Майкл, прынц краіны, якой няма: першае каралеўскае інтэрв’ю Sputnik

© Photo : ВікіпедыяКаралеўства Сілэнд
Каралеўства Сілэнд - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Не падабаецца дзяржава? Зрабі лепей. Прыкладна так вырашыў паўстагоддзя таму грамадзянін Брытаніі, заняў платформу ля берагоў каралеўства і абвясціў яе краінай – Сілэндам, а сябе - князем. Дзеючы прынц Сілэнда Майкл даў эксклюзіўнае інтэрв’ю Sputnik.

Алена Васільева, Sputnik

Не без хвалявання карэспандэнт Sputnik накіравала афіцыйны запыт аб размове з прынцам Майклам у адміністрацыю Сілэнда і праз гадзіну атрымала каралеўскі адказ — "Дасылайце пытанні, я адкажу. Адпраўлена з iPhone прынца Майкла".

Такое каралеўскае інтэрв'ю вымусіла расхвалявацца — вядома, калі б яно праходзіла афлайн, дык можна было б абмежавацца нетрывіяльным журналісцкім пытаннем "How did you like Minsk?", але ж у Беларусі Майклу яшчэ не пашчасціла пабываць, і каб завязаць размову, прыйшлося капаць глыбей і пытаць пра мігрантаў, прыватнае каралеўскае жыццё і нават прасіць палітычны прытулак.

Але ж напачатку — хто ўвогуле такі прынц Майкл Бэйтс і што рабіць з палітычным прытулкам на Сілэндзе?

Першы ўрок Сілэнда. Застроіць Брытанію

З крызісам сярэдняга ўзроста брытанскі адстаўны маёра Пэдзі Роэм Бэйтс змагаўся проста — даплыў да марской платформы ў Паўночным моры, захапіў яе, абвясціў сябе мясцовым князем, а сваю сям'ю — кіруючый дынастыяй.

© Photo : WikipediaГерб і сцяг Сілэнда
Герб і сцяг Сілэнда - Sputnik Беларусь
Герб і сцяг Сілэнда

Хутка ў краіны плошчай у 5,5 сотак з'явіўся сцяг, герб і гімн, канстытуцыя, калекцыйныя паштовыя маркі і нават манеты. Беларусі да манет прыйшлося эвалюцыянаваць дзесяцігоддзі, а пра сваё "ад мора да мора" ўспамінаем дагэтуль. Сілэнд ад пачатку заснаваўся пасярод мора, а пасля пяці год пасля заснавання стварыў першыя манеты.

Так атрымаўся Сілэнд, дзяржава татальнай народнай любові. Сілэнд шчыра, аддана, шчамліва любіць кожны з адзінаццаці яго грамадзянаў і яшчэ 95 тысячаў падпішчыкаў на Facebook. Сілэнд нават уступаў у свой час у канфлікт з Брытаніяй — першы ягоны кіраўнік абстраляў папераджальнымі залпамі брытанскае судна, што падышло да яго мяжы. Рэакцыі Брытаніі не было, і прыхільнікі незалежнасці Сілэнда палічылі гэта прызнаннем краіны.

Другі ўрок Сілэнда. Толькі любоў

Тры гады таму спадар Бэйтс пайшоў з жыцця — пра смерць першага князя віртуальнай краіны гаварылі нават ВВС. Цяпер на чале каралеўства ягоны сын, Майкл Бэйтс, які пагадзіўся пагаварыць са Sputnik. Сам Майкл падчас гутаркі знаходзіўся не на платформе, а ў Брытаніі — маўляў, любіць падарожнічаць.

"Асабліва я люблю Тайланд. На Сілэндзе, безумоўна, праводжу вялікі адрэзак часу, бацька прывёз мяне сюды ўпершыню яшчэ малым, але ж трэба і выбірацца", — тлумачыць карэспандэнту Sputnik каралеўская асоба.

Футбольная каманда Сілэнда, дарэчы, таксама трэніруецца на брытанскіх землях. Ну так, у краіны ёсць свая каманда.

"У Сілэнда нават дзве футбольныя каманды. Адна звычайная, а адна — узорная, якая выступае на асабліва важных турнірах. Дарэчы, мы і ў "Еўрабачанні" паўдзельнічалі б, але пакуль не запрашаюць", — пагаджаецца прынц на актыўны ўдзел у еўрапейскім жыцці.

© Photo : старонка Сілэнда на FacebookТак на Сілэндзе праходзіў паў-марафон
Так на Сілэндзе праходзіў паў-марафон - Sputnik Беларусь
Так на Сілэндзе праходзіў паў-марафон

Дарэчы, у жыцці Сілэнда таксама можна прыняць удзел, пытанне гэта выключна грашовае і залежыць ад таго, у якой ступені глыбока вы хочаце інтэгрыравацца ў жыццё віртуальнай дзяржавы і наколькі высокімі амбіцыямі валодаеце. Тытул барона ці баранэсы Сілэнда можна купіць наўпрост на афіцыйным сайце гэтай ідэальнай з усіх бакоў краіны — за 29,99 фунтаў. Ганаровая грамата, што паведамляе пра вашую прыналежнасць да тытулаванай дынастыі прыйдзе за подпісам самога прынца Майкла Бэйтса. Рыцарам Сілэнда можна стаць за 99,99 фунтаў, графам — за 199,99.

© Photo : з афіцыйнай старонкі Сілэнда на FacebookЦырымонія ўзнагароджвання новага лорда СІлэнда
Цырымонія ўзнагароджвання новага лорда СІлэнда - Sputnik Беларусь
Цырымонія ўзнагароджвання новага лорда СІлэнда

Анлайн-магазін Сілэнда працуе добра, а Майкл аператыўна адказвае на лісты, што сыпяцца на айфон, бо з правядзеннем сюды інтэрнэта гэтаксама склалася цэлая гісторыя. У 2000 годзе фірма HavenCo размясціла на платформе свой хостынг, наўзамен ўрад Сілэнда абавязаўся гарантаваць непахіснасць заканадаўства аб свабодзе інфармацыі (у дачыненні да інтэрнэту ў краіне дазваляецца ўсё, акрамя спаму, хакерскіх нападаў і дзіцячай парнаграфіі).

Калі асаблівых манархічных амбіцыяў не маеце, дык можаце проста набыць ID-картку — ўсяго за 25 фунтаў.

"Набыць ID — не значыць атрымаць грамадзянства, каб стаць грамадзянінам Сілэнда патрэбны адпаведны пашпарт", — тлумачыць прынц Майкл, але ж сакрэту, колькі ганаровых граматаў ужо прададзена па ўсім свеце не кажа — маўляў, тое таямніца, бо гэтыя тытулы і ёсць асноўная крынiца даходу краіны. Прынц кажа, яны спрабавалі шукаць вакол платформы нафту, але суровая рэчаіснасць вымусіла жыць не з нафты, а з продажу тытулаў і сувенірных сілэндскіх маек.

"Да нас часта паступалі просьбы аб палітычным прытулку, але дагэтуль мы не давалі яго нікому. Пачакаем, што будзе далей. Вам патрэбны?" — пытаецца Майкл.

Карэспандэнт Sputnik выказвае меркаванне, што на Сілэнд беларускім студэнтам можна было б "касіць" ад размеркавання, і атрымлівае адмову — не, вашых размеркаванцаў прымаць не будзем, не пераканалі.

У саміх грамадзян на Сілэндзе праблемаў з эміграцыяй і пошукам палітычнага прытулку няму — манарха падтрымлівае кожны з адзінаццаці сілэндцаў. Майкл кажа, апазіцыі ў краіне няма — усе жывуць у міры і любові. Афіцыйны дзяржаўны строй — канстытуцыйная манархія.

"Мы абралі манархію, каб спрасціць законы (галоўнае слова — законы). Мы заўсёды спадзяваліся, што аднойчы ў нас з'явіцца Сенат", — тлумачыць Майкл асаблівасці функцыянавання палітыкі ў краіне.

"А што наконт манархічных шлюбаў? Прынц Сілэнда можа браць шлюб толькі з прадстаўнікамі каралеўскіх сем'яў?" — "Не, можна і з нетытулаванымі асобамі, ёсць нейкія прапановы з Беларусі?"

Трэці ўрок Сілэнда. Любі суседа, але не давай яму пашпарт

Імя Сілэнда без ведама ўрада аказалася ўцягнута ў грандыёзную афёру. У 1997 годзе ў поле зроку Інтэрпола патрапіў разгалінаваны інтэрнацыянальны сіндыкат, што намагаўся наладзіць гандаль фальшывымі пашпартамі. Звыш 150 тысяч фальшывых пашпартоў (у тым ліку дыпламатычных), універсітэцкіх дыпломаў і падобных дакументаў былі прададзеныя грамадзянам Ганконга і Ўсходняй Еўропы.

У адрозненні ад тытула, набыць пашпарт Сілэнда не атрымаецца — імі краіна ніколі не гандлявала. Больш за іншыя праблемы чалавецтва, Майкла хвалюе праблема мігрантаў.

"Гэта складанае пытанне. Сэрцам я разам з сем'ямі мігрантаў, што відавочна пакутуюць. Мне здаецца, ім варта шукаць ціхія краіны непадалёк ад радзімы, дзе яны маглі б атрымаць абарону, пакуль іх родныя краіны не вернуцца да нармальнага жыцця. Ні ў каго няма ідэальнага рашэння, але і змешванне ў Еўропе людзей розных рэлігій і культур не здаецца мне такім", — распавядае Майкл карэспандэнту Sputnik.

Адным словам, дзіцячы аргумент "Калі не падабаецца — вазьмі і зрабі лепей" спрацоўвае нават у масштабах краіны. Нешта не падабаецца? Ну і дзе твой Сілэнд ад мора да мора?

Стужка навiн
0