Фестываль Эпоха рыцарства ў Строчыцах

Фестываль “Эпоха рыцарства” прайшоў у Строчыцах

301
(абноўлена 18:40 30.06.2015)
Кожны, хто наведаў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў мінулыя выходныя, меў магчымасць перамясціцца з сучаснасці ў Сярэднявечча на два дні.

Юлія Хвошч, Sputnik

У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту прайшоў фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Эпоха рыцарства".

Падобныя мерапрыемствы адбываліся і раней, але рыцарскі фестываль такога маштабу ў межах прысталічнага рэгіёна праходзіў упершыню. Арганізатарам выступіў клуб гістарычнага побыту і рыцарскай культуры "Гівойт". У мерапрыемстве ўзялі ўдзел лепшыя ваякі Беларусі з 20 рыцарскіх клубаў. Не гледзячы на невялікія недахопы можна з упэўненасцю сказаць, што свята ўсё ж-такі атрымалася.

"Эпоха рыцарства" ў Строчыцах — фотастужка >>

Гандлёвая палатка на фестывалі Эпоха рыцарства
© Sputnik/ Дзмітрый Карлюк
Гандлёвая палатка на фестывалі "Эпоха рыцарства"

Наведвальнікі мерапрыемства мелі ўнікальную магчымасць не толькі паглядзець на спаборніцтвы рыцараў ці паўдзельнічаць у іх, але і пазнаёміцца з рыцарскай культурай, пабачыць на свае вочы побыт сярэднявечча — паглядзець, як жылі сапраўдныя рыцары.

Новыя плыні ў гістарычнай рэканструкцыі

Праграма фестывалю была вельмі насычанай: відовішчныя спаборніцтвы рыцараў у сапраўдных даспехах, масавыя баі (бугурты) пешых рыцараў, турнір конных рыцараў, турнір сярэднявечных лучнікаў, выступ музыкаў, якія гралі на старадаўніх інструментах. 

Вядоўцам мерапрыемства быў Юрый Усціновіч, адзін з заснавальнікаў руху гістарычнай рэканструкцыі на Беларусі.

Фестываль Эпоха рыцарства ў Строчыцах
© Sputnik/ Дзмітрый Карлюк
Фестываль "Эпоха рыцарства" ў Строчыцах
Ля ўвахода на мерапрыемства размесціўся сапраўдны рыцарскі лагер, а побач са сцэнай рамеснікі гандлявалі дзіўнымі сувенірамі. Наведвальнікі мерапрыемства маглі пакатацца на конях ці здзейсніць паветраную экскурсію над музеем на верталёце.

Па словах арганізатара мерапрыемства, кіраўніка клуба гістарычнай рэканструкцыі "Гівойт" Уладзіміра Лічко, асноўнай адметнасцю гэтага рыцарскага фэсту ад іншых стала новая тэматыка ў правядзенні фестываляў, якая прыйшла з Захада.

"Турнір алебардзістаў — бітва рыцараў на доўгіх сякерах — гэта новы накінурак у фестывалях такога плану.  Адметнасцю фестываля стаў турнір конных лучнікаў, якія прадэманстравалі майстэрства стральбы з лука па мішэнях на поўным галопе з розных дыстанцый", — распавёў Лічко.

У першы дзень наведвальнікі фестывалю маглі пабачыць конны турнір, турнір лучнікаў, турнір пешых рыцараў, камандныя баі 5Х5. Найбольш відовішчнымі сталі масавыя баі — бугурты, калі усе рыцары падзяліліся на два супрацьстаялыя бакі і змагаліся ў розных намінацыях (захоп караля і захоп сцяга).

Фестываль Эпоха рыцарства ў Строчыцах
© Sputnik/ Дзмітрый Карлюк
Фестываль "Эпоха рыцарства" ў Строчыцах

У другі дзень праграма мерапрыемства цягнулася толькі две гадзіны, але бітва алебардзістаў, турнір конных лучнікаў і штурм узмоцненых артылерыйскіх умацаванняў былі вартыя таго, каб зноў вярнуцца на фестываль.

Рыцарскі побыт

Па тэрыторыі музейнага комплекса два дні гулялі рыцары ў сапраўдных даспехах і дамы ў сярэднявечным адзенні. Кожны мог наведаць рыцарскі лагер і перанесцеся разам з рыцарамі на некалькі стагоддзяў таму.

Падчас паядынкаў рыцары хутка стамляліся і прылягалі адпачываць. Потым з новымі сіламі зноў ішлі ў бой. Рыцар — гэта самы звычайны хлопец, але на ім ад 30 да 40 кілаграмаў жалеза, што перашкаджае зручна рухацца. Дарэчы, за паядынак рыцар губляе да 1,5 кілаграмаў вагі.

фестываль Эпоха рыцарства ў Строчыцах
© Sputnik/ Дзмітрый Карлюк
фестываль "Эпоха рыцарства" ў Строчыцах

"Там жывуць людзі, гэта сапраўдны лагер. Любы можа пайсці туды і паглядзець як ладзіўся на Беларусі побыт шмат стагоддзяў таму. Там людзі ў сярэднявечных касцюмах на сярэднявечнай кухні рыхтуюць сярэднявечную ежу. Усё гэта вы можаце назіраць самі", — паведамілі арганізатары.

