёзненскім раёне, так апісвала кірмаш у Лёзна або ў Бабінавічах:

"Усе масцера прадавалі свае вырабы на етых кірмашах: хамуты, санкі, бочкі дзеравянныя, маслабойкі, кадкі, вядзёркі, ганчары з пасудай... Больш багатыя везлі жыўнасць, зярно. Там і самавары з чаем, гарэлка на разліў прадаецца, закуска розная. Даўней свахі хадзілі, усё пра радню разузнавалі, калі сваталі... Танцы былі на кірмашах".

Моладзь "строіла" вечарынкі, гулянні асобна ад дарослых і любімай забавай было  спальванне масленічнага пудзіла разам з назапашаным з гэтай нагоды смеццем. Гэтаму пудзілу разам са смеццем, а таксама ачышчальнай сіле агню ў думках аддавалі ўсё: смерць, хваробы, нешанцаванне, голад і г.д. Узамен жа чакалі збавення ад бед.

"Выганнае" сала, каб карова малако давала

У Чавусскім раёне Магілёўскай вобласці існаваў цікавы звычай, паводле якога ў гэты дзень пастух частаваў гаспадынь, каб тыя ў святы давалі яму "выганнае" – сала, хлеб, яйкі, малако.

Бліны на сыроватцы з печы на Масленіцу
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Бліны на сыроватцы з печы на Масленіцу

Для гаспадынь карова – любімая карміцелька і кожны дзень яе давяралі пастуху.  Каб ён добра ставіўся да любімай Мілкі, Рабінкі, Рыжухі, яму трэба было дагадзіць не толькі ў дзень першага выгану скацінкі на зялёную траўку, але і на Масленіцу. Гаспадыні неслі закуску, а пастух са свайго боку ставіў гарнец гарэлкі.

Збірацца "у загавіны"

У народзе казалі, што на запусты трэба сем разоў паесці, таму што пасля давядзецца сем нядзель пасціцца. Але не ў кожнага быў такі дастатак, каб нават на загавіны можна было есці. Дарэчы, народ склаў паданне:

"Бог, які хадзіў у выглядзе жабрака, папрасіў есці, а бедная сям’я нічога не змагла яму прапанаваць. Тады жабрак сказаў, што зараз сам прынясе ім пачастунак і, пайшоўшы з хаты праз некаторы час вярнуўся з кавалкам мяса. Трымаючы тое мяса жабрак сказаў, што хадзіў у хлеў і адрэзаў яго са сцягна каровы: "Наце, спраўляйце Запускі!". Гаспадары заплакалі і пабеглі ў хлеў, думаючы, што іх адзіная карміцелька больш не дыхае. Але пабачылі яе жывой і здаровай. Так Бог дапамог беднай сям’і справіць Запускі".

Увечары сваякі і суседзі збіраліся "у загавіны": рабілі складчыну, гулялі, спявалі перад Вялікім пастом. У гэты час у гаспадынь было немала кулінарных клопатаў. Каб паказацца перад суседкамі добрымі кулінаркамі, яны імкнуліся прыгатаваць што пасмачней, напрыклад, …"біфштэкс"!

Рэцэпт "біфштэксу" па-беларуску

З чаго гатаваць:

  • ялавічына (выразка),
  • 1 ст лыжка здору,
  • 4 зубкі часнаку,
  • соль,
  • перац.

Як гатаваць. Мяса разрэзаць упоперак валокнаў на чатыры часткі, кожную злёгку адбіць, надаць круглую форму. Потым пасаліць, паперчыць, пасыпаць здробненым часнаком.

Смажыць мяса на моцна разагрэтай патэльні. Яны гатовы, калі пры націсканні з мяса не выдзяляецца чырвоны сок.

Падаваць са смажанай бульбай і марынаванымі або салёнымі грыбамі.

Масленічныя пасядзелкі
© Photo : Ларыса Мятлеўская
Масленічныя пасядзелкі

Перад "белым" панядзелкам

У Клічаўскім раёне першы панядзелак посту называлі "белым" і казалі, што за дзень да яго трэба абавязкова "зубы паласкаць":

"Ета значыць, можа ў каго ў зубах мяса асталося, дык яго перад постам выпаласкаць нада. Ну, і пілі гарэлку, а потым ужо ўвесь пост не пілі. І пасуда перад постам харашо вымывалася".

У Пастаўскім раёне на Віцебшчыне мужчыны выпівалі па кілішку гарэлкі, цалавалі адзін аднаго і казалі: "Загаўляем, каб у пост не саграшыць нічым".

У тым жа раёне дзеўка, калі не выходзіла замуж у мясаед, на запусты, пасля вячэры, казала: "Каб твая, татка, лазенка згарэла, як я ў цябе загавела".

А яшчэ, на Масленіцу займаліся прадказаннямі якім будзе лета. Напрыклад, калі Масленіца супадала з маладзіком – вельмі добра, будзе шмат малака: "Маладзік ражок намачыў у масла...". Аднак "Масленіца – ластовіца, прыляцела і прайшла".

Наперадзе час светлага ўстрымання і пакаяння. Засталося толькі паўтарыць за народам: "Пост, пост не працягніся!".

107
Тэги:
Масленіца, Ларыса Мятлеўская, этнограф, Масленічны тыдзень
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (109)

Незвычайны планетарый працуе на борце самалёта - відэа

180
(абноўлена 10:09 30.03.2021)
Незвычайны рэйс StarFlyer адпраўляе пасажыраў "у космас". У Японіі функцыянуе першы ў свеце планетарый, дзе зорнае неба адлюстроўваецца на паверхнях салона самалёта. Глядзіце на відэа, як праходзіць прадстаўленне ў кіламетрах над зямлёй.

