Вуж. Архіўнае фота

Герпетолаг: змеі актыўнічаюць праз надвор'е

26
Колькасць паўзуноў у Беларусі вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў застаецца стабільнай, і ні пра якое павелічэнне іх папуляцыі гаворкі не ідзе.

МІНСК, 25 ліп — Sputnik. Павелічэнне актыўнасці змей у Беларусі звязана з часовым пахаладаннем, распавёў Sputnik вядучы навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, кандыдат біялагічных навук Сяргей Драбенкоў.

Адразу дзве навіны за мінулы тыдзень у рэспубліцы былі звязаныя са змеямі: спачатку лавілі тую, якая поўзала ў кватэры, а потым здабывалі "аўтааматарку" з машыны ў Мінску. Зрэшты, герпетолаг супакойвае, што нічога незвычайнага ў гэтым няма.

"Колькасць і паводзіны змей застаюцца нармальнымі. Іншае пытанне, што яны больш актыўныя ў прахалоднае надвор'е, для іх аптымальная тэмпература — каля 20 градусаў. Таму падчас пахаладання іх можна было ўбачыць не толькі раніцай ці вечарам, але і ўдзень", — адзначыў эксперт па змеях.

Сама ж колькасць паўзуноў застаецца стабільнай ужо дзесяцігоддзямі. Дарэчы, Беларусь насяляюць усяго тры віды змей: вужы, мядзянкі і гадзюкі. Аднак нават ад укусу апошняй смяротных выпадкаў у апошнія гады навуковец не ўзгадае.

"Яны маленькія, атруты ў іх мала. Наогул, сустрэўшы змяю ў населеным пункце, неабходна адразу выклікаць МНС — гэта частка іх працы. У лесе лепш абыходзіць і загадзя паклапаціцца пра сябе: апранаць высокія боты і прытрымлівацца іншых норм бяспекі", —  адзначыў Драбенкоў.

У выпадку ўкусу змяі, падкрэсліў эксперт, неабходна адразу выклікаць хуткую дапамогу і патрапіць да лекара на працягу гадзіны. У першую ж гадзіну пасля ўкусу можна выпіць анцігістамінныя прэпараты.

"Пра павелічэнне колькасці змей і іх актыўнасць пытаюцца кожны год — заўважаюць людзі некалькі асобін у лесе, і ўжо панікуюць. Але падстаў для панікі няма", — рэзюмаваў спецыяліст па поўзунах.

26
Тэги:
Жывая прырода, Жывёльны свет, Беларусь
Каментары