Карты таро

Расклад на трох каралёў і даму: калі не хочаце нічога вырашаць

292
(абноўлена 21:37 12.10.2015)
У крызіс - сусветны або асабiсты - нічога не хочацца вырашаць. Калі ты сапраўдны мужчына, вырашаць прыйдзецца. Але калі ты з рэбры, можаш дазволіць сабе некаторыя вольнасці - кінуць манетку, напрыклад.

Алена Васільева, Sputnik.

Памнажаючы гендэрныя стэрэатыпы мы чыста па-жаночаму разабраліся з тым, як прымаць рашэнні, калі вельмі не хочацца.

Аўтар гэтага тэксту на працягу апошняга месяца пры прыняцці рашэнняў кіруецца кітайскай кнігай пераменаў Чжоў І. Пытаешся, напрыклад, у кнігі: "Ці зъехаць мне з Мордара за трыдзевяць зямель?" — и пасля нядоўгіх маніпуляцый з падкідваннем манеткі сусвет адказвае табе — "змяніце свае планы". Кніга, зразумела, ад лукавага, затое справялівая. У стане згаданага крызісу ў галаву лезуць грахоўныя думкі пра тое, што сябры-дарадчыкі нічога не ведаюць пра жыццё, а вось "Кніга Пераменаў", напісаная ў ІІ стагоддзі да н.э. і апрабаваная Канфуцыем, што свайго роду — знак якасці.

Чтение книги
Чтение книги

Відавочна, заўважыўшы, што колькасць жанчынаў, надзеленых уладаю, у Беларусі ўсё памнажаецца, а рашэнні яны прымаюць самыя дзіўныя, вытворцы ўсяго эзатэрычнага запоўнілі крамы таварамі, спрыяльнымі прыняццю рашэнняў рознага кшталту. За нейкія Br196 тыс. можна купіць крыштальны шар, "выдатны памочнік, які з радасцю падкажа, як паступіць у сітуацыі", "дастаткова толькі задаць пытанне і патрэсці шар".

Узяўшы ў абарот сексісцкую рыторыку, выкажам здагадку, што магічны шар/руны/гушча кавы маглі б ладна адкарэктаваць асобныя рашэнні жанчын, надзеленых уладай. Калі ты моцная жанчына і вырашыла баллатавацца у прэзідэнты, раскінь на картах: што было? што будзе? хто супернік?

З іншага боку, дзіўныя рашэнні прыходзяць да нас не толькі ад жанчынаў. Шматлікія патэнцыйныя кандыдаты на выбары ад апазіцыі многія гады дэманстравалі свай жаночы пачатак, не адчуваючы ў сабе сілаў выбраць набіўшага аскоміну "адзінага".

З усяго гэтага відавочна, што жанчыны ў прыняцці рашэнняў руку набілі, таму Sputnik апытаў беларусак і высветліў, што рабіць, калі вырашаць катэгарычна не хочацца.

"Так сказаў магічны шар"

Таццяна Пятроўская, журналіст

У маім жыцці быў момант вельмі стандартны і даволі распаўсюджаны — мне падалося, што я зацяжарыла. А гэта наогул не ўваходзіла ў мае планы, то бок, зусім. Я зрабіла шмат тэстаў, самых дарагіх. І ўсе яны казалі, што мяне не чакае вялікі цуд мацярынства. Але тое не пераконвала мяне, а на дзень нараджэння мне падарылі магічны шар для адказаў на самыя патаемныя пытанні. І вось я ўспомніла пра яго, пакрытага тоненькім пластом пылу, і, зажмурыўшыся, спытала: "Шар, а я цяжарная?" Шар адказаў мне, што зоркі кажуць "Не". Я супакоілася… Ды ну, ні разу я не супакоілася і запісалася да лекара!

"Мне сніўся сон"

Вольга Карач, лідэр ініцыятывы "Наш Дом"

У мяне добра развіта інтуіцыя. Напрыклад, калі хтосьці рыхтуе мне нейкія непрыемнасці ці нешта павінна здарыцца, то, як правіла, я пра гэта ведаю за некалькі дзён, нейкім чынам адчуваю. З'яўляецца такое дзіўнае пачуццё — для мяне яно ўжо як уключаная лямпачка — што нешта адбываецца, і гэта нешта відавочна нядобрае для мяне.

Таму, калі сітуацыя зусім складаная, я заплюшчваю вочы і задаю пытанне ў пустэчу. Як правіла, адказ прыходзіць у выглядзе нейкіх эмоцый. Часам пытаюся: адкуль чакаць непрыемнасцяў, і таксама прыходзіць адказ.

Яшчэ бывалі дзіўныя сітуацыі са снамі. Бывала некалькі разоў у жыцці, калі сніліся сны, якія літаральна збываліся.

Сны-папярэджанні часам сняцца не толькі мне. Маёй маці прысніўся сон-папярэджанне. Сон быў аб тым, што ўвайшла сабака ў круг, дзе сабраліся нашы сябры і сям'я, і ​​раптам аказалася, што гэта воўк, які рынуўся, каб мяне ўкусіць. Як ні дзіўна, але ў хуткім часе з'явіўся чалавек, якога ўсе ўспрынялі як сябра, але які прыйшоў не з добрымі намерамі. Дзякуючы вось гэтаму сну-папярэджанню, я была больш уважлівай і насцярожанай, таму шкоды вялікага ад яго не было.

Вольга Астаф'ева, рэжысёр-пачатковец

Мой сябар некалькі разоў прапаноўваў мне зрабіць расклад на картах Таро — маўляў, так прасцей за ўсё зразумець, як дзейнічаць у складанай сітуацыі. Але я прыстойная хрысціянка, і Таро — не для мяне. Раілася з сябрамі, з мамай, прымала рашэнні, кіруючыся сваімі сумнеўнымі ўяўленнямі аб тым, што так будзе лепш для ўсіх/для мяне/для цябе, пакуль нарэшце не патэлефанавала таму самаму таварышу з Таро і не папрасіла выцягнуць з калоды карту-параду.

Да гэтага часу мучаюся ад усведамлення таго, што гэта няправільна, але пакуль цягнуўся складаны жыццёвы перыяд, тэлефанавала яму кожны тыдзень. Бо звычайна прымеш няправільнае рашэнне — і мучышся, маўляў, навошта так паступіла, чаму я такая дурніца. А тут ты нічога не вырашаеш, табе дае савет нібыта сусвет, і ты робіш, як ён кажа. Урэшце рэшт аказалася, што нібыта сусвет даў мне нядобрую параду, з таго часу да Таро не звяртаюся і рашэнні прымаю сама. Хоць і надта не хочацца.

292
Тэги:
Увесь свет, Мінск
Каментары