У чорным спісе: лясны кот, расамаха ніколі не вернуцца ў Беларусь

92
(абноўлена 15:47 13.04.2015)
За апошнія 100 гадоў на Беларусі знікла 8 відаў жывёл, сярод якіх расамаха, хахуля, а таксама матылёк Апалон і малюск Жамчужніца.

У Сусветны дзень дзікай прыроды Sputnik прыводзіць пералік жывёл з Чорнага спісу Чырвонай кнігі Беларусі.

"Частка гэтых жывёл знікла ў сувязі з дзейнасцю чалавека, частка — з-за змены клімату. Іх ужо ніколі не атрымаецца вярнуць у дзікую прыроду Беларусі", — паведамілі Sputnik ў аўторак у Навукова-практычным цэнтры па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У спіс жывёл, што зніклі з беларускай фаўны, унесены лясны, або дзікі кот, расамаха, хахуля. Навукоўцы паведамілі, што асноўнай прычынай поўнага знікнення з беларускай фаўны папуляцыі хахулі называюць агрэсію з боку амерыканскай норкі.

Таксама ў спісе зніклых жывёл знаходзяцца чорны матылёк Апалон, двухстворкавы малюск Жамчужніца звычайная, выразуб, птушка дрофа — распавялі навукоўцы.

І яшчэ яны звярнулі ўвагу, што за апошнія 100 гадоў у Беларусі абжыліся чатыры інтрадуцэнтныя віды жывёл: амерыканская норка, андатра, янотападобны сабака і янот-паласкун.

92
  • Асетр балтыйскі
    © Pixabay

    У другой палове XX стагоддзя на Беларусі асяцёр балтыйскі ў іхтыялагічных звестках не ўзгадваўся.

  • Матылёк Апалон
    © Pixabay

    Матылёк Апалон - еўра-цэнтральнаазіяцкі від. Пад аховай у Еўропе. Уключаны у Чырвоны спіс МСАП. Уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (1993). На працягу апошніх 40 гадоў на тэрыторыі краіны не заўважаны.

  • Дрофа
    © Pixabay

    Апошні раз дрофу бачылі ў 1930-х гадах на Пружаншчыне (Брэсцкая вобласць). У 1820-х гадах гняздзілася ў паўднёвай частцы Беларусі да ваколіц гарадоў Гродна і Слонім. Да пачатку XX ст колькасць пачала рэзка зніжацца. Зарэгістраваны сустрэчы з птушкай ў 1900-1920-х гадах у Пінскім Палессі, у Пружанскім раёне і ў паўднёвай частцы Камянецкага раена Брэсцкай вобласці. На Гомельшчыне гняздзілася непадалёку ад Мозыра, Нароўлі, у Брагінскім і Добрушскім раёнах.

  • Хахуля - рэдкая жывёліна, занесена ў Чырвоную кнігу
    © Sputnik Ю. Евсюков

    Супрацоўніца Новахапескага запаведніка дэманструе хахулю.

  • Жамчужніца звычайная
    © Фото: Wikimedia Commons/Tom Meijer

    У Чырвонай кнізе Рэспублікі Беларусь жамчужніца звычайная з 1981 года. Малюск занесены ў Чырвоны спіс Еўропы, у Чырвоную кнігу РСФСР. Адзначалася ў вадаёмах Беларусі да сярэдзіны XIX стагоддзя.

  • Расамаха
    © Pixabay

    У XVII-XIX стст. расамаха сустракалася ў змяшаных і ліставых лясах Беларусі, Польшчы і Украіны. У гэты перыяд зарэгістравана яе з'яўленне ў лесастэпных раёнах і лясной зоне. З тэрыторыі Беларусі знікла ў сярэдзіне XIX ст.

  • Выразуб
    © Public Domain. Karelj

    Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя выразуб паднімаўся па Дняпры да ўскраін Беларусі і быў адзначаны ў рэках Прыпяць, Стрынь, Гарынь, Сож, Ясельда,Іпуць, Бярэзіна. Плаціна Дняпроўскай ГЭС (1932) перагарадзіла шлях рыбе сямейства карпавых, і з сярэдзіны XX стагоддзя гэты від у іхтыялагічных звестках не ўзгадваўся.

  • Лясны кот
    © Flickr/ Pim Stouten

    Апошнія звесткі пра ляснога ката ў Беларусі адзначаюцца ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Пазней на тэрыторыі краіны від не назіраўся.

Каментары