Гарачыя выхадныя: дакладны прагноз, парады медыкаў

© Sputnik / Мария АмелинаЛета ў Гомелі
Лета ў Гомелі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
У Беларусь ідзе гарачае паветра трапічнага паходжання, лекары раяць выконваць правілы паводзінаў у спякоту.

МІНСК, 18 жні — Sputnik. Трапічная спякота чакае жыхароў Беларусі ў бліжэйшую суботу: днём тэмпература паветра прагрэецца да 34 градусаў, паведамілі ў Гідрамеце. Медыкі раяць выконваць правілы паводзінаў у спякоту.

Надвор'е на выхадных

"19 жніўня на надвор'е ў Беларусі будзе аказваць уплыў вельмі цёплае паветра трапічнага паходжання. Тэмпература ўначы будзе 15 — 20 градусаў, днём +28..+34°С", — паведамілі Sputnik сіноптыкі.

Па іх словах, у суботу ападкаў практычна не будзе, толькі ў начныя гадзіны ў некаторых раёнах Віцебскай вобласці, а днём на захадзе краіны магчымыя кароткачасовыя дажджы, навальніцы.

У Гідрамеце таксама адзначылі, што ў нядзелю спякота пачне спадаць, толькі усход Беларусі апынецца пад уплывам трапічнага цяпла.

"Усходняя палова краіны ў нядзелю яшчэ будзе заставацца пад уплывам вельмі цёплай паветранай масы трапічнага паходжання", — сказалі ў Гідраметцэнтры.

Па словах сіноптыкаў, у гэты дзень па заходняй палове рэспублікі чакаюцца кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах моцныя дажджы, навальніцы і магчымы нават град.

Тэмпература паветра днём складзе ад +17..+22°С па захадзе, дзе пройдуць дажджы, да +30..+34°С па ўсходзе. У Мінску ў нядзелю днём абяцаюць +18..+20°С, магчымы невялікі дождж.

Медыкі раяць грамадзянам у гарачае надвор'е ўстрымацца ад ужывання алкаголю і скараціць час знаходжання на адкрытым паветры. Калі падчас спёкі з'явіцца недамаганне, галавакружэнне або слабасць, варта звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя або выклікаць хуткую.

Дзе нельга купацца

У пачатку жніўня тэрытарыяльныя органы дзяржаўнага санітарнага нагляду абмежавалі купанне на 12 беларускіх вадаёмах. Цалкам забаранілі купацца яшчэ ў двух: у рацэ Случ у раёне 11-га гарадка па вуліцы Сацыялістычнай у Слуцку і ў вадасховішчы Рудня Слуцкага раёна.

Купанне дзяцей абмежавана ў сямі зонах рэкрэацыі: зона адпачынку ў Мікашэвічах, пляж "Прудкоўскі ў Гомелі, зоны адпачынку "Баравец", "Жадунька", "Прусіна", "Слабада" Касцюковіцкага раёна, а таксама пляж на Дняпры ў Магілёве. Купанне дзяцей і дарослых абмежавана ў межах гарадскога пляжу на Дняпры ў Шклове і ў зоне рэкрэацыі на Грабянёўскім возеры ў Магілёве. Купацца не рэкамендуецца таксама ў Дняпры ў вёсцы Палыкавічы і на Вільчыцкам вадасховішчы ў вёсцы Вільчыцы. У Гомельскай вобласці абмежаванні датычацца рэкрэацыйнай зоны на левабярэжжы Прыпяці ад аўтамабільнага моста да рэчышча Мерлявіцы ў Мазыры.

Стужка навiн
0