Кнігарня

Смерці няма: чаму Барт не спрацоўвае для беларускай літаратуры

197
(абноўлена 18:13 04.11.2015)
Канцэпцыя Ролана Барта пра “смерць аўтара” у вузенькім колы беларускай літаратуры не працуе. Аўтару не паміраецца, нават калі і варта было б.

Алена Васільева, Sputnik

Невядомыя "Дзённікі Караткевіча" з нататкамі пра падарожжа з Барадуліным ва Ўладзівасток, з занатаванай ад рукі самотай апубікавалі нядаўна ў 78 нумары "Дзеяслова". Выданне размялі з паліцаў кнігарні "Ў" за два тыдні — неверагодны паказчык для часопіса. Час дыягнаставаць, што бартаўская "смерць аўтара" на Беларусі не спрацоўвае — аўтар не памірае, нават калі ўжо даўно і трывала памерлы. Мы асуджаныя праз нататкі з таго ж Уладзівастока, дзе была напісаная значная частка "Чазеніі", шукаць адказы на школьныя пытанні "што хацеў сказаць аўтар", "кім/чым натхняўся".

"Смерць аўтара" немагчымая нават і за межамі Беларусі, і ў такіх умовах, калі аўтар насуперак усяму "жыве!", былую ананімнасць Пелевіна можна было б назвать няўдалай спробай самазабойства. Няўдалай таму, што па-за кантэкстам позы пялевінскія кнігі больш не трактуюцца.

Асоба пісьменніка выходзіць за межы вобраза выдатніка з ціхім голасам, цяпер, каб пісьменнікам звацца, патрэбная медыйнасць. У такой сітуацыі прэзентацыю кніжкі можна праводзіць без наяўнасці самой кніжкі, бо прэзентаваць трэба сябе — з кім сябруеш, чым натхняўся, ці быў на "Дзядах" і так далей. А што там у тэксце — гэта другаснае. То бок, калі Барт казаў, што аўтар нараджаецца разам з тэкстам і не мае жыцця па-за яго межамі, памірае ў тую хвіліну, калі тэкст скончаны, дык з папраўкай на беларускую рэчаіснасць з упэўненасцю можна канстатаваць, што памірае тэкст.

Аўтар выжывае, нават калі б яму і час ужо памерці, і сам тэкст па-за кантэкстам аўтара становіцца нецікавым. У такой сітуацыі прэзентацыі кніг цалкам магчыма было б праводзіць без тыражу на руках — ва ўсялякім разе, прэзентаваць прыйдзецца аўтара. З кім спіць і п'е, ці сапраўды каштаваў усе тыя рэчывы (Бегбедер), як ставіцца да іслама (Уэльбек), што яшчэ выкінуў (Лімонаў), у якую кампутарную гульню згуляў і якую асану прыняў (Пялевін).

Ці ў выпадку беларускай літаратуры — ці на правільнай мове размаўляе, ці да правільнага саюза пісьменнікаў адносіцца, ну і, безумоўна, тыя вечныя пытанні — з кім спіць і з кім п'е.

У сітуацыі, калі ўся нашая літаратура ацэньваецца з пазіцый дыхатаміі "свой-чужы", тэкст і ўвогуле можа і не нараджацца. Атрымаўшы "Нобеля" рукамі Алексіевіч, беларусы нядоўга абмяркоўвалі мастацкую якасць тэкстаў, толькі сышліся ў бойцы за права казаць "наша Алексіевіч", выкарыстоўваючы звыклыя аргументы мовы і палітычнай пазіцыі. Вырашылі — "нікому больш не аддадзім".

Пруст казаў пра непазбежнае размыццё сувязі паміж пісьменнікам і яго сімваламі, але ж у беларускай літаратуры сувязь паміж аўтарам і сімвалам трывалая настолькі, што акцэнт раз пораз змяшчаецца з тэксту на асобу аўтара. Але ж калі богі смерці патрабуюць некай ахвяры, дык час канстантаваць для беларускай літаратуры "смерць тэкста" — па-за кантэкстам аўтарскай біяграфіі ён становіцца нецікавым.

197
Тэги:
Ралан Барт, Уладзімір Караткевіч, Беларусь, Увесь свет
Тэмы:
Дзень народзінаў Караткевіча (5)
По теме
Як разважаць пра Барта: лекцыя французскай пісьменніцы
Каментары