Дзясяткі пасажыраў выстройваюцца ў чэргі, каб атрымаць доступ да самалёта StarFlyer з унікальнай здольнасцю прайграваць зорнае неба.

У аэрапорце японскага горада Кітакюсю працуе першы ў свеце лятаючы планетарый. На борце самалёта ўстаноўлена шэсць праектараў, здольных праецыраваць па мільёне зорак кожны.

Абсталяванне размешчана ўздоўж праходу, каб стварыць праекцыю зорнага неба на паверхнях салона, якое, як сцвярджаюць прадстаўнікоў авіякампаніі, па якасці малюнка параўнальна з вялікімі мадэлямі, што выкарыстоўваюцца ў стацыянарных планетарыях.

Падчас першага палёту пасажыры фатаграфавалі праекцыю зорнага неба на столі салона, а таксама слухалі тлумачэнні і каментары распрацоўніка і стваральніка незвычайнага планетарыя Такаюкі Ахіры.

Пасажыр Міа Ікеда па завяршэнні 30-хвіліннага прадстаўлення сказала, што была вельмі ўражаная і нібы "пабывала ў космасе".

Паведамляецца, што на вышыні некалькіх кіламетраў над зямлёй асвятленне ў салоне падчас працы планетарыя цямнейшае, чым падчас звычайных палётаў, таму пасажыры могуць атрымліваць асалоду ад відаў зорнага неба ў камфортнай абстаноўцы.

У 1998 годзе MEGASTAR стала першай у свеце кампаніяй, якая выпусціла на рынак прылада для дэманстрацыі праекцыі Млечнага Шляху як групы зорак агульнай колькасцю больш за мільён.

Глядзіце таксама:

180
Тэги:
Космас, пасажыр, відэа, самалёт, планетарый, Японія

Астраномы выявілі ў атмасферы Венеры фасфін. Што гэта значыць - відэа

42
(абноўлена 12:03 27.03.2021)
У кіслотных аблоках Венеры знайшлі намёкі на жыццё - навукоўцы выявілі ў атмасферы планеты газ фасфін. Ён хоць і атрутны, але з'яўляецца маркерам наяўнасці жыцця.

Навукоўцы выявілі малекулу фасфіна ў атмасферы Венеры, што павышае верагоднасць таго, што асноўныя формы жыцця могуць хавацца прама над паверхняй планеты.

На роліку, апублікаваным на сайце Еўрапейскай паўднёвай абсерваторыі, відаць планета, што верціцца па арбіце, а таксама падпісаныя тлумачэнні да вынікаў.

Навукоўцы апублікавалі даследаванне ў часопісе Nature Astronomy. Аўтары не сцвярджаюць, што фасфін - надзейны доказ наяўнасці жыцця. На іх думку, гэта кажа пра невядомыя геалагічныя або хімічныя працэсы на планеце.

Адкрыццё было зроблена з дапамогай магутных тэлескопаў, яго вынікі выкладзеныя ў адкрыты доступ, што дазваляе іншым навукоўцам ацэньваць і аспрэчваць атрыманыя дадзеныя.

Венера - другая планета ад Сонца - падобная на Зямлю сваімі памерамі, масай, арбітальнай хуткасцю. Аднак умовы на Венеры непрыдатныя для жыцця чалавека. Сярэдняя тэмпература на яе паверхні складае прыкладна +462°С, планету акружае шчыльная газавая абалонка, якая складаецца ў асноўным з вуглякіслага газу і азоту. У атмасферы знаходзіцца шмат злучэнняў серы і практычна адсутнічаюць вадзяная пара і кісларод.

Глядзіце таксама:

42
Тэги:
відэа, фасфін, Венера, атмасфера, астраномы, Космас
Запраўка аўтамабіля на АЗС

У дзесяты раз з пачатку года: у Беларусі з 13 красавіка даражэе паліва

3
(абноўлена 09:36 13.04.2021)
З пачатку 2021 года рознічныя цэны на паліва павялічаны ў сярэднім на 4,9 працэнта, паведамілі ў профільным канцэрне.

МІНСК, 13 кра - Sputnik. Паліва даражэе ў Беларусі з 13 красавіка, паведамілі ў канцэрне "Белнафтахім".

Па склалаўшайся практыцы, павышэнне складзе 1 капейку: "на падставе маніторынгу цэн на вуглевадародную сыравіну і ў адпаведнасці з прынятай канцэрнам стратэгіяй стрыманай індэксацыі цэн", - растлумачылі ў канцэрне. Там таксама дадалі, што з пачатку 2021 года рознічныя цэны на паліва павялічаны ў сярэднім на 4,9 працэнта.

З аўторка цэны на паліва будуць наступныя:

  • АІ-92-К5-Еўра - 1,80 руб.
  • АІ-95-К5-Еўра - 1,90 руб.
  • АІ-98-К5-Еўра - 2,12 руб.
  • ДТ - 1,90 рубля

У папярэдні раз кошты мяняліся ў мінулы аўторак, 6 красавіка да гэтага - 29 сакавіка, 16 сакавіка, 10 сакавіка, 2 сакавіка, 23 лютага, 16 лютага, 28 студзеня, 21 студзеня.

Чытайце таксама:

3
Тэги:
цэны, паліва, год, Беларусь