Масква падчас рэжыму самаізаляцыі жыхароў

Як справіцца са стрэсам з-за каронавіруса?

24
(абноўлена 09:10 16.11.2020)
Падрабязная інструкцыя для ўсіх, хто схільны да неўрозаў і хваравіта рэагуе на галоўную праблему чалавецтва ў 2020 годзе.

Кожны з нас па-рознаму рэагуе на нестабільную сітуацыю і знешнія пагрозы: няхай гэта будзе скачок долара ці ж ўспышка пандэміі каронавіруса.

Хтосьці бярэ сябе ў рукі і імкнецца справіцца са сваімі страхамі, хтосьці замыкаецца ў сабе і адмаўляе ўсё, што адбываецца, а хтосьці і зусім сутыкаецца з панічнымі атакамі. Што ж рабіць у стрэсавай сітуацыі і як знайсці гармонію ва ўмовах пандэміі - чытайце ў кіраўніцтве Sputnik.

Як справіцца з трывогай і стрэсам з-за COVID-19

  • Сачыце за сабой і здароўем. Вага, ціск, апетыт, сон - усё павінна быць пад вашым пільным кантролем. Таксама пандэмія не павiнна ўплываць на вашыя звычкі: здавайце аналізы, хадзіце на планавыя агляды і не бойцеся кансультавацца са сваім урачом.
  • Адпачывайце і не саромеецеся станоўчых эмоцый. Гэта не толькі неабходна для ўмацавання імунітэту, але і станоўча ўплывае на ўсе сферы вашай жыцця. Пабольш шпацыруйце, надавайце час не толькі працы, але і хобі, песціце сябе смачнай ежай, добрымі фільмамі і кнігамі.
  • Правільна сілкуйцеся. Рабіце акцэнт на свежыя прадукты: зеляніна, гародніна і садавіна. Таксама не забывайце лёгкія фізічныя нагрузкі - штодзённыя прагулкі па парку, ёгу або лёгкую зарадку.

Калі ж вы адчуваеце, што негатыў і стрэс працягвае разрастацца знутры, а вам не пад сілу справіцца з трывогай самастойна - звярніцеся да спецыяліста. Урач зможа аказаць вам патрэбную дапамогу: ад простых рэкамендацый да прадпісання неабходных вітамінаў.

24
Тэги:
каронавірус
Тэмы:
Каронавірус COVID-19 (927)
Капуста

Як заквасіць капусту ў хатніх умовах па старажытным беларускім рэцэпце

1550
(абноўлена 16:56 30.10.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская дзеліцца старажытнымі рэцэптамі нарыхтоўкі агародніны – хуткім і доўгім.

З надыходам першых восеньскіх маразоў у Беларусі з палёў пачынаюць прыбіраць капусту і гэтай жа парой пачынаюць нарыхтоўваць яе на зіму.

У беларускай нацыянальнай кухні колькасць страў, якія гатуюць з капусты, вельмі вялікая і гэта не выпадкова. Са старажытных часоў гэтая расліна цудоўна адчувае сябе на нашых не вельмі ўрадлівых землях.

З гістарычнай і мемуарнай літаратуры вядома, што ў Беларусі з даўніх часоў вырошчвалі і спажывалі розныя яе гатункі. Так пры дварах беларускай шляхты вырошчвалі квяцістую, белакачанную (белую), ліставую, чырвоную, савойскую, брусельскую капусты. У белакачаннай капусты выкарыстоўвалі не толькі белае, але і шэрае лісце. Просты ж люд на сваіх сціплых агародах аддаваў перавагу белакачаннай капусце, з якой гаспадыні рабілі нарыхтоўкі на зіму, захоўваючы яе  квашанай і свежай напрацягу доўгага часу. Лічыцца, што капусту лепш за ўсё квасіць, паколькі пры такім спосабе нарыхтоўкі максімальна захоўваюцца каштоўныя рэчывы.

Шаткуем і квасім капусту

Капусту на Беларусі квасілі ў вялікай колькасці і ўжывалі яе ў ежу амаль да новага ўраджаю.

Гаспадыні не спяшаліся квасіць капусту адразу пасля першых маразоў, а чакалі, пакуль марозік прыхопіць расліну некалькі разоў.

Калі галоўкі заледзянелі, напярэдадні засолкі іх кідалі ў цэбар і залівалі халоднай вадой, пакідаючы так на ноч. На наступны дзень прыступалі да працы.

Капуста по-гурийски
© Sputnik Людмила Янковская
Некаторыя гаспадыні квасяць капусту па ўласных арыгінальных рэцэптах

У народзе існавала цэлая сістэма прадпісанняў наконт часу заквашвання капусты, выбару посуду і догляду за ім, гаспадыні нават паводзіць сябе павінны былі згодна са спецыяльнымі правіламі.

У працэсе шаткавання капусты ўдзельнічала ўся сям’я, але існавалі і пэўныя абмежаванні. Напрыклад, нельга было займацца гэтай справай жанчынам падчас рэгулаў. Лічылася, што нарыхтоўка не ўдасца, капуста атрымаецца мяккай і будзе дрэнна захоўвацца.

Таксама тагачасныя гаспадыні лічылі, што капуста, пастаўленая ў маладзік, цвёрдая і хрусціць, а каб яна атрымалася мяккай, квасіць трэба ў апошнія фазы месяца.

Прыдатнымі днямі тыдня для гэтай справы лічацца вечар панядзелка, аўторак і  самы  лепшы – чацвер.

Што такое "шаткаўніца"

У канцы ХІХ стагоддзя ва Усходнім Палессі сярод сялян прыкладна паміж 1880-1886 гадамі шырока распаўсюдзіўся рэдкі ў той час спосаб квашання капусты ў выніку чаго на вёсцы з’явіліся шаткаўніцы. Першапачаткова яны былі даступныя толькі заможным людзям і таму ў палешукоў такую шаткаваную або крышаную капусту называлі "паньскай". Чэслаў Пяткевіч у сваёй кнізе "Рэчыцкае Палессе " даволі падрабязна апісваў такі спосаб квашэння.

Капуста з шынкоўкай
© Sputnik Віктар Талочка
Капуста з шынкоўкай

Ачышчаныя ад верхняга лісця галоўкі дробна шаткавалі нажамі на стале, адкідваючы качарыжкі, затым складвалі ў драўляныя начоўкі, салілі і моцна пераціралі рукамі, дадавалі крыху журавін, кмену, парэзанай на скрылікі морквы, а часам і дзікія яблыкі. Прыгатаваную такім спосабам порцыю пасля перамешвання з дадаткамі скідвалі ў дзежку, трамбавалі і паўтаралі гэтую працэдуру пакуль дзежка не напоўніцца.

Пакуль капуста не станавілася кіслай, яе трымалі ў хаце. Праз некалькі дзён пачынала з’яўляцца пена і тады увесь час скісання завостраным або дубовым кіем таўшчынёй да 4 см штодзень – раніцай і увечары – прабівалі ў капуснай масе дзіркі да дна, каб такім чынам выйшаў горкі дух.

Пасля капусту накрывалі кружком, пряціскалі яго каменем і выносілі ў халодную камору, бо прыгатаванай такім чынам капусце мароз не можа пашкодзіць.

Такім спосабам капусту квасяць і сучасныя гаспадыні. На 100 кг ачышчанай капусты бяруць 2,5-3 кг солі, 4 кг морквы, 100 г кмену, па жаданню 6 кг яблыкаў, накрышаных долькамі або цэлых, журавіны па смаку.

Трэба разумець, што ў нашых продкаў былі вялікія сем'і і таму яны квасілі капусту "у прамысловых маштабах". Сучасныя гаспадыні могуць адаптаваць рэцэпт і паменшыць колькасць інгрыдыентаў у залежнасці ад колькасці капусты.

Кіслую капусту звычайна запраўляюць цыбуляй, перцам і сланечнікавым алеям і падаюць да мяса і бульбы.

Парады руплівай гаспадыні:

  • У якасці гнёта нельга выкарыстоўваць  вапнавы камень;
  • Расол павінны пакрываць капусту. Калі расолу мала, гнёт трэба павялічыць;
  • Самая спрыяльная для ферментацыі тэмпература – 18-20 градусаў. Пры гэтай тэмепературы яна доўжыцца 7 дзён. Каді тэмпература больш нізкая, час бражэння павялічваецца;
  • Для квашання прыдатны ўсе гатункі капусты за выключэннем ранняй і позняй "Амагер". У 1957 годзе ў СССР лепшымі лічыліся "Слава", "Беларуская", "Браўншвейгская", "Маскоўская".

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя разам са звычайным спосабам нарыхтоўкі капусты быў папулярны рэцэпт і хуткага яе заквашвання.

У такім варыянце нашаткаваную і прамытую капусту клалі ў ваду і, калі яна адзін раз закіпіць, злівалі на рэшата і палівалі вельмі халоднай вадой, пакуль капуста зусім не астыне. Калі вада сцякала, яе салілі.

Як піша анна Цюндзявіцкая ў сваёй кнізе "Літоўская гаспадыня", гэты спосаб падыходзіць для тых, хто хоча заквасіць капусту для хуткага ўжывання.

1550
Тэги:
Ларыса Мятлеўская, Беларусь, Нацыянальная кухня
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі
Хэлоўінскі гарбуз

Вужалка і Баламуцень: якім беларускім нячысцікам можна апрануцца на Хэлоўін

213
(абноўлена 12:52 27.10.2020)
Хоць Хэлоўін – не ўласна беларускае і нават не славянскае свята, хто сказаў, што мясцовым нячысцікам забараняецца весяліцца на Дзень усіх святых?

Хэлоўін або Самайн - язычніцкае свята, якое сімвалізавала перамену пораў года, а з прыходам хрысціянства ператварылася ў разгул нечысці напярэдадні Дня ўсіх святых.

Традыцыя пераапранацца ў нечысць і, як бы сказалі беларусы, "калядаваць", выпрошваць салодкі пачастунак у суседзяў узнікла ў Амерыцы, але хутка была падхоплена і еўрапейскімі краінамі, а затым прыйшла і ў Беларусь. Звычайна моладзь абірае жахлівыя і добра вядомыя ўсім вобразы: шкілетаў, зомбі, упыроў і гэтак далей. Атрымліваецца, прынесці свята прынеслі, а мясцовую нечысць на яго не запрасілі.

Каб нашы нячысцікі, у большасці сваёй не злыя і нават карысныя не крыўдзіліся, глядзіце, якія вобразы з беларускай міфалогіі можна ўжыць пры падрыхтоўцы да вясёлага і жудаснага свята, а таксама чытайце парады стыліста.

Дэманічны кот

Варгін, або Варган – дэманічная істота, якая з'яўляецца ў вобразе ката. У народзе яго называюць кашачым каралём. Імя Варгін, верагодна, паходзіць з літоўскай мовы – ад varginti, што значыць "мучыць".

Булгакаўскі Бегемот тут можа адпачываць: беларускі Варган, пра якога пісалі Ян Баршчэўскі і Уладзімір Караткевіч – жудасная істота, якая сваім пекным выглядам падманвае даверлівых людзей. Так, Ян Баршчэўскі ў сваім апавяданні "Прыродны чараўнік і кот Варгін" сцвярджае, што гэты дэман сваім варкатаннем распладзіў у галаве жанчыны, нябыта ў гняздзе, атрутных ос.

Знешні выгляд Варгіна вельмі падманлівы
© CC0 / Pixabay / oblako3011
Знешні выгляд Варгіна вельмі падманлівы

У народзе сапраўды існуе павер'е, што чорныя каты, а асабліва сам іх цар, могуць сваім варкатаннем выклікаць з'яўленне ў галаве чалавека розных казурак – не толькі восаў, але і шэршняў, матылёў, праз якіх ён неўзабаве памрэ ў страшэнных пакутах. Дапамагчы тут мог толькі моцны чараўнік, які з дапамогай патаемнага слова выганяў Варгіна і ўсю яго світу.

Парада стыліста: Кот – ён кот і ёсць. Калі ў вас недзе заваляліся каціныя вушкі, дастаткова апрануцца ў чорнае, намаляваць вусы і прычапіць доўгі хвост. А каб падкрэсліць, што вы не звычайны кот – сябар ведзьмы, можна зрабіць са стужак або паперы восаў і дапоўніць імі свой вобраз. Тады ў сяброў абавязкова ўзнікне пытанне, і вы зможаце расказаці ім гісторыю свайго касцюма.

Не зусім Вадзяны

Баламутня не варта блытаць з Вадзяным, таму што гэта дух хутчэй гарэзлівы, чым злы, але і ад яго можна моцна пацярпець, калі не ведаць, як выратавацца. Жыхары беларускіх вёсак уяўлялі яго ў выглядзе высокага пузатага мужчыны з зялёнымі валасамі і барадой; нехта кажа, што твар у яго страшэнны, іншыя сцвярджаюць, што, наадварот, вельмі прыгожы, але ўсе згаджаюцца, што ёсць у ім нешта нечалавечае: ці то колер валасоў, ці то вочы – вялікія, блакітныя.

Баламуцень крадзе ў рыбакоў улоў і асабістыя рэчы, баламуціць ваду, распуджвае рыбу, круціць лодкі ў вірах. Выратавацца ад яго можна, падзяліўшыся ежай або ўловам – тады незласлівы дух адчэпіцца.

Баяцца яго варта толькі маладым прыгожым жанчынам, бо вельмі ён да іх ахвочы і кожны год шукае сябе новую "нявесту". Але, кажуць, нацешыўшыся, дзяўчыну ён адпускае дадому, а ў падарунак надзяляе яе магічным дарам: улюбёніца Баламутня ніколі не зможа патануць, нават калі пойдзе тапіцца.

Парада стыліста: Баламуцень – цалкам мужчынскі вобраз. Яго адметнай рысай з'яўляюцца доўгія зялёныя валасы, таму варта набыць парык і накладныя пасмы, каб не прыйшлося фарбаваць бараду і галаву зялёнкай. Парада хутчэй датычыцца паводзінаў: гэты вобраз падыдзе таму, хто хоча пазнаёміцца з дзяўчынай. Размову лёгка пачаць з прапановы зрабіць яе непатапляльнай.

Дачкі Вужынага Цара

Вужалкі, або Змяёўны – дачкі вядомага па творах Баршчэўскага і народных паданнях дачкі Вужынага Цара. Вужалкі могуць паўставаць як у чалавечым, так і ў змяіным абліччы, прычым пазнаць іх вельмі проста: дачкі цара любяць залатыя завушніцы, і калі ператвараюцца ў вужоў, у іх застаюцца жоўтыя плямачкі па абодвух баках галавы. 

Жоўтыя плямы на галаве вужа - нібы завушніцы
© CC0 / Pixabay / JarkkoManty
Жоўтыя плямы на галаве вужа - нібы завушніцы

У чалавечым абліччы Вужалкі часта апісваюцца як вельмі прыгожыя, зграбныя дзяўчыны з доўгімі валасамі, але замест ног у іх – змяіны хвост. Нягледзячы на гэты факт, шматлікія хлопцы марылі аб тым, каб сустрэць Вужалку, таму што лічылася: таму, хто спадабаецца ёй, яна адкрое, дзе ляжыць скарб.

Пакрыўдзіць нечым Вужалку – значыць, здабыць праклён на сябе і ўвесь свой род.

Парада стыліста: Гэты вобраз падыдзе дзяўчынам, якія любяць упрыгажэнні: смела чапляйце на сябе ўсё, што знойдзеце дома, можна яшчэ і ў сябровак пазычыць. Галоўнае, каб упрыгожанні былі ў адзінай колеравай гаме – лепш залатой - і падыходзілі адно да аднаго. "Змяіны хвост" выдатна сымітуюць легінсы з прынтам лускі, і не забудзьцеся распусціць валасы.

Жахлівая нявеста

Белая Баба – персанаж, які вельмі нагадвае папулярны ў заходняй культуры вобраз мёртвай нявесты. Завецца яна так таму, што з галавы да ног апранутая ў белае, а на галаве мае вэлюм, нібы сапраўды сабралася пад вянец. Фігурай яна нагадвае маладую дзяўчыну, але пад вэлюмам хавае твар старухі.

Уначы яна знянацку з'яўляецца перад людзьмі і пужае іх сваім страшэнным тварам. У народзе верылі, што той, хто ўбачыць гэты прывід, заручыцца са Смерцю – хутка памрэ.

Парада стыліста: Пераапрануцца ў Белую Бабу можа дзяўчына, якая не пабаіцца зрабіць "узроставы" грым. Эфекта маршчын можна дасягнуць з дапамогай сіліконы і зацямніць складкі ценямі. Не забудцеся пра вэлюм – галоўны атрыбут прывіда.

Пажадлівы пярэварацень

Зазоўка з'яўляецца ў выглядзе прыгожай жанчыны з доўгімі валасамі, якія, нібы плашч, ахутваюць яе прывабную постаць. У яе меладычны і пяшчотны голас, таму, калі Зазоўка заспявае, мінак можа заслухацца і, нават не бачачы яе, закахацца.

Лічыць Зазоўку злой ці не – складанае пытанне, таму што ніякай шкоды яна сама не робіць – наадварот, заманіўшы ў гушчар мужчыну, кахае яго, як ніякая зямная жанчына не змагла бы. Але не ўсякі вытрымлівае такой ласкі. Сваіх новых сяброў Зазоўка не ўтрымлівае, але калі мужчына вяртаецца дадому, звычайна ён ужо не можа забыцца на яе – так прыгожая чараўніца западае ў сэрца. Але двойчы Зазоўка нікога не прымае, таму шмат хто, не вытрымаўшы яе адмовы, ладзіць у лесе пятлю.

Лебедь-кликун на Лебедином озере
© Sputnik / Владимир Вяткин
Лічыцца, што Зазоўка можа ператварацца ў лебедзя

Лічыцца, што Зазоўка можа ператварацца ў лебедзя, нібыта так яна праводзіць зіму на возеры, якое не пакрываецца льдом, або ляціць з іншымі лебядзямі ў вырай (і там, напэўна, узгадваецца ў мясцовых легендах як суккуб).

Парада стыліста: Міфалогія сцвярджае, што Зазоўцы ўвогуле непатрэбнае адзенне, таму што ў яе доўгія і прыгожыя валасы. Але ў кастрычніку ўжо занадта халодна для таго, каб распранацца, таму падыдзе сукенка даўжынёю ў падлогу, а таксама накладныя пасмы або, зноў жа, парык. Упрыгожце вопратку і валасы пер'ем, каб вас не прынялі за Рапунцэль.

Белы крумкач

Працягваючы тэму птушак, можна ўзгадаць Крыжаціка. Гэта дух, які жыве на могілках, а з'явіцца ён там можа, калі крыж памерлага быў неяк пашкоджаны да памінак, якія рабілі на саракавы дзень пасля яго смерці.

Крыжацік сочыць за парадкам на могілках, вельмі не любіць грэшных і п'яных – на іх можа наляцець і нават паваліць у падрыхтаваную для пахавання яму. Прычым не баіцца ні крыжа, ні святой вады, ні малітвы, то бок увогуле не з'яўляецца злым духам.

Крест на кладбище, архивное фото
© CC0 / Pixabay / elianemey
Крумкачы часта жывуць на могілках

Крыжацік можа з'явіцца ў выглядзе сівога крумкача з чалавечымі вачамі, які звычайна сядзіць на крыжы і сочыць за наведвальнікамі могілак.

Парада стыліста: Апрануцца Крыжацікам можа як дзяўчына, так і хлопец. Каб стаць падобным да могілкавай птушкі, можна нарэзаць белую тканіну або паперу і прычапіць да рукавоў, каб атрымалася пер'е птушкі. Не лішняй будзе і маска – доўгая воранава дзюба.

Мёртвы стораж

Яшчэ адна істота, якая жыве на могілках – Чаргавы. Так называлі апошняга пакойніка, якога пахавалі на могілках. Лічылася, што яго дух сцеражэ пехаванне і абараняе вёску ад смерці.

Калі ж чарговае пахаванне здаралася вельмі хутка пасля апошняй смерці, гаворылі, што Чаргавы ляніўся і дрэнна пільнаваў. Лічылася, што Чаргавы таксама назірае, хто наведвае могілкі і прыбірае на іх – а калі чалавек занядбаў памяць сваіх продкаў, самому яму на тым свеце будзе дрэнна.

Убачыць Чаргавога жывыя не маглі, аднак былі ўпэўненыя, што ў руках ён трымае кій, як і сапраўдны стораж.

Парада стыліста: Чаргавы, па сутнасці, - той жа чалавек, якім быў пры жыцці. Не варта блытаць яго з зомбі або прывідам, таму адпаведны грым тут не падыдзе. Трэба ўспомніць, што хаваюць чалавека звычайна ў лепшым яго адзенні, таму падыдзе шыкоўны строй і крыху грыму, каб выглядаць трохі інфернальна. І, зразумела, кій, каб абараняцца ад шкоднікаў, або калатушка стоража таксама будуць дарэчы. 

213
Тэги:
Традыцыі і абрады, Хэлоўін
Іней

Які сёння дзень: 29 лістапада 2020 года

180
(абноўлена 11:22 20.11.2020)
Гэты дзень з'яўляецца трыста трыццаць чацвёртым па грыгарыянскім календары, да канца года застаецца 32 дні.

Якія падзеі адбыліся 29 лістапада і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 29 лістапада

  • У 1812 годзе падчас пераправы праз Бярэзіну ў ходзе адступлення Напалеон I Банапарт, не чакаючы адсталых войскаў і абозаў, загадаў спаліць масты.
  • У 1961 годзе быў узарваны Гродзенскі фарны касцёл.

Хто нарадзіўся 29 лістапада

  • 1908 год: Яўгеній Красоўскі, беларускі мастак.
  • 1951 год: Аляксандр Гвоздзікаў, беларускі скульптар.
  • 1951 год: Валерый Данэйка, спявак, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь.
  • 1952 год: Радзівон Бас, беларускі прадзюсар і рэжысёр.

Таксама сёння нарадзіліся рускі мастак і архітэктар Аляксандр Брулоў і ірландскі пісьменнік Клайв Стэйплз Льюіс.

29 лістапада ў народным календары

У гэты дзень Праваслаўная царква ўспамінае аднаго з 12 апосталаў, евангеліста Левія Матвея. У народзе 29 лістапада вядома як Матвееў дзень.

Існавала прыслоўе: "На Мацея зіма пацее". Гэта значыць, што зімовае надвор'е пакуль не ўсталявалася, ідзе то дождж, то снег, добрага снежнага шляху на дарогах яшчэ няма. Звычайна ў гэты дзень сыра і цёпла, чым цяплей 29 лістапада, тым халадней будзе ўзімку.

На Мацея таксама часта дзьмуць моцныя вятры. Яны прадракаюць доўгую зіму з завеямі і глыбокім снегам.  

180
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей