Грыб у лесе

"Ціхае паляванне" пачынаецца! Грыбы з'явяцца ўжо ў бліжэйшыя дні

28
(абноўлена 12:40 04.07.2018)
На думку спецыялістаў, грыбы ў лясах Мінскай вобласці з'явяцца ўжо праз некалькі дзён, аднак леташніх аб'ёмаў не нагнаць, нават калі будуць дажджы.

МІНСК, 4 ліп — Sputnik. У лясніцтвах Мінскага лясгаса грыбоў па-ранейшаму няма, аднак у бліжэйшыя дні ў вобласці чакаюць іх з'яўлення, распавялі Sputnik спецыялісты.

У гэтым годзе ў Беларусі былі анамальна засушлівыя май і чэрвень, з-за чаго сельгаспрадпрыемствы і лясніцтвы сутыкнуліся з праблемай зніжэння ўраджаю. Дажджы, якія прайшлі ў мінулыя выхадныя, на думку спецыялістаў, павінны некалькі выправіць сітуацыю.

У Валмянскім лясніцтве ледзь пачалі збіраць ягады, а вось наяўнасць грыбоў пакуль не правяралі — лічаць, рана.

"Мы ў лес яшчэ не хадзілі, не будзе пакуль грыбоў. Ягады толькі пайшлі, — чарніцу зараз збіраюць, — а грыбоў я яшчэ не бачыў. Можа быць, праз некалькі дзён? Дакладнай статыстыкі мы не вядзем, але, вядома, ураджай у гэтым годзе будзе менш, чым у мінулым", — распавёў ляснічы Аляксандр Фурс.

У Кайкоўскім лясніцтве дажджам рады больш за ўсё таму, што, нарэшце, абмінула небяспека пажараў. "Пажаранебяспечная абстаноўка такая была, што мы на грыбы з ягадамі асаблівай увагі не звярталі: галоўнае, каб не загарэлася нічога", — падзяліўся тутэйшы ляснічы Вячаслаў Асташонак.

Грибы
© Pixabay
Грыбы

На будучы ўраджай тут глядзяць аптымістычна: нейкія ягады ўжо ўдалося сабраць, а ўсё, чаго не было, яшчэ з'явіцца.

"Цяжка сказаць, ці лепш было ў мінулым годзе, усё ж па-рознаму. Тады суніцы ў нас амаль не было, а ў гэтым — валам, і добрая ягада, яна ж сонца любіць. А вось чарніца ў гэтым сезоне сухая расла, ёй вільгаці не хапала. Маліна таксама нядрэнная", — растлумачыў спецыяліст.

Доўгачаканыя грыбы, паводле яго слоў, таксама хутка з'явяцца.

"У мінулым годзе ў гэты час грыбы ўжо былі, а ў гэтым — рана пакуль, але будуць, нікуды не падзенуцца. Дажджы мінулыя дапамогуць, вядома! Пасля такіх звычайна і лезуць, калі прыпаркі будзе, то дні за тры выскачаць", — выказаў меркаванне ляснічы.

Ураджаем у Заслаўскім лясніцтве зусім незадаволеныя. "Грыбоў няма, ягад таксама. Спадзяемся, што пасля дажджоў нешта зменіцца, хоць нейкія пойдуць. А калі — у прыроды пытацца трэба", — адказалі там.

У Навасельскім лясніцтве скардзяцца на прахалоду: па словах мясцовых спецыялістаў, для павышэння ўраджайнасці павінна трохі пацяплець.

"Трэба, каб прагрэла няшмат. Грыбы заўсёды пачынаюцца пасля дажджоў, але вільгаць толькі з'явілася — дажджы ідуць фактычна ўсяго чатыры дні, кардынальных перамен у прыродзе за такі невялікі час не будзе. Хаця, думаю, сітуацыя будзе мяняцца да лепшага: пакуль у лесе зусім трохі грыбоў, але нейкая іх колькасць неўзабаве з'явіцца, пацярпіце крыху", — абнадзеіў ляснічы Васіль Чачот.

Малина
© Sputnik / Мариус Баранаускас
Зараз пачынаецца сезон збору маліны

Дырэктар ДЛГУ "Лагойскі лясгас" Яўген Крыскевіч падзяліўся са Sputnik, што леташнія аб'ёмы ўраджаю грыбоў і ягад не навярстаць ужо, нават калі пойдуць дажджы.

"Ёсць жа сезоннасць — год на год не прыходзіцца, адзін ураджайны, іншы — не. Бягучы год, у любым выпадку, будзе бедным", — растлумачыў ён.

А вось грыбоў, на яго думку, варта чакаць ужо праз тыдзень.

"Вядома, спадзяемся на перамены ў лепшы бок. Па вопыце, пасля такіх дажджоў можна праз тыдзень чакаць грыбоў. Што тычыцца ягад — чарніцы цяпер мала, яна зусім дробная і абсыпаецца. Суніцы таксама было трохі, цяпер мусіць пайсці маліна, убачым, якая будзе", — расказаў спецыяліст.

28
Тэги:
грыбы, Ураджай, Беларусь
По теме
Ападаюць плады і сохнуць збожжавыя. Як выратаваць ураджай у засуху?
Засушлівае лета. Як ратаваць ураджай бульбы?
Каментары