Байкеры мотоклубу Начныя ваўкі

Расійскіх байкераў не пусцілі ў Літву

48
Матацыклісты не змаглі паказаць дакументы, якія даказваюць мэты знаходжання ў краіне.

МІНСК, 29  кра — Sputnik. Літоўскія памежнікі не дазволілі ўезд у краіну двум матацыклістам — грамадзянам Расіі, паведамляе РИА Новости.

Раней ва ўездзе ў Літву было адмоўлена васьмярым расійскім матацыклістам: пяцёра не змаглі паказаць дакументы, якія сведчаць аб іх намеры знаходзіцца ў краіне, у траіх адсутнічаў тэхагляд. Некаторыя з іх прызналіся, што з'яўляюцца членамі байкерскага клуба "Начныя ваўкі".

"У іх былі візы, але яны не маглі даць іншых дакументаў, без якіх забараняецца праезд у Шэнгенскую зону", — цытуе агенцтва паведамленне Службы аховы мяжы Літвы.

Расійскім матацыклістам, якія спрабавалі ў аўторак вечарам трапіць у Літву праз Шальчынінкайскага пост, таксама было адмоўлена, так яны не змаглі даказаць, што будуць знаходзіцца ў краіне. Акрамя гэтага, паводле інфармацыі пагранічнікаў, байкеры раней спрабавалі выехаць у Польшчу з Беларусі, аднак іх таксама не выпусцілі ў ЕС.

"Начныя ваўкі" вырашылі адзначыць юбілей Перамогі мотапрабегам ад Масквы да Берліна. З 25 красавіка па 9 траўня байкеры планавалі праехаць па тэрыторыях Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі і Германіі, завяршыўшы прабег ускладаннем кветак у берлінскім Трэптаў-парку, аднак польскія памежнікі адмовіліся прапусціць удзельнікаў прабегу на тэрыторыю краіны. Байкеры заявілі, што перадалі эстафету сваім польскім сябрам.

 

48
Тэги:
Матацыклы і мапеды, Стыль жыцця і адпачынак, Стыль жыцця, 70 год Дня Перамогі, Начныя ваўкі (байкерскі клуб), Літва
Хэлоўінскі гарбуз

Вужалка і Баламуцень: якім беларускім нячысцікам можна апрануцца на Хэлоўін

197
(абноўлена 12:52 27.10.2020)
Хоць Хэлоўін – не ўласна беларускае і нават не славянскае свята, хто сказаў, што мясцовым нячысцікам забараняецца весяліцца на Дзень усіх святых?

Хэлоўін або Самайн - язычніцкае свята, якое сімвалізавала перамену пораў года, а з прыходам хрысціянства ператварылася ў разгул нечысці напярэдадні Дня ўсіх святых.

Традыцыя пераапранацца ў нечысць і, як бы сказалі беларусы, "калядаваць", выпрошваць салодкі пачастунак у суседзяў узнікла ў Амерыцы, але хутка была падхоплена і еўрапейскімі краінамі, а затым прыйшла і ў Беларусь. Звычайна моладзь абірае жахлівыя і добра вядомыя ўсім вобразы: шкілетаў, зомбі, упыроў і гэтак далей. Атрымліваецца, прынесці свята прынеслі, а мясцовую нечысць на яго не запрасілі.

Каб нашы нячысцікі, у большасці сваёй не злыя і нават карысныя не крыўдзіліся, глядзіце, якія вобразы з беларускай міфалогіі можна ўжыць пры падрыхтоўцы да вясёлага і жудаснага свята, а таксама чытайце парады стыліста.

Дэманічны кот

Варгін, або Варган – дэманічная істота, якая з'яўляецца ў вобразе ката. У народзе яго называюць кашачым каралём. Імя Варгін, верагодна, паходзіць з літоўскай мовы – ад varginti, што значыць "мучыць".

Булгакаўскі Бегемот тут можа адпачываць: беларускі Варган, пра якога пісалі Ян Баршчэўскі і Уладзімір Караткевіч – жудасная істота, якая сваім пекным выглядам падманвае даверлівых людзей. Так, Ян Баршчэўскі ў сваім апавяданні "Прыродны чараўнік і кот Варгін" сцвярджае, што гэты дэман сваім варкатаннем распладзіў у галаве жанчыны, нябыта ў гняздзе, атрутных ос.

Знешні выгляд Варгіна вельмі падманлівы
© CC0 / Pixabay / oblako3011
Знешні выгляд Варгіна вельмі падманлівы

У народзе сапраўды існуе павер'е, што чорныя каты, а асабліва сам іх цар, могуць сваім варкатаннем выклікаць з'яўленне ў галаве чалавека розных казурак – не толькі восаў, але і шэршняў, матылёў, праз якіх ён неўзабаве памрэ ў страшэнных пакутах. Дапамагчы тут мог толькі моцны чараўнік, які з дапамогай патаемнага слова выганяў Варгіна і ўсю яго світу.

Парада стыліста: Кот – ён кот і ёсць. Калі ў вас недзе заваляліся каціныя вушкі, дастаткова апрануцца ў чорнае, намаляваць вусы і прычапіць доўгі хвост. А каб падкрэсліць, што вы не звычайны кот – сябар ведзьмы, можна зрабіць са стужак або паперы восаў і дапоўніць імі свой вобраз. Тады ў сяброў абавязкова ўзнікне пытанне, і вы зможаце расказаці ім гісторыю свайго касцюма.

Не зусім Вадзяны

Баламутня не варта блытаць з Вадзяным, таму што гэта дух хутчэй гарэзлівы, чым злы, але і ад яго можна моцна пацярпець, калі не ведаць, як выратавацца. Жыхары беларускіх вёсак уяўлялі яго ў выглядзе высокага пузатага мужчыны з зялёнымі валасамі і барадой; нехта кажа, што твар у яго страшэнны, іншыя сцвярджаюць, што, наадварот, вельмі прыгожы, але ўсе згаджаюцца, што ёсць у ім нешта нечалавечае: ці то колер валасоў, ці то вочы – вялікія, блакітныя.

Баламуцень крадзе ў рыбакоў улоў і асабістыя рэчы, баламуціць ваду, распуджвае рыбу, круціць лодкі ў вірах. Выратавацца ад яго можна, падзяліўшыся ежай або ўловам – тады незласлівы дух адчэпіцца.

Баяцца яго варта толькі маладым прыгожым жанчынам, бо вельмі ён да іх ахвочы і кожны год шукае сябе новую "нявесту". Але, кажуць, нацешыўшыся, дзяўчыну ён адпускае дадому, а ў падарунак надзяляе яе магічным дарам: улюбёніца Баламутня ніколі не зможа патануць, нават калі пойдзе тапіцца.

Парада стыліста: Баламуцень – цалкам мужчынскі вобраз. Яго адметнай рысай з'яўляюцца доўгія зялёныя валасы, таму варта набыць парык і накладныя пасмы, каб не прыйшлося фарбаваць бараду і галаву зялёнкай. Парада хутчэй датычыцца паводзінаў: гэты вобраз падыдзе таму, хто хоча пазнаёміцца з дзяўчынай. Размову лёгка пачаць з прапановы зрабіць яе непатапляльнай.

Дачкі Вужынага Цара

Вужалкі, або Змяёўны – дачкі вядомага па творах Баршчэўскага і народных паданнях дачкі Вужынага Цара. Вужалкі могуць паўставаць як у чалавечым, так і ў змяіным абліччы, прычым пазнаць іх вельмі проста: дачкі цара любяць залатыя завушніцы, і калі ператвараюцца ў вужоў, у іх застаюцца жоўтыя плямачкі па абодвух баках галавы. 

Жоўтыя плямы на галаве вужа - нібы завушніцы
© CC0 / Pixabay / JarkkoManty
Жоўтыя плямы на галаве вужа - нібы завушніцы

У чалавечым абліччы Вужалкі часта апісваюцца як вельмі прыгожыя, зграбныя дзяўчыны з доўгімі валасамі, але замест ног у іх – змяіны хвост. Нягледзячы на гэты факт, шматлікія хлопцы марылі аб тым, каб сустрэць Вужалку, таму што лічылася: таму, хто спадабаецца ёй, яна адкрое, дзе ляжыць скарб.

Пакрыўдзіць нечым Вужалку – значыць, здабыць праклён на сябе і ўвесь свой род.

