МІНСК, 15 кра — Sputnik. Вядомы аўстраліец, народжаны з рэдкім захворваннем, якія прыводзяць да адсутнасці рук і ног, пратэстанцкі прапаведнік Нік Вуйчыч заклікаў беларусаў працаваць не дзеля кіраўніцтва, а на карысць сваёй краіны.
Вуйчыч плануе выступіць у Мінску ўвечары ў пятніцу. У беларускай сталіцы ён ужо паспеў пагутарыць з журналістамі. Апроч іншага, прадстаўнікі СМІ цікавіліся і тым, пра што будзе казаць Вуйчыч ў "ціхай і шчаслівай Беларусі".
"Мне прыходзіць шмат запрашэнняў з усяго свету… І я кажу ўсім адно і тое ж. Часам жыць у такой ціхай краіне не так дрэнна. Але справа ж не ў гэтым, а ў людзях і наступным пакаленні. Справа не ў тым, колькі галодных або сірот. Я думаю, і тут усім патрэбна ежа. і тут ёсць шмат падлеткаў, якія хацелі б паступіць ва ўніверсітэт, але не могуць", — выказаў меркаванне аўстралійскі прапаведнік.
Дарэчы, большасць жыхароў рэспублікі маюць вышэйшую адукацыю. Сэнс сваіх выступаў Вуйчыч тлумачыць неабходнасцю натхняць людзей сваім прыкладам.
"І важна разумець, што вы хадзіце на працу не дзеля кіраўніцтва, а дзеля таго, каб рабіць Беларусь лепшай", — адзначыў аўстраліец.
МІНСК, 24 лют — Sputnik. Рыгор Барадулін нарадзіўся на хутары Верасоўка, скончыў школу ва Ушачах і філфак БДУ. Працаваў рэдактарам у розных выданнях і шмат пісаў, выпусціў каля 70 зборнікаў паэзіі. Барадулін шмат часу аддаваў і перакладчыцкай дзейнасці. Дзякуючы яму, на беларускай мове выйшлі "Слова пра паход Ігараў", творы Федэрыка Гарсія Лоркі, Шэкспіра, Байрана, Ясеніна, Амара Хайма.
Першыя вершы Барадуліна з'явіліся ў друку, калі ён ужо вучыўся ў старэйшых класах — у 1953 годзе ў газеце "Чырвоная змена" (пад псеўданімам А.Чабор). А таксама ў шматтыражнай газеце БДУ "За сталінскія кадры".
Першы зборнік вершаў паэта "Маладзік над стэпам" выйшаў у 1959 годзе. Галоўныя тэмы паэзіі — вайна, духоўнасць і таленавітасць беларускага народа, праблемы пасляваеннага часу. У 1961 годзе выйшаў другі зборнік паэзіі — "Рунець, красаваць, налівацца!", а ў 1963 трэці — "Нагбом".
У апошніх зборніках паэта пераважаюць духоўныя і біблейскія матывы. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі "Ксты".
Акрамя гэтага аўтар вялікай колькасці сатырычных і гумарыстычных твораў. Стварыў вялікую колькасць эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва. У 1987 годзе выйшла кніга "Парастак Радкоў, галінка вяршыць", якая складалася з літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ паэта.
Родная мова з'яўлялася адной з тэмаў творчасці Барадуліна. Ад маці яму перадалася незвычайная чуйнасць да мовы. Вуснае багацце народнай творчасьці, засвоенае з дзяцінства, стала добрай асновай творчай індывідуальнасьці паэта.
Чэрпаючы з народных запасаў моўнай культуры, паэт адкрыў неабмежаваныя магчымасці словаформаў і спалучэнняў слоў, вярнуў забытым словам першародную свежасьць. Жывое маўленне ў творчасці Барадуліна выйшла за рамкі ўсталяваных літаратурных канонаў.
Рыгора Барадуліна не стала 2 сакавіка 2014 года, у Даравальную нядзелю. Напярэдадні адзначыў свой дзень нараджэння і 53 гады сумеснага жыцця з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай. Да яе былі звернутыя апошнія словы паэта: "Якая ж ты ў мяне прыгожая!". Пахавалі Барадуліна на роднай Ушаччыне побач з маці.
