Беларускі батутыст Уладзіслаў Ганчароў і яго трэнер

Алімпіец Ганчароў: не хачу, каб пазнавалі на вуліцы

17
(абноўлена 10:28 25.08.2016)
Уладальнік адзінага залатога медаля Беларусі на Алімпійскіх гульнях у Рыа пасля сваёй перамогі змог выспацца ўпершыню за доўгі час.

МІНСК, 25 жні — Sputnik. Беларускі батутыст Уладзіслаў Ганчароў прызнаўся, што не хацеў бы быць папулярным.

Ганчароў стаў уладальнікам залатога медаля ў скачках на батуце на Алімпійскіх гульнях у Рыа. Ён жа — адзіны алімпійскі чэмпіён з рэспублікі на гэтых Гульнях. Як прызнаўся журналістам малады спартсмен, падрыхтоўка да спаборніцтваў ішла цяжка, затое пасля перамогі ён нарэшце здолеў выспацца.

"Так не высыпаўся даўно, як пасля перамогі. Вельмі бадзёра сябе адчуваў. А калі прачнуўся — пайшоў правяраць, ці на месцы медаль. Не верыў нават спачатку", — распавёў Ганчароў у эфіры тэлеканала "Беларусь-1".

Чэмпіён прызнаў: адразу пасля перамогі яго літаральна "завалілі" віншавальнымі паведамленнямі ў сацыяльных сетках. Зрэшты, Ганчароў сціплы і не прагне ніякай славы.

"Не хочацца быць папулярным, каб пазнавалі… Не хацелася б быць медыйнай асобай", — запэўніў Ганчароў. Але ён лічыць, што ва ўсім можна знайсці як плюсы, так і мінусы.

Алімпійскія гульні прайшлі ў Рыа-дэ-Жанейра ў жніўні. Па іх выніках у Беларусі горшы вынік за ўвесь час удзелу ў летніх спаборніцтвах: усяго дзевяць медалёў, з якіх адно золата, чатыры срэбра і чатыры бронзы. У агульным медальным заліку рэспубліка заняла толькі 40-е месца.

17
Каментары