Могілкі Івана Мележа

Іван Мележ: цікавыя факты з жыцця аўтара "Палескай хронікі"

1234
(абноўлена 08:53 08.02.2020)
Падчас Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік быў цяжка паранены і Перамогу сустракаў ужо ў тыле.

Вядомы беларускі празаік Іван Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 года ў вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння сярэдняй школы ён працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола. У 1939 годзе паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і з першага курса быў прызваны ў Савецкую Армію.

Ад ваеннай падрыхтоўкі да філалогіі

Летам 1940 года Мележ удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце — на Збручы, пад Уманню, Нікалаевым, Сінелькавам, Растовам-на-Доне, Лазавой. У чэрвені 1942 года пісьменнік быў пад Растовам цяжка паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл.

Тады жыў у Бугуруслане, потым выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Малдаўскім педагагічным інстытуце, а з 1943 — у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які знаходзіўся тады на станцыі Сходня ў Падмаскоўі, дзе вучыўся спачатку завочна на філалагічным факультэце, а затым перайшоў на стацыянар.

Літаратурная і грамадская дзейнасць

Мележ вучыўся ў аспірантуры, выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса "Полымя", у апараце ЦК КПБ. З 1966 г. — сакратар, а ў 1971-1974 гг. — намеснік старшыні праўлення СП БССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967-1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, сябрам Сусветнага Савета Міру. З 1945 года ён — сябра Саюза пісьменнікаў СССР.

Мележ узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, знакам пашаны і медалямі.

У 1972 Мележ стаў народным пісьменнікам БССР.

Мележ дэбютаваў вершамі. Пасля выдаў зборнікі аповесцей і апавяданняў "У завіруху" (1946) "Гарачы жнівень" (1948), "Заўсёды наперадзе" (нарыс, 1948), "Блізкае і далёкае" (1954), "У гарах дажджы" (1957), "Што ён за чалавек" (апавяданні, аповесці, нарысы, 1961), "Жыццёвыя клопаты" (нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы, 1975), "Белыя вішні і яблыні" (1976), "Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак" (1977). Аўтар рамана "Мінскі напрамак" (1952), самы знакаміты ягоны цыкл раманаў — "Палеская хроніка", той складаецца з некалькіх частак — "Людзі на балоце", "Подых навальніцы" і "Завеі, снежань", акрамя таго Мележ пісаў шэраг п'есаў.

Пісьменнік — лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Ленінскай прэміі, Дзяржаўнай прэміі БССР.

Чытайце таксама: 

1234
Тэги:
Літаратура, Іван Мележ, Беларусь
Тэмы:
Беларуская літаратура (33)
Рыгор Барадулін

"Чалавек не знікае так": сёння дзень нараджэння Рыгора Барадуліна

2072
(абноўлена 21:06 23.02.2021)
У гэты дзень нарадзіўся народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Sputnik узгадвае шлях жыцця выбітнага творцы.

МІНСК, 24 лют — Sputnik. Рыгор Барадулін нарадзіўся на хутары Верасоўка, скончыў школу ва Ушачах і філфак БДУ. Працаваў рэдактарам у розных выданнях і шмат пісаў, выпусціў каля 70 зборнікаў паэзіі. Барадулін шмат часу аддаваў і перакладчыцкай дзейнасці. Дзякуючы яму, на беларускай мове выйшлі "Слова пра паход Ігараў", творы Федэрыка Гарсія Лоркі, Шэкспіра, Байрана, Ясеніна, Амара Хайма.

Першыя вершы Барадуліна з'явіліся ў друку, калі ён ужо вучыўся ў старэйшых класах — у 1953 годзе ў газеце "Чырвоная змена" (пад псеўданімам А.Чабор). А таксама ў шматтыражнай газеце БДУ "За сталінскія кадры".

Поэт Рыгор Бородулин с женой Валентиной
© Sputnik / Евгений Коктыш
Рыгор Барадулін з жонкай Валянцінай

Першы зборнік вершаў паэта "Маладзік над стэпам" выйшаў у 1959 годзе. Галоўныя тэмы паэзіі — вайна, духоўнасць і таленавітасць беларускага народа, праблемы пасляваеннага часу. У 1961 годзе выйшаў другі зборнік паэзіі — "Рунець, красаваць, налівацца!", а ў 1963 трэці — "Нагбом".

У апошніх зборніках паэта пераважаюць духоўныя і біблейскія матывы. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі "Ксты".

Акрамя гэтага аўтар вялікай колькасці сатырычных і гумарыстычных твораў. Стварыў вялікую колькасць эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва. У 1987 годзе выйшла кніга "Парастак Радкоў, галінка вяршыць", якая складалася з літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ паэта.

Родная мова з'яўлялася адной з тэмаў творчасці Барадуліна. Ад маці яму перадалася незвычайная чуйнасць да мовы. Вуснае багацце народнай творчасьці, засвоенае з дзяцінства, стала добрай асновай творчай індывідуальнасьці паэта.

Джон Кунстадтэр, Алесь Камоцкі, Рыгор Барадулін (злева направа)
© Photo : "Беларуская прастора"
Джон Кунстадтэр, Алесь Камоцкі, Рыгор Барадулін (злева направа)

Чэрпаючы з народных запасаў моўнай культуры, паэт адкрыў неабмежаваныя магчымасці словаформаў і спалучэнняў слоў, вярнуў забытым словам першародную свежасьць. Жывое маўленне ў творчасці Барадуліна выйшла за рамкі ўсталяваных літаратурных канонаў.

Рыгора Барадуліна не стала 2 сакавіка 2014 года, у Даравальную нядзелю. Напярэдадні адзначыў свой дзень нараджэння і 53 гады сумеснага жыцця з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай. Да яе былі звернутыя апошнія словы паэта: "Якая ж ты ў мяне прыгожая!". Пахавалі Барадуліна на роднай Ушаччыне побач з маці.  

Чалавек не ўзнікае так —
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.

Чалавек не знікае так,
Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.

Перш чым вочы заслоняць векам,
Чалавек хоча стаць чалавекам.

2072
Тэги:
Паэзія, падзеі і даты, Характэрныя факты, Літаратура, Смерць публічных людзей, Культура, Жыццё знакамітых людзей, Музыка, Рыгор Барадулін, Беларусь
Тэмы:
Беларуская літаратура (33)
Міхаіл Савіцкі

Міхаіл Савіцкі: каб усхваляваць чалавека, трэба самому спаліць душу

1239
(абноўлена 21:33 17.02.2021)
Міхаіл Савіцкі прайшоў праз тры самыя страшныя канцэнтрацыйныя лагеры і пісаў праўду, якую бачыў.

Сёння споўнілася б 99 год аднаму з самых вядомых мастакоў Беларусі Міхаілу Савіцкаму.

Міхаіл Савіцкі і Васіль Быкаў
© Sputnik / Евгений Коктыш
Міхаіл Савіцкі і Васіль Быкаў

Пры жыцці ён быў уганараваны мноствам савецкіх і беларускіх званняў і ўзнагарод: Народны мастак СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і трох Дзяржаўных прэмій Беларусі, акадэмік Акадэміі мастацтваў Расіі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знакам Пашаны", прэміяй і ордэнам Андрэя Першазванага. Савіцкі першы атрымаў ордэн Францыска Скарыны.

Народны мастак Беларусі Май Данцыг
© Photo : Евгений Колчев/Wikimedia Commons

Выжыў, каб паказаць тое, аб чым нельга забыцца

Глядзець на палотны Савіцкага цяжка. Вельмі. Выйдзеш з музея, а перад табой маўклівыя постаці нябожчыкаў. Заплюшчыш вочы, а бачыш іх нямыя пытанні. Навошта так рэалістычна? Але менавіта гэтым ён, выжыўшы сярод тысяч закатаваных, і апраўдаў сваё "вязенне", бескампрамісна паказваючы — пра гэта нельга забыцца. Колькі б год не мінула.  

Адну карціну "карэктаваў" сам Машэраў

Наколькі няпростым, незгаворлівым быў Міхаіл Савіцкі, гаворыць многія, хто ведаў мастака. А да шырокай публікі дзякуючы інтэрв'ю самога Міхаіла Андрэевіча дайшоў факт аб лёсе адной з яго карцін.

Рэпрадукцыя карціны Летні тэатр з  цыкла Лічбы на сэрцы
© Sputnik / Лев Иванов
Рэпрадукцыя карціны "Летні тэатр" з цыкла "Лічбы на сэрцы"

"Летні тэатр" карэктаваў сам першы сакратар ЦК Кампартыі Беларускай ССР Пётр Машэраў. Невядома, якія словы гаварылі адзін аднаму былыя франтавікі, аднак зорку Давіда мастак з формы вязня, які стаіць побач з фашыстам і ўслужліва заглядае ў вочы, усё ж убраў. Хоць свайго меркавання не памяняў і асуджаў спробу выжыць любой цаной.

Сам ён выжыў цудам. Бо прайшоў праз тры самыя страшныя канцэнтрацыйныя лагеры. І пісаў праўду, якую бачыў, перажыў і замалчванне якой лічыў здрадай.

Вязень пад нумарам 32815

Па яго работах вельмі лёгка, калі наогул прымяральна гэтае слова, вывучаць парадкі і гісторыю канцлагераў. Усё паказана і агаворана не толькі маслам, але і назвамі карцін.

"Пяючыя коні" — так называецца адна з карцін, на якой вязні, якія запрагаліся замест коней і цягнулі пагружаныя на колы трупы, спяваюць. "Дырыжыраваў" ім карнік з плёткай. "Летні тэатр" — назва таго нашумелага палатна і ямы, у якой палілі нябожчыкаў, калі не хапала газавых камер, спіхваючы целы туды бульдозерам.

Рэпрадукцыя карціны Адбор з цыкла Лічбы на сэрцы
© Sputnik / Лев Иванов
Рэпрадукцыя карціны "Адбор" з цыкла "Лічбы на сэрцы"

Усё гэта ён бачыў сам, трапіўшы ў палон у 1942 годзе, калі ў савецкіх салдат не засталося ні сіл, ні патронаў пасля 250 дзён утрымання Севастопаля.

Першым яго лагерам стаў "Шталаг — 326", потым вагонабудаўнічы завод, а з-за шматлікіх няўдалых пабегаў — "Крывінка" — адзін з лагераў Бухенвальда, дзе з 15 тысяч засталося менш адной. Катаражныя работы на каменаломлях.

Ён стаяў ля варот крэматорыя, калі невялікую групу адабралі і павезліі ў яшчэ адзін лагер смерці — Дахаў. З вагона ноччу вязні ўцякалі па лёсаванні, Савіцкаму не пашчасціла, калі пабег заўважылі, ён застаўся: 18-ы з 40, і, збіты, трапіў у вагон-карцар, дзе над полам на вышыні 70 сантымертаў быў калючы дрот, а ежы не насілі зусім…

У Дахаў ніхто з вязняў рухацца ўжо не мог, і іх скінулі паміраць у тыфозны барак. Але тут пашчасціла — вызвалілі амерыканцы і перадалі савецкім войскам.

Вучыўся маляваць па рэпрадукцыі Кустодзіева

Міхаіл Савіцкі нарадзіўся 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звянячы Талочынскага раёна. Быў малодшым сярод чатырох дзяцей. Бацьку ў вёсцы паважалі як майстра, які сталярыў, цяслярыў, каваў, бандарнічаў, рабіў вупраж для коней і налічнікі на вокны. Маці таксама выдатна ткала і прала.

Міхаіл Савіцкі
© Sputnik / Ю. Иванов
Міхаіл Савіцкі

Міхась з ранняга дзяцінства марыў стаць мастаком, напэўна, слаба ўяўляючы, што гэта такое. З жывапісам будучы мастак знаёміўся па іконах і рэпрадукцыях Кустодзіева "Масленіца" і Сурыкава "Раніца Стралецкай казні", якія аднекуль прывёз бацька.

У пяць гадоў Міхась Савіцкі добра чытаў і вельмі любіў часопіс "Вакол свету". У школе захапляўся фізікай, матэматыкай і рознымі вынаходніцтвамі. Марыў паступіць у мастацкую ВНУ, аднак скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а потым Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава толькі пасля вайны.

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага

М. А. Савіцкі аўтар больш чым 200 тэматычных карцін. Вышэйшым увасабленнем яго творчасці сталі раннія працы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне: "Партызаны", "Забойства сям'і партызана", "Поле", "Плач аб загінуўшых героях", "Бежанцы", "Партызанская Мадонна", "Пакаранне смерцю", "Клятва", цыкл карцін "Лічбы на сэрцы", прысвечаны трагедыі канцэнтрацыйных лагераў і цыкл прац "Чорная быль" пра трагедыю Чарнобыля. У апошнія гады Савіцкі быў глыбока веруючым чалавекам і напісаў цыкл "Запаведзі асалоды" і гістарычныя карціны, прысвечаныя зямному жыццю Хрыста.

 Рэпрадукцыя карціны Партызанская мадона
© Sputnik / Юрий Артамонов
Рэпрадукцыя карціны "Партызанская мадона"

Працы Міхаіла Савіцкага знаходзяцца ў зборах Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Сафіі, а таксама ў многіх іншых калекцыях.

Памёр Міхаіл Савіцкі 8 лістапада 2010 года. А 7 верасня 2012 года ў Мінску ў адметным будынку Верхняга горада на плошчы Свабоды, 15 — былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя адкрылася Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. Пастаянная экспазіцыя, прысвечаная творчасці Міхаіла Андрэевіча, размешчана ў дзевяці залах. Тут прадстаўлены работы са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі горада Мінска і сям'і мастака. Дэманструецца інтэр'ер службовага кабінета, які знаходзіўся ў Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры, створаных па ініцыятыве мастака ў 1981 годзе, а таксама інтэр'ер яго творчай майстэрні па вул. Някрасава, 3.

1239
Тбілісі

На самалёце і з ПЦР-тэстам: Грузія дазволіла ўезд беларусам

23
(абноўлена 17:27 24.02.2021)
Новы прэм'ер паведаміў, што зняў усе абмежаванні, уведзеныя з-за каронавіруса, - акрамя каменданцкай гадзіны.

МІНСК, 24 лют – Sputnik. Беларусы змогуць уехаць у Грузію з 1 сакавіка, пра гэта паведаміў прэм'ер Грузіі Іраклій Гарыбашвілі.

Уехаць можна пакуль што толькі паветраным шляхам - сухапутныя межы застаюцца зачыненымі для турыстаў. Абавязковая ўмова - наяўнасць з сабой адмоўнага ПЦР-тэста.

У Грузіі таксама здымаецца вялікая частка абмежаванняў, якія раней былі ўведзены з-за каронавіруса - за выключэннем каменданцкай гадзіны. Яна дзейнічае па ўсёй краіне з 21:00 да 05:00.

Адновяць работу рэстараны, якія знаходзяцца ў закрытых памяшканнях (за выключэннем выхадных дзён), хоць ім прыйдзецца выконваць шэраг умоў і рэкамендацый.

З 25 лютага ў краіне адновіць працу міжгародні транспарт і гасцініцы ў гарналыжных курортных гарадах. З 15 сакавіка адкрыюцца спартыўныя залы, тэатры, гандлёвыя цэнтры і рынкі, з 1 сакавіка зноў пачнуць працу дзіцячыя сады і ВНУ.

Нагадаем, што абмежаванні былі ўведзены ў краіне з-за пандэміі каронавіруса. Уехаць у яе маглі з ПЦР-тэстам толькі грамадзяне краін ЕС, ад астатніх патрабавалася прадаставіць даведку аб праходжанні поўнага курса вакцынацыі. Зараз спісак стаў больш: да іх, акрамя Беларусі, дадаліся Расія, Арменія, Азербайджан, Украіна і Казахстан.

За ўвесь перыяд пандэміі каронавіруса ў Грузіі былі зафіксаваны 269 438 выпадкаў заражэнняў, памерлі 3 463 чалавекі. Вакцынацыю ад каронавіруса ўлады плануюць пачаць у сакавіку.

Дзе ў Мінску можна здаць ПЦР-тэст для паездкі за межы рэспублікі - можна прачытаць тут.

Чытайце таксама:

23
Тэги:
каронавірус, беларусы, Грузія, тэст, Самалёты
Тэмы:
Каронавірус COVID-19