Калі наведвальнікі фестывалю стамляліся ад танцаў і спаборніцтваў, яны ішлі на тэрыторыю музея — гулялі па вёсцы, разглядалі архітэктурныя экспанаты, а потым накіроўваліся ў "Беларускую карчму" — адзін з лепшых рэстаранаў беларускай кухні. Надвор'е было было па-сапраўднаму казачным і вельмі спрыяла правядзенню сярэднявечнага свята.

Арганізацыйныя пытанні

Арганізатары мерапрыемства адразу адмовіліся ад намётавага гарадку для турыстаў. Па-першае, дабірацца да месца правядзення фестываля ад Мінска было вельмі зручна, па-другое, яны падкрэслілі, што правядзенне гэтага фэсту прынцыпова адрозніваецца ад іншых сур'ёзнасцю падыходу і мэтанакіраванасцю.

"Мы праводзім сур'ёзнае мерапрыемства — гістарычную рэканструкцыю. І нам бы не вельмі хацелася, каб прыехалі турысты з палаткамі выпіць і адпачыць, а там недзе на фоне скакалі б рыцары. Нам такога не патрэбна. Мы хацелі, каб фестываль наведалі тыя, хто сапраўды цікавіцца гісторыяй", — распавялі арганізатары.

Старадаўні танец Ойра
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Старадаўні танец "Ойра"

Нажаль, наведвальнікаў фестываля было не так многа, як хацелася б. Асноўная прычына ў тым, што пра фестываль амаль ніхто не ведаў. Рэкламы амаль не было, нават не ўсе зацікаўленыя ведалі пра гэты фестываль, а жадаючых паглядзець было больш чым дастаткова.

"Я лічу, што прайшло ўсё добра, таму што мы арганізоўвалі гэта ў першы раз. У турнірах ўсё было ў парадку. Каб 20 рыцараў выйшлі змагацца ў пешы турнір — такога даўно ўжо не было і гэта вельмі добры ўзровень", — адзначыў Лічко.

На Беларусі часта ладзяцца рыцарскія фестывалі і заўжды збіраюць вялікую колькасць наведвальнікаў.Вельмі шкада, што так не атрымалася на гэты раз, тым больш, што праграма была значна цікавей і сапраўды было на што паглядзець.

Выдатна была наладжана транспартная камунікацыя — аўтобусы курсавалі кожныя паўгадзіны, аднак неяк дзіўна было ехаць у пустым транспарце.

Яшчэ адзін не вельмі прыемны момант — музычная праграма 27 чэрвеня ў раскладзе была заяўлена да 22:00, аднак ужо на пачатку дзявятай музыкам адключылі мікрафоны. Выступаў гурт Lity Taler, які здолеў зацікавіць і арганізаваць людзей для старадаўніх танцаў і з выключаным гукам.

Музычнае аздабленне

У мерапрыемстве было заяўлена пяць музычных калектываў сярэднявечнай музыкі, сярод якіх і знакаміты беларускі гурт сярэднявечнай музыкі Lity Taler. Лідэр калектыву Дзяніс Шматко распавёў карэспандэнту Sputnik аб сваім уражанні ад мерапрыемства.

Гурт сярэднявечнай музыкі Lity Taler
© Sputnik/ Юлія Хвошч
Гурт сярэднявечнай музыкі Lity Taler

"У мяне няма суперупэўненасці, што арганізацыя фестываля была на вышыні, але клуб робіць фестываль упершыню. На мой погляд фэст атрымаўся такім даволі неблагім. Людзі, якія сёння сюды прыйшлі, яны ўсё ж такі пабачылі сапраўдную рыцарскую культуру і рыцарскі быт у выглядзе лагера на ўваходзе. Яны пабачылі разнастайныя трэніроўкі рыцараў, конныя баі, баі адзін на адзін, баі сценка на сценку, так званыя бугурты. На мой погляд фэст удаўся", — адзначыў Шматко.

"Сённяшні дзень мне вельмі спадабаўся як і сам фестываль. Былі нейкія невялікія недахопы, але гэта бывае паўсюль. І вельмі хочацца, каб гэта бачылі толькі ўдзельнікі і арганізатары, а не людзі, якія прыйшлі сюды на гэта ўсё паглядзець", — дадаў музыкант.

Гурт сярэднявечнай музыкі Lity Taler быў заснаваны ў Мінску ў 2011 годзе. У аснове творчасці калектыву ляжыць вольная інтэрпрэтацыя музычнай спадчыны сярэднявечнай Еўропы ў выкананні традыцыйных беларускіх народных інструментаў – беларускай дуды, скрыпкі, акарыны, жалейкі і іншых народных інструментаў. У рэпертуар групы ўваходзяць як інструментальныя кампазіцыі, так і сярэднявечныя танцы.

Што і казаць, клуб "Гівойт" сапраўды пастараўся. Не гледзячы на невялікую колькасць наведвальнікаў, усе турніры адбыліся і прайшлі на вышэйшым узроўні. Той, каму пашчасціла даведацца аб правядзенні фестываля, запомніць яго надоўга. Той, хто хацеў, але па розным прычынам не наведаў фестываль, можа наведаць 3-5 ліпеня фестываль "Гонар продкаў" прымеркаваны да 555-годдзя заснавання Вілейкі. Але рыцарскі клуб "Гівойт" там будзе выступаць ужо ў якасці госця і гэта будзе зусім іншая гісторыя.

301
Тэги:
Гісторыя, Актыўны адпачынак, Стыль жыцця і адпачынак, Стыль жыцця, Увесь свет, Мінскі раён, Беларусь, Еўропа
Тэмы:
Беларусь эпохі Сярэднявечча (13)
Каментары