Туман у лесе

У Беларусі стане яшчэ цяплей? Дакладны прагноз на выхадныя і пачатак тыдня

20
(абноўлена 11:18 23.01.2020)
У канцы студзеня ў рэспубліцы захаваецца анамальна цёплае надвор'е: на наступным тыдні ў дзённыя гадзіны ў краіне будзе цяплець нават да + 7°С.

МІНСК, 24 сту - Sputnik. Тэмпературны фон крыху павысіцца ў апошнія дні студзеня, пра гэта сведчаць дадзеныя рэспубліканскага гідраметцэнтра.
У Беларусі захоўваецца анамальна цёплае надвор'е з тэмпературным фонам на 5-11°С вышэй за кліматычную норму. У сераду ў многіх раёнах рэспублікі узмацняўся вецер парывамі да 12-19 метраў у секунду, ішоў снег і дождж. Аднак у бліжэйшыя дні пахаладання не прадбачыцца (і нават наадварот).

"24-25 студзеня надвор'е ў рэспубліцы будуць вызначаць атмасферныя франты, якія змяшчаюцца з Заходняй Еўропы", - паведамілі сіноптыкі.
У пятніцу, 24 студзеня, будзе пераважна воблачна. На большай частцы краіны пройдуць кароткачасовыя мокры снег і дождж, у некаторых раёнах згусціцца слабы туман, а ў начныя і ранішнія гадзіны аўтамабілістам варта быць акуратнымі з-за галалёдзіцы на дарогах. Удзень таксама будзе дзьмуць парывісты вецер. Уначы будзе -4 ... + 2°С, удзень максімум да + 6°С.

Прагноз надвор'я ў Беларусі на выхадныя

"25 студзеня (у суботу) чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. Уначы і раніцай на большай частцы, удзень месцамі, пераважна па паўночна-ўсходняй палове, пройдуць кароткачасовыя ападкі: дождж, мокры снег", - паведамілі ў Белгідраметцэнтры.

Моцны парывісты вецер захаваецца. Уначы на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер заходні парывісты, месцамі па паўночным усходзе моцны парывісты. Мінімальная тэмпература паветра па краіне ўначы ў межах ад -3°С да + 4°С, максімальная ўдзень ад + 1°С да + 6°С.

У нядзелю, 26 студзеня, вецер сцiхне, а невялікі дождж з мокрым снегам магчымы толькі месцамі па паўночным усходзе Беларусі. Прагназуюцца таксама слабыя туман, галалёд і галалёдзіца. Будзе крыху халаднавата: уначы ў краіне пахаладае да -3 ... + 2°С, удзень тэмпература паднімецца максімум да -2 ... + 4°С.

Аб надвор'і ў Беларусі на пачатку працоўнага тыдня

Ужо ў першы дзень працоўнага тыдня надвор'е стане крыху больш устойлівым. У панядзелак і аўторак кароткачасовых ападкаў чакаюць толькі месцамі па краіне.

У першай палове дня магчымы яшчэ слабыя туман і галалёд. Уначы 27 студзеня будзе -4 ... + 2°С, удзень паказчык дасягне адзнакі ад 0°С да + 5°С. А 28 студзеня будзе цяплей: уначы тэмпература будзе знаходзіцца ў межах -2 ... + 4°С, удзень паветра прагрэецца да + 1 ... + 7°С.

Паводле дадзеных доўгатэрміновага прагнозу на Gismeteo, на тыдні ў Беларусі тэмпература паветра будзе вагацца ад + 2°C да + 9°C. У цэлым, першая дэкада лютага абяцае быць вельмі цёплай - ад + 5°C да +12°C. Зрэшты, важна памятаць, што доўгатэрміновыя прагнозы нярэдка памыляюцца і не з'яўляюцца дакладнымі.

20
Тэги:
Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, Прагноз надвор'я, Беларусь
Халаднік са шчаўя

Травеньская трава галоднага корміць

10
(абноўлена 20:44 14.05.2021)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае, чым багаты апошні вясновы месяц і якой зелянінай ужо можна паласавацца

Апошні месяц вясны пачаўся з халадоў.  Час ад часу можна пачуць бурклівыя нараканні на няветлівае надвор’е. Нібыта вінаватыя прыродныя катаклізмы, але яны тут ні пры чым. Халоднае надвор’е ў маі для Беларусі звычайная справа.  Нездарма ж дзяды казалі: "Травень – сена каню дай, а сам на печ уцякай" або "Май зямлю грэе, а сіверам вее". Халодны і дажджлівы травень  не толькі нікога не пужаў, але нават быў пажаданым: "Май халодны – не будзеш галодны", "Май халодны – год хлебародны!" Асабліва чакалі травеньскіх дажджоў. Няхай сабе яны льюць і чым болей, тым лепей, бо лічылі, што ў такім выпадку хлеб будзе і ў гультая.

Частыя дажджы прыспешылі рост травы і я паспяшалася на агарод па першую зеляніну. Вядома ж "майская трава галоднага корміць" і мой агрод ужо не пусты. Акрамя крапівы,  сніткі і дзьмухаўцоў, якія штогод упарта адваёўваюць сабе месца пад сонцам  на градах ужо красуецца зімовая цыбуля, часнок, мацярдушка, пятрушка і вядома ж шчаўе. Уся гэта сакавітая зеляніна пойдзе ў справу для прыгатавання вясновых страў пад асобнай назвай – "шчаўе".

Цудоўнае шчаўе – лекі і ежа

Шчаўё, кісляніца, шчавей, шчаўнік, шчавель, шчаўлюк або шчаўе - цудоўная полівітамінная расліна, вядомая чалавецтву з глыбокай старажытнасці. Семдзесят відаў гэтай шматгадовай дзікарослай расліны ў свеце можна сустрэць паўсюдна.  Шчаўе ядуць, ім лекуюцца, карэннем фарбуюць тканіны ў чырвоны і жоўты колер, вырабляюць скуры.  Як агародную культуру яго сталі вырошчваць толькі ў сярэднявеччы. Ужо ў тыя часы былі заўважаны лекавыя якасці расліны якую выкарыстоўвалі як кровеспыняючы, супрацьцынготны, гаючы і супрацьзапаленчы сродак. Лісце шчаўя ўтрымвае карацін, вітаміны групы В, С, К, РР. Па ўтрыманню вітаміна В1 расліна не мае сабе роўных сярод лісцявой гародніны. Шмат у шчаўі такіх мінеральных соляў, як калій, кальцый, жалеза, ёд.

Маладое шчаўё
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Шчаўе ядуць, ім лекуюцца, карэннем фарбуюць тканіны, вырабляюць скуры

Дзякуючы высокаму ўтрыманню кіслот, вітаміны ў шчаўі добра захоўваюцца не толькі ў кансерваваным выглядзе, але і пры варцы. Дарэчы, пры прыгатаванні першай стравы са шчаўя канцэнтрацыя соляў калія ў пятнаццаць разоў перавышае канцэнтрацыю соляў натрыя.

Шчаўе звычайнае ў хатняй аптэчцы

Настой з сухога лісця і сцяблін шчаўя звычайнага

Захворванне: скураны сверб.

Як лячыць:

Сталовую лыжку здробненага насечанага лісця і сцяблін шчаўя звычайнага заліваюць шклянкай кіпятком, настайваюць 1 гадзіну. Працэджваюць і пьюць па чвэрці шклянкі 3 разы на дзень перад ядой.

Сок шчаўя звычайнага

Захворванне: застой жоўці.

Як лячыць:

Свежае лісце шчаўя расціраюць да ўтрымання соку, адціскаюць і напалову разбаўляюць з гатаванай вадой. Пьюць па  дзве сталовыя лыжкі 3 разы на дзень за 20 хвілін  перад ядой.

Увага!Перад тым, як лячыцца сродкамі народнай медыцыны варта параіцца са сваім доктарам!

Гатуючы стравы са шчаўя трэба памятаць, што расліна ўтрымвае шмат шчавелевай кіслаты. Пры парушанай каліева -кальцыявай раўнавагі ў арганізме адбываецца зніжэнне паказчыкаў згусальнасці крыві, назіраецца ўзрушанне цэнтральнай нервовай сістэмы, актыўна выдзяляецца шчавелева-кіслы калій, што шкодзіць ныркам, парушаючы іх функцыі, узмацняе ўтварэнне камянёў у печані і нырках. Таму выкарыстанне шчаўя ў харчаванні для людзей, якія схільныя да захворванняў нырак катэгарычна забараняецца.

Навукоўцы ўлічылі гэтыя хібы расліны і цяпер ужо выведзены гатункі шчаўя з больш нізкім утрыманнем шчавелевай кіслаты. І уўсё ж ужываць у ежу варта толькі маладое лісце.

Калі на вашым агародзе яшчэ няма градкі са шчаўем, то назбіраць яго на выгане зусім не цяжка, але не заўсёды зручна. Таму варта набыць насенне добрага гатунку і пасеяць каля хаты, каб мець яго шмат гадоў пад рукой. Гэта шматгадовая расліна не патрабавальная да глебы і расце як на сонцы так і ў цені. Са шчаўя гатуюць супы, салаты, пюрэ і начынкі для пірагоў.

Госць не дзміся — еш, што ў місе

Для мяне стравы са шчаўя гэта чарговы ўспамін аб вясковай бабулінай кухні. Каля двухсот гадоў таму мае продкі пасяліліся ў вёсцы Паздзіркі, што пад Мінскам. На вясковых могілках  адпачываюць тры пакаленні жанчын майго роду і любоў да народнай кулінарыі ў мяне ад іх. У наваколлі гэтага даўняга паселішча шчаўя багата і вядома ж стравы з яго тут папулярныя.  Шчаўе гатуюць тут круглы год, нарыхтоўваючы яго на зіму ў салёным і сушаным выглядзе прынамсі так, як гэта робяць паўсюдна па Беларусі. Я яшчэ застала тыя часы, калі не было гаспадыні якая б не насіла фартуха. Гэты прадмет адзення як і хустка быў абавязковы для замужняй жанчыны. Акрамя таго, што нашэнне фартуха былі часткай этыкету гэта было зручна. Адпраўляючыся на агарод або ў поле па шчаўе, яго збіралі проста ў «прыпол»фартуха, канцы якога затыкала за пояс. Прынесенае да хаты шчаўе перабіралі, выкідаючы горшае і мылі. Далей з яго варылі найсмачнейшы халаднік або суп на «костачцы», які так і называўся - «шчаўе». У такі халаднік замест агуркоў часта крышылі калючае водарнае лісце «агурочнай травы», якая сустракалася на агародах як пустазелле і меданос. Стравы са шчаўя ўжывалі датуль, пакуль яго не замяняла бураковае бацвінне.        

Халаднік са шчаўя па Паздзіркоўску

З чаго гатаваць:

  • 900 г шчаўя
  • 2 свежыя агуркі або жменька агурочнага пустацвету
  • 2 яйкі
  • 120 г зялёнай цыбулі
  • 4 ст лыжкі смятаны
  • соль па смаку, кроп.

Як гатаваць:

Шчаўе памыць, парэзаць, зварыць у 2 літрах падсоленай вады, ахаладзіць. Дадаць дробна нарэзаныя агуркі, а калі такіх няма, то цэлыя кветачкі агурочнага пустацвету, дробна пакрышанае пер'е зялёнай цыбулі. Асобна пакрышыць  яйкі і кроп і пакласці іх  кожнаму ў талерку разам са смятанай.  Есці з хлебам або зваранай у мундзірах бульбай.

Суп са шчаўя

З чаго гатаваць:

  • 400 г вэнджаных рэбраў
  • 250 г шчаўя
  • 150 г крапівы
  • 150 г сніткі
  • 2-3 бульбіны
  • 1 морква
  • 1 корань пятрушкі
  • 1 яйка
  • 4 ст лыжкі смятаны
  • соль па смаку
  • 2 цыбуліны.

Як гатаваць:

Рэбры або любое мяса на костачцы заліць халоднай вадой і зварыць з цыбуляй, морквай і пятрушкай. Калі вада закіпіць, зняць пену і варыць на слабым агні каля гадзіны. Затым працадзіць булён і дадаць нарэзаную кубікамі бульбу, гатаваць яшчэ 15-20 хвілін.

Шчаўе, крапіву і снітку перабраць, памыць, пакрышыць і апусціць у булён, дадаць соль, уліць тонкім струменчыкам раскалочанае загадзя сырое яйцо і варыць яшчэ хвілін 6-10. У талерку пакласці смятану.

Яешня са шчаўем

З чаго гатаваць:

  • шчаўе 40г
  • цыбуля 1-2шт
  • яйкі 2шт
  • масла 20г
  • зелянінакропу або пятрушкі 10г
  • соль і спецыі па смаку.

Як гатаваць:

Нашаткаваць вымытае шчаўе, дадаць пасераваную цыбулю, узбітыя яйкі, пасаліць і перамяшаць, запячы. Гатовую яешню пасыпаць зелянінай, падаць з хлебам.

Смачна есці!

10
Тэги:
этнограф, травень, Ларыса Мятлеўская

Фантастычны від: фестываль "Сибадзакура" каля гары Фуджы відэа

9
(абноўлена 15:48 13.05.2021)
Папулярнае вясновае мерапрыемства аб'ядноўвае ў ваколіцах горада Фудзікавагуціка ў прэфектуры Яманасі замежных турыстаў і мясцовых жыхароў. Глядзіце на відэа, як адзначаюць свята, створанае самой прыродай.

Мясцовыя жыхары і замежныя турысты прынялі ўдзел у фестывалі "Сибадзакура". З сярэдзіны красавіка да канца траўня ў Японіі квітнее расліна дзіўнай прыгажосці. Пялёсткі белага, ружовага і светла-ліловага адценняў утвараюць фантастычны ружовы дыван, якім можна любавацца бясконца.

Наведвальнікі парку атрымліваюць асалоду ад больш за 800 тысяч квітнеючых шылападобных флоксаў і робяць фатаграфіі на фоне заснежанай вяршыні гары Фуджы.

У гэтым годзе мерапрыемства праводзіцца з выкананнем мер бяспекі, абумоўленых распаўсюджваннем каронавірусной інфекцыі. Як адзначаюць наведвальнікі фестывалю, сацыяльныя звычкі, уласцівыя японскаму грамадству, дазволілі жыхарам Краіны ўзыходзячага сонца прыстасавацца да абмежаванняў.

Глядзіце таксама:

9
Тэги:
свята, Прырода, відэа, горы, Фестываль

Армянскі Ван Дам: спартсмен выконвае відовішчныя трукі - відэа

0
(абноўлена 08:57 15.05.2021)
Спартсмен з Ерэвана праславіўся ў сацсетках сваімі трукамі: мужчына куляецца, садзіцца на шпагат і дэманструе валоданне баявымі мастацтвамі.

Давіт Вардумян з Ерэвана заваяваў папулярнасць у інтэрнэце пры дапамозе ролікаў са спартыўнымі трукамі: ён скача праз кальцо, садзіцца на шпагат з апорай на прадметы, якія рухаюцца, дэманструе валоданне баявымі мастацтвамі.

У дзяцінстве Давіт займаўся каратэ, аднак потым перайшоў на тхэквандо. Спачатку выступаў на чэмпіянатах, але з часам зразумеў, што відовішчныя трукі ідэальна падыходзяць для дэманстрацыі ў сацсетях.

"Спачатку, натуральна, думаем пра трукі, што можна зрабіць. І далей я мяркую, наколькі гэтым трукам будуць зацікаўлены ці няма папулярныя паблік ў сацсетях", - распавёў 32-гадовы спартсмен.

Вардумян кажа, што яго нярэдка параўноўваюць з футбалістам Златанам Ібрагімавічам, вядомым сваімі эфектнымі трукамі з мячом. А яшчэ Давіт паўтарыў знакаміты нумар Ван Дама, сеўшы на шпагат на даху двух аўтамабіляў, якія рухаюцца.

Спартсмен упэўнены, што ў яго труках няма нічога немагчымага, аднак для іх выканання патрабуюцца сур'ёзная фізічная падрыхтоўка і велізарнае жаданне.

Глядзіце таксама:

0
Тэги:
відэа, спартсмен, Арменія