Каласы

Памёр Іван Пташнікаў

118
(абноўлена 16:06 29.07.2016)
Не стала выдатнага беларускага празаіка Івана Мікалаевіча Пташнікава.

МІНСК, 29 ліп — Sputnik. Івану Пташнікаву было 83 гады. Спачыў ён 28 ліпеня пасля цяжкай хваробы, у сваёй мінскай кватэры, паведамляецца на сайце Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Іван Пташнікаў нарадзіўся 7 кастрычніка 1932 года ў вёсцы Задроздзе на Лагойшчыне, у малалетстве перажыў тры гады нямецкай акупацыі. Пасля вайны скончыў школу, а ў 1957 годзе журналісцкае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі працаваў рэдактарам мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, а пазней у рэдакцыях літаратурных часопісаў: рэдактар аддзела прозы часопіса "Маладосць" (1958-1962), з 1962 г. і да выхаду на пенсію — рэдактар аддзела прозы часопіса "Полымя". Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1959 г.

Іван Мікалаевіч — аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў "Зерне падае не на камень" (1959) і "Сцяпан Жыхар са Сцешыц" (1966), аповесцей "Лонва" (1965, 1982), "Тартак" (1968, паводле сцэнарыя аўтара пастаўлены ў 1973 г. аднайменны тэлефільм), "Найдорф" (1976), раманаў "Чакай у далёкіх Грынях" (1962), "Мсціжы" (1972), "Алімпіяда" (1985, пастаўлены аднайменны тэлеспектакль, 1989).

118
Каментары