Рэканструкцыя падзеяў 1812 года на Беразіне

Падарожжа ў мінулае адбудзецца на выходных

24
(абноўлена 11:18 17.06.2016)
Штогадовая гістарычная фэст-рэканструкцыя падзей 1812 года адбудзецца на базе аграсядзібы "Залатая шпора" у вёсцы Міжрэчча Валожынскага раёна.

МІНСК, 16 чэр — Sputnik. Рэканструкцыя, падчас якой можна ўбачыць кавалерыйскую атаку, наступленне пяхоты, апынуцца на шляхетскім балі альбо на кірмашы рамёстваў, ладзіцца не першы год і збірае людзей, захопленых даўніной і гледачоў на Валожыншчыне.

Адны з удзельнікаў сёлятнега свята — СЭТ (Студэнцкае этнаграфічнае таварыства) — будуць працаваць у зоне аграсядзібы, прысвечанай народнай культуры, і прэзентуюць праграму "Святочны кiрмаш на Троіцу". З дапамогай даследчыкаў з СЭТа госці атрымаюць магчымасць пагрузіцца ў атмасферу народнага побыту і адчуць, як жылі нашыя продкі, а таксама навучацца традыцыйным беларускім танцам. Прагучаць лірычныя і абрадавыя песні Беларусі 19-га стагоддзя.

На сельскiм кірмашы, зладжаным на аграсядзібе, можна будзе набыць сувеніры або разам з народнымі майстрамі паспрабаваць прасць, каваць, вышываць ці ткаць.

У ахвотных будзе магчымасць узяць урокі фехтавання і ўбачыць паказальныя выступленні майстроў Старажытнай шабельнай школы Рэчы Паспалітай, а таксама атрымаць урокі ампірных танцаў: навучыцца асноўным фігурам мазуркі, вальса і паланэза, а пасля трапіць на шляхецкі баль.

У вайсковым лагеры беларускай кавалерыі, дзе раскватаруюцца салдаты і афіцэры 17-га ўланскага палка Вялікага княства Літоўскага, можна будзе асядлаць баявога каня, паспрабаваць авалодаць пікай або кавалерыйскай шабляй.

У фестывалі возьмуць удзел каля 40 кавалерыстаў, якія будуць прадстаўляць як Французскую Вялікую Армію, так і Рускую Імператарскую Гвардыю.

Грандыёзная баталія завершыць фестываль, а затым адбудзецца фінальны парад.

Падчас сёлетняга свята ўпершыню прыме гасцей карчма з аўтарскай беларускай кухняй. Увесь час свята будзе працаваць мноства кропак анімацыі.

Адбудзецца фестываль-рэканструкцыя "Залатая шпора" 18 — 19 чэрвеня, падрабязнасці даезду і праграмы — на сайце фестывалю.

24
Тэги:
Культура і адпачынак, Валожынскі раён, Беларусь
Каментары