Кветкі бэзу пад дажджом

Май халодны год хлебародны: што кажуць прыкметы пра надвор'е ўлетку

40
(абноўлена 11:45 23.05.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра стаўленне нашых продкаў да халоднага майскага надвор’я і вучыць гатаваць стравы, якія дапамогуць сагрэць нават самае халоднае сэрца.

У гэтым годзе апошні вясновы месяц выдаўся халодным. Зменлівае надвор’е для Беларусі ў гэтыя часы – не дзіва, што прыкмецілі яшчэ нашы продкі, якія казалі "Май зямлю грэе, а сіверам вее" або "У май каню сена дай, а сам на печ уцякай".

У даўніну халодны і даждлівы май не пужаў земляроба, бо існавала перакананне, што такое надвор’е з’яўляецца прадвеснікам ураджайнага года.

Аб гэтым сведчаць і народныя прымаўкі:

  • Май халодны — не будзеш галодны;
  • Мокра ў маі — будуць пышныя караваі;
  • Грымоты ў маю спрыяюць ураджаю;
  • Як у маі суха, то падцягвай бруха;
  • Як ідзе дождж у сакаўцы, то хлеба будзе ў рукаўцы, а як у маі — то будзе хлеба і ў гультая;
  • Сухі марац, мокры май — будзе жыта, як гай.

Якім будзе надвор’е летам згодна з народнымі прыкметамі

Менавіта напрацягу апошняга вясновага месяца нашы продкі пільна сачылі за надвор’ем, каб даведацца, якім будзе лета. Вось, якія высновы можна рабіць, згодна з народным календаром:

  • Калі ноч пад 1 мая зорная і дзьме цёплы паўднёвы вецер – лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае;
  • У Заходня Беларусі лічылі, што калі ў Дзень Пранціша, які адзначалі 11 мая, ідзе дождж, то будзе мокра ўсё лета, а калі суха, то і лета будзе сухім;
  • 13 мая на Якуба, калі сонца ўзыйдзе ясна – чакаецца сухое лета, а праз хмары – дажджлівае;
  • 14 мая, калі на Ярому - непагадзь, то суровая і галодная надарыцца зіма;
  • 24 мая святкавалі Макея і казалі: "Мокра на Макея - і лета не прасушыць, а сухім Макей прыйшоў – і лета не намочыць".
  • 27 мая на Сідара зноў чакалі халадоў і, калі так было, то казалі, што "Прыйшлі Сідары, прыйшлі і сівяры". Калі ў гэты дзень  дзьмулі паўночныя вятры, то лета чакалася дажджлівае. Але, калі да гэтага дня або на яго прыляцяць ластаўкі і стрыжы, то лета надарыцца цёплым.
  • 28 мая, святкуючы Пахома, прыгаворвалі: "Святы Пахом павее цяплом" і "На Пахома цёпла – усё лета цёпла".

Каб сагрэцца пасля вясновага дажджу і моцнага майскага ветру, можна прыгатаваць смачную і карысную страву – курыны булён з клёцкамі. А на дэсерт – здобныя булкі.

Булен курыны з клёцкамі

Інгрыдыенты:

  • 500 г курынага мяса
  • 1 морквіна
  • 1 цыбуліна
  • 1 яйка
  • 0,75 шклянкі мукі
  • 1 ч. лыжка вяршковага масла
  • Соль
  • Лаўровы ліст
  • Пучок зялёнага кропу або пятрушкі

Як гатаваць:

Падрыхтаванае курынае мяса заліць халоднай вадой. Калі яна закіпіць, зняць пену, пакласці ачышчануюч моркву і цыбуліну, варыць на слабым агні да гатоўнасці мяса, у канцы прыгатавання дадаць соль, лаўровы ліст. Булён працадзіць.

Муку, яйка, соль, масла і каля чвэрці шклянкі ахалоджанага булёну старанна перамяшаць. З атрыманага цеста аддзяляць лыжкай невялікія клёцкі і апускацьіх у булён, варыць 5 хвілін.

Падаць з кавалачкамі  курынага мяса, пасыпаць здробненым кропам або пятрушкай.

Булка здобная

Інгрыдыенты:

  • 1 кг пшанічнай мукі
  • 30 г дражджэй
  • 1,5 шклянкі малака
  • 80 г масла або маргарыну
  • 50 г цукру
  • 1 яйка
  • Соль

Як гатаваць:

Дрожджы накрышыць, дадаць чайную лыжку цукру і расцерці, змяшаць з цёплым малаком, усыпаць палову мукі, замясіць цеста, пасыпаць тоўстым слоем мукі, накрыць сурвэткай і паставіць ў цёплае месца.

Пасля таго, як цеста паднімецца, дадаць рэштку мукі, соль, расцёрты з цукрам жаўток, старанна вымесіць, у канцы замесу дадаць растопленае масла або маргарын і ўзбіты бялок. Паверхню цеста змазаць тлушчам, каб яно не перасохла і даць падысці яшчэ раз.

Гатовым цестам запоўніць формы да 2/3 іх аб’ёму, даць пастаяць, каб падышлі і выпякаць каля гадзіны.

Парада руплівай гаспадынькі: Каб булачкі лёгка даставаліся, халодныя формы змазваюць свіным тлушчам. Алей, маргарын і вяршковае масла для гэтага не прыдатныя. Калі булачкі пякуць у печы і яна даволі гарачая, то на чарэнь каля сцяны ставяць жалезны кубак з вадой і в’юшку не зачыняюць. Калі выпечка зверху пачынае моцна румяніцца, то яе накрываюць паперай або лістамі дзядоўніка.

40
Тэги:
Надвор'е, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (88)
Калі ў Беларусі будзе па-летняму цёпла? Дакладны прагноз надвор'я на тыдзень

Калі ў Беларусі будзе па-летняму цёпла? Дакладны прагноз надвор'я на тыдзень

9
(абноўлена 12:33 25.05.2020)
Па папярэдніх прагнозах, каляндарнае і кліматычнае лета прыйдуць у краіну амаль адначасова: ужо 3 чэрвеня ў Мінску днём будзе +20°С, а да сёмага - да +23°С.

МІНСК, 25 мая - Sputnik. Няўстойлівае надвор'е з ападкамі чакаецца ў Беларусі на гэтым тыдні, пра гэта сведчаць дадзеныя прагнозу рэспубліканскага гідраметцэнтра.

У краіне ўсталявалася халоднае надвор'е: сярэднясутачная тэмпература паветра знаходзіцца на 1-7°С ніжэйшай за кліматычную норму. Да выхадных у краіне чакаецца зусім слабое пацяпленне.

"26 мая (у аўторак) умовы надвор'я ў нашай краіне будзе вызначаць няўстойлівая паветраная маса. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е", - паведамілі сіноптыкі.

Днём амаль па ўсёй краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы, а месцамі прагрымяць навальніцы ў суправаджэнні парывістага ветру (з-за якіх аб'яўлены жоўты ўзровень небяспекі), рана раніцай месцамі згусціцца слабы туман. Уначы чакаецца +4..+10°С, днём - да +16..+22°С.

"27-28 мая (у сераду і чацвер) надвор'е ў краіне будзе вызначаць няўстойлівае, умерана цёплая паветраная маса, сфарміраваная ў сярэдніх шыротах", - перадае Белгідрамет.

У сярэдзіне тыдня зноў воблачна з праясненнямі, кароткачасовыя дажджы і навальніцы з ветрам у дзённыя гадзіны чакаюцца толькі месцамі па краіне (у чацвер будзе пераважна без ападкаў). Начамі будзе +4..+10°С, пасля абеду паветра стане прагравацца ў сярэднім па краіне да +15..+21°С.

Прагноз надвор'я на пятніцу і выхадныя

Аналагічная надвор'е захаваецца ў пятніцу, 29 мая. Зноў будзе воблачна з праясненнямі, з нязначнымі і непрацяглымі ападкамі на большай частцы тэрыторыі рэспублікі. Ноччу паветра астыне да +5..+12°С, днём прагрэецца да +13..+20°С.

Крыху цяплей будзе ў выхадныя, аднак у цэлым надвор'е будзе аналагічнае - з нязначнымі і непрацяглымі ападкамі, але амаль па ўсёй Беларусі. У суботу і нядзелю, 30-31 мая, у начныя гадзіны тэмпература чакаецца ў межах +6..+13°С, у другой палове дня стане цяплець да +13..+22°С.

Па папярэдніх прагнозах на Gismeteo.by, каляндарнае і кліматычнае лета прыйдуць у краіну практычна адначасова. Паводле прагнозаў на сёння, ужо 3 чэрвеня ў Мінску днём будзе +20°С, а 7-га - да +23°С. Аднак не варта забываць, што доўгатэрміновыя прагнозы нярэдка аказваюцца памылковымі.

9
Тэги:
Прагноз надвор'я, Беларусь
Толькі дажджы? Якое надвор'е будзе ў Беларусі ў апошні тыдзень вясны

Толькі дажджы? Якое надвор'е будзе ў Беларусі ў апошні тыдзень вясны

7
(абноўлена 17:42 24.05.2020)
У пачатку наступнага тыдня ў рэспубліцы будзе халаднавата. Зрэшты, потым у Беларусі стане крыху цяплей.

МІНСК, 25 мая - Sputnik. Няўстойлівае надвор'е ўсталюецца ў Беларусі ў апошні тыдзень мая, сведчаць дадзеныя сэрвісу "Яндэкс.Надвор'е".

Надвор'е ў маі не цешыла беларусаў: выдалася шмат прахалодных дзён. Не прадбачыцца паляпшэння і ў бліжэйшыя дні.

Так, у апошні тыдзень у Беларусі будзе няўстойлівае і дажджлівае надвор'е. У панядзелак ападкі пройдуць па большай тэрыторыі краіны, месцамі - з навальніцамі. Днём 25 мая чакаецца +14..+18 градусаў.

Аналагічнае надвор'е захаваецца і ў аўторак: дажджы і +14..+18 градусаў.

Цяплей стане з серады: ужо 26 мая будзе ў сярэднім +16..+19 градусаў, а ў чацвер - да +21 па поўдні Беларусі. Месцамі таксама пройдуць дажджы.

У канцы наступнага тыдня ў Беларусі таксама будзе дажджліва. Тэмпература паветра будзе вагацца ў раёне +14..+18 градусаў.

Ужо ў першыя дні чэрвеня, паводле папярэдніх прагнозаў, у Беларусі пацяплее - да +23 градусаў. Зрэшты, папярэднія прагнозы нярэдка памыляюцца.

7
Тэги:
Беларусь, празноз надвор'я
Камар

Які сёння дзень: 26 мая 2020 года

0
(абноўлена 17:04 25.05.2020)
Гэты дзень з'яўляецца сто сорак шостым па грыгарыянскім календары, да канца года засталося 219 дзён.

Якія падзеі адбыліся 26 мая і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце ў спраўцы Sputnik.

Гістарычныя падзеі 26 мая

  • У 1926 годзе пачало дзейнасць у БССР літаратурнага аб’яднання "Узвышша".
  • У 1926 годзе быў заснаваны Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК) у Вільні.
  • У 1976 годзе ў Мінску ўстаноўлены мемарыяльны знак у гонар Тараса Шаўчэнкі.
  • У 1992 годзе Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны з Ізраілем.

Хто нарадзіўся 26 мая

  • 1910 год: Эдзі Рознер, джазавы трубач, заслуджаны артыст Беларусі.
  • 1958 год: Аляксандр Кушнярэвіч, беларускі археолаг.

Таксама сёння нарадзіліся амерыканскі акцёр Джон Уэйн і джазавы музыкант Майлс Дэйвіс.

26 мая ў народным календары

Сёння праваслаўныя вернікі шануюць памяць пакутніцы Глікерыі Іраклійскай, якую ў народзе празвалі Лукер'я камарніца, таму што ў гэты перыяд з'яўляюцца першыя камары.

Калі да 26 мая камары ўжо лятаюць, значыць, летам будзе шмат ягад. Таксама ў народзе верылі, што ўбачыць вялікага камара абяцае добры год. А калі камароў мала і яны маленькія – гэта дрэнна, бо будзе мала аўса і травы.

0
Тэги:
народны каляндар, які сёння дзень
Тэмы:
Які сёння дзень: каляндар знакавых падзей