Чалавек не ўзнікае так —
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.
Чалавек не знікае так,
Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.
Перш чым вочы заслоняць векам,
Чалавек хоча стаць чалавекам.
Сёння споўнілася б 99 год аднаму з самых вядомых мастакоў Беларусі Міхаілу Савіцкаму.
Пры жыцці ён быў уганараваны мноствам савецкіх і беларускіх званняў і ўзнагарод: Народны мастак СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і трох Дзяржаўных прэмій Беларусі, акадэмік Акадэміі мастацтваў Расіі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знакам Пашаны", прэміяй і ордэнам Андрэя Першазванага. Савіцкі першы атрымаў ордэн Францыска Скарыны.
Глядзець на палотны Савіцкага цяжка. Вельмі. Выйдзеш з музея, а перад табой маўклівыя постаці нябожчыкаў. Заплюшчыш вочы, а бачыш іх нямыя пытанні. Навошта так рэалістычна? Але менавіта гэтым ён, выжыўшы сярод тысяч закатаваных, і апраўдаў сваё "вязенне", бескампрамісна паказваючы — пра гэта нельга забыцца. Колькі б год не мінула.
Наколькі няпростым, незгаворлівым быў Міхаіл Савіцкі, гаворыць многія, хто ведаў мастака. А да шырокай публікі дзякуючы інтэрв'ю самога Міхаіла Андрэевіча дайшоў факт аб лёсе адной з яго карцін.
"Летні тэатр" карэктаваў сам першы сакратар ЦК Кампартыі Беларускай ССР Пётр Машэраў. Невядома, якія словы гаварылі адзін аднаму былыя франтавікі, аднак зорку Давіда мастак з формы вязня, які стаіць побач з фашыстам і ўслужліва заглядае ў вочы, усё ж убраў. Хоць свайго меркавання не памяняў і асуджаў спробу выжыць любой цаной.
Сам ён выжыў цудам. Бо прайшоў праз тры самыя страшныя канцэнтрацыйныя лагеры. І пісаў праўду, якую бачыў, перажыў і замалчванне якой лічыў здрадай.
Па яго работах вельмі лёгка, калі наогул прымяральна гэтае слова, вывучаць парадкі і гісторыю канцлагераў. Усё паказана і агаворана не толькі маслам, але і назвамі карцін.
"Пяючыя коні" — так называецца адна з карцін, на якой вязні, якія запрагаліся замест коней і цягнулі пагружаныя на колы трупы, спяваюць. "Дырыжыраваў" ім карнік з плёткай. "Летні тэатр" — назва таго нашумелага палатна і ямы, у якой палілі нябожчыкаў, калі не хапала газавых камер, спіхваючы целы туды бульдозерам.
Усё гэта ён бачыў сам, трапіўшы ў палон у 1942 годзе, калі ў савецкіх салдат не засталося ні сіл, ні патронаў пасля 250 дзён утрымання Севастопаля.
Першым яго лагерам стаў "Шталаг — 326", потым вагонабудаўнічы завод, а з-за шматлікіх няўдалых пабегаў — "Крывінка" — адзін з лагераў Бухенвальда, дзе з 15 тысяч засталося менш адной. Катаражныя работы на каменаломлях.
Ён стаяў ля варот крэматорыя, калі невялікую групу адабралі і павезліі ў яшчэ адзін лагер смерці — Дахаў. З вагона ноччу вязні ўцякалі па лёсаванні, Савіцкаму не пашчасціла, калі пабег заўважылі, ён застаўся: 18-ы з 40, і, збіты, трапіў у вагон-карцар, дзе над полам на вышыні 70 сантымертаў быў калючы дрот, а ежы не насілі зусім…
У Дахаў ніхто з вязняў рухацца ўжо не мог, і іх скінулі паміраць у тыфозны барак. Але тут пашчасціла — вызвалілі амерыканцы і перадалі савецкім войскам.
Міхаіл Савіцкі нарадзіўся 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звянячы Талочынскага раёна. Быў малодшым сярод чатырох дзяцей. Бацьку ў вёсцы паважалі як майстра, які сталярыў, цяслярыў, каваў, бандарнічаў, рабіў вупраж для коней і налічнікі на вокны. Маці таксама выдатна ткала і прала.
Міхась з ранняга дзяцінства марыў стаць мастаком, напэўна, слаба ўяўляючы, што гэта такое. З жывапісам будучы мастак знаёміўся па іконах і рэпрадукцыях Кустодзіева "Масленіца" і Сурыкава "Раніца Стралецкай казні", якія аднекуль прывёз бацька.
У пяць гадоў Міхась Савіцкі добра чытаў і вельмі любіў часопіс "Вакол свету". У школе захапляўся фізікай, матэматыкай і рознымі вынаходніцтвамі. Марыў паступіць у мастацкую ВНУ, аднак скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а потым Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава толькі пасля вайны.
М. А. Савіцкі аўтар больш чым 200 тэматычных карцін. Вышэйшым увасабленнем яго творчасці сталі раннія працы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне: "Партызаны", "Забойства сям'і партызана", "Поле", "Плач аб загінуўшых героях", "Бежанцы", "Партызанская Мадонна", "Пакаранне смерцю", "Клятва", цыкл карцін "Лічбы на сэрцы", прысвечаны трагедыі канцэнтрацыйных лагераў і цыкл прац "Чорная быль" пра трагедыю Чарнобыля. У апошнія гады Савіцкі быў глыбока веруючым чалавекам і напісаў цыкл "Запаведзі асалоды" і гістарычныя карціны, прысвечаныя зямному жыццю Хрыста.
Працы Міхаіла Савіцкага знаходзяцца ў зборах Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Сафіі, а таксама ў многіх іншых калекцыях.
Памёр Міхаіл Савіцкі 8 лістапада 2010 года. А 7 верасня 2012 года ў Мінску ў адметным будынку Верхняга горада на плошчы Свабоды, 15 — былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя адкрылася Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. Пастаянная экспазіцыя, прысвечаная творчасці Міхаіла Андрэевіча, размешчана ў дзевяці залах. Тут прадстаўлены работы са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі горада Мінска і сям'і мастака. Дэманструецца інтэр'ер службовага кабінета, які знаходзіўся ў Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры, створаных па ініцыятыве мастака ў 1981 годзе, а таксама інтэр'ер яго творчай майстэрні па вул. Някрасава, 3.
Аб'ём работ, які неабходна выканаць піцерскім майстрам, на заводзе назвалі даволі значным - гадзіннікавым майстрам трэба будзе вырабіць каля двух тысяч дэталяў.
"Мы думаем у нас у кампаніі вырабляць колы для механізма", - распавёў інжынер-канструктар прадпрыемства Віталь Камароў.
Ён адзначыў, што завод ужо вырабіў сігнальную прыладу, якая ўнутры будынка будзе паказваць час вялікага гадзінніка на фасадзе Нотр-Дама.
Раней на прадпрыемстве адзначылі, што ў Францыі цяпер няма тэхналогій для выпуску манументальных гадзіннікаў, а піцерскі завод мае такі вопыт - прыкладам гэтаму механізм у атрыуме ЦДМ у Маскве. Гадзіннік памерам шэсць на сем метраў важыць больш за чатыры тоны і складаецца з тысяч дэталяў, выкананых з розных матэрыялаў.
Пажар у саборы Парыжскай Божай Маці адбыўся 15 красавіка 2019 года. Абрынуўся шпіль сабора, полымем была агорнутая апорная канструкцыя. Як паведамілі пажарныя, структура Нотр-Дама і галоўныя творы мастацтва, рэліквіі, якія захоўваліся ў саборы, ацалелі. Пракуратура Парыжа выключае крымінальную версію ўзгарання. У якасці магчымых прычын пажару разглядаюцца непатушаная цыгарэта ці праблемы з электрычнасцю.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон раней заявіў пра амбіцыйную мэту аднавіць Нотр-Дам за пяць гадоў, хоць многія эксперты кажуць, што на рэканструкцыю можа сысці да 15 гадоў.