Аўтар больш за 300 песень, заслужаны дзеяч мастацтваў, доктар навук, грамадскі дзеяч — Ігар Лучанок яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя дамогся поспеху і народнага прызнання.
Нарадзіўся будучы кампазітар 6 жніўня 1938 года ў Мінску, у сям'і ўрача. Ігар Лучанок атрымаў пачатковую музычную адукацыю ў Беларусі па класе цымбалаў і фартэпіяна, у 1961 годзе скончыў клас кампазіцыі ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага, а затым стажыраваўся ў Ленінградскай кансерваторыі. У 1967 годзе ён скончыў аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі.
Яшчэ ў 1966 годзе яго твор заваяваў першую прэмію на Усесаюзным конкурсе "Савецкая песня", і затым песні кампазітара не раз удастойваліся вышэйшых узнагарод не толькі ў СССР, але і на міжнародных конкурсах.
Песні, напісаныя Лученком, выконваюць вядомыя беларускія і расійскія спевакі, такія як Іосіф Кабзон, Леў Лешчанка, Сафія Ратару; ансамблі "Песняры", "Сябры", "Верасы" і многія іншыя, яны таксама ўваходзяць у рэпертуар сімфанічных аркестраў Расіі і Беларусі.
Творы Ігара Лучанка апяваюць прыгажосць роднай зямлі, народныя традыцыі беларусаў. Многія яго песні прысвечаны подзвігу савецкага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Акрамя творчай, Ігар Лучанок таксама вядзе актыўную грамадскую дзейнасць. З 1989 па 1991 год ён з'яўляўся членам Вярхоўнага савета і народным дэпутатам СССР, браў удзел у працы дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі ў больш чым дваццаці краінах.
З 1980 года Лучанок — нязменны старшыня Саюза кампазітараў Беларусі. У 1973 годзе ён стаў заслужаным дзеячам мастацтваў Беларускай ССР, 9 гадамі пазней — народным артыстам БССР, у 1987 годзе — народным артыстам СССР, у 89-м — заслужаным дзеячам культуры Польшчы. Быў удастоены мноства дзяржаўных узнагарод, у тым ліку ордэна Дружбы народаў, "Знакам Пашаны" і Францыска Скарыны, з'яўляецца ганаровым грамадзянінам трох гарадоў — Мінска, Мар'інай Горкі і расійскага Сальска, а ў 1999 годзе ў Маскве на Плошчы зорак была адкрыта зорка Ігара Лучанка.
МІНСК, 24 лют — Sputnik. Рыгор Барадулін нарадзіўся на хутары Верасоўка, скончыў школу ва Ушачах і філфак БДУ. Працаваў рэдактарам у розных выданнях і шмат пісаў, выпусціў каля 70 зборнікаў паэзіі. Барадулін шмат часу аддаваў і перакладчыцкай дзейнасці. Дзякуючы яму, на беларускай мове выйшлі "Слова пра паход Ігараў", творы Федэрыка Гарсія Лоркі, Шэкспіра, Байрана, Ясеніна, Амара Хайма.
Першыя вершы Барадуліна з'явіліся ў друку, калі ён ужо вучыўся ў старэйшых класах — у 1953 годзе ў газеце "Чырвоная змена" (пад псеўданімам А.Чабор). А таксама ў шматтыражнай газеце БДУ "За сталінскія кадры".
Першы зборнік вершаў паэта "Маладзік над стэпам" выйшаў у 1959 годзе. Галоўныя тэмы паэзіі — вайна, духоўнасць і таленавітасць беларускага народа, праблемы пасляваеннага часу. У 1961 годзе выйшаў другі зборнік паэзіі — "Рунець, красаваць, налівацца!", а ў 1963 трэці — "Нагбом".
У апошніх зборніках паэта пераважаюць духоўныя і біблейскія матывы. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі "Ксты".
Акрамя гэтага аўтар вялікай колькасці сатырычных і гумарыстычных твораў. Стварыў вялікую колькасць эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва. У 1987 годзе выйшла кніга "Парастак Радкоў, галінка вяршыць", якая складалася з літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ паэта.
Родная мова з'яўлялася адной з тэмаў творчасці Барадуліна. Ад маці яму перадалася незвычайная чуйнасць да мовы. Вуснае багацце народнай творчасьці, засвоенае з дзяцінства, стала добрай асновай творчай індывідуальнасьці паэта.
Чэрпаючы з народных запасаў моўнай культуры, паэт адкрыў неабмежаваныя магчымасці словаформаў і спалучэнняў слоў, вярнуў забытым словам першародную свежасьць. Жывое маўленне ў творчасці Барадуліна выйшла за рамкі ўсталяваных літаратурных канонаў.
Рыгора Барадуліна не стала 2 сакавіка 2014 года, у Даравальную нядзелю. Напярэдадні адзначыў свой дзень нараджэння і 53 гады сумеснага жыцця з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай. Да яе былі звернутыя апошнія словы паэта: "Якая ж ты ў мяне прыгожая!". Пахавалі Барадуліна на роднай Ушаччыне побач з маці.
Чалавек не ўзнікае так —
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.
Чалавек не знікае так,
Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.
Перш чым вочы заслоняць векам,
Чалавек хоча стаць чалавекам.
Сёння споўнілася б 99 год аднаму з самых вядомых мастакоў Беларусі Міхаілу Савіцкаму.
Пры жыцці ён быў уганараваны мноствам савецкіх і беларускіх званняў і ўзнагарод: Народны мастак СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і трох Дзяржаўных прэмій Беларусі, акадэмік Акадэміі мастацтваў Расіі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знакам Пашаны", прэміяй і ордэнам Андрэя Першазванага. Савіцкі першы атрымаў ордэн Францыска Скарыны.
Глядзець на палотны Савіцкага цяжка. Вельмі. Выйдзеш з музея, а перад табой маўклівыя постаці нябожчыкаў. Заплюшчыш вочы, а бачыш іх нямыя пытанні. Навошта так рэалістычна? Але менавіта гэтым ён, выжыўшы сярод тысяч закатаваных, і апраўдаў сваё "вязенне", бескампрамісна паказваючы — пра гэта нельга забыцца. Колькі б год не мінула.
Наколькі няпростым, незгаворлівым быў Міхаіл Савіцкі, гаворыць многія, хто ведаў мастака. А да шырокай публікі дзякуючы інтэрв'ю самога Міхаіла Андрэевіча дайшоў факт аб лёсе адной з яго карцін.
"Летні тэатр" карэктаваў сам першы сакратар ЦК Кампартыі Беларускай ССР Пётр Машэраў. Невядома, якія словы гаварылі адзін аднаму былыя франтавікі, аднак зорку Давіда мастак з формы вязня, які стаіць побач з фашыстам і ўслужліва заглядае ў вочы, усё ж убраў. Хоць свайго меркавання не памяняў і асуджаў спробу выжыць любой цаной.
Сам ён выжыў цудам. Бо прайшоў праз тры самыя страшныя канцэнтрацыйныя лагеры. І пісаў праўду, якую бачыў, перажыў і замалчванне якой лічыў здрадай.
Па яго работах вельмі лёгка, калі наогул прымяральна гэтае слова, вывучаць парадкі і гісторыю канцлагераў. Усё паказана і агаворана не толькі маслам, але і назвамі карцін.
"Пяючыя коні" — так называецца адна з карцін, на якой вязні, якія запрагаліся замест коней і цягнулі пагружаныя на колы трупы, спяваюць. "Дырыжыраваў" ім карнік з плёткай. "Летні тэатр" — назва таго нашумелага палатна і ямы, у якой палілі нябожчыкаў, калі не хапала газавых камер, спіхваючы целы туды бульдозерам.
Усё гэта ён бачыў сам, трапіўшы ў палон у 1942 годзе, калі ў савецкіх салдат не засталося ні сіл, ні патронаў пасля 250 дзён утрымання Севастопаля.
Першым яго лагерам стаў "Шталаг — 326", потым вагонабудаўнічы завод, а з-за шматлікіх няўдалых пабегаў — "Крывінка" — адзін з лагераў Бухенвальда, дзе з 15 тысяч засталося менш адной. Катаражныя работы на каменаломлях.
Ён стаяў ля варот крэматорыя, калі невялікую групу адабралі і павезліі ў яшчэ адзін лагер смерці — Дахаў. З вагона ноччу вязні ўцякалі па лёсаванні, Савіцкаму не пашчасціла, калі пабег заўважылі, ён застаўся: 18-ы з 40, і, збіты, трапіў у вагон-карцар, дзе над полам на вышыні 70 сантымертаў быў калючы дрот, а ежы не насілі зусім…
У Дахаў ніхто з вязняў рухацца ўжо не мог, і іх скінулі паміраць у тыфозны барак. Але тут пашчасціла — вызвалілі амерыканцы і перадалі савецкім войскам.
Міхаіл Савіцкі нарадзіўся 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звянячы Талочынскага раёна. Быў малодшым сярод чатырох дзяцей. Бацьку ў вёсцы паважалі як майстра, які сталярыў, цяслярыў, каваў, бандарнічаў, рабіў вупраж для коней і налічнікі на вокны. Маці таксама выдатна ткала і прала.
Міхась з ранняга дзяцінства марыў стаць мастаком, напэўна, слаба ўяўляючы, што гэта такое. З жывапісам будучы мастак знаёміўся па іконах і рэпрадукцыях Кустодзіева "Масленіца" і Сурыкава "Раніца Стралецкай казні", якія аднекуль прывёз бацька.
У пяць гадоў Міхась Савіцкі добра чытаў і вельмі любіў часопіс "Вакол свету". У школе захапляўся фізікай, матэматыкай і рознымі вынаходніцтвамі. Марыў паступіць у мастацкую ВНУ, аднак скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а потым Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава толькі пасля вайны.
М. А. Савіцкі аўтар больш чым 200 тэматычных карцін. Вышэйшым увасабленнем яго творчасці сталі раннія працы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне: "Партызаны", "Забойства сям'і партызана", "Поле", "Плач аб загінуўшых героях", "Бежанцы", "Партызанская Мадонна", "Пакаранне смерцю", "Клятва", цыкл карцін "Лічбы на сэрцы", прысвечаны трагедыі канцэнтрацыйных лагераў і цыкл прац "Чорная быль" пра трагедыю Чарнобыля. У апошнія гады Савіцкі быў глыбока веруючым чалавекам і напісаў цыкл "Запаведзі асалоды" і гістарычныя карціны, прысвечаныя зямному жыццю Хрыста.
Працы Міхаіла Савіцкага знаходзяцца ў зборах Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Сафіі, а таксама ў многіх іншых калекцыях.
Памёр Міхаіл Савіцкі 8 лістапада 2010 года. А 7 верасня 2012 года ў Мінску ў адметным будынку Верхняга горада на плошчы Свабоды, 15 — былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя адкрылася Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. Пастаянная экспазіцыя, прысвечаная творчасці Міхаіла Андрэевіча, размешчана ў дзевяці залах. Тут прадстаўлены работы са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі горада Мінска і сям'і мастака. Дэманструецца інтэр'ер службовага кабінета, які знаходзіўся ў Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры, створаных па ініцыятыве мастака ў 1981 годзе, а таксама інтэр'ер яго творчай майстэрні па вул. Някрасава, 3.
МІНСК, 3 сак – Sputnik. Адразу два ўсплёскі магнітнай буры адбыліся на працягу мінулай ночы, паведамляе сайт Лабараторыі рэнтгенаўскай астраноміі Сонца Фізічнага інстытута акадэміі навук.
Па дадзеных навукоўцаў, слабыя магнітныя буры адбыліся да паўночы і ў раёне з 3 да 6-й раніцы. Да гэтага яны лічылі, што ў другой палове ночы ніякіх бур быць не павінна, а магнітасфэра Зямлі павінна была быць спакойнай.
Папярэдняя магнітная бура была зафіксавана 1 сакавiка i была сярэдняга (умеранага) ўзроўню.
Усяго ў класіфікацыі магнітных бур пяць узроўняў - ад G1 да G5. Лічыцца, што слабая бура можа справакаваць нязначныя збоі ў працы энергасістэм, а таксама паўплываць на шляхі міграцый птушак і жывёл.
Больш моцныя буры выклікаюць парушэнні караткахвалевай сувязі і работы навігацыйных сістэм, а таксама збоі напружання ў прамысловых сетках.