Каляды ў Беларусі

"Калядны фэст-2016" адбудзецца ў Мінску 25 снежня

64
(абноўлена 00:20 23.12.2016)
Кожны гурт — удзельнік фестывалю падрыхтаваў сюрпрызы для наведвальнікаў — ад выканання прэм’ер да замалёвак на калядную тэматыку.

МІНСК, 22 сне — Sputnik. Штогадовы фестываль сярэднявечнай і фолк-музыкі "Калядны фэст" пройдзе ў сталічным клубе Re: Public 25 снежня. У музычным марафоне традыцыйна возьмуць удзел лепшыя калектывы фолькавага накірунку — "Палац", "Стары Ольса", Znich, Irdorath, Trollwald, "Гістрыён", Vuraj.

Напярэдадні фэстываля карэспандэнт Sputnik патэлефанаваў кожнаму з яго ўдзельнікаў і даведаўся, якія сюрпрызы яны рыхтуюць для прыхільнікаў сярэднявечнай музыкі і як ставяцца да самаго фэсту як да з'явы.

Усе апытаныя музыкі сышліся ў меркаванні, што "Калядны фэст" — мерапрыемства з асаблівай святочнай, вясёлай атмасферай і выступае ў якасці своеасаблівага злучальніка паміж гісторыяй, традыцыямі і сучаснасцю.

"Калядны фэст" — гэта вяртанне старых традыцый, вяртанне аднаго з самых светлых традыцыйных беларускіх святаў. І адпаведна гэты настрой перадаецца музыкам. Я нават лічу, што гэты настрой неяк генетычна закладзены. У гэты час хочацца свята і адчуванне нейкае святочнае прысутнічае ў кожным", — распавёў лідэр гурта "Стары Ольса" Зміцер Сасноўскі.

Ён таксама адзначыў, што "Стары Ольса" на "Калядным фэсце" выканае урачыстыя вясёлыя кампазіцыі, сыграе некалькі кавер-версій рок-класікі, некаторыя рэлігійныя кампазіцыі і паабяцаў шмат сярэднявечных танцаў.

Гурт "Палац" сыграе на фестывалі песні з больш электроннай аранжыроўкай і прадставіць новую песню.

"Нам бы хацелася на фоне нашых калегаў, нашых паплечнікаў, якія будуць граць больш акустычныя і нават фолк-металічныя рэчы, усё ж такі звярнуць увагу на фальклор, звязаны з тэхналогіямі сінтэзатарнымі альбо сэмплернымі. Для нас гэта важна, таму што мы лічым, што ў фальклоры ў будучыні менавіта гэтае адгалінаванне будзе мець больш актыўнае развіццё", — распавёў лідэр і зазнавальнік "Палацу", родапачынальнік "Каляднага фэсту" Алег Хаменка.

Сапраўдны сюрпрыз сваім прыхільнікам на "Калядны фэст" рыхтуе гурт Irdorath — з фестывальнай сцэны ад гурта будзе аб'яўлена вельмі важная і прыемная навіна, не абыйдзецца і без прэм'ер. Вакаліст гурта Уладзімір Ірдарат запэўніў, што на фэсце гурт выканае "самае лепшае".

"Калядны фэст — гэта ўжо традыцыйны адрыў напрыканцы года. На фестываль збіраюцца не толькі нашыя прыхільнікі, але і ўся моц нашага фолк-руху, там лунае вельмі моцная энергетыка, на фестывалі заўжды радасна і весела. Мы вельмі рады, што мы ўжо чацвёрты год запар уваходзім у залаты склад гэтага фестывалю", — распавёў вакаліст гурта.

"Мы вельмі любім гэты фестываль. Гэта выдатнае мерапрыемства. Мы на ім гралі яшчэ ў тыя часы, калі былі Litvintroll, а першы выступ Trollwald адбыўся менавіта на "Калядным фэсце". Вельмі душэўны фестываль", — адзначыў вакаліст гурта Trollwald (ex-Litvintroll) Андрэй Апановіч.

Лідэр гурта Znich Алесь Таболіч распавёў, што сёлета "мы зробім нешта такое, чаго не было ў мінулым годзе". Музыка падзяліўся, што гурт пачне свой выступ з народнай песні "Каляда калядзец".

"Гэта адзін з наймацнейшых зімовых фестываляў. Я яго параўноўваю з "Купальскім колам", на які таксама збіраецца шмат прадстаўнікоў альтэрнатыўнай, фолкавай і металічнай тусоўкі і які таксама прысвечаны дню сонцастаяння", — сказаў Таболіч.

Музыка выказаў здагадку, што людзі любяць наведваць і "Калядны фэст", і "Купальскае кола" менавіта таму, што дух продкаў, народныя святы з казой і народнымі песнямі блізкія беларусам па духу, а гэтага не знойдзеш на іншых фестывалях.

Удзельнікі калектыву "Гістрыён" адзначылі, што "Калядны фэст" для ніх заўжды карнавал і магчымасць як след павесяліцца і прыдумаць нешта незвычайнае.

"Ужо другі год запар мы рыхтуем для фэста невялікія тэатральныя замалёўкі, якія будзем паказваць у перапынках паміж выступленняў гуртоў. Замалёўкі гэтыя на калядную тэматыку — летась нашыя калядоўшчыкі згубілі і знайшлі казу, а сёлета мы ўзгадаем каляднае паданне пра цмока і сонца. Думаю, сюрпрызам стануць нашыя персанажы, але што за яны, пакуль казаць не будзем", — распавялі ўдзельнікі калектыву.

Музыкі з гурта Vuraj распавялі, што падчас мерапрыемства зробяць акцэнт на калядных песнях, зайграюць песні "Святы вечар", "Шчодры вячор", а таксама развучаць адну з калядных песень разам з усімі наведвальнікамі фэсту і заспяваюць разам з імі. "Гэта добрая нагода — зрабіць такое свята, прысвечанае калядам", — адзначылі музыкі.

"Калядны фэст-2016" адбудзецца 25 снежня ў сталічным клубе Re: Public, пачатак у 17:30; кошт квіткоў складае 25 рублёў папярэдне, 30 — у дзень канцэрту.

64
Тэги:
Музычныя жанры, Каляды, Палац (гурт), Стары Ольса (гурт), Зміцер Сасноўскі, Алег Хаменка, Алесь Таболіч, Мінск, Беларусь
Фестываль кельцкай культуры Бельтайн

Дудары, файер-шоу і ірландскія танцы: свята "Бельтайн" адкрывае фестывальны сезон

28
(абноўлена 21:35 26.04.2021)
Феерычную змену цёмнай паловы года на светлую будуць адзначаць у Цэнтральным батанічным садзе па старажытнай кельцкай традыцыі

МІНСК, 27 кра – Sputnik. Урачыстае адкрыццё беларускага фестывальнага сезона – 2021 адбудзецца 1 траўня на тэрыторыі Цэнтральнага батанічнага сада, дзе пройдзе вясновае этнічнае свята "Бельтайн", прысвечанае культуры, музыцы і традыцыям кельтаў!

Для гасцей фестывалю арганізатары падрыхтавалі шматлікія інтэрактыўныя пляцоўкі і лакацыі. Прыхільнікаў кельцкай культуры чакаюць трукавыя паядынкі на халоднай і дрэўкавай зброі, гульні шатландскіх горцаў (кіданне бервяна, кіданне піўной бочкі, барацьба на руках), традыцыйныя абрады друідаў і варажба на рунах, а таксама знакамітыя ірландскія танцы.

На галоўнай пляцоўцы свята пройдзе традыцыйны выбар Майскай каралевы. Падчас фестывалю можна будзе таксама сустрэць і аднаго з самых таямнічых персанажаў кельцкага фальклору – містычнага "Зялёнага чалавека", а яшчэ завітаць на вялікі рынак рамеснікаў і адмысловы фудкорт з рознымі пачастункамі і гарачым глінтвейнам.

Жадаючыя змогуць паспрабаваць свае сілы ў лучным і арбалетным ціры, навучыцца сапраўднаму фехтаванню, спасцігнуць кельцкі дзэн у лакацыі баланс-бордаў, паўдзельнічаць у манетным атракцыёне і здабыць перамогу ў старажытных настольных гульнях. Тых жа, хто захоча на пэўны час стаць сярэднявечным рамеснікам, чакаюць шматлікія майстар-класы, сярод якіх традыцыйнае мылаварэнне і вытворчасць свечак, майстар-клас па чаканцы, ганчарны майстар-клас і інш. А вось дакрануцца да таямніцы друідаў дапаможа эка-квэст "Майскае дрэва".

Аматары этнічнай музыкі таксама атрымаюць задавальненне: гасцей фестываля чакае вялікі open-air канцэрт з выступленнямі вядомых калектываў, сярод якіх Всё_Crazy, PAWA, Cloverland, Няміга, Hard Wood, Без Панікі, KaS, студыя этнічнага танца і музыкі "Кетры" і інш. Аздобіць свята і непераўзыдзенае шоу дудароў.

На тэрыторыі фестывалю будуць працаваць і інтэрактыўныя фотазоны – "Шаманскі куток", "Дрэва жаданняў", "Фотозона з жывымі птушкамі", "Шацёр Чараўніцы".

А ўвечары на галоўнай пляцоўцы адбудзецца самая яскравая падзея свята – конкурс вогненных і піратэхнічных тэатраў, на які немагчыма глядзець без захаплення!

Дзе: Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі

Калі: 1 траўня, пачатак у 11:00

Кошт квітка: ад 6 да 12 руб.

28
Тэги:
Цэнтральны батанічны сад, Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі, Бельтайн, ірландскія танцы, вогненныя тэатры, дудары
Дудуткі. Рыцары ў прадчуванні паядынкаў

Дудуткі запрашаюць у беларускае сярэднявечча на сапраўдны рыцарскі турнір

33
(абноўлена 21:08 06.04.2021)
Інтэрактыўны гістарычны праект "Легендарныя эпохі" вяртаецца ў знакаміты музейны комплекс ля вёскі Птіч.

МІНСК, 7 кра – Sputnik. У вясновым сезоне на тэрыторыі музейнага комплекса "Дудуткі" аднаўляецца папулярная інтэрактыўная праграма, удзельнікі якой кожныя выхадныя будуць даведвацца пра самыя значныя эпохі, падзеі і асобы, якія пакінулі прыкметны след у гісторыі Беларусі.

10 красавіка адбудзецца першае мерапрыемства, прысвечанае Рыцарам Вялікага Княства і цікавым сярэдневяковым беларускім традыцыям. Займальны экскурс у гісторыю беларускай дзяржавы пачнецца з аповеда пра даспехі, зброю і тактыку бою сярэднявечных войскаў.

Дудуткі. У чаканні саперніка па турніры
© Photo : "Берсерк"
Дудуткі. У чаканні саперніка па турніры

Наведвальнікаў Дудутак чакаюць рыцарскія баталіі, старажытныя танцы, традыцыйныя гульні і рамёствы бяларускага сярэднявечча.

Гасцей свята ахіне атмасфера часоў высакародных рыцараў і вандроўных менестрэляў з касцюміраваным тэатралізаваным прадстаўленнем і пастановачнымі паядынкамі!

На працягу ўсяго дня наведвальнікі будуць мець магчымасць адчуць прыгажосць беларускай сярэднявечнай музыкі і змогуць паўдзельнічаць у майстар-класах па старажытных танцах.

Дудуткі. Хутка пачнуцца бугурты
© Photo : "Берсерк"
Дудуткі. Хутка пачнуцца бугурты

Арганізатары свята падрыхтавалі розныя інтэрактыўныя лакацыі з сярэдневяковымі гульнямі і забавамі, уключаючы лучны і арбалетны цір, а такасама шмат іншага.

Дарэчы, праграмы ў межах праекта "Легендарныя эпохі" будуць праходзіць кожную суботу з 12 да 17 гадзін і будуць прысвечаны розным гістарычным перыядам. Таму кожны, хто пажадае, зможа і сэрцам, і рукой дакарнуцца да беларускай спадчыны праз імклівыя стагоддзі!

Дзе: Музейны комплекс старадаўніх рамёстваў і тэхналогій "Дудуткі" (Мінская вобласць, ля в. Птіч).

Калі: 10 красавіка, пачатак у 12:00.

Кошт квітка: дарослы – 14 руб., дзіцячы – 7 руб., дашкольнікі – бясплатна.

33
Тэги:
вёска, эпоха, праект, Рыцарскі турнір, турнір, Сярэднявечча, Музейны комплекс "Дудуткі", Дудуткі
Будслаўскі касцёл пасля пажару

СК дазволіў каталікам пачаць рамонтныя работы ў Будслаўскім касцёле

5
(абноўлена 10:55 13.05.2021)
Ва ўнікальны арган, які ўсталяваны ў касцёле, патрапіла вада, калі тушылі пажар, у Будслаў ужо прыехаў спецыяліст па дэмантажы і кансервацыі рэдкіх музычных інструментаў.

МІНСК, 13 тра - Sputnik. Прадстаўнік Папы Рымскага ў Беларусі Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч наведаў касцёл у Будславе, дзе два дні таму адбыўся пажар, паведамляе сайт catholic.by.

У мінулы аўторак раніцай на даху Будслаўскага касцёла ўзнік пажар, яго тушылі некалькі разлікаў МНС. Па факце пажару СК распачаў крымінальную справу, гаворка ідзе пра халатнасць.

"Нунцый агледзеў пацярпелы ад агню касцёл, а таксама сустрэўся з кіраўніком спецыяльнай камісіі па ліквідацыі наступстваў пажару біскупам Аляксандрам Яшеўскім і настаяцелем храма ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам", - паведамляе партал беларускіх каталікоў.

Рамонт ужо можна пачынаць

Удакладняецца, што пакуль службы ў той частцы храма, якая не пацярпела пры пажары, не будуць адноўленая, кампетэнтныя дзяржорганы выпісалі пастанову на поўную забарону эксплуатаваць культавы будынак. Таксама паведамляецца, што ў Будслаў прыбыў спецыяліст для дэмантажу і кансервацыі ўнікальнага аргана XVIII стагоддзя, які знаходзіцца на хорах Будслаўскага касцёла: у яго падчас тушэння пажару патрапіла вада.

Разам з тым, у Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Sputnik паведамілі, што напярэдадні ўвечары следчыя далі дазвол на тое, каб у касцёле пачалі праводзіць рамонтныя і рэстаўрацыйныя працы. Па словах суразмоўцаў агенцтва, у Будслаў ўжо прыбылі альпіністы, якія будуць дэмантаваць бэлькі згарэлай страхі храма.

У сваю чаргу рэстаўратары аднