Кветкі для легендарнага Кургана

Курган зладзіў пазапланавы экзамен для Купалаўскага тэатра

21
(абноўлена 14:22 15.06.2016)
Трупа тэатра сабралася, каб павіншаваць уладальніка легендарнага голаса беларускага радыё і свайго настаўніка з юбілеем.

Вера Дашкевіч, Sputnik.

За пяць хвілін да пачатка вечара юбіляр, легенда беларускага радыё Ілля Курган, яшчэ сядзеў на вуліцы ў атачэнні дам і прымаў віншаванні: букет ад чароўнай паненкі гадоў сямі і прызнанні ад шаноўнай пасівелай лэдзі.

Дама ва ўзросце некалькі разоў паўтарыла, што з дзяцінства памятае знакамітае "Увага, гаворыць Мiнск. Ля мiкрафона Iлля Курган", чым нямала збянтэжыла юбіляра.

"А колькі ж вам год?" — Курган нiбыта так і не змог да канца паверыць ці то словам суразмоўцы, ці то ў свой узрост.

На вечере в честь 90-летия Кургана в Купаловском
© Sputnik / Виктор Толочко
Вечарына ў гонар 90-гадовага юбіляра Іллі Кургана ў Купалаўскім

Ілля Курган адзначыў свой 90-гадовы юбілей 26 мая. З гэтай нагоды ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы зладзілі вечарыну ў яго гонар. Камерную, амаль сямейную, вельмі кранальную.

"Ідзе, паехалі", — адмашку аркестру даваў асабіста мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін.

Мэтра сустрэлі музыкай і авацыямі. У нейкі момант нават здалося, што юбіляр засаромеўся і, каб разрадзіць абстаноўку, зменшыць пафас — выканаў некалькі танцавальных па.

"Выдатны балетны эцюд. І мы вельмі радыя, што вы прыйшлі", — прывітаў юбіляра Пінігін.

Руководитель Купаловского Николай Пинигин на юбилее Кургана
© Sputnik / Виктор Толочко
Мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін

Мастацкі кіраўнік мяркуе, што ў Купалаўскім, напэўна, няма ні аднаго артыста, з якім бы Курган не працаваў над вымаўленнем. Таму трупа і вырашыла паўжартам, напаўсур'ёз паказаць усё, на што здольная і пачытаць настаўніку вершы. "Залікоўку паднясём пазней", — пажартаваў Пінігін.

Для Кургана чыталі і маладыя, і знакамітыя, для яго выконвалі любімага Рахманінава і нават фантазіравалі на тэму, што б сказалі чыноўнікі, калі б усё ж такі прыйшлі павіншаваць юбіляра.

Кургану спадабалася амаль усё — за выключэннем хіба што лічбаў на святочным экране. "90? Гэта нейкая памылка. Ці ўсё ж такі тут напісана 40?" — Перапытаў у арганізатараў юбіляр.

Зинаида Зубкова поздравляет Кургана
© Sputnik / Виктор Толочко
Спадара Кургана віншуе Зінаіда Зубкова

Курган па-ранейшаму жыва на ўсё рэагуе, парыруе і да месца іранізуе. Але калі гаворка заходзіць пра сур'ёзныя рэчы, фармулюе ёміста і дакладна.

Sputnik далучыўся да віншаванняў і не ўтрымаўся, каб не спытаць, наколькі камфортна майстру ў новым часе.

"Я не супадаю з гэтым часам. Я і з тым не вельмі супадаў, але было ўсё-такі ўсё прасцей. Мне здаецца, тады людзі ў большасці сваёй ўсё ж больш прыстойна паводзіліся", — прызнаўся Курган.

Легенда белорусского радио Илья Курган
© Sputnik / Виктор Толочко
Легенда беларускага радыё Ілля Курган

А праз хвіліну, калі ён бачыць свайго чарговага народнага або заслужанага вучня, які спяшаецца з віншаваннямі, вочы Настаўніка зноў загараюцца.

Дарэчы, экзамен Купалаўскі здаў — і па гаворцы, і па паважлівым стаўленні да пажылога майстра.

21
Тэги:
Юбілей, Жыццё знакамітых людзей, тэатр, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Ілля Курган, Мінск
По теме
Іллю Кургана павіншуюць у Купалаўскім
Каментары