Галасаванне на выбарах у Палату прадстаўнікоў

70 назіральнікаў выдалілі з выбарчых участкаў за парушэнні - ЦВК

9
(абноўлена 09:33 25.11.2019)
Па словах кіраўніка Цэнтрвыбаркама, такая колькасць выдаленых з выбарчых участкаў назіральнікаў стала рэкорднай у гісторыі выбараў у рэспубліцы.

МІНСК, 25 ліс - Sputnik. Не менш за 70 назіральнікаў былі выдалены за парушэнні закона з участкаў падчас выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання ў Беларусі. Пра гэта старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла ў эфіры тэлеканала АНТ у нядзелю.

Па словах кіраўніка Цэнтрвыбаркама, такая колькасць выдаленых з выбарчых участкаў назіральнікаў стала рэкорднай у гісторыі выбараў у рэспубліцы.

"У нас ніколі не было такой колькасці выдаленых назіральнікаў: іх у гэты раз было 105, праўда, 35 выпадкаў - гэта фальшывыя дакументы (35 прадстаўнікоў АГП пазбавілі акрэдытацыі за падробку подпісаў). Але ўсё роўна 70 чалавек - гэта асобы, выдаленыя за парушэнні закона", - канстатавала Ярмошына.

Яна адзначыла, што ўсе арганізатары выбараў ацэньваюць гэтую выбарчую кампанію як канфліктную і скандальную - "такіх выбараў яны не ведалі". Кіраўнік ЦВК таксама падкрэсліла, што з моманту з'яўлення заходніх назіральнікаў, асабліва кароткатэрміновых, "пэўныя палітычныя сілы сталі спрабаваць паказаць усяму свету, што ў нас усё вельмі дрэнна".

Лідзія Ярмошына таксама пракаменціравала папярэднюю справаздачу назіральнікаў (у прыватнасці, ад АБСЕ, а таксама Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы): "Калі б у парламенце з'явіліся дэпутаты ад апазіцыйных партый, адзнака была б зусім іншай. У нас на гэты раз не абраная апазіцыя - гэта паўплывала на ўсё", - рэзюмавала яна.

"Паміж гэтымі выбарамі і прэзідэнцкімі будзе шмат агульнага"

"Выбарчыя камісіі ўспомнілі закон, страсянуліся. Бо многія з іх пяройдуць потым у тэрытарыяльныя ўчастковыя камісіі на выбары прэзідэнта, вось вам і тэхналогіі. Паглядзелі, якія месцы лепш адводзіць для вядзення перадвыбарнай агітацыі", - прывяла шэраг прыкладаў Лідзія Ярмошына, адзначыўшы, што толькі у гэтым плане можна лічыць парламенцкія выбары своеасаблівай "рэпетыцыяй".

Кіраўнік ЦВК таксама выказала здагадку, ці варта чакаць сюрпрызаў на прэзідэнцкіх выбарах-2020. На яе думку, гэта будзе зусім іншая кампанія ў параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года.

"Але не па адносінах да гэтых. Паверце, паміж гэтымі выбарамі (парламенцкімі 2019 года) і прэзідэнцкімі (2020 года) будзе вельмі шмат агульнага ў нейкіх падыходах. Гэта чыста будуць тэхналагічныя падыходы, якіх грамадства не заўважыць. Гэта заўважаць тыя, хто непасрэдна будзе ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі - арганізатары выбараў. Але яны будуць блізкія", - запэўніла яна.

9
Тэги:
Беларусь, Парламенцкія выбары, Лідзія Ярмошына
Тэмы:
Парламенцкія выбары - 2019 (97)

Палітыка