МІНСК, 9 чэр — Sputnik. Адвакат расійскай тэнісісткі Марыі Шарапавай выказаў упэўненасць, што спартсменка вернецца на корт да заканчэння тэрміну яе дыскваліфікацыі, паведамляе "Р-Спорт".
Напярэдадні Міжнародная федэрацыя тэніса (ITF) дыскваліфікавала Шарапаву на два гады за ўжыванне мельдонія, прызнаўшы, што расіянка ненаўмысна парушыла правілы. Тэрмін дыскваліфікацыі адлічваецца з 26 студзеня 2016 года. Сама 29-гадовая тэнісістка ўжо заявіла, што абскардзіць рашэнне аб дыскваліфікацыі ў Спартыўным арбітражным судзе (CAS).
"Я веру, што Марыя вернецца ў тэніс раней, чым у студзені 2018 года", — сказаў Хэгерці.
Крэмль дыскваліфікацыю экс-першай ракеткі свету каментаваць не стаў. "Не, гэта я ніяк не каментую. Замест яе будзе выступаць іншая спартсменка", — сказаў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
Разам з тым, датчанка Караліна Вазняцкі, якая раней узначальвала рэйтынг WTA, назвала сумнай сітуацыю з Шарапавай. "У сучасным тэнісе існуе сапраўды вельмі жорсткая антыдопінгавая палітыка, і гэта дапамагло віду спорта быць на самой справе "чыстым". Калі нехта пападаецца на допінгу — гэта заўсёды сумная сітуацыя, не толькі для Марыі, але і для ўсяго сусветнага тэніса", — сказала Вазняцкі.
Пераможца пяці турніраў Вялікага Шлема Шарапава 7 сакавіка на адмыслова арганізаванай прэс-канфэрэнцыі заявіла, што атрымала апавяшчэнне пра тое, што ў яе допінг-спробе, узятай падчас выступу на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, знойдзеныя сляды мельдонія. Шарапава была часова адхіленая з 12 сакавіка.
МІНСК, 24 лют — Sputnik. Рыгор Барадулін нарадзіўся на хутары Верасоўка, скончыў школу ва Ушачах і філфак БДУ. Працаваў рэдактарам у розных выданнях і шмат пісаў, выпусціў каля 70 зборнікаў паэзіі. Барадулін шмат часу аддаваў і перакладчыцкай дзейнасці. Дзякуючы яму, на беларускай мове выйшлі "Слова пра паход Ігараў", творы Федэрыка Гарсія Лоркі, Шэкспіра, Байрана, Ясеніна, Амара Хайма.
Першыя вершы Барадуліна з'явіліся ў друку, калі ён ужо вучыўся ў старэйшых класах — у 1953 годзе ў газеце "Чырвоная змена" (пад псеўданімам А.Чабор). А таксама ў шматтыражнай газеце БДУ "За сталінскія кадры".
Першы зборнік вершаў паэта "Маладзік над стэпам" выйшаў у 1959 годзе. Галоўныя тэмы паэзіі — вайна, духоўнасць і таленавітасць беларускага народа, праблемы пасляваеннага часу. У 1961 годзе выйшаў другі зборнік паэзіі — "Рунець, красаваць, налівацца!", а ў 1963 трэці — "Нагбом".
У апошніх зборніках паэта пераважаюць духоўныя і біблейскія матывы. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі "Ксты".
Акрамя гэтага аўтар вялікай колькасці сатырычных і гумарыстычных твораў. Стварыў вялікую колькасць эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва. У 1987 годзе выйшла кніга "Парастак Радкоў, галінка вяршыць", якая складалася з літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ паэта.
Родная мова з'яўлялася адной з тэмаў творчасці Барадуліна. Ад маці яму перадалася незвычайная чуйнасць да мовы. Вуснае багацце народнай творчасьці, засвоенае з дзяцінства, стала добрай асновай творчай індывідуальнасьці паэта.
Чэрпаючы з народных запасаў моўнай культуры, паэт адкрыў неабмежаваныя магчымасці словаформаў і спалучэнняў слоў, вярнуў забытым словам першародную свежасьць. Жывое маўленне ў творчасці Барадуліна выйшла за рамкі ўсталяваных літаратурных канонаў.
Рыгора Барадуліна не стала 2 сакавіка 2014 года, у Даравальную нядзелю. Напярэдадні адзначыў свой дзень нараджэння і 53 гады сумеснага жыцця з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай. Да яе былі звернутыя апошнія словы паэта: "Якая ж ты ў мяне прыгожая!". Пахавалі Барадуліна на роднай Ушаччыне побач з маці.
Чалавек не ўзнікае так —
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.
Чалавек не знікае так,
Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.
Перш чым вочы заслоняць векам,
Чалавек хоча стаць чалавекам.
Сёння споўнілася б 99 год аднаму з самых вядомых мастакоў Беларусі Міхаілу Савіцкаму.
Пры жыцці ён быў уганараваны мноствам савецкіх і беларускіх званняў і ўзнагарод: Народны мастак СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і трох Дзяржаўных прэмій Беларусі, акадэмік Акадэміі мастацтваў Расіі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знакам Пашаны", прэміяй і ордэнам Андрэя Першазванага. Савіцкі першы атрымаў ордэн Францыска Скарыны.
Глядзець на палотны Савіцкага цяжка. Вельмі. Выйдзеш з музея, а перад табой маўклівыя постаці нябожчыкаў. Заплюшчыш вочы, а бачыш іх нямыя пытанні. Навошта так рэалістычна? Але менавіта гэтым ён, выжыўшы сярод тысяч закатаваных, і апраўдаў сваё "вязенне", бескампрамісна паказваючы — пра гэта нельга забыцца. Колькі б год не мінула.
Наколькі няпростым, незгаворлівым быў Міхаіл Савіцкі, гаворыць многія, хто ведаў мастака. А да шырокай публікі дзякуючы інтэрв'ю самога Міхаіла Андрэевіча дайшоў факт аб лёсе адной з яго карцін.
"Летні тэатр" карэктаваў сам першы сакратар ЦК Кампартыі Беларускай ССР Пётр Машэраў. Невядома, якія словы гаварылі адзін аднаму былыя франтавікі, аднак зорку Давіда мастак з формы вязня, які стаіць побач з фашыстам і ўслужліва заглядае ў вочы, усё ж убраў. Хоць свайго меркавання не памяняў і асуджаў спробу выжыць любой цаной.
Сам ён выжыў цудам. Бо прайшоў праз тры самыя страшныя канцэнтрацыйныя лагеры. І пісаў праўду, якую бачыў, перажыў і замалчванне якой лічыў здрадай.
Па яго работах вельмі лёгка, калі наогул прымяральна гэтае слова, вывучаць парадкі і гісторыю канцлагераў. Усё паказана і агаворана не толькі маслам, але і назвамі карцін.
"Пяючыя коні" — так называецца адна з карцін, на якой вязні, якія запрагаліся замест коней і цягнулі пагружаныя на колы трупы, спяваюць. "Дырыжыраваў" ім карнік з плёткай. "Летні тэатр" — назва таго нашумелага палатна і ямы, у якой палілі нябожчыкаў, калі не хапала газавых камер, спіхваючы целы туды бульдозерам.
Усё гэта ён бачыў сам, трапіўшы ў палон у 1942 годзе, калі ў савецкіх салдат не засталося ні сіл, ні патронаў пасля 250 дзён утрымання Севастопаля.
Першым яго лагерам стаў "Шталаг — 326", потым вагонабудаўнічы завод, а з-за шматлікіх няўдалых пабегаў — "Крывінка" — адзін з лагераў Бухенвальда, дзе з 15 тысяч засталося менш адной. Катаражныя работы на каменаломлях.
Ён стаяў ля варот крэматорыя, калі невялікую групу адабралі і павезліі ў яшчэ адзін лагер смерці — Дахаў. З вагона ноччу вязні ўцякалі па лёсаванні, Савіцкаму не пашчасціла, калі пабег заўважылі, ён застаўся: 18-ы з 40, і, збіты, трапіў у вагон-карцар, дзе над полам на вышыні 70 сантымертаў быў калючы дрот, а ежы не насілі зусім…
У Дахаў ніхто з вязняў рухацца ўжо не мог, і іх скінулі паміраць у тыфозны барак. Але тут пашчасціла — вызвалілі амерыканцы і перадалі савецкім войскам.
Міхаіл Савіцкі нарадзіўся 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звянячы Талочынскага раёна. Быў малодшым сярод чатырох дзяцей. Бацьку ў вёсцы паважалі як майстра, які сталярыў, цяслярыў, каваў, бандарнічаў, рабіў вупраж для коней і налічнікі на вокны. Маці таксама выдатна ткала і прала.
Міхась з ранняга дзяцінства марыў стаць мастаком, напэўна, слаба ўяўляючы, што гэта такое. З жывапісам будучы мастак знаёміўся па іконах і рэпрадукцыях Кустодзіева "Масленіца" і Сурыкава "Раніца Стралецкай казні", якія аднекуль прывёз бацька.
У пяць гадоў Міхась Савіцкі добра чытаў і вельмі любіў часопіс "Вакол свету". У школе захапляўся фізікай, матэматыкай і рознымі вынаходніцтвамі. Марыў паступіць у мастацкую ВНУ, аднак скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а потым Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава толькі пасля вайны.
М. А. Савіцкі аўтар больш чым 200 тэматычных карцін. Вышэйшым увасабленнем яго творчасці сталі раннія працы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне: "Партызаны", "Забойства сям'і партызана", "Поле", "Плач аб загінуўшых героях", "Бежанцы", "Партызанская Мадонна", "Пакаранне смерцю", "Клятва", цыкл карцін "Лічбы на сэрцы", прысвечаны трагедыі канцэнтрацыйных лагераў і цыкл прац "Чорная быль" пра трагедыю Чарнобыля. У апошнія гады Савіцкі быў глыбока веруючым чалавекам і напісаў цыкл "Запаведзі асалоды" і гістарычныя карціны, прысвечаныя зямному жыццю Хрыста.
Працы Міхаіла Савіцкага знаходзяцца ў зборах Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Сафіі, а таксама ў многіх іншых калекцыях.
Памёр Міхаіл Савіцкі 8 лістапада 2010 года. А 7 верасня 2012 года ў Мінску ў адметным будынку Верхняга горада на плошчы Свабоды, 15 — былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя адкрылася Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. Пастаянная экспазіцыя, прысвечаная творчасці Міхаіла Андрэевіча, размешчана ў дзевяці залах. Тут прадстаўлены работы са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі горада Мінска і сям'і мастака. Дэманструецца інтэр'ер службовага кабінета, які знаходзіўся ў Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры, створаных па ініцыятыве мастака ў 1981 годзе, а таксама інтэр'ер яго творчай майстэрні па вул. Някрасава, 3.
Абноўлена: актуальна з 2 снежня 2020 года.
25 сакавіка Саўмін прыняў пастанову №171, паводле якой асобы, якія прыбылі з краін з зарэгістраванымі выпадкамі COVID-19, павінны знаходзіцца ў самаізаляцыі 14 каляндарных дзён (з кастрычніка - 10 дзён). Спіс перыядычна абнаўляецца: беларускае Міністэрства аховы здароўя альбо выключае пэўныя краіны з абмежавальнага спісу, альбо дадае іх зноў.
З 3 лістапада пачынае дзейнічаць новая рэдакцыя пераліку краін "чырвонай зоны", пад абмежаванні трапляюць прыбылі з 138 дзяржаў.
З 3 снежня ў пералік уключаны 8 краін:
У інфаграфіцы Sputnik - карта і спіс краін, па прыездзе з якіх у Беларусь неабходна знаходзіцца ў самаізаляцыі 10 дзён, а таксама краін, на якія прыбылі з якіх гэтыя абмежаванні не распаўсюджваюцца.