Прырода ў сакавіку

Вясна прыйшла ў Беларусь: дакладны прагноз надвор'я на выхадныя і пачатак тыдня

56
(абноўлена 12:57 05.03.2020)
У выхадныя ў рэспубліцы будзе цяплець да + 15°С, наступны працоўны тыдзень таксама пачнецца з цёплага надвор'я.

МІНСК, 6 сак - Sputnik. Цёплае надвор'е захаваецца ў Беларусі на пачатку наступнага тыдня, пра гэта сведчаць дадзеныя рэспубліканскага гідраметцэнтра.

У краіне ўсталявалася анамальна цёплае надвор'е з сярэднясутачнай тэмпературай паветра на 7-10°С вышэй за кліматычную норму. Па прагнозах, цяпло затрымаецца ў Беларусі да сярэдзіны наступнага тыдня.

"6 сакавіка (у пятніцу) надвор'е ў рэспубліцы ў асноўным будзе вызначаць поле паніжанага атмасфернага ціску; ў начны час па ўсходзе краіны захаваецца ўплыў атмасфернага фронту. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е", - паведамілі ў Белгідраметцэнтры.

Удзень месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы і нават мокры снег - але толькі ў першай палове дня. У асобных раёнах згусціцца слабы туман, утворыцца слабы галалёд. Уначы будзе мінімум -4 .. + 2°С, на паўднёвым усходзе да + 6°С. Удзень пацяплее да +4 .. + 10°С, месцамі па поўдні і да + 13°С.

У выхадныя, па дадзеных сіноптыкаў, на надвор'е ў Беларусі, будзе адчувацца ўплыў франтальных раздзелаў з поўдня Польшчы, зноў будзе воблачна з праясненнямі. У суботу, 7 сакавіка, у многіх раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы з мокрым снегам. У першай палове дня будзе -1 .. + 5°С, пасля абеду паветра будзе прагравацца да +5 .. + 12°С і да +13 .. + 15°С па паўднёвым усходзе. А ў святочную нядзелю, 8 сакавіка, стане крыху халадней - да +4 .. + 12°С. Ападкі і слабы туман прагназуюцца толькі месцамі.

Аб надвор'і ў Беларусі на наступным тыдні

Працоўны тыдзень у Беларусі пачнецца таксама з цёплага надвор'я. Ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу чакаюцца толькі месцамі па Беларусі, аўтамабілістаў папярэджваюць аб галалёдзіцы на асобных участках дарог.

У панядзелак і аўторак, 9 і 10 сакавіка, тэмпература паветра ў начны час будзе знаходзіцца ў межах -3 .. + 5°С, у другой палове дня будзе цяплець да +4 .. + 11°С у залежнасці ад рэгіёна краіны.

Згодна з доўгатэрміновым прагнозам на Gismeteo.by, будучыя тры тыдні будуць цёплымі, стане паказвацца сонца. А дзённая тэмпература паветра ў Мінску, па дадзеных на сёння, сакавіку будзе трымацца каля +8 .. + 10°С, зрэдку апускаючыся да + 5°С і паднімаючыся да + 16°С.

Пахаладанне чакаецца ў Беларусі ў самым канцы першага вясновага месяца: у сталіцы ўдзень будзе не цяплей +2 .. + 5°С. Зрэшты, доўгатэрміновыя прагнозы нярэдка памыляюцца.

56
Тэги:
Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, Прагноз надвор'я, Беларусь
Лета ў Беларусі пачнецца з дажджоў

Лета ў Беларусі пачнецца з дажджоў

7
(абноўлена 14:57 31.05.2020)
У першы панядзелак чэрвеня ў краіне чакаецца паўночны парывісты вецер і да 17 градусаў цяпла.

МІНСК, 31 мая - Sputnik. Надвор'е па-ранейшаму не радуе беларусаў. Як вынікае з прагнозу рэспубліканскага гідраметцэнтра, першы месяц лета пачнецца з дажджоў.

У панядзелак, 1 чэрвеня, чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. Дажджы пройдуць у паўднёва-ўсходняй частцы рэспублікі ноччу, днём ападкі чакаюцца на ўсходзе краіны, у некаторых раёнах прагрымяць навальніцы.

Вецер будзе дзьмуць паўночны 5-10 метраў за секунду, аднак днём, папярэджваюць сіноптыкі, яго парывы ​​могуць дасягаць 15-18 метраў у секунду.

Ноччу тэмпература паветра ў Беларусі складзе +4..+10°С, днём +11..+17°С.

7
Тэги:
Прагноз надвор'я, Беларусь
Дзядоўнік

Алей, суп і каша: што яшчэ нашы продкі гатавалі з дзядоўніка

6
(абноўлена 12:58 31.05.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская вучыць гатаваць лекі і смачныя стравы с самага знакамітага пустазелля.

Другая палова мая ў народзе лічылася самай прыгожай парой года. Нездарма пра яе казалі: "Май і пад кустом рай".

Для тых, хто цікавіцца народнай медыцынай, надышоў час нарыхтоўкі лекавых раслін. Некаторыя зёлкі збіраюць толькі ў маі, паколькі лічыцца, што менавіты ў гэтыя часы яны валодаюць найлепшымі карыснымі ўласцівасцямі. Сярод іх лопух вялікі, які ў народзе і цяпер называюць "дзед" або "дзядоўнік". Дарэчы, дзядоўнікам у народзе называлі яшчэ шэраг "калючых" раслін, якія па-руску называюцца "чертополох" і "татарник".

Дзядоўнік - дзіўная па сваіх лекавых і харчовых якасцях расліна, але лічыцца яна злосным пустазеллем з-за вялікай колькасці насення. Дзядоўнік можна сустрэць на пустках, уздоўж дарог, па берагах рэк і азёр, а таксама каля жытла чалавека. Яго карысныя ўласцівасці не засталіся не заўважаным народнымі лекарамі і як у даўнія часы, так і цяпер дзядоўнік у пашане.

З лекавай мэтай звычайна нарыхтоўваюць карані адна-, двухгадовай расліны, але можна таксама збіраць і маладое лісце і нават насенне. Карані выкопваюць у кастрычніку- лістападзе, калі расліна адцвіла або ранняй вясной на пачатку красавіка, чысцяць, крышаць на кавалкі і сушаць у добра праветрываемых памяшканнях або сушыльнях. Высушаныя карані захоўваюцца ў папяровых або палатняных мяшэчках некалькі гадоў.

Водныя выцяжкі з дзядоўніка маюць мачагоннае, патагоннае, нязначнае жаўцягоннае дзеянне, а таксама паляпшаюць мінеральны абмен. Настоі і адвары на аснове дзядоўніка выкарыстоўваюцца для лячэння такіх захворванняў як цукровы дыябет, гастрыт, хваробы печані і нырак і многіх іншых.

Настой каранёў дзядоўніка на аліўкавым алеі выкарыстоўваюць для ўмацавання валасоў, маззю лечаць скураныя захворванні і апёкі. Алей, мазь, настоі і адвары не цяжка зрабіць самастойна папярэдне параіўшыся са сваім доктарам. Вось некалькі не складаных рэцэптаў.

Алей з дзядоўніка

Здробненыя і ачышчаныя сырыя карані заліваюць гарачым алеем у суадносінах частак 1:5, настойваюць у цёмным месцы два тыдні і ўціраюць у карані валос для іх умацання.

Можна выкарыстоўваць як алей са сланечніка, так і аліўкавы.

Мазь з каранёў дзядоўніка

75 грамаў здробненых і ачышчаных сырых каранёў заліваюць 200 грамамі гарачага сланечнікавага або міндальнага алею і пакідаюць настойвацца ў цёплым месцы на адзін дзень. Затым кіпяцяць на малым агні 15 хвілін, працэджваюць і далей ужываюць як мазевую накладку на гнойныя раны, апёкі, пролежні, экзэму, псарыяз.

Агарод ў парадку, ці як змагацца з пустазеллем
© Photo : Светлана Тарасова, Россия

Свежае лісце дзядоўніка прыкладаюць у выглядзе кампрэсаў на суставы пры рэўматызме, пры высокай тэмпературы, ім абкладаюць хворага. Сок лісця лопуху вельмі гаючы і ў народнай медыцыне выкарыстоўваеццаяк як супрацьпухлінны, гаючы сродак. Але ён вельмі горкі і, каб пазбавіць сок горычы, неабходна лісце вымочваць у халоднай вадзе з дадаткам харчовай солі.

Адціснуты са свежага маладога лісця сок і змяшаны з мёдам  у прапорцыі 10:1 п’юць пры скураных хваробах па 1/3-1/2 шклянкі перад ужываннем ежы, а таксама палошчуць горла пры запаленнях слізістай.

У народнай медыцыне з гэтай раслінай звязаны цэлы шэраг прыкмет і павер’яў. Так на Чэрвеньшчыне казалі, што "каб вылечыцца ад бясплоднасці, трэба было ў дзядоў дзяцей папрасіць".

Ад сурокаў на Полаччыне калючкі дзядоўніка кіпяцілі і мыліся гэтым адварам на захад сонца, а рэшткі ўзвару вылівалі ўбок.

Вельмі сур’ёзна ставіліся ў народзе і да лячэння спужання які, калі яго не лячыць, мог стаць прычынай больш сур’ёзных захворванняў. З гэтай нагоды казалі: "Каб якая хвароба горай не падкаснулася". Сярод мноства спосабаў лячэння спужання выкарыстоўвалі і дзядоўнік. У гэтым выпадку капалі яго далёка ад вёскі, каб у радыюсе 10 кіламетраў не было чутно пеўня, парылі корань і давалі піць хвораму. На Барысаўшчыне рэкамендавалі выкапаць карэнне калючых дзядоў і тры разы пераказаць: "Дзед, дзед, я цябе капаю, з карэнняў вываджу, вывядзі ў майго дзіцяці перапуд". На месцы выкапанага кораня трэба было пакласці кавалак хлеба.

А ў Вілейскім раёне з той жа мэтай пералівалі праз студню ў пустую пасудзіну адвар з напаранымі дзядамі і давалі спуджанаму чалавеку выпіць і абмыць твар.

У Францыі, Бельгіі, ЗША, Японіі і Кітаі лопух вялікі вырошчваюць на агародах і на прамысловых сельскагаспадарчых плантацыях як харчовую расліну. У Беларусі ж яе выкарыстоўваюць выключна як лекі і толькі аматары і хворыя на цукровы дыябет гатуюць з дзядоўніка смачныя стравы. Маладыя карані кладуць у супы, ядуць сырымі, печанымі, смажанымі, гатуюць з іх катлеты, кісла-салодкае павідла, марынуюць і робяць нарыхтоўкі на зіму. Здробненыя на мясарубцы карані захоўваюць ў халадзільніку і дадаюць да мясных і рыбных страў.

Дзядоўнік вараны

Інгрыдыенты:

  • 200 г кораня дзядоўніка
  • 15 г сметанковага масла
  • Соль па смаку

Як гатаваць:

Маладыя карані добра памыць, парэзаць на кавалкі даўжынёй 2-3 см і варыць 20-25 хвілін у падсоленай вадзе. Пасля гатовасці аблупіць скурку і падаць з вяршковым маслам або смятанай.

Дзядоўнік смажаны

Інгрыдыенты:

  • 200 г кораня дзядоўніка
  • 20 г алею
  • 1 цыбуліна
  • 5 г кропу
  • Таматны сок
  • Соль па смаку

Як гатаваць:

Маладыя карані добра памыць, абскрэбці скурку, пасмажыць на алеі. Заправіць таматным сокам, пасаліць і тушыць з накрышанай цыбуляй пад накрыўкай 5-7 хвілін. Гатовую страву пасыпаць зялёным кропам.

Суп з лісця дзядоўніка

Інгрыдыенты:

  • 700 мл вады
  • 60 г капусты
  • 20 г морквы
  • 20 г цыбулі
  • 60 г бульбы
  • 10 г пятрушкі
  • 30 г таматаў
  • 100 г сцябла і лісця дзядоўніка
  • 100 г смятаны
  • Соль і спецыі па смаку

Як гатаваць:

Зварыць булён з гародніны, у канцы варкі дадаць дробна накрышанае сцябло і лісце дзядоўніка і варыць яшчэ 5-7 хвілін. Перад падачай забяліць смятанай і пасыпаць кропам.

Каша з дзядоўніка

Інгрыдыенты:

  • 300 г кораню дзядоўніка
  • 1 шклянка малака
  • 15 г сметанковага масла
  • Цукар і соль па смаку

Як гатаваць:

Маладыя карані добра памыць, абскрэбці скурку, перакруціць праз мясарубку. Заліць малаком, дадаць масла, цукар і соль і варыць на малым агні да гатовасці.

Дзядоўнік можна ўжываць у ежу і проста печаным. Для гэтага неабходна пакласці яго ў жар і пчы да гатовасці, а потым зняць скурку і есці, дадаючы соль па смаку.

6
Тэги:
Народныя традыцыі, Кухня, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі