Кіраўнік МЗС ФРГ у дзень 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны напісаў беларусам

© Sputnik / Максим БлиновСтаршыня МЗС Германии Франк-Вальтэр Штанмайер
Старшыня МЗС Германии Франк-Вальтэр Штанмайер - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Франк-Вальтэр Штайнмаер у сваім звароце кажа пра неабходнасць сумесна шанаваць памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і нагадвае пра злачынствы сталінскай эпохі.

МІНСК, 22 чэр — Sputnik. Федэральны міністр замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер у дзень 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны звярнуўся з пасланнем да беларускага народа.

Зварот кіраўніка нямецкай дыпламатыі апублікаваны ў выданні "СБ. Беларусь сегодня" пад загалоўкам "Памяць. Адказнасць. Будучыня!".

"Раніцай 22 чэрвеня 1941 года, роўна 75 гадоў таму назад, распачалося сапраўднае пекла. Мільёны германскіх салдат, сотні тысяч транспартных сродкаў і коней, тысячы танкаў, самалётаў і гармат па загадзе Гітлера былі кінутыя на ўсход супраць Савецкага Саюза", — напісаў Штайнмаер.

Паводле яго слоў, іх страшным, вар'яцкім і прадыктаваным маніяй велічы заданнем было забяспечыць "расе гаспадароў доўгачаканае, заслужанае і ўгатаванае лёсам панаванне над усёй Еўразіяй", а таксама заняволенне або знішчэнне жыхароў Савецкага Саюза.

"Пры ўсіх актуальных дэбатах пра еўрапейскую светабудову, мы заўжды павінны памятаць, што агрэсія, вайна на знішчэнне, расавая ідэалогія пра "недачалавекаў" абрынуліся на народы Савецкага Саюза з Захаду, з гітлераўскай Германіі", — адзначыў нямецкі дыпламат.

Незлічоныя ахвяры сярод рускіх, украінцаў, беларусаў, яўрэяў і многіх іншых народаў Савецкага Саюза, паводле яго слоў, не забытыя — як у краінах былога Савецкага Саюза, так і ў Германіі.

"Словы гэтыя, зрэшты, не прымяншаюць і злачынстваў сталінскай эпохі, пра якія нельга забываць людзям добрай волі, якія перамаглі нацызм і фашызм", — лічыць Штайнмаер.

Ад імя нямецкага народа кіраўнік МЗС ФРГ падзякаваў расіянам, украінцам, беларусам за тое, што яны "перад тварам злачынстваў, учыненых III Рэйхам ад імя нямецкага народа, працягнулі нам руку ў знак прымірэння".

Кажучы пра падзеі 75-гадовай даўніны, дыпламат заклікаў зрабіць усё магчымае для захавання еўрапейскага светапарадку, пабудаванага на руінах, якія засталіся пасля самай страшнай вайны, якую калі-небудзь бачыў свет.

"Не варта прымаць мір у Еўропе як належнае — нават сёння! Захаваць мір можна толькі працуючы над гэтым з дня ў дзень! Там, дзе нешта пагражае міру, нам — тым, хто нясе сёння адказнасць — неабходна ўзяць на сябе задачу зрабіць правільныя высновы з нашай сумеснай гісторыі", — гаворыцца ў звароце міністра да беларусаў. Ён просіць не забывацца на тое, што еўрапейцаў аб'ядноўвае больш, чым раз'ядноўвае.

"Калі мы чымсьці абавязаны ахвярам вайны, салдатам у безыменных магілах, старым, жанчынам і дзецям, якія падвяргаліся катаваньням і былі забітыя, дык гэта — сумесна шанаваць памяць аб іх пакутах, аб прынесенай імі ахвяры і штодня паўтараць: "Больш ніколі!", — рэзюмаваў Штайнмаер.

Стужка навiн
0