Язэп Драздовіч, Космас

Вешчыя сны і космас: пяць цікавых фактаў пра Язэпа Драздовіча

10
(абноўлена 10:27 11.10.2018)
Сёння спаўняецца 130 гадоў са дня нараджэння выбітнага беларускага мастака, вандроўніка, паэта і містыка Язэпа Драздовіча. Sputnik сабраў пяць фактаў пра дзеяча нацыянальнага Адраджэння.

Фігура Язэпа Драздовіча ахутана покрывам таямніцы, як і яго творы. На карцінах Драздовіча ажывае гісторыя Беларусі - разам з міфамі і легендамі, цесна ўплеценымі ў яе, і неверагоднымі выявамі космасу. Мы сабралі пяць цікавых фактаў, якія здольныя ўразіць чалавека, знаёмага з Язэпам Драздовічам толькі па яго карцінах.

Біяграфія Язэпа Драздовіча

Язэп Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі, у Дзісненскім павеце (цяпер гэта Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) у сям'і беднага шляхціца. Яго бацька памёр, калі хлопчыку было два гады, і Язэпа і пяць яго братоў маці выхоўвала адна.

Першымі мастацкімі працамі Язэпа Драздовіча былі ілюстрацыі: ён аздобіў вокладку "Першага беларускага календара на 1910 год", выдадзены "Нашай Нівай", піша шмат выяў роднай Дзісеншчыны.

Фотаздымак Язэпа Драздовіча
© Sputnik / Виктор Толочко
Фотаздымак Язэпа Драздовіча

Язэп Драздовіч служыў фельчарам у расійскай арміі, падчас першай сусветнай вайны трапіў на Заходні фронт, перанёс брушны тыф. Пасля сямі гадоў службы вярнуўся на малую радзіму, а пасля стварэння БССР у 1919 годзе пераехаў у Мінск, дзе працаваў мастаком, ілюстратарам, афарміцелем у літаратурна-выдавецкім аддзеле пры Камісарыяце асветы і Беларускім дзяржаўным тэатры.

У 20-я гады, пасля таго, як Заходняя Беларусь адышла да Польшчы, Драздовіч вяртаецца на Дзісеншчыну і, нягледзячы на перашкоды з боку польскіх уладаў, займаецца культурнай і асветніцкай дзейнасцю, а таксама шмат піша – карціны і вершы.  

1930-я гады ў творчасці мастака звязаныя з касмічнай тэмай. Драздовіч быў перакананы, што надзелены дарам празорлівасці і можа бачыць самнамбулічныя сны – сны ўяве. У сваіх "падарожжах" ён блукае па Марсе і Месяцы, бачыць Венеру і кольца Сатурна. Усе вандроўкі, як і раней этнаграфічныя, Драздовіч апісвае ў сваім дзённіку, робіць замалёўкі.

Так, мастака можна назваць распачынальнікам навуковай фантастыкі на беларускіх землях, калі б не той факт, што да сваіх прац ён ставіўся вельмі сур'ёзна і лічыў іх навукова абгрунтаванымі. У 1931 году Драздовіч апублікаваў навуковую брашуру "Нябесныя бяжы", якую аздобіў уласнымі лінагравюрамі.

Драздовіч усяго пяць гадоў не дажыў да таго моманту, як чалавек упершыню пабываў у космасе – мастак памёр 15 верасня 1954 года ва ўзросце ўсяго 65 гадоў. Язэп драздовіч пакінуў вялікую творчую спадчыну, якая складаецца з яго палоцен, гравюр, скульптур і літаратурных твораў. Яго творчасць значна паўплывала на станаўленне наступных пакаленняў беларускіх мастакоў. У гонар Язэпа Драздовіча названа вуліца ў мінскім мікрараёне Лошыца, вуліцы ў Радашковічах, Маладзечне, Оршы, Навагрудку, Глыбокім, Шаркаўшчыне.

Помнік Язэпу Драздовічу аўтарства Ігара Голубева ўсталяваны ў Траецкім прадмесці Мінска і бюст – у Глыбокім, на Алеі знакамітых землякоў.  У 2018 годзе магіла Язэпа Драздовіча была ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Імя Драздовіча носіць Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі, а на радзіме мастака ў вёсцы Пунькі штогод праводзяцца міжнародныя пленэры. Творы Язэпа Драздовіча захоўваюцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі старажытнабеларускай культуры, Музеі Якуба Коласа, Нацыянальным музеі Літвы, а таксама ў прыватных калекцыях.

10
Тэги:
Мастацтва, Беларусь, Язэп Драздовіч
Каментары