Скрыжаванне вуліц Валадарскага і Карла Марскса ў Мінску

На экскурсіі па савецкім Мінску з “Куфэркам падарожжаў”

606
Прагуляцца па савецкім Мінску, а потым адправіцца шляхамі філаматаў. “Куфэрак падарожжаў” прапануе беларусам экскурсіі-даследванні сваёй гісторыі.

Ася Паплаўская, Sputnik.

Ужо два гады беларусы маюць магчымасць удзельнічаць у нетрывіяльных падарожжах па Радзіме і замежжы разам з "Куфэркам падарожжаў". Арганізацыю заснаваў вядомы даследчык архітэктурнай спадчыны, культуролаг, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Карэспандэнт Sputnik прагулялася з экскурсійнай групай па Мінску ў межах пешаходнай экскурсіі "Мінск савецкі", даведалася шмат новага пра родны горад, а потым пагутарыла з Антонам Астаповічам, які вёў экскурсію, пра яго ініцыятыву.

Самы маштабны будынак у свеце ў стылі канструктывізму

Эксурсія пачынаецца каля Дома ўрада на плошчы Незалежнасці. Спадар Антон пачынае распавядаць пра здабыткі і страты Мінску ў архітэктурным плане за савецкім часам.

Куфэрак падарожжаў з Антонам Астаповічам
© Sputnik Ася Паплаўская
"Куфэрак падарожжаў" з Антонам Астаповічам

Першыя архітэктурныя пераўтварэнні ў горадзе пачаліся пасля 1920  года, калі Мінск стаў сталіцай БССР, калі горад ужо займаў значна большую плошчу, чым гістарычная, калі асноўныя гарадскія тэрыторыі — гэта драўляныя прадмесці: Грушаўка, Пярэспа, Камароўка, Серабранка.

У 1920-30-х гадах Мінск практычна не рос тэрытарыяльна. Новыя будынкі паўставалі на месцы знесеных драўляных пабудоў, ці забудоўваліся не занятыя лакуны. Назіраўся сур'ёзны недахоп жылых плошчаў, таму што шмат будынкаў ізымалі пад партыйна-савецкія ўстановы, а жылое будаўніцтва вялося для забяспячэння патрэб наменклатуры і спецыялістаў. Простыя людзі юціліся па камуналках.

Куфэрак падарожжаў з Антонам Астаповічам
© Sputnik Ася Паплаўская
"Куфэрак падарожжаў" з Антонам Астаповічам

Забудова былой Захар'еўскай, потым Савецкай вуліцы (сучасны праспект Незалежнасці) у асноўным была сфармавана яшчэ да пачатку XX стагоддзя. У 20-х гадах кварталы вакол Савецкай ды і шэраг будынкаў на самой вуліцы былі ўзведзены ў рэчышчы перадавога архітэктурнага стылю тых часоў — канструктывізму.

Гэта шэраг карпусоў БДУ, з якіх захаваўся будынак сённяшняга геафаку, Дом ураду, пабудаваны ў гэтым стылі ў 1934 годзе па праекце Іосіфа Лангбарда. У будынку няма нічога лішняга. Простакутныя строгія формы, вялікія вітражныя вокны і гульня розных аб'ёмаў. "Дом ураду — унікальны будынак. Практычна самы маштабны ў свеце ў стылі канструктывізму", — гаворыць Астаповіч. Мы даведваемся яшчэ адзін цікавы факт: у будынку няма ніводнага бетоннага перакрыцця. Усе — драўляныя.

Куфэрак падарожжаў з Антонам Астаповічам
© Sputnik Ася Паплаўская
"Куфэрак падарожжаў" з Антонам Астаповічам

Напрыканцы размовы пра Дом ураду Антон Астаповіч звяртае нашу ўвагу на помнік Леніну, які чорнай плямай вылучаецца на белым фоне будынка. "Я лічу, што гэта ўнікальная горадабудаўнічая кампазіцыя. Калі чую гутаркі пра тое, што трэба зруйнаваць помнікі Леніну, я думаю, што гэта гавораць дурні, бо гэта прапанова знішчыць унікальны горадабудаўнічы ансамбль — помнік свайму часу!"

Смерць архітэктурнай думкі

Мы ідзем далей па праспекце да Галоўпаштамта. Тым часам Астаповіч распавядае, што існуе мінімальная колькасць фотаздымкаў даваеннага Мінску. Рэч у тым, што ў тыя часы нельга было ўзяць камеру і проста пайсці здымаць горад. Гэта было забаронена. Неабходна было атрымаць дазвол на фота ў спецыяльных установах. І нават з такой паперай можна было фатаграфавать толькі тое, што дазвалялі.

Куфэрак падарожжаў з Антонам Астаповічам
© Sputnik Ася Паплаўская
"Куфэрак падарожжаў" з Антонам Астаповічам

Падыходзім да Мінскага паштамту. З другой паловы 30-х гадоў канструктывізм адыходзіць, на яго месца прыходзіць ампір. Экскурсавод распавядае, што любая імперыя імкнецца да імперскіх форм у архітэктуры. Стыль ампір, варыяцыя якога шырока прадстаўлены ў Мінску, з'явіўся пры Напалеоне Банапарце. Пры ўсім багацці і дасканаласці архітэктурных формаў, высокамастацкім дэкоры Антон Астаповіч лічыць сталінскі ампір і, адпаведна, ансамбль праспекта смерцю архітэктурнай думкі.

Куфэрак падарожжаў з Антонам Астаповічам
© Sputnik Ася Паплаўская
"Куфэрак падарожжаў" з Антонам Астаповічам

"У ампіры пануе правіла залатога сячэння. Паглядзіце на праспект Незалежнасці. Шырыня дарогі — 48 метраў, тратуары па 12 метраў. Вышыня фасадаў — 48 метраў. Усё дзеліцца на два, гэта адзін з прынцыпаў залатога сячэння — кратнасць у памерах. Але тут няма ніводнай новай формы, толькі наследванне антычнага стылю. Але гэта тое самае, на што западаюць турысты!"

Галоўны паштамт быў спраектаваны Усеваладам Каралём і уведзены ў эксплуатацыю ў 1953 годзе. Да з'яўлення на Кастрычніцкай плошчы піраміды, ад якой зараз адлічваецца адлегласць да розных населенных пунктаў, кіламертраж лічыўся ад будынка Галоўпаштамта. Гэты будынак, паводле Антона Атаповіча, адзін з самых цікавых дэкарыраваных збудаванняў у стылі ампір ў Мінску.

Куфэрак падарожжаў з Антонам Астаповічам
© Sputnik Ася Паплаўская
"Куфэрак падарожжаў" з Антонам Астаповічам

Гадзіннік з сакрэтам

Збочваем на вуліцу Валадарскага. Праходзячы міма дамоў, якія месцяцца леваруч, Астаповіч распавядае, што перад намі — адзін з прыёмаў пасляваеннай перабудовы: на двухпавярховых дамах надбудоўваўся трэці паверх, дадаваўся дэкор з савецкай сімволікай.

Куфэрак падарожжаў з Антонам Астаповічам
© Sputnik Ася Паплаўская
"Куфэрак падарожжаў" з Антонам Астаповічам

Спыняемся на бульвары Дзяржынскага насупраць знакамінай "вежы Цанавы" на будынку КДБ. Яе Усеваладу Каралю, згодна аднаго з гарадскіх паданняў,  загадаў надбудаваць асабіста Цанава.

Куфэрак падарожжаў з Антонам Астаповічам
© Sputnik Ася Паплаўская
"Куфэрак падарожжаў" з Антонам Астаповічам

Калі архітэктар запярэчыў, маўляў, яна парушыць кампазіцыю будынка, той сказаў: "Можа, ты ў архітэктуры кароль, але тут кароль — я". Таксама існуе паданне, што Цанава вельмі любіў футбол, заўзеў за "Дынама", і са сваёй вежачкі назіраў за гульнямі на аднайменным стадыёне.

Куфэрак падарожжаў з Антонам Астаповічам
© Sputnik Ася Паплаўская
"Куфэрак падарожжаў" з Антонам Астаповічам

Мы вяртаемся на праспект і Антон Астаповіч звяртае нашу ўвагу на дом з гадзіннікам. "У яго вельмі цікавая гісторыя. Гэта гадзіннік канца XIX стагоддзя. Ён быў вывезены з Кёнінсберга. Пасля Вялікай айчыннай вайны многія будынкі ў Мінску адбудоўвалі палонныя немцы, гэта вядома. Знайшлі немца, які гэты гадзіннік усталяваў і потым даглядаў. Там ёсць звон з бронзы, на якім — выява Божай Маці. З 1949 па 1951 гады ён працаваў, а потым таго немца, які даглядаў гадзіннік, адправілі дадому і звон перастаў званіць".

