Паўліна Мядзёлка

Мемуарыстка, настаўніца і муза Купалы: шляхам жыцця Паўліны Мядзёлкі

315
(абноўлена 12:33 12.09.2020)
Біяграфію жанчыны, якая натхніла Янку Купалу на стварэнне шэдэўра, чытайце на Sputnik.

Дзяўчына, якой лёс наканаваў стаць правобразам знакамітай Паўлінкі і музай беларускага песняра Янкі Купалы, нарадзілася 12 верасня 1893 года ў мястэчку Будслаў Вілейскага павета Віленскай губерні – зараз гэта Мядзельскі раён Мінскай вобласці. Пасля заканчэння Глыбоцкага царкоўнапрыхадскога вучылішча яна апынулася ў Рызе, а адтуль праз два гады – у 1909 годзе — пераехала у Вільню, дзе наведвала прыватную жаночую гімназію.

Знаёмства з Купалам

Менавіта там 16-гадовая дзяўчынка і пазнаёмілася з будучым класікам беларускай літаратуры – Янкам Купалам. У сваіх мемуарах Паўліна ўспамінае, як пасля паспяховай здачы іспытаў у гімназію яна адправілася ў госці да знаёмых, дзе ўпершыню ўбачыла Купалу.

"Мне адчыніў дзверы малады мужчына. Ён быў у камізэльцы, рукавы белай кашулі былі загорнуты, высокі цвёрды каўнерык ад манішкі падпіраў падбародак, светлыя валасы, яшчэ мокрыя, гладка прычэсаны", — напіша потым Мядзёлка ў "Сцежках жыцця".

І хоць шмат чаго ў аўтабіяграфічным выданні Паўліны Мядзёлкі прайшло праз савецкую цэнзуру, некаторыя радкі засталіся: "Купала жартаваў, пытаўся ў мяне, ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат. Я ўвесь час маўчала, незадаволеная жартаўлівым паваротам размовы".

У 1912 годзе, пасля сканчэння гімназіі, Паўліна паехала ў Пецярбург, дзе два гады наведвала Вышэйшыя камерцыйныя курсы, а галоўнае — ужо ў 1913 годзе сыграла ў аматарскай прэм'еры "Паўлінкі" галоўную ролю. Кажуць, што ў той час Мядзёлка не адмовілася ні ад ролі, ні ад адносінаў з аўтарам.

Першую сусветную вайну Паўліна Мядзёлка правяла ў эвакуацыі ў Царыцыне. Дакладна невядома, што ў той час стала з іх з Купалам адносінамі, але ўжо ў 1914 годзе вершаваныя радкі паэта, добра вядомыя нам яшчэ са школы, "Гэй ты, дзяўчына, кветка-лiлея", былі прысвечаныя ўжо Уладзіславе Станкевіч, дарэчы, сяброўцы Паўліны.

З Уладзіславай Янка Купала звянчаўся ў 1916 годзе ў Петрапаўлаўскім касцёле Масквы. У мемуарах Паўліны Мядзёлкі захаваўся каментар пра тое, што яна даведалася пра шлюб паэта і Станкевіч толькі праз год пасля цырымоніі.

Арышты, выгнанне і вяртанне на радзіму

У 1916 годзе Мядзёлка вяртаецца ў Петраград, дзе становіцца сакратаром Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 годзе яна працавала ў Кіеве, а потым па дамоўленасці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала беларускую школу ў вёсцы Жорнаўка, але ў сакавіку 1918-га школа была закрыта, і Паўліна пераехала ў Мінск. У тым жа годзе ў друку з'явіліся вершы Мядзёлкі.

За актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці Мядзёлка некалькі раз была арыштаваная – у тым ліку разам з мужам, Тамашам Грыбам, які працаваў разам з ёй у газеце "Родны край", потым, дарэчы, менавіта Купала дапамог ёй уладкавацца на працу ў мінскае выдавецтва.

У 1927-1930 гадах Мядзёлка працавала выкладчыцай беларускай мовы ў Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках. А летам 1930 года яе арыштавалі ўжо ў Маскве, быццам бы за ўдзел у антысавецкім Саюзе вызвалення Беларусі. Паўліна, па яе асабістаму прызнанню, "падпісывала ўсё, што падсоўвалі".

Супадзенне гэта ці не, але неўзабаве пасля арышту Паўліны Мядзёлкі Янка Купала спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.

Мядзёлка была па абвінавачванні высланая ў Казань, а калі вярнулася ў 1932 годзе, выкладала рускую мову і літаратуру ў адной з маскоўскіх школ. Летам 1947 года пераехала ў Мінскую вобласць, пасёлак Будслаў, дзе таксама працавала настаўніцай да 1958 года. Менавіта там Мядзёлка напісала свой самы значны твор — мемуары "Сцежкамі жыцця". Яны пачалі друкавацца ў фрагментах у той жа год, а асобнае выданне першай часткі з'явілася ў 1974. Другая частка была надрукавана ў 1993 годзе. У 1966 годзе Мядзёлка была ўганараваная званнем "Заслужаны дзеяч культуры БССР".

Памерла Паўліна Мядзёлка 13 лютага 1974 года ва ўзросце 80 гадоў, была пахаваная на каталіцкіх могілках у Будславе.

Чытайце таксама: 

315
Тэги:
біяграфія, "Паўлінка" (спектакль), Паўліна Мядзёлка, Янка Купала
Тэмы:
Беларуская літаратура (33)
Рыгор Барадулін

"Чалавек не знікае так": успамінаем Рыгора Барадуліна

2102
(абноўлена 09:29 25.02.2021)
У гэты дзень нарадзіўся народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Sputnik узгадвае шлях жыцця выбітнага творцы.

МІНСК, 24 лют — Sputnik. Рыгор Барадулін нарадзіўся на хутары Верасоўка, скончыў школу ва Ушачах і філфак БДУ. Працаваў рэдактарам у розных выданнях і шмат пісаў, выпусціў каля 70 зборнікаў паэзіі. Барадулін шмат часу аддаваў і перакладчыцкай дзейнасці. Дзякуючы яму, на беларускай мове выйшлі "Слова пра паход Ігараў", творы Федэрыка Гарсія Лоркі, Шэкспіра, Байрана, Ясеніна, Амара Хайма.

Першыя вершы Барадуліна з'явіліся ў друку, калі ён ужо вучыўся ў старэйшых класах — у 1953 годзе ў газеце "Чырвоная змена" (пад псеўданімам А.Чабор). А таксама ў шматтыражнай газеце БДУ "За сталінскія кадры".

Поэт Рыгор Бородулин с женой Валентиной
© Sputnik / Евгений Коктыш
Рыгор Барадулін з жонкай Валянцінай

Першы зборнік вершаў паэта "Маладзік над стэпам" выйшаў у 1959 годзе. Галоўныя тэмы паэзіі — вайна, духоўнасць і таленавітасць беларускага народа, праблемы пасляваеннага часу. У 1961 годзе выйшаў другі зборнік паэзіі — "Рунець, красаваць, налівацца!", а ў 1963 трэці — "Нагбом".

У апошніх зборніках паэта пераважаюць духоўныя і біблейскія матывы. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі "Ксты".

Акрамя гэтага аўтар вялікай колькасці сатырычных і гумарыстычных твораў. Стварыў вялікую колькасць эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва. У 1987 годзе выйшла кніга "Парастак Радкоў, галінка вяршыць", якая складалася з літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ паэта.

Родная мова з'яўлялася адной з тэмаў творчасці Барадуліна. Ад маці яму перадалася незвычайная чуйнасць да мовы. Вуснае багацце народнай творчасьці, засвоенае з дзяцінства, стала добрай асновай творчай індывідуальнасьці паэта.

Джон Кунстадтэр, Алесь Камоцкі, Рыгор Барадулін (злева направа)
© Photo : "Беларуская прастора"
Джон Кунстадтэр, Алесь Камоцкі, Рыгор Барадулін (злева направа)

Чэрпаючы з народных запасаў моўнай культуры, паэт адкрыў неабмежаваныя магчымасці словаформаў і спалучэнняў слоў, вярнуў забытым словам першародную свежасьць. Жывое маўленне ў творчасці Барадуліна выйшла за рамкі ўсталяваных літаратурных канонаў.

Рыгора Барадуліна не стала 2 сакавіка 2014 года, у Даравальную нядзелю. Напярэдадні адзначыў свой дзень нараджэння і 53 гады сумеснага жыцця з жонкай Валянцінай Міхайлаўнай. Да яе былі звернутыя апошнія словы паэта: "Якая ж ты ў мяне прыгожая!". Пахавалі Барадуліна на роднай Ушаччыне побач з маці.  

Чалавек не ўзнікае так —
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.

Чалавек не знікае так,
Бы ў кішэні вякоў пятак.
Ён сціраецца аб дарогі,
Разбіваецца аб адчаі,
Пераходзіць ва ўсе трывогі
Веку,
Што яго прыручае.

Перш чым вочы заслоняць векам,
Чалавек хоча стаць чалавекам.

2102
Тэги:
Паэзія, падзеі і даты, Характэрныя факты, Літаратура, Смерць публічных людзей, Культура, Жыццё знакамітых людзей, Музыка, Рыгор Барадулін, Беларусь
Тэмы:
Беларуская літаратура (33)
Міхаіл Савіцкі

Міхаіл Савіцкі: каб усхваляваць чалавека, трэба самому спаліць душу

1242
(абноўлена 21:33 17.02.2021)
Міхаіл Савіцкі прайшоў праз тры самыя страшныя канцэнтрацыйныя лагеры і пісаў праўду, якую бачыў.

Сёння споўнілася б 99 год аднаму з самых вядомых мастакоў Беларусі Міхаілу Савіцкаму.

Міхаіл Савіцкі і Васіль Быкаў
© Sputnik / Евгений Коктыш
Міхаіл Савіцкі і Васіль Быкаў

Пры жыцці ён быў уганараваны мноствам савецкіх і беларускіх званняў і ўзнагарод: Народны мастак СССР і Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і трох Дзяржаўных прэмій Беларусі, акадэмік Акадэміі мастацтваў Расіі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знакам Пашаны", прэміяй і ордэнам Андрэя Першазванага. Савіцкі першы атрымаў ордэн Францыска Скарыны.

Народны мастак Беларусі Май Данцыг
© Photo : Евгений Колчев/Wikimedia Commons

Выжыў, каб паказаць тое, аб чым нельга забыцца

Глядзець на палотны Савіцкага цяжка. Вельмі. Выйдзеш з музея, а перад табой маўклівыя постаці нябожчыкаў. Заплюшчыш вочы, а бачыш іх нямыя пытанні. Навошта так рэалістычна? Але менавіта гэтым ён, выжыўшы сярод тысяч закатаваных, і апраўдаў сваё "вязенне", бескампрамісна паказваючы — пра гэта нельга забыцца. Колькі б год не мінула.  

Адну карціну "карэктаваў" сам Машэраў

Наколькі няпростым, незгаворлівым быў Міхаіл Савіцкі, гаворыць многія, хто ведаў мастака. А да шырокай публікі дзякуючы інтэрв'ю самога Міхаіла Андрэевіча дайшоў факт аб лёсе адной з яго карцін.

Рэпрадукцыя карціны Летні тэатр з  цыкла Лічбы на сэрцы
© Sputnik / Лев Иванов
Рэпрадукцыя карціны "Летні тэатр" з цыкла "Лічбы на сэрцы"

"Летні тэатр" карэктаваў сам першы сакратар ЦК Кампартыі Беларускай ССР Пётр Машэраў. Невядома, якія словы гаварылі адзін аднаму былыя франтавікі, аднак зорку Давіда мастак з формы вязня, які стаіць побач з фашыстам і ўслужліва заглядае ў вочы, усё ж убраў. Хоць свайго меркавання не памяняў і асуджаў спробу выжыць любой цаной.

Сам ён выжыў цудам. Бо прайшоў праз тры самыя страшныя канцэнтрацыйныя лагеры. І пісаў праўду, якую бачыў, перажыў і замалчванне якой лічыў здрадай.

Вязень пад нумарам 32815

Па яго работах вельмі лёгка, калі наогул прымяральна гэтае слова, вывучаць парадкі і гісторыю канцлагераў. Усё паказана і агаворана не толькі маслам, але і назвамі карцін.

"Пяючыя коні" — так называецца адна з карцін, на якой вязні, якія запрагаліся замест коней і цягнулі пагружаныя на колы трупы, спяваюць. "Дырыжыраваў" ім карнік з плёткай. "Летні тэатр" — назва таго нашумелага палатна і ямы, у якой палілі нябожчыкаў, калі не хапала газавых камер, спіхваючы целы туды бульдозерам.

Рэпрадукцыя карціны Адбор з цыкла Лічбы на сэрцы
© Sputnik / Лев Иванов
Рэпрадукцыя карціны "Адбор" з цыкла "Лічбы на сэрцы"

Усё гэта ён бачыў сам, трапіўшы ў палон у 1942 годзе, калі ў савецкіх салдат не засталося ні сіл, ні патронаў пасля 250 дзён утрымання Севастопаля.

Першым яго лагерам стаў "Шталаг — 326", потым вагонабудаўнічы завод, а з-за шматлікіх няўдалых пабегаў — "Крывінка" — адзін з лагераў Бухенвальда, дзе з 15 тысяч засталося менш адной. Катаражныя работы на каменаломлях.

Ён стаяў ля варот крэматорыя, калі невялікую групу адабралі і павезліі ў яшчэ адзін лагер смерці — Дахаў. З вагона ноччу вязні ўцякалі па лёсаванні, Савіцкаму не пашчасціла, калі пабег заўважылі, ён застаўся: 18-ы з 40, і, збіты, трапіў у вагон-карцар, дзе над полам на вышыні 70 сантымертаў быў калючы дрот, а ежы не насілі зусім…

У Дахаў ніхто з вязняў рухацца ўжо не мог, і іх скінулі паміраць у тыфозны барак. Але тут пашчасціла — вызвалілі амерыканцы і перадалі савецкім войскам.

Вучыўся маляваць па рэпрадукцыі Кустодзіева

Міхаіл Савіцкі нарадзіўся 18 лютага 1922 года ў вёсцы Звянячы Талочынскага раёна. Быў малодшым сярод чатырох дзяцей. Бацьку ў вёсцы паважалі як майстра, які сталярыў, цяслярыў, каваў, бандарнічаў, рабіў вупраж для коней і налічнікі на вокны. Маці таксама выдатна ткала і прала.

Міхаіл Савіцкі
© Sputnik / Ю. Иванов
Міхаіл Савіцкі

Міхась з ранняга дзяцінства марыў стаць мастаком, напэўна, слаба ўяўляючы, што гэта такое. З жывапісам будучы мастак знаёміўся па іконах і рэпрадукцыях Кустодзіева "Масленіца" і Сурыкава "Раніца Стралецкай казні", якія аднекуль прывёз бацька.

У пяць гадоў Міхась Савіцкі добра чытаў і вельмі любіў часопіс "Вакол свету". У школе захапляўся фізікай, матэматыкай і рознымі вынаходніцтвамі. Марыў паступіць у мастацкую ВНУ, аднак скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, а потым Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава толькі пасля вайны.

Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага

М. А. Савіцкі аўтар больш чым 200 тэматычных карцін. Вышэйшым увасабленнем яго творчасці сталі раннія працы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне: "Партызаны", "Забойства сям'і партызана", "Поле", "Плач аб загінуўшых героях", "Бежанцы", "Партызанская Мадонна", "Пакаранне смерцю", "Клятва", цыкл карцін "Лічбы на сэрцы", прысвечаны трагедыі канцэнтрацыйных лагераў і цыкл прац "Чорная быль" пра трагедыю Чарнобыля. У апошнія гады Савіцкі быў глыбока веруючым чалавекам і напісаў цыкл "Запаведзі асалоды" і гістарычныя карціны, прысвечаныя зямному жыццю Хрыста.

 Рэпрадукцыя карціны Партызанская мадона
© Sputnik / Юрий Артамонов
Рэпрадукцыя карціны "Партызанская мадона"

Працы Міхаіла Савіцкага знаходзяцца ў зборах Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай мастацкай галерэі ў Сафіі, а таксама ў многіх іншых калекцыях.

Памёр Міхаіл Савіцкі 8 лістапада 2010 года. А 7 верасня 2012 года ў Мінску ў адметным будынку Верхняга горада на плошчы Свабоды, 15 — былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя адкрылася Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. Пастаянная экспазіцыя, прысвечаная творчасці Міхаіла Андрэевіча, размешчана ў дзевяці залах. Тут прадстаўлены работы са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі горада Мінска і сям'і мастака. Дэманструецца інтэр'ер службовага кабінета, які знаходзіўся ў Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры, створаных па ініцыятыве мастака ў 1981 годзе, а таксама інтэр'ер яго творчай майстэрні па вул. Някрасава, 3.

1242
Тэсты на антыцелы да каронавіруса, архіўны фотаздымак

Піневіч: новых штамаў каронавіруса ў Беларусі няма

0
(абноўлена 10:45 02.03.2021)
Раней міністр аховы здароўя адзначаў, што канчатковыя вынікі ў барацьбе з пандэміяй будуць падведзены пасля завяршэння эпідэмічнага сезона.

МІНСК, 2 сак – Sputnik. Новыя штамы каронавіруса ў Беларусі не зафіксаваны, заявіў у панядзелак у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" міністр аховы здароўя рэспублікі Дзмітрый Піневіч.

"Новыя штамы каронавіруса ў Беларусі не знойдзены: ні брытанскі, ні паўднёваафрыканскі. Мы штодня праводзім маніторынг сітуацыі з каронавірусам ў нашых калег на захадзе і ўсходзе", - сказаў ён.

Па словах кіраўніка Міністэрства аховы здароўя, вакцынная прафілактыка павінна адыграць вялікую ролю ў абароне насельніцтва Беларусі ад віруса.

"Спутник V" - гэта найпрыгажэйшы прэпарат, яго паказанні пашыраны да 60+ гэта для нас вельмі важна", - адзначыў Піневіч.

Ад  пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістраваны 288 267 тысяч выпадкаў каронавіруснай інфекцыі, памерлі 1985 пацыентаў. За мінулыя суткі ў рэспубліцы выявілі 961 новы выпадак COVID-19.

Вакцынацыя ад каронавіруса

26 лютага на прадпрыемстве "Белмедпрэпараты" вырабілі першую пробную партыю вакцыны ад каронавіруса "Спутник V" па расійскіх тэхналогіях.

Выпрабавальны разліў вакцыны пачаўся 1 сакавіка. У краіне плануюць выпускаць па 500 тысяч доз "Спутник V" у месяц - усё будзе залежаць ад магчымасцей і патрэб. Як распавёў дырэктар РУП "Белмедпрэпараты" Сяргей Бяляеў, выраблены прэпарат таксама зможа экспартавацца ў трэція краіны.

Чакаецца, што масавая вакцынацыя ў Беларусі пачнецца ў красавіку. Пакуль у ліку першых у рэспубліцы вакцынай "Спутник V" прышчапіліся медыкі, пачалася вакцынацыя настаўнікаў, сацработнікаў.

Чытайце таксама:

0
Тэги:
пандэмія, Ахова здароўя, Беларусь, каронавірус, Дзмітрый Піневіч
Тэмы:
Каронавірус COVID-19