Лідэр этна-трыа Троіца Іван Кірчук

Іван Кірчук: калі няма дзе выступаць, то навошта рэпетаваць?

42
(абноўлена 10:07 15.12.2016)
Этна-трыа "Троіца" выступіць у Мінску з традыцыйным калядным канцэртам 16 снежня.

Чаму "Троіцу" прасцей сустрэць паза межамі радзімы і якая будучыня ў беларускага фолк-року Sputnik даведаўся ў лідэра калектыву Івана Кірчука. Размову вяла Юлія Хвошч.

— Што ў вас наперадзе? Якія фестывалі плануеце наведаць, што збіраецеся запісваць?

— Пра планы варта казаць тады, калі ўжо адбылося. Трэба, каб здарылася, таму што частка, умоўна кажучы, праектаў упіраецца ў візу, у дарогу і ў аплату. Таму можна расказаць шмат, а не патрапіць нікуды. Мы можам толькі пахваліцца. Сёлета мы былі на фестывалі ў Санцьяга. Бадай, адзіныя з беларусаў за гісторыю існавання беларускай музыкі. У гэтым годзе летам быў таксама Sfinks фестываль, на які мы спрабавалі прабіцца з 99-га года, а трапілі толькі сёлета. Ну і фестываль Womad у Вялікабрытаніі. Мабыць, гэта вяршыня музычнага алімпу для многіх, таму што фестываль занесены ў кнігу рэкордаў Гінеса, і калі я не памыляюся, у гэтым годзе на фестывалі было 36 тысяч наведвальнікаў. Вось пра такя дасягненні "Троіцы" можна казаць. А ў планах вельмі шмат — запіс новага альбома, на які мы ўжо пяты год шукаем сродкі.

— Вы шмат падарожнічаеце, дзе вас лепш за ўсё прымаюць, якую публіку можаце назваць самай удзячнай?

— Усюды аднолькава, таму што народная музыка — гэта вытокі. Што ж тычыцца публікі на этнічных фестывалях, то, напэўна, самыя гарачыя — гэта гішпанцы, самыя ўсяедныя, напэўна, венгры. Астатнія — вы ж бачылі, як народ успрымае.

— Чаму на вашыя канцэрты так рэдка можна трапіць у Мінску і ў Беларусі?

— Больш за два канцэрты на год немагчыма зрабіць. Раз на год мы збіраем публіку на вялікі зімовы канцэрт, а два разы за год сабраць ужо цяжка. Мы ж не можам за паўгода новую праграму зрабіць. А гледачу заўжды хочацца новага.

— Як склаўся ваш стыль? Гучанне "Троіцы" не падобна ні на адзін іншы фолк-гурт.

— Наша музыка абапіраецца выключна на народную мелодыю. Перш за ўсё, гэта мелодыя захавана, тэксты і нават дыялекты, а вось у аранжыроўцы ўсё залежыць ад нашага настрою. Ёсць аранжыроўкі, дзе мала інструментаў, ёсць аранжыроўкі, дзе вельмі шмат інструментаў. У альбоме "Зімачка" ў нас прапісана 420 трэкаў. Гэта атрымліваецца 420 музыкаў. За пяць тыдняў. Вось такі дыяпазон можа быць ад канцэрту да студыі.

— Вы змяняеце аранжыроўкі ці трымаеце песні у першапачатковым выглядзе?

— Не. Мы ж не джазавыя музыкі. Мы вельмі доўга рыхтуем аранжыроўкі, але не змяняем. Імкнемся, каб ад пачатку і да канца мы былі ўпэўненыя ў мелодыі і каб гэта было асновай для выканання.

— Ці ёсць, на ваш погляд, будучыня ў беларускага фолк-року?

Зараз вельмі шмат беларускіх гуртоў выступае. Спачатку быў "Палац", а пасля іх з'явілася вельмі шмат гуртоў, і яны працуюць. Іншая справа, што ў рэспубліцы даволі-такі мала этнічных фестываляў. Хацелася б, каб людзі таксама папрацавалі над гэтым пытаннем, тады і каманды з'явяцца. А так, калі няма дзе выступаць, то ці ёсць сэнс рэпетаваць?

42
Тэги:
Музычныя жанры, Музыка, Троіца, Іван Кірчук, Мінск, Беларусь

Асоба