Куфэрак падарожжаў з Антонам Астаповічам
© Sputnik Ася Паплаўская
"Куфэрак падарожжаў" з Антонам Астаповічам

Асаблівую ўвагу групы Антон Астаповіч звярнуў на будынак Ленінскай бібліятэкі, збудаванай па праекце маскоўскага архітэктара Георгія Лаўрова ў стылі канструктывізму. Мы даведваемся, што паводле праекта да асноўнага будынку бібліятэкі павінна было прылягаць дзевяціпавярховае кнігасховішча, але ад яго адмовіліся.

Куфэрак падарожжаў з Антонам Астаповічам
© Sputnik Ася Паплаўская
"Куфэрак падарожжаў" з Антонам Астаповічам

У 2008 годзе будынак хацелі зруйнаваць, але дзякуючы рэакцыі нераўнадушных беларусаў ад гэтай крамольнай думкі адмовіліся. Будынак адрэстаўравалі, прычым, вельмі добра. Фасады пакрылі каменнай тынкоўкай (у тынкоўку дадаецца вугаль-антрацыт і атрымліваецца вельмі прыгожае аздабленне, якое зіхаціць на сонцы).

Напрыканцы насычанай і цікавай экскурсіі Антон Астаповіч адзначыў, што "канструктывізм — прарыў у архітэктуры, а ампір — стагнацыя".

"Беларусы і сваёй краіны не ведаюць"

Пасля шпацыру па савецкім Мінску мы са спадаром Астаповічам пагутарылі пра "Куфэрак падарожжаў".

- Вы ладзіце экскурсіі не самі па сабе, а ад "Куфэрка падарожжаў"…

— Так, гэта таварыства з абмежаванай адказнасцю, я з'яўляюся адным з яго заснавальнікаў. Гэта цалкам камерцыйны праект, які трошкі адрозніваецца ад іншых такога кшталту, бо ў нас вялікую ролю грае культурная асвета. Пакуль зарабляць на жыццё атрымліваецца (смяецца).

- Куды возіце людзей? Толькі Беларусь ці выязджаеце за межы краіны?

— Аснова — гэта Беларусь, бо людзі і сваёй краіны не ведаюць. Нам ёсць што ім распавесці і паказаць. У нас няма стандартных маршрутаў: Мір-Нясвіж, Курган Славы-Хатынь… Кожны маршрут эксклюзіўны і новы, яны фактычна не паўтараюцца. Стараюся максімальна паказваць помнікі, распавядаю пра архітэктуру.

Але мы не абмяжоўваемся Беларуссю, бо трэба паказваць і еўрапейскую культурную прастору. У нас быў вопыт экскурсій у Польшу, ва Украіну. У мінулым годзе ездзілі ў Чэхію, Швецыю, Эстонію… Стараемся разнастайваць нашыя маршруты. У верасні павязем людзей знаёміцца з рускім мірам у Пскоў і Ізборск, заедзем у Пушкінскія горы, дзе цэлы месяц жыў вялікі рускі пісьменнік Сяргей Даўлатаў (смяецца).

- Ці толькі беларусы ваша мэтавая аўдыторыя?

— У асноўным беларусы, так. Але зрэдку праводзім экскурсіі па Беларусі для гасцей з Украіны, Расіі. У мінулым годзе вазілі па краіне вялікую інтэрнацыянальную каманду ўдзельнікаў канферэнцыі славістаў. У нас ужо склалася кліенцкая база пастаянных удзельнікаў вандровак. Гэта людзі, з якімі я езджу па Беларусі далёка не першы год.

- Працуе сарафаннае радыё?..

— Не толькі. Мы актыўна рэкламуемся праз сацыяльныя сеткі, на розных парталах размяшчаем рэкламу "Куфэрка". Літаральна некалькі дзён таму запусцілі сайт, які зараз запаўняем інфармацыяй і публікуем абвесткі пра чарговыя падарожжы. Людзі, канечне, таксама распавдаюць адзін адному пра падарожжы з намі. Такім чынам наша кліенцкая база ўвесь час пашыраецца. Як правіла, той, хто адзін раз з намі з'ездзіў, працягвае ездізіць і далей.

- Колькі чалавек распрацоўвае экскурсійныя праграмы? Справа ўсё ж няпростая…

— Няпростая, але ў нас вельмі вялікая каманда — гэта Антон Астаповіч (пасміхаецца). Наша прадпрыемства маленькае, два з паловай чалавекі: дырэктар, я і бухгалтар на палову стаўкі. У распрацоўцы экскурсій мне дапамагае вельмі багаты вопыт даследванняў і эскпедыцый. Гэта і ёсць мая асноўная база. Часам, канечне, працую ў архівах, даследую нейкія тэмы. Асабліва мяне цікавіць тэма архітэктуры і горадабудаўніцтва, увесь час чытаю спецыяльную літаратуру, працую з архіўнымі дакументамі. Гэта таксама становіцца асновай для экскурсій.

- Распавядзіце пра сённяшнюю экскурсію "Мінск савецкі". Ці яна была ў першы раз праведзеная?

— У мінулым годзе мы запусцілі цыкл з трох экскурсій: Мінск страчаны (дзве экскурсіі па гістарычным цэнтры) і Мінск савецкі. Вопыт паказвае, што сённяшні шпацыр цікавіць людзей нашмат меней, чым па гістарачным цэнтры гораду. Але ж савецкую спадчыну я лічу цікавай, бо ў нас быў такі перыяд, яго не выкрэсліш з гісторыі. Так, да яго можна па-рознаму ставіцца, але ж адмаўляцца ад яго — глупства. Гэты цыкл з трох экскурсій мы праводзім раз на год, бо хапае працы па іншых частках Беларусі. 

606
Тэги:
Культура, Культура і адпачынак, Культурнае развіццё, Стыль жыцця, Гістарычныя мясціны, Гісторыя, Мінск, Беларусь, Еўропа, Увесь свет
Морква - галоўны інгрыдыент класічнага цымесу

Цымес: як гатаваць незвычайны дысерт і чаму на Беларусі ў яго дадаюць мяса

148
(абноўлена 17:25 16.10.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская вучыць гатаваць унікальную страву, якая знаходзіцца ў спісе нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі.

Калісьці яўрэйскае насельніцтва складала большую палову беларускіх мястэчак. Багатая культура гэтага народа працяглы час узбагачала побытавую і духоўную культуру беларусаў. У беларускай мове ўжо грунтоўна абаснаваліся такія словы як "вэрхал", "кагал" і "цымус". Тое ж можна казаць і пра кухню – на Беларусі здаўна ласуюцца фаршыраваным шчупаком, фаршмакам, паштэтамі, сакавітымі катлетамі і бульбяной бабкай, якая з’яўляецца роднай сястрой яўрэйскага кугеля.

Яўрэйская кухня - найстаражытнейшая ў свеце -  на землях Беларусі ўвабрала ў сябе лепшы вопыт нямецкай і польскай харчовай культуры і значна паўплывала на традыцыі харчавання беларусаў. Многія яўрэйскія стравы беларусы лічаць натуральна сваімі. Напрыклад, усімі любімыя дранікі.

Магчыма прычынай такой папулярнасці страў яўрэйскай кухні за апошнія сто гадоў хаваецца ў паступовым паглынанні беларускай вёскі горадам. У сувязі са зменамі ладу жыцця спосабы прыгатавання ў печы адышлі на другі план, застаўшыся ў вёсцы, а ў гарадах і мястэчках запанавала пліта. Прастата і хуткасць прыгатавання, а таксама прыстасаванасць страў для прыгатавання на пліце і спрыяла шырокаму распаўсюджанню яўрэйскіх страў як на кухнях хатніх гаспадынь, так і ва ўстановах грамадскага харчавання.

Нават спосабы гарачай апрацоўкі прадуктаў у яўрэйскай кулінарыі прыйшліся дарэчы: прыпусканне, адварванне, слабае тушэнне з дадаткам вады і абавязкова не ў духоўцы а на пліце.   

Калі казаць пра пэўныя стравы, то для яўрэяў любімыя першыя стравы – гэта мясныя і курыныя булёны з грэнкамі, прафітролямі, падсмажанай локшынай. З другіх страў перавага аддаецца фаршыраванай рыбе і гусіным шыйкам, а таксама рулетам, тэфлэлям і кнэдлям. Што тычыцца дэсертаў, то тут безумоўным каралём з’яўляецца цымес.