Парада стыліста: Гэты вобраз падыдзе дзяўчынам, якія любяць упрыгажэнні: смела чапляйце на сябе ўсё, што знойдзеце дома, можна яшчэ і ў сябровак пазычыць. Галоўнае, каб упрыгожанні былі ў адзінай колеравай гаме – лепш залатой - і падыходзілі адно да аднаго. "Змяіны хвост" выдатна сымітуюць легінсы з прынтам лускі, і не забудзьцеся распусціць валасы.

Жахлівая нявеста

Белая Баба – персанаж, які вельмі нагадвае папулярны ў заходняй культуры вобраз мёртвай нявесты. Завецца яна так таму, што з галавы да ног апранутая ў белае, а на галаве мае вэлюм, нібы сапраўды сабралася пад вянец. Фігурай яна нагадвае маладую дзяўчыну, але пад вэлюмам хавае твар старухі.

Уначы яна знянацку з'яўляецца перад людзьмі і пужае іх сваім страшэнным тварам. У народзе верылі, што той, хто ўбачыць гэты прывід, заручыцца са Смерцю – хутка памрэ.

Парада стыліста: Пераапрануцца ў Белую Бабу можа дзяўчына, якая не пабаіцца зрабіць "узроставы" грым. Эфекта маршчын можна дасягнуць з дапамогай сіліконы і зацямніць складкі ценямі. Не забудцеся пра вэлюм – галоўны атрыбут прывіда.

Пажадлівы пярэварацень

Зазоўка з'яўляецца ў выглядзе прыгожай жанчыны з доўгімі валасамі, якія, нібы плашч, ахутваюць яе прывабную постаць. У яе меладычны і пяшчотны голас, таму, калі Зазоўка заспявае, мінак можа заслухацца і, нават не бачачы яе, закахацца.

Лічыць Зазоўку злой ці не – складанае пытанне, таму што ніякай шкоды яна сама не робіць – наадварот, заманіўшы ў гушчар мужчыну, кахае яго, як ніякая зямная жанчына не змагла бы. Але не ўсякі вытрымлівае такой ласкі. Сваіх новых сяброў Зазоўка не ўтрымлівае, але калі мужчына вяртаецца дадому, звычайна ён ужо не можа забыцца на яе – так прыгожая чараўніца западае ў сэрца. Але двойчы Зазоўка нікога не прымае, таму шмат хто, не вытрымаўшы яе адмовы, ладзіць у лесе пятлю.

Лебедь-кликун на Лебедином озере
© Sputnik / Владимир Вяткин
Лічыцца, што Зазоўка можа ператварацца ў лебедзя

Лічыцца, што Зазоўка можа ператварацца ў лебедзя, нібыта так яна праводзіць зіму на возеры, якое не пакрываецца льдом, або ляціць з іншымі лебядзямі ў вырай (і там, напэўна, узгадваецца ў мясцовых легендах як суккуб).

Парада стыліста: Міфалогія сцвярджае, што Зазоўцы ўвогуле непатрэбнае адзенне, таму што ў яе доўгія і прыгожыя валасы. Але ў кастрычніку ўжо занадта халодна для таго, каб распранацца, таму падыдзе сукенка даўжынёю ў падлогу, а таксама накладныя пасмы або, зноў жа, парык. Упрыгожце вопратку і валасы пер'ем, каб вас не прынялі за Рапунцэль.

Белы крумкач

Працягваючы тэму птушак, можна ўзгадаць Крыжаціка. Гэта дух, які жыве на могілках, а з'явіцца ён там можа, калі крыж памерлага быў неяк пашкоджаны да памінак, якія рабілі на саракавы дзень пасля яго смерці.

Крыжацік сочыць за парадкам на могілках, вельмі не любіць грэшных і п'яных – на іх можа наляцець і нават паваліць у падрыхтаваную для пахавання яму. Прычым не баіцца ні крыжа, ні святой вады, ні малітвы, то бок увогуле не з'яўляецца злым духам.

Крест на кладбище, архивное фото
© CC0 / Pixabay / elianemey
Крумкачы часта жывуць на могілках

Крыжацік можа з'явіцца ў выглядзе сівога крумкача з чалавечымі вачамі, які звычайна сядзіць на крыжы і сочыць за наведвальнікамі могілак.

Парада стыліста: Апрануцца Крыжацікам можа як дзяўчына, так і хлопец. Каб стаць падобным да могілкавай птушкі, можна нарэзаць белую тканіну або паперу і прычапіць да рукавоў, каб атрымалася пер'е птушкі. Не лішняй будзе і маска – доўгая воранава дзюба.

Мёртвы стораж

Яшчэ адна істота, якая жыве на могілках – Чаргавы. Так называлі апошняга пакойніка, якога пахавалі на могілках. Лічылася, што яго дух сцеражэ пехаванне і абараняе вёску ад смерці.

Калі ж чарговае пахаванне здаралася вельмі хутка пасля апошняй смерці, гаворылі, што Чаргавы ляніўся і дрэнна пільнаваў. Лічылася, што Чаргавы таксама назірае, хто наведвае могілкі і прыбірае на іх – а калі чалавек занядбаў памяць сваіх продкаў, самому яму на тым свеце будзе дрэнна.

Убачыць Чаргавога жывыя не маглі, аднак былі ўпэўненыя, што ў руках ён трымае кій, як і сапраўдны стораж.

Парада стыліста: Чаргавы, па сутнасці, - той жа чалавек, якім быў пры жыцці. Не варта блытаць яго з зомбі або прывідам, таму адпаведны грым тут не падыдзе. Трэба ўспомніць, што хаваюць чалавека звычайна ў лепшым яго адзенні, таму падыдзе шыкоўны строй і крыху грыму, каб выглядаць трохі інфернальна. І, зразумела, кій, каб абараняцца ад шкоднікаў, або калатушка стоража таксама будуць дарэчы. 

197
Тэги:
Традыцыі і абрады, Хэлоўін
Морква - галоўны інгрыдыент класічнага цымесу

Цымес: як гатаваць незвычайны дысерт і чаму на Беларусі ў яго дадаюць мяса

153
(абноўлена 17:25 16.10.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская вучыць гатаваць унікальную страву, якая знаходзіцца ў спісе нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі.

Калісьці яўрэйскае насельніцтва складала большую палову беларускіх мястэчак. Багатая культура гэтага народа працяглы час узбагачала побытавую і духоўную культуру беларусаў. У беларускай мове ўжо грунтоўна абаснаваліся такія словы як "вэрхал", "кагал" і "цымус". Тое ж можна казаць і пра кухню – на Беларусі здаўна ласуюцца фаршыраваным шчупаком, фаршмакам, паштэтамі, сакавітымі катлетамі і бульбяной бабкай, якая з’яўляецца роднай сястрой яўрэйскага кугеля.

Яўрэйская кухня - найстаражытнейшая ў свеце -  на землях Беларусі ўвабрала ў сябе лепшы вопыт нямецкай і польскай харчовай культуры і значна паўплывала на традыцыі харчавання беларусаў. Многія яўрэйскія стравы беларусы лічаць натуральна сваімі. Напрыклад, усімі любімыя дранікі.

Магчыма прычынай такой папулярнасці страў яўрэйскай кухні за апошнія сто гадоў хаваецца ў паступовым паглынанні беларускай вёскі горадам. У сувязі са зменамі ладу жыцця спосабы прыгатавання ў печы адышлі на другі план, застаўшыся ў вёсцы, а ў гарадах і мястэчках запанавала пліта. Прастата і хуткасць прыгатавання, а таксама прыстасаванасць страў для прыгатавання на пліце і спрыяла шырокаму распаўсюджанню яўрэйскіх страў як на кухнях хатніх гаспадынь, так і ва ўстановах грамадскага харчавання.

Нават спосабы гарачай апрацоўкі прадуктаў у яўрэйскай кулінарыі прыйшліся дарэчы: прыпусканне, адварванне, слабае тушэнне з дадаткам вады і абавязкова не ў духоўцы а на пліце.   

Калі казаць пра пэўныя стравы, то для яўрэяў любімыя першыя стравы – гэта мясныя і курыныя булёны з грэнкамі, прафітролямі, падсмажанай локшынай. З другіх страў перавага аддаецца фаршыраванай рыбе і гусіным шыйкам, а таксама рулетам, тэфлэлям і кнэдлям. Што тычыцца дэсертаў, то тут безумоўным каралём з’яўляецца цымес.

Цымес – гэта святочны дэсерт, які спалучае ў сабе моркву і сухафрукты з дадаткам якой-небудзь заправы. Для гэтага могуць выкарыстоўвацца яйкі з мукой або мука з маслам і нават не вельмі густая манная каша.

Класічны цымес  

Інгрыдыенты:

  • 5 морквін
  • 300 гр чарнасліву
  • 100 гр разынак
  • 120 гр меду
  • 30 гр алею
  • Арэхі і соль па смаку

Як гатаваць

Чарнасліў і разынкі без костачак памыць і намачыць, каб сталі мяккімі. Моркву нарэзаць паўкольцамі, дадаць крыху алею і тушыць на малым агні. Праз 10 хвілін дадаць соль і мёд, тушыць яшчэ 5 хвілін. Здрабніць сухафрукты, засыпаць іх у моркву і дадаць алей, перамяшаць. Перад падачай на сто страву можна пасыпаць арэхамі.

Вишневое варенье с орехами
© Sputnik Людмила Янковская
Арэхі дадаюць страве пікантны смак

Цымес часта выкарыстоўвалі як "антрэмэ", што ў перакладзе з французскай мовы азначае страву, якую падаюць паміж галоўнымі або перад дэсертам. У рускай кухні гэта пірагі, якія падаваліся паміж баршчом і смажанкай, ў французскай – сыры, якія падавалі на прыканцы абеда, перад фруктовым дэсертам. Мэта антрэмэ -  нейтралізаваць смак папярэдняй стравы для лепшага ўспрымання смаку наступнай. 

Але ў некаторых мясцінах цымес гатуюць інакш. Напрыклад, у мястэчку Адэльск Гродзенскай вобласці, у спісе інгрыдыентаў да цымеса абавязкова ёсць мяса. Цікава, што сяляне Віцебшчыны страву не ацанілі, нават лічылі яе брыдкай і таму не гатавалі.

Нязвыкласць для вясковага густу спалучэння ў адной страве салодкага і мяснога не давала магчымасці распаўсюджвання стравы ў асяродку простанароддзя. Інакш да такога цымусу ставіліся ў мястэчках. У Адэльску яе працягваюць гатаваць і зараз, нават адмыслова вырошваюць бручку. Гэтая агародніна па смаку нагадвае нешта сярэдняе паміж рэпай і капустай.

Брюква
Бручка

Дзякуючы сваёй унікальнасці адэльскі цымес атрымаў ачэснае месца ў Спісе нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі.

Адэльскі цымус з бручкай

Інгрыдыенты:

  • 1 кг бульбы
  • 0,5 кг свініны (грудзінка або шыя)
  • 300 гр  бручкі
  • 2-3 сярэднія морквы
  • 200 гр цыбулі
  • 0,5л вады
  • 1 дэсертная лыжка солі на ёмістасцьу 3 л
  • 1 чайная лыжка сумесі спецый: лаўровы ліст, перац, каляндра, кроп, кмен

Як гатаваць:

Падрыхтаваць карняплоды, памыць і пачысціць. Бульбу парэзаць на чатыры часткі, бручку і моркву пакрышыць кубікамі, цыбулю парэзаць вельмі дробна. Усё перамяшаць і засыпаць у гаршчок. Мяса нарэзаць сярэднімі кавалкамі і ўкласці ў агародніну, пасаліць, дадаць спецыі, заліць вадой і паставіць тушыць у печ або духоўку на малым агні на 2 гадзіны. Калі страва добра ўтушыцца, патаўчы  агародніну ў кашу. Пры жаданні ў гатовую страву дадавалі крышаны зялёны кроп і пер’е цыбулі. Елі ў прыкуску з салёнымі агуркамі.

153
Тэги:
Нацыянальная кухня, Ларыса Мятлеўская
Багач

Народны каляндар: святкуем Юл’яна, гатуем стравы для дзетак

0
(абноўлена 16:49 30.10.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае як нашы продкі баранілі дзяцей ад хваробаў і што гатавалі для іх.

У народзе лічылі, што калі ў хаце не чуваць дзіцячых галасоў, то гэта хата не мае шчасця. 31 кастрычніка ў Народным календары адзначаюць прысвятак Юльяна, ахоўніка дзяцей. Але не толькі ў  гэтага святога бацькі прасілі дапамогі для сваіх дзяцей. Найважнейшымі аступнікамі ад усялякага ліха лічылі Прачыстую, Ісуса Хрыста і анёлаў ахоўнікаў, якія ў народным уяўленні адбіваюць чалавека ад "усіх наглых урагоў". У народнай міфалогіі дзецьмі апекавалася Дамавуха, якая магла калыхаць калыску з немаўляткам і бавіцца з астатнімі дзецьмі гаспадыні, якая ёй падабалася.

Але першай і наймацнейшай апякункай і абаронцай для сваіх дзяцей заўсёды была маці. Яна спявала на ноч калыханку, апранала, рабіла ляльку, сачыла, каб дзіця было здаровае і сытае.

Багач у Вязынцы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Наймацнейшай апякункай дзяцей заўсёды была маці

У народзе лічылі, што падчас цяжарнасці жанчына павінна была выконваць шэраг перасцярог, у выніку якіх гарантавалася нараджэнне здаровага немаўляці. Але і надалей маці верыла, што напрацягу першага года жыцця лёс дзіцяці наўпрост залежыць ад яе паводзін. Таму падчас кармлення сама жанчына не павінна была сілкавацца, каб дзіця не было абжорай, не пазяхаць, каб дзіця не было гультаём, ні з кім не спрачацца, каб не было схільным да спрэчак і сварак. Лічылася, што карміць дзіця ў дрэнным настроі ні ў якім разе нельга. Маці павінна супакоіцца, іначай дзіця  да канца свайго жыцця будзе тужыць. Таму, каб яго лёс быў шчаслівым, маці карміла яго толькі ў светлым настроі, ласкава называючы "маё сонейка яснае", "мая зоранька ранняя", "мой верабейка, птушачка, крошачка" і інакш.

Часта кармленне павольна пераходзіла ў калыханне, дзе ў калысцы, як апісваў беларускі этнограф Чэслаў Пяткевіч  у кнізе "Грамадская культура Рэчыцкага Палесся"засынаў "абагоўлены скарб" пад манатоннае напяванне: "Аа, аа, дзе-е-таачка спаць, а я буду каа-лы-хаць, а-а…, а ты паганае, чаго слепкі вытарашчыло? Ось я табе як дам плескача, то мне зараз заснеш — аа-аа... ".

Але такое стаўленне да немаўляці заканчвалася праз год "адлучэннем". Гэты сямейны абрад, апісаны Пяткевічам адбываўся наступным чынам. Пакарміўшы дзіця грудзямі апошні раз, маці садзіла яго на памост для спання, а бацька клаў перад ім медзяны грош, кавалачак хлеба, валовы рог, ці, калі дзяўчынка, тронку ад сярпа. Калі дзіця пацягне ручку найперш да рога, то лічылі, што яно будзе добрым гаспадаром, калі да хлеба, то будзе гультаём, ахвотнікам да гатовага хлеба, калі да гроша – будзе схільным прыхапіць чужое – будзе злодзей.

Праздник средневековой культуры Меч Брачыслава
© Sputnik Альфред Микус
Галоўнае, каб дзіцяці вырасла добрым чалавекам

Рэзкае адлучэнне ад грудзей у дзіцяці практычна заўсёды выклікала доўгатэрміновы разлад страўніка і пераход на "свой хлеб" адбываўся даволі балюча. Смяротнасць сярод дзяцей гэтага ўзросту была даволі высокай і асабліва ў сем’ях сялян. Не разумеючы прыроды таго ці іншага дзіцячага захворвання, верылі, што віной таму сурокі, пярэпалахі, начніцы, крыксы, капрызы, падвей і іншыя міфалагічныя істоты.

Спосабы дыягностыкі і лячэння былі часам такімі ж дзіўнымі, як і тыя нячысцікі, што па народных уяўленнях шкодзілі дзецям. Так, каб высветліць, ці будзе жыць вельмі хворае дзіця, варажылі з дапамогай мурашніку. Маці ішла ў лес і здымала верхнюю частку мурашніка, рабіла з гэтага адвар і купала ў ім дзіця тры дні запар. Пасля ізноў ішла ў лес і глядзела ці аднавілі мурашкі свой дом. Калі мурашнік меў ранейшы выгляд, то была надзея, што дзіця паздаравее. У такіх выпадках маці шукала любых паратункаў. У справу ішлі і малітвы да святых і язычніцкія замовы, якія выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне. Вось як лячылі начніцы.

Калі спакойнае ўдзень дзіця непакоілася і ўначы не спала, то лічылі, што яму шкодзяць начніцы. Яны ўяўляліся чорным кудлатым чарвяком, які быццам бы прапаўзаў пад калыбеллю. Супраць гэтай напасці ў дзвярах ставілі страх (пудзіла), як на вераб’ёў, апраналі ў вывернутую наадварот сарочку, у калысцы мянялі палажэнне ног і галавы, калыхалі дзіця ў начоўках і чыталі замовы: "Зара-зарыца, вазьмі ў майго дзіцяці начніцы. Дзе зара патухаіць, там начніцы прападаюць".

А вось як паэтычным народным словам супакойвалі дзіця перад сном на Ашмяншчыне: "Дрымоты, пакой, адшукай рабу Бога (імя), няхай яна спіць, высыпаецца, ноччу не прасыпаецца. Зоркі няхай будуць ёй сёстрамі, месяц ёй братам, а сон ёй кумам і сватам. Амын".

Існавала і такая практыка, калі дзіця быццам ахвяравалі Богу, просячы заступніцтва за яго і шчаслівага лёсу. Трэба было аднесці ў касцёл прызначаныя на ахвяру грошы, кавалак палатна, крыху лёну. Гэтай ахвярай тройчы малявалі кола вакол дзіцяці і накрывалі яго ёю. Пасля клалі ахвяру на алтар.

Дожинки в Мяделе - 2018
© Sputnik Альфред Микус
У народзе лічылі, што, калі ў хаце не чуваць дзіцячых галасоў, у ёй няма шчасця

Калі дзіця было як быццам бы здаровае, але вельмі худзенькае, яго дастаткова было ўзважыць на шалях і тады яно быццам бы пачынала папраўляцца. Каб дзіця хутчэй расло, маці здымала з яго кашульку толькі праз галаву і карміла як мага часцей.

У перыяд ранняга дзяцінства як у сялянскай так і ў заможных дваранскіх сем’ях дзецям гатавалі асобныя стравы з лепшых прадуктаў, якія дарослым не заўсёды траплялі на стол, паколькі ад якасці ежы залежыла здароўе дзіцяці. Вядома ж меню вясковай малечы вельмі адрознівалася ад дзіцячага меню ў заможных сем’ях, дзе былі знаёмыя з заходнееўрапейскай кухняй. Тут пэўныя веды аб сістэме харчавання і ўтрымання дзяцей дазвалялі рабіць яе больш сбалансаванай і правільнай. У выніку, дзеці вышэйшых саслоўяў хварэлі і паміралі значна радзей чым сялянскія. Але як бы там ні было і сялянка, і пані песцілі сваіх дзетак смачнымі стравамі.

Гатавалі звычайна салодкія кашы, бліны з начынкамі і без іх, пончыкі, тварожныя запяканкі, цыбрыкі грыбкі і яечні, разнастайнае печыва, стравы з лепшых гатункаў мяса, клёцкі, калдуны з ягаднымі начынкамі, разнастайныя супы і булёны і ў тым ліку супы-пюрэ з гародніны ды шмат што яшчэ.

Вось як гатавалі малочны суп з морквай ў вёсцы Літва Ляхавіцкага раёна Мінскай вобласці.

Суп малочны з морквай

Інгрыдыенты:

  • 4 шклянкі малака
  • 3 шклянкі вады
  • 1 морква
  • 1 яйка
  • 1 шклянка мукі
  • 2 чайныя лыжкі цукру
  • 50 г сметанковага масла
  • Соль

Як гатаваць:

Малако змяшаць з вадой і давесці да кіпення, пакласці старкаваную на буйной тарцы моркву, соль, варыць да гатоўнасці морквы. У муку ўбіць яйка, дадаць вады, старанна перамяшаць, каб атрымалася цеста, як густая смятана. Паступова ўліваць цеста ў суп пры няспынным памешванні. У канцы варкі пакласці цукар і сметанковае масла.

0
Тэги:
Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў