Народная аптэка: як беларусы выкарыстоўвалі рагоз

54
(абноўлена 08:34 27.07.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае пра звычайную, на першы погляд, расліну і яе выкарыстанне ў якасці лекаў.

Рагоз — высокая шматгадовая расліна з карычневымі плюшавымі пачаткамі-суквеццямі. Яна заўсёды прыцягвае зрок і першае, што прыходзіць на розум, гэта зрабіць зімовы букет. Але не толькі для букета прыдасца рагоз. Цяпер мала каму вядома, што рагоз чалавек прыстасаваў для сваіх патрэбаў вельмі даўно. Яго ядуць, ім лекуюцца, выкарыстоўваюць у гаспадарцы і садовым дызайне. Ва ўмовах выжывання ў лесе рагоз — найкаштоўнейшая расліна.

Часта ў гутарцы рагоз памылкова называюць або камышом, або трыснягом, але ён, хоць і сусед гэтых раслін па балоце, усё ж ім не сваяк. Рагозавыя маюць толькі адзін род і, як сцвярджаюць навукоўцы, больш за 20 відаў, якія рассяліліся амаль па ўсім свеце. У нашай краіне ён сустракаецца па берагах вадаёмаў, на лясных балотах, у канавах і паабапал дарог. Расце там, дзе кіслая глеба і шмат сонца. Заўважана, што рагоз не дае размывацца берагам, а ў зарасніках гэтай расліны заўсёды вада чыстая. У рагозе хаваюцца качкі і іншыя птушкі з вывадкамі падчас лінькі, яго сакавітымі карэнішчамі любяць ласавацца дзікі.

Аб распаўсюджанасці па ўсёй тэрыторыі Беларусі сведчаць старажытныя назвы вёсак, якім расліна дала сваё імя: Рагозна, Рагозніца, Рагазы, Рагозін і іншыя. Так на Магілёўшчыне вядома паданне аб паходжанні назвы вёскі Рагозна, надрукаванае ў кнізе "Край Магілёўскі. Мясцовыя легенды і паданні".

Вёска існавала са старадаўніх часоў. Не захадзе ад вёскі працякае рака Альхоўка. Калісьці вакол рэчкі была балоцістая мясцовасць, дзе расла расліна "рагоз", якая ўтварала рагозавыя зараснікі. Напрыканцы XVII стагоддзя, калі людзі пачалі сяліцца на тутэйшых землях, яны назвалі сваю вёску Рагозін. Пасля правядзення меліярацыйных работ па асушванню балот, рагоз застаўся расці толькі па берагах рэчкі Рагозна

У нашай краіне найчасцей сустракаецца шырокалісны і вузкалісны рагоз, каштоўныя якасці якога амаль аднолькавыя. Яго карэнішчы ўтрымваюць бялок, цукар і тлушч, дубільныя рэчывы, шчаўева-кіслы кальцый, слізь, крухмалу ў ім столькі ж, колькі ў бульбе.У наземнай частцы — высокі працэнт пратэіна. Увогуле ў траве рагоза, як і ў карэнішчах, ёсць аскарбінавая кіслата, карацін, солі жалеза, калія, марганца, цынка, медзі і іншыя карысныя кампаненты.

Калі нарыхтоўваць рагоз

Найбольшая  каштоўнасць расліны надыходзіць у перыяд з’яўлення карычневага суквецця. Лісце расліны нарыхтоўваюць ў сярэдзіне лета і сушаць пад навесам, выкладаючы іх тонкім слоем, а карэнішчы ў восені ад верасня па лістапад. Карані выкопваюць, мыюць, здымаюць скурку і сушаць у сушылках або печах пры тэмпературы 50-60°С. Кветкі сушаць у цёмным памяшканні з добрай вентыляцыяй, напрыклад на гарышчы. Карычневыя пачаткі збіраюць да маразоў і пры неабходнасці падсушваюць у цёплых памяшканнях.

Тэрмін захоўвання карэнішчаў — 1-1,5 года. Тэрмін захоўвання кветак — 6-12 месяцев. Тэрмін захоўвання лісця і пачаткаў — 1 год. Захоўваюць сыравіну толькі ў папяровых мяшочках.

Выкарыстанне ў народнай медыцыне

Рагоз лечыць авітаміноз, анемію, цынгу, слабасць цягліц і ператамленне. Лекі з яго выкарыстоўваюць пры лячэнні дызентырыі, каліта, стамаціта, парадантозу, бранхіяльнай астмы, як мачагоннае і інш. Вонкава, адвар з каранішчаў і лісця ўжываюць як спыняючы кроў і гаючы сродак у выглядзе кампрэсаў. Здробненае лісце або кветкі прыкладаюць да апёкаў, ран, сінякоў, фурункулаў. Сухім парашком з суквеццяў прысыпаюць кроватачывыя раны.

Калі перамяшаць пух рагозу з топленым маслам або салам, то атрыманаай маззю можна лячыць апёкі і абмаражэнні. Адкрыццём у апошнія гады стала прымяненне ў якасці адсарбенту таксічных рэчываў і радыянуклідаў з раневай паверхні пры дапамозе павязак з попелу з лісця рагозу. Цікава, што такі спосаб лячэння цяжкіх ран быў вядомы яшчэ запарожскім казакам. Звычайна, калі няма алергіі на пылок супрацьпаказанняў для прымянення рагозу няма, але ўсё ж ужываць яго трэба асцярожна, па крысе і абавязкова раіцца з доктарам. Да ўсяго, нарыхтоўваючы сыравіну, важна добра ведаць, як выглядае рагоз у розны час года, каб не пераблытаць яго з іншай раслінай, якая можа быць таксічнай.

Попел з лісця рагозу

Вымытае лісце прасушыць і спаліць на пракаленай патэльні або іншай металічнай паверхні. Асцярожна, каб не разбурыць сетчаты астатак, збіраюць попел і выкарыстоўваюць як накладку на раневыя павязкі.

Пры ангіне

1 ст. лыжку здробненага сухога лісця заліць шклянкай кіпятка, настаяць 2 гадзіны і працадзіць. Паласкаць горла пасля ежы.

Пры парадантозе і дэрмаціце

20 г здробненых каранёў і каранішч рагозу заліць шклянкай вады і кіпяціць на слабым агні 10 хвілін. Пасля настаяць дзве гадзіны і працадзіць. Пры парадантозе  паласкаць рот на ноч. Пры  дэрмаціце рабіць кампрэсы або ўціраць настой у скуру.

Пры каліце і дызентырыі

1 ст. лыжку здробненага сухога лісця заліць шклянкай кіпеню, настаяць 2 гадзіны пажадана ў тэрмасе і працадзіць. Выпіваць  за 40 хвілін перад ежай 4 разы на дзень.

Пры дыябеце

Людзі вераць, што пры дыябеце 2-га тыпу адвар раоз нармалізуе ўзровень цукару ў крыві.

Бяруць 1 ч. лыжку сушаных лісцяў і заліваюць шклянкай вады. Даводзяць да кіпення, затым на маленькім агні томяць 5 хв., падзяляюць на 3 часткі і прымаюць 3 раза на день за 30 хв перад ядой. Курс 2 тыдні.

Мазь супраць апёкаў і абмаражэнняў

Для прыгатавання мазі бяруць 100г топленага масла або тлушчу, пух аднаго ці двух пачаткаў і старанна перамешваюць. Захоўваюць у халадзільніку.

54
Тэги:
Народная медыцына, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Прыродная сталоўка: гатуем з таго, што пад нагамі (62)
Дажджлівае восеньскае надвор'е, архіўнае фота

Будзе суха і цёпла: дакладны прагноз надвор'я ў Беларусі на выхадныя

6
(абноўлена 12:29 18.09.2020)
Пераважна без ападкаў будзе ў суботу і нядзелю, а паветра ў дзённыя гадзіны будзе прагравацца да +14 .. + 20°С.

МІНСК, 19 вер - Sputnik. Сухое і даволі цёплае надвор'е чакаецца ў Беларусі ў выхадныя. Пра гэта сведчаць дадзеныя прагнозу рэспубліканскага гідраметцэнтра.

У краіне на днях адчувальна пахаладала: напярэдадні ў розных раёнах Беларусі узмацняўся вецер, аранжавы ўзровень небяспекі аб'яўлены і на сёння.

"Увага! Удзень 18 верасня (у пятніцу) на большай частцы тэрыторыі краіны захаваецца паўночна-заходні вецер парывамі да 15-20 метраў у секунду", - папярэджвае Белгідрамет.

У цэлым жа па краіне будзе воблачна з праясненнямі. Кароткачасовыя дажджы пройдуць толькі месцамі, пераважна па паўночна-ўсходняй палове. Удзень будзе максімум +8 .. + 14°C, на паўднёвым захадзе пацяплее да +15 .. + 18°C.

У Мінску таксама чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, у першай палове дня з верагоднасцю ў 60-70% пройдзе кароткачасовы дождж, у сталіцы таксама ўзмоцніцца вецер. Удзень тэмпература паветра дасягне +11 .. + 13°C, пад вечар апусціцца да +9 .. + 11°C.

У выхадныя, мяркуючы па прагнозе, чакаецца слабое пацяпленне.

"19-20 верасня надвор'е ў рэспубліцы ў асноўным будзе фарміраваць вобласць павышанага атмасфернага ціску", - перадаюць сіноптыкі.

У суботу, 19 верасня, чакаецца пераменная воблачнасць, пераважна без ападкаў, толькі парывісты вецер захаваецца ў дзённыя гадзіны. Уначы будзе +2 .. + 9°С, удзень паветра прагрэецца да +14 .. + 20°С.

Без ападкаў пры зменнай воблачнасці будзе і ў нядзелю, 20 верасня. Вецер сціхне, а тэмпературныя паказчыкі чакаюцца аналагічнымі: па поўдні ўдзень тэмпература паветра можа нават дасягнуць + 22°С.

Згодна з папярэднім прагнозам, цёплае надвор'е захаваецца ў Беларусі як мінімум да сярэдзіны будучай працоўнага тыдня, але не варта забываць, што доўгатэрміновыя прагнозы нярэдка памыляюцца.

6
Тэги:
Беларусь, Прагноз надвор'я
Першыя замаразкі

У Беларусь ідзе пахаладанне? Дакладны прагноз на выхадныя і пачатак тыдня

39
(абноўлена 14:17 16.09.2020)
На днях у краіне пахаладае, чакаюцца начныя замаразкі, але слабое пацяпленне чакаецца ўжо на пачатку будучага працоўнага тыдня.

МІНСК, 16 вер - Sputnik. Пахаладанне прыйдзе ў Беларусь да канца гэтага тыдня, пра гэта сведчаць дадзеныя прагнозу надвор'я рэспубліканскага гідраметцэнтра.

У краіне захоўваецца цёплае надвор'е з сярэднясутачнай тэмпературай паветра на 3-7°С вышэй за кліматычную норму. Але ўжо ў бліжэйшыя дні ў рэспубліку прыйдзе пахаладанне.

"17 верасня (у чацвер) надвор'е ў Беларусі будзе фармаваць праходжанне атмасфернага фронту. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е", - паведамілі сіноптыкі.

На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, чакаецца моцны парывісты вецер, месцамі прагрымяць навальніцы, уначы і раніцай па паўднёвым усходзе чакаецца слабы туман. Уначы будзе +11 .. + 17°С, удзень пацяплее да +14 .. + 20°С (а па паўднёвым усходзе краіны паветра прагрэецца да +21 .. + 26°С).

У пятніцу, 18 верасня, Беларусь апынецца ў халоднай тылавой частцы цыклона з цэнтрам над Верхняй Волгай. Зноў чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, кароткачасовых дажджоў удзень чакаюць у паўночна-ўсходніх раёнах краіны, амаль усюды зноў узмоцніцца парывісты вецер.

Пахаладае: уначы тэмпература будзе знаходзіцца ў межах +5 .. + 10°С, пасля абеду будзе максімум +8 .. + 15°С (і да + 17°С па захадзе рэспублікі).

Дакладны прагноз на выхадныя

"19 верасня (у суботу) надвор'е ў рэспубліцы ў асноўным будзе фарміраваць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Чакаецца пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў", - перадае Белгідрамет.

Удзень узмоцніцца парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе +2 .. + 7°С, на тарфяніках Палесся магчымы слабыя замаразкі да 0 ..- 2°С. А ўдзень пацяплее да +13 .. + 21°С у залежнасці ад рэгіёна.

У нядзелю, 20 верасня, захаваецца аналагічнае надвор'е: ападкаў не будзе, толькі туман згусціцца рана раніцай, а тэмпературныя паказчыкі істотна не зменяцца.

На пачатку тыдня пацяплее

Слабое пацяпленне чакаецца ў Беларусі ўжо на пачатку будучага працоўнага тыдня. Так, у панядзелак, 21 верасня, ападкаў у асноўным не будзе, кароткачасовыя дажджы ўдзень сіноптыкі чакаюць толькі ў паўночных раёнах. Уначы будзе +3 .. + 9°С, на ўсходзе месцамі магчымы слабыя замаразкі да 0 ..- 2°С. Удзень у сярэднім па Беларусі будзе цяплець да +14 .. + 21°С.

У аўторак, 22 верасня, тэмпературны фон некалькі павысіцца: начныя тэмпературы будзе аналагічнымі, а вось пасля абеду ў краіне пацяплее да +14 .. + 24°С, пераважна без ападкаў.

Згодна з папярэднім прагнозам на Gismeteo.by, з наступнага аўторка ў Беларусі зноў пацяплее: у Мінску ўдзень 22-23 верасня будзе да + 20°С, аднак ужо да канца тыдня тэмпературны фон зноў рэзка знізіцца - у сталіцы будзе не цяплей за + 8°С . Не варта забываць, што доўгатэрміновыя прагнозы нярэдка аказваюцца памылковымі.

39
Тэги:
Прагноз надвор'я, Беларусь

Астраномы выявілі ў атмасферы Венеры фасфін. Што гэта значыць - відэа

0
(абноўлена 12:30 18.09.2020)
У кіслотных аблоках Венеры знайшлі намёкі на жыццё - навукоўцы выявілі ў атмасферы планеты газ фасфін. Ён хоць і атрутны, але з'яўляецца маркерам наяўнасці жыцця.

Навукоўцы выявілі малекулу фасфіна ў атмасферы Венеры, што павышае верагоднасць таго, што асноўныя формы жыцця могуць хавацца прама над паверхняй планеты.

На роліку, апублікаваным на сайце Еўрапейскай паўднёвай абсерваторыі, відаць планета, што верціцца па арбіце, а таксама падпісаныя тлумачэнні да вынікаў.

Навукоўцы апублікавалі даследаванне ў часопісе Nature Astronomy. Аўтары не сцвярджаюць, што фасфін - надзейны доказ наяўнасці жыцця. На іх думку, гэта кажа пра невядомыя геалагічныя або хімічныя працэсы на планеце.

Адкрыццё было зроблена з дапамогай магутных тэлескопаў, яго вынікі выкладзеныя ў адкрыты доступ, што дазваляе іншым навукоўцам ацэньваць і аспрэчваць атрыманыя дадзеныя.

Венера - другая планета ад Сонца - падобная на Зямлю сваімі памерамі, масай, арбітальнай хуткасцю. Аднак умовы на Венеры непрыдатныя для жыцця чалавека. Сярэдняя тэмпература на яе паверхні складае прыкладна + 462°С, планету акружае шчыльная газавая абалонка, якая складаецца ў асноўным з вуглякіслага газу і азоту. У атмасферы знаходзіцца шмат злучэнняў серы і практычна адсутнічаюць вадзяная пара і кісларод.

0
Тэги:
Космас