Цымес – гэта святочны дэсерт, які спалучае ў сабе моркву і сухафрукты з дадаткам якой-небудзь заправы. Для гэтага могуць выкарыстоўвацца яйкі з мукой або мука з маслам і нават не вельмі густая манная каша.

Класічны цымес  

Інгрыдыенты:

  • 5 морквін
  • 300 гр чарнасліву
  • 100 гр разынак
  • 120 гр меду
  • 30 гр алею
  • Арэхі і соль па смаку

Як гатаваць

Чарнасліў і разынкі без костачак памыць і намачыць, каб сталі мяккімі. Моркву нарэзаць паўкольцамі, дадаць крыху алею і тушыць на малым агні. Праз 10 хвілін дадаць соль і мёд, тушыць яшчэ 5 хвілін. Здрабніць сухафрукты, засыпаць іх у моркву і дадаць алей, перамяшаць. Перад падачай на сто страву можна пасыпаць арэхамі.

Вишневое варенье с орехами
© Sputnik Людмила Янковская
Арэхі дадаюць страве пікантны смак

Цымес часта выкарыстоўвалі як "антрэмэ", што ў перакладзе з французскай мовы азначае страву, якую падаюць паміж галоўнымі або перад дэсертам. У рускай кухні гэта пірагі, якія падаваліся паміж баршчом і смажанкай, ў французскай – сыры, якія падавалі на прыканцы абеда, перад фруктовым дэсертам. Мэта антрэмэ -  нейтралізаваць смак папярэдняй стравы для лепшага ўспрымання смаку наступнай. 

Але ў некаторых мясцінах цымес гатуюць інакш. Напрыклад, у мястэчку Адэльск Гродзенскай вобласці, у спісе інгрыдыентаў да цымеса абавязкова ёсць мяса. Цікава, што сяляне Віцебшчыны страву не ацанілі, нават лічылі яе брыдкай і таму не гатавалі.

Нязвыкласць для вясковага густу спалучэння ў адной страве салодкага і мяснога не давала магчымасці распаўсюджвання стравы ў асяродку простанароддзя. Інакш да такога цымусу ставіліся ў мястэчках. У Адэльску яе працягваюць гатаваць і зараз, нават адмыслова вырошваюць бручку. Гэтая агародніна па смаку нагадвае нешта сярэдняе паміж рэпай і капустай.

Брюква
Бручка

Дзякуючы сваёй унікальнасці адэльскі цымес атрымаў ачэснае месца ў Спісе нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі.

Адэльскі цымус з бручкай

Інгрыдыенты:

  • 1 кг бульбы
  • 0,5 кг свініны (грудзінка або шыя)
  • 300 гр  бручкі
  • 2-3 сярэднія морквы
  • 200 гр цыбулі
  • 0,5л вады
  • 1 дэсертная лыжка солі на ёмістасцьу 3 л
  • 1 чайная лыжка сумесі спецый: лаўровы ліст, перац, каляндра, кроп, кмен

Як гатаваць:

Падрыхтаваць карняплоды, памыць і пачысціць. Бульбу парэзаць на чатыры часткі, бручку і моркву пакрышыць кубікамі, цыбулю парэзаць вельмі дробна. Усё перамяшаць і засыпаць у гаршчок. Мяса нарэзаць сярэднімі кавалкамі і ўкласці ў агародніну, пасаліць, дадаць спецыі, заліць вадой і паставіць тушыць у печ або духоўку на малым агні на 2 гадзіны. Калі страва добра ўтушыцца, патаўчы  агародніну ў кашу. Пры жаданні ў гатовую страву дадавалі крышаны зялёны кроп і пер’е цыбулі. Елі ў прыкуску з салёнымі агуркамі.

148
Тэги:
Нацыянальная кухня, Ларыса Мятлеўская
Овощи и рыба на кухонном столе, архивное фото

Рыбныя стравы для святочнага стала і на кожны дзень - старажытныя рэцэпты

127
(абноўлена 17:15 02.10.2020)
Смачныя рэцэпты з рыбай са старажытнай кнігі рэцэптаў чытайце ў чарговай падборцы Sputnik - і спрабуйце прыгатаваць!

Кніга Алены Малахавец "Падарунак маладым гаспадыням, або Сродак да памяншэння расходаў у хатняй гаспадарцы", якая змяшчае да 1500 рэцэптаў і каштоўных парад, убачыла свет амаль 160 гадоў таму. У савецкія часы яна была абвінавачана ў "буржуазнасці" і "дэкадэнцтве" - напэўна, савецкаму чалавеку не часта даводзілася гатаваць, напрыклад, супы з віна і піва

У падборцы рэцэптаў Sputnik мы прапануем пазнаёміцца са стравамі з рыбы.

Фаршыраваны шчупак

1,5-2 кг свежага шчупака ачысціць, разрэзаць на вялікія кавалкі, пасаліць і пакінуць на 1 гадзіну. З кожнага кавалка асцярожна зрэзаць мяса з косткамі, выбраць іх, мяса дробна пасячы з 1 цыбулінай, пасаліць, дадаць молатага перцу. Дробна нарэзаць пятрушку, 2 цыбуліны, 1 сцябло сельдэрэю, лук-парэй, пасаліць, дадаць каля 15 зерняў перцу, 3-4 шт. лаўровага ліста, палачку карыцы, 5 шт. гваздзікі, чвэрць чайнай лыжкі шафрана, заліць вадой і варыць.

Калі булён закіпіць, апусціць у яго фаршаваную рыбу так, каб яе ледзь пакрыла, паставіць на моцны агонь, уліць паўшклянкі халоднай вады. Сачыць, каб рыба не прыгарэла і варыць так хвілін 10, здымаючы шумавінне. Падліць яшчэ паўшклянкі вады і паступаць так кожныя 10 хвілін на працягу гадзіны. Пакласці рыбу на страву, абліць процеженным і даведзеным да кіпення соусам, у які некаторыя дадаюць палову сталовай лыжкі мёду і палову шклянкі разынак.

Катлеты са шчупака, судака і інш.

Ачысціць, пасаліць 1,5-2 кг шчупака ці судака, выняць косткі; мяса дробна пасячы, можна нават растаўчы, дадаць чвэрць або палову французскай булкі, у залежнасці ад вагі рыбы, папярэдне памачыўшы яе ў вадзе або юшцы і выціснуць. Уліць 2 лыжкі алею, пасаліць, паперчыць, дадаць чвэрць чайнай лыжкі маціса (мушкатовага цвету) размяшаць, зрабіць катлеты, абкачаць іх у муцэ або сухарах, сатэйнік ці патэльню вышмараваць алеем, пакласці катлеты, пасыпаць іх дробна насечанай зелянінай пятрушкі, дробна нарэзаным лімонам, накрыць пергаментнай паперай, змазанай маслам і накрыўкай, паставіць у духоўку на 10 хвілін або абсмажыць катлеты на патэльні.

Падліўкі для падачы:

1) Соус з салёных агуркоў

3-6 салёных агуркоў нарэзаць даўгаватымі невялікімі кавалачкамі, 1 лыжку падсмажанай у алеі мукі закіпяціць з 2-3 лыжкамі сланечнікавага, макавага або гарчычнага алею, з дробна насечанай зелянінай пятрушкі, 2 шклянкамі булёна, ½ шклянкі агурочнага расола, можна дадаць трохі грыбнага булёна і паленага цукру. Давесці да кіпення.

Зажинки в Жоровке 2019
© Sputnik Альфрэд Мікус
Соўс з расолам асабліва спадабаецца тым, хто пасля свята на наступны дзень даядае тое, што засталося з багатага стала

2) Соус з вішань

¾ шклянкі пюрэ з вішань падсмажыць у 1,5 шклянках булёна з-пад печанай буйной рыбы, пакласці палову палачкі карыцы, 5-6 тоўчаных гваздзік, цукар па гусце, закіпяціць, працерці скрозь сіта, уліць 1-2 чаркі хераса або мадэры.

3) Соус з лука з кменам

5-6 цыбулін разрэзаць, абліць 2-3 шклянкамі кіпеню, разварыць, працерці скрозь сіта. Лыжку падсмажанай мукі падсмажыць яшчэ ў 2 лыжках гарчычнага алею, змяшаць з працёртым соусам, дадаць 1,5 лыжкі кмену і паленага цукру, закіпяціць некалькі разоў.

Карп смажаны або печаны

Ачысціць карпа ад лускі, разрэзаць уздоўж, вымыць, разрэзаць на часткі, надрэзаць у некалькіх месцах хрыбет, пасаліць. Калі соль распусціцца, выцерці дасуха сурвэткай, абкачаць кожны кавалак у муцэ, падсмажыць у гарачым алеі з абодвух бакоў. Калі смажыцца цэльны, падсмажыць з абодвух бакоў, а потым тушыць у духоўцы паўгадзіны.

Падліўкі для падачы:

1) Соус з грэцкіх арэхаў

Узяць поўную чайную лыжку гатовай сарэптскай гарчыцы, дадаць 20 свежых тоўчаных грэцкіх арэхаў, соль па гусце, лыжку аліўкавага або гарчычнага алею, лыжку сухой стоўчанай булкі, 0,5 шклянкі воцату, змяшаць, развесці вадой, якую давялі да кіпеня з лукам і спецыямі па гусце, размяшаць, абліць рыбу прама перад падачай.

2) Соус з лімонам

½ шклянкі мукі размяшаць з 2-3 лыжкамі гарчычнага або аліўкавага алею, развесці 2,5 шклянкамі рыбнага булёна, дадаць лімонную цэдру, кіпяціць, памешваючы, пакуль не згусне, працадзіць, уліць лімоннага соку з ½ лімона, чарку хераса, 2-3 лыжкі цукру, пасаліць, перад падачай падцяпліць.

Лешч фаршаваны кіслай капустай

2-3 шклянкі кіслай капусты спаласнуць у вадзе, выціснуць. 2-3 лыжкі масла падсмажыць з дробна нарэзанай цыбулінай, пакласці капусту, падсмажыць, паперчыць, пасаліць, можна дадаць 2-3 вычышчаных і дробна нарэзаных яблыка, размяшаць, нафаршаваць ачышчаную і нацёртую соллю рыбу, зашыць, пакласці на вышмараваную алеем патэльню, пасыпаць рыбу мукой, абліць яе алеем і паставіць у духоўку, перыядычна паліваючы падліўкай.

127
Тэги:
Рэцэпты
Тэмы:
Калядны пост: каталікі і праваслаўныя рыхтуюцца да Нараджэння Хрыстова
На беразе Бярэзіны знайшлі ўнікальны шлем

"Шлем Марзалюка" атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

0
(абноўлена 17:37 28.10.2020)
У красавіку мінулага года ў Бабруйску на беразе Бярэзіны знайшлі шлем X-XI стагоддзяў, які паспелі абвясціць шлемам полацкага князя Ізяслава. Што вядома пра артэфакт, разбіраўся Sputnik.

Нядаўна стала вядома, што ў кастрычніку на пасяджэнні Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета было прынята рашэнне аб прысваенні шлему, знойдзенаму ў Бабруйску, статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Адразу пасля таго, як у красавіку ў ходзе работ па паглыбленні дна ракі ў затоцы правага берага Бярэзіны, быў знойдзены сярэднявечны шлем, да вывучэння знаходкі падключыўся дэпутат і па шчаслівым збегу абставінаў археолаг Ігар Марзалюк.

Дзякуючы яго намаганням шлем быў перададзены кваліфікаваным спецыялістам на рэстаўрацыю ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гісторыкі прыйшлі да высновы, што дадзены артэфакт з'яўляецца нічым іншым, як помнікам зброевага мастацтва Х-ХІ стагоддзяў.

Ігар Марзалюк выказаў здагадку, што гэты статусны прадмет належаў Ізяславу, сыну полацкай князёўны Рагнеды і кіеўскага князя Уладзіміра.

Шлем, пячатка і экспедыцыя

"Менавіта такія шлемы называлі залатымі. Такія шлемы належалі, як правіла, менавіта тым, хто кіраваў дружынай, як правіла, першым у бой ішоў князь.

Усё гэта дазваляе казаць, што гэта ўнікальная рэч, якая, безумоўна, належала чалавеку з высокім сацыяльным статусам", - тлумачыў Ігар Марзалюк.

Па версіі беларускіх гісторыкаў, шлем, знойдзены ў Бабруйску, быў зроблены ў Скандынавіі, а затым ужо прывезены ў Беларусь па старажытным гандлёвым шляху "з варагаў у грэкі".

Родапачынальнік дынастыі полацкіх князёў Ізяслаў памёр прыблізна на пачатку XI стагоддзя, але інфармацыі пра месца яго пахавання няма. Адзінай вядомай археалагічнай знаходкай, якая пэўна звязана з яго імем, з'яўляецца пячатка з надпісам князь Ізяслаў і горад Полацак. У 1954 годзе яна была знойдзена на раскопках у Ноўгарадзе. Цікава, што на пячатцы таксама намаляваны трызубец - радавы знак Рурыкавічаў.

Князь Ізяслаў вядомы не толькі як палітык, які здолеў аднавіць разбураны яго бацькам Полацк, але і як дзед Усяслава Чарадзея. Пры кіраванні апошняга ў горадзе быў узведзены Сафійскі сабор як сімвал магутнасці княства.

Погляд з Кіева на бабруйскі шлем

У сваю чаргу кандыдат гістарычных навук, выкладчык кафедры гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Кіеўскага нацыянальнага універсітэта Арцём Папакін распавёў, што знаходка сапраўды унікальная для Беларусі, але ні пра якую сенсацыі не можа ісці і гаворкі.

"Вось так ствараюцца міфы. Цудоўнай захаванасці шлем тыпу "Чорная Магіла" (курган пад Чарнігавам, які, на думку даследчыкаў, з'яўляецца помнікам эпохі вікінгаў - Sputnik), знойдзены ў Бярэзіне каля Бабруйска - адзіная знаходка такога тыпу на тэрыторыі Беларусі - "спрытным рухам рукі" ператварылася ў шлем Ізяслава Уладзіміравіча і адначасова ў сімвал беларускай дзяржаўнасці. Разам з тым агучылі няправільную колькасць шлемаў гэтага тыпу (ужо вядома больш за 40 цэлых і фрагментаў), недарэчна параўналі з "шапкай Манамаха" і прыпісалі аўтарства выраба скандынавам", - лічыць украінскі гісторык.

Паводле яго слоў, "ні пра якую прывязку да гістарычных асобаў гаворкі быць не можа. Гэтыя шлемы разам з арабскім срэбрам і іншымі рэчамі ўсходняга паходжання распаўсюджваліся ў Х стагоддзі ў многіх рэгіёнах ваенна-гандлёвай актыўнасці ўсходніх вікінгаў: у Ноўгарадзе, Сярэднім Падняпроўі, Прусіі і Вялікай Польшчы".

Спецыяліст па гісторыі зброі упэўнены, што бабруйскі шлем варта разглядаць у кантэксце такіх знаходак, як Брылеўскі скарб (знойдзены ў Барысаўскім раёне і адносіцца да IX стагоддзя і эпохі вікінгаў - Sputnik), месца яго знаходкі паказвае не на цэнтр княжацкай улады, а на гандлёвы і ваенны шлях па Дняпры да Балтыкі.

Рэха ўнікальнай знаходкі

У маі бягучага года непадалёк ад таго месца, дзе быў знойдзены адзіны ў Беларусі шлем тыпу "Чорная магіла", атрымалася знайсці меч эпохі высокага Сярэднявечча.

Средневековый меч найден в Бобруйске на берегу Березины
© Photo : Николай Силков
Сярэднявечны меч знойдзены ў Бабруйску на беразе Бярэзіны

"Гэты меч датуецца XI-XIII стагоддзямі і адносіцца да поствікінгскай эпохі. На дзяржальні захаваліся сляды серабрэння. Стан для археалагічнага артэфакта ў яго добры", - распавёў гісторык Мікалай Сілкоў.

У цэлым меч захаваўся амаль цалкам і толькі часткова згублена лязо. Гэта дазваляе яго датаваць і аднесці да пэўнага тыпу.

Пры гэтым ён удакладніў, што цяпер меч пры захаванасці каля 80% адсоткаў важыць прыблізна 1,2 кілаграма і мае даўжыню ў 70 сантыметраў. На жаль, нельга вызначыць дакладна, дзе быў выраблены меч.

"Меч трэба чысціць і рэстаўраваць, тады можна будзе вызначыць ўсё больш дакладна. Пакуль можна казаць толькі пра тое, што ён належаў або князю ці дружынніку. Простыя воіны ў гэты час былі ўзброены дзідай і сякерай", - падкрэсліў гісторык.

Знойдзеныя ў Бабруйску шлем і меч, могуць быць паміж сабой звязаныя, таму што маглі існаваць у адзін час. Абедзве знаходкі вельмі статутныя, але сур'ёзных доказаў гэтаму пакуль няма.

0
Тэги:
Бабруйск