ЦВК Беларусі

Конкурс на парламенцкіх выбарах даходзіць да 13 чалавек на месца

10
(абноўлена 10:51 17.09.2019)
Самы высокі сярэдні конкурс на месца ў парламенце склаўся у Мінску, самы нізкі - у Гомельскай вобласці.

МІНСК, 17 вер - Sputnik. Каля тысячы чалавек паспрабуюць стаць кандыдатамі ў дэпутаты шляхам збору подпісаў у бягучую выбарчую кампанію, адпаведныя лічбы апублікаваныя ЦВК Беларусі.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пройдуць у Беларусі 17 лістапада. Вылучыцца кандыдатам грамадзянін можа трыма спосабамі: шляхам збору подпісаў, ад працоўнага калектыву ці ж партыі.

У выбарчыя камісіі было пададзена 503 заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп для збору подпісаў, зарэгістравана 487.

Самы вялікі "конкурс" можа скласціся ў Мінску - зараз на 20 акругаў прыходзіцца 139 прэтэндэнтаў, і гэта без уліку тых, хто будзе вылучацца ад партыяў ці калектываў. Дарэчы, у некаторых акругах колькасць зарэгістраваных груп ужо даходзіць да 13.

Самы нізкі "конкурс" пакуль фіксуецца па Гомельскай вобласці - у сярэднім каля трох груп на кожную акругу.

Большасць з тых, хто зарэгістраваў ініцыятыўныя групы - 76,4% - з'яўляюцца беспартыйнымі. Сярод тых, хто складаюцца ў палітычны партыях, найбольш актыўныя прадстаўнікі Камуністычнай партыі (КПБ) і Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП).

Працоўныя калектывы і партыі могуць вылучаць сваіх кандыдатаў да 7 кастрычніка. Рэгістрацыя кандыдатаў пройдзе з 8 па 17 кастрычніка ўключна і завершыцца роўна за месяц да выбараў.

10
Тэги:
ЦВК Рэспублікі Беларусь, Парламенцкія выбары, Беларусь

Палітыка