Ярмошына: беларускія выбары — самыя танныя у свеце

© Sputnik / Виктор ТолочкоСтаршыня ЦВК Лідзія Ярмошына у працоўным кабінеце
Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына у працоўным кабінеце - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Выбарчымі кампаніямі ў Беларусі прафесійна займаюцца толькі дзесяць чалавек, а на выбары-2015 мяркуецца патраціць 180 млрд беларускіх рублёў, гэта менш за два долары ЗША на выбаршчыка.

Тамара Бяляева, Sputnik

Прэзідэнцкую выбарчую кампанію 2015 года ўскладніць не наяўнасць або адсутнасць альтэрнатывы, а няпростая эканамічная сітуацыя ў краіне, пераканана старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць не пазней 20 лістапада 2015 года. Дзеючы кіраўнік дзяржавы заявіў аб тым, што павінен удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі.

"Моцных альтэрнатыўных (дзеючаму прэзідэнту — Sputnik) кандыдатаў мы пакуль не бачым. І тут усё будзе залежаць ад таго, якія яны будуць, гэтыя альтэрнатыўныя кандыдаты, і якую падтрымку — фінансавую і палітычную — яны будуць атрымліваць ад іншых сіл", — заявіла Ярмошына ў эксклюзіўным інтэрв'ю Sputnik.

Ярмошына: у нас няма ілюзій наконт прызнання выбараў АБСЕ

Кіраўнік ЦВК адзначыла, што на дадзеным этапе не бачыць якіх-небудзь асаблівых праблем з пункту гледжання палітычнага або тэхнічнага. Пры гэтым яна ўпэўнена, што ўся складанасць будучай выбарчай кампаніі будзе заключацца ў тых эканамічных праблемах, з якімі ўжо сутыкнулася Беларусь.

"Атмасфера гэтых выбараў шмат у чым будзе залежаць ад матэрыяльнага становішча нашых выбаршчыкаў. Бо менавіта гэта ўплывае на іх настрой. І гэта, хутчэй, не наша пытанне, гэта пытанне ўрада, якое адказвае за матэрыяльнае становішча грамадзян", — падкрэсліла Ярмошына.

Выбары як спосаб настаўніцкай падпрацоўкі

Кіраўнік ЦВК Беларусі ганарыцца, што беларускія прэзідэнцкія выбары — адны з самых танных у свеце. Да таго ж, па яе словах, у час выбарчай кампаніі педагогі могуць "трошкі падзарабіць".

"На першы тур выбараў, а ў нас пасля 1994 года ўсе выбары праходзяць у адзін тур, запланавана сума ў 180 млрд беларускіх рублёў, што на дадзены момант эквівалентна 12 млн долараў", — паведаміла кіраўнік ЦВК.

"Ці дорага гэта? Менш за два долары на выбаршчыка. Я думаю, што гэта не вельмі шмат", — сказала суразмоўніца Sputnik.

Паводле яе слоў, гэта значна менш, чым у Расіі. "Я ўжо не кажу па бедныя краіны Лацінскай Амерыкі, дзе на выбары трацяцца велізарныя сумы, таму што там утрымліваецца гіганцкі апарат, які забяспечвае правядзенне выбараў і нават разгляд спрэчак", — адзначыла Ярмошына.

Яна расказала, што асноўная сума, якая вылучаецца на правядзенне выбараў, ідзе на зарплату членаў выбарчых камісій. "З гэтых 12 млн долараў больш за 80% пойдзе ім на заработную плату. Такіх членаў выбарчых камісій па ўсёй краіне каля 80 тысяч. Гэтыя людзі атрымаюць невялікую заработную плату, у асноўным у дзень выбараў. Старшыня альбо вызвалены член камісіі будуць атрымліваць заработную плату на працягу ўсяго перадвыбарчага перыяду", — расказала яна.

Па словах Ярмошынай, як правіла, усе члены камісій працуюць на паўстаўкі і ў непрацоўны час.

"Гэта будуць невялікія сродкі, але яны для многіх з'яўляюцца досыць прывабнымі: у нас у асноўным у выбарчых камісіях працуюць педагогі, людзі з невялікімі заробкамі".

Кіраўнік ЦВК таксама паведаміла, што ў Беларусі толькі дзесяць чалавек займаюцца арганізацыяй выбараў прафесійна. "Гэта менш, чым у любой з краін СНД. У гэтым плане Беларусь цалкам адпавядае еўрапейскім стандартам, дзе выбары забяспечвае выканаўчая ўлада, і толькі невялікая колькасць людзей займаецца выбарамі прафесійна", — падкрэсліла суразмоўніца Sputnik.

Фінансы для кандыдатаў

Выбары-2015 пройдуць у рамках абноўленага выбарчага заканадаўства, нагадала старшыня Цэнтрвыбаркама.

"Мы змянілі фінансаванне — не даём грошай на агітацыю кандыдатаў", — адзначыла Ярмошына. Пры гэтым, па яе словах, закон мяняўся не таму, што "мы хацелі зэканоміць", ён будзе дзейнічаць і тады, калі краіна будзе "квітнець эканамічна".

"Тыя сродкі, якія калісьці планаваліся і выдавалі кандыдатам у прэзідэнты, былі вельмі нязначныя, проста смешныя. І на іх можна было вельмі мала вырабіць улётак і плакатаў. Іх не хапала на ўсю выбарчую кампанію, ні на што іншае кандыдаты іх патраціць не маглі. Укласці асабістыя сродкі яны таксама не маглі", — нагадала кіраўнік ЦВК.

У адпаведнасці з новым заканадаўствам ЦВК дазваляе кандыдатам фінансаваць сваю выбарчую кампанію ў пэўных межах. "Мы кажам, што вы становіцеся вальней ў сваіх выдатках і ў сувязі з гэтым ні капейкі не даём з бюджэту. А гэтыя грошы мы аддаём выбарчым камісіям, каб яны вырабілі інфармацыйныя плакаты і забяспечылі імі калі не кожнага выбаршчыка, то, як мінімум, кожную кватэру", — расказала яна. На думку Ярмошынай, у гэтым выпадку гаворка ідзе не аб эканоміі, а аб пераразмеркаванні сродкаў ад аднаго карыстальніка іншаму.

Стужка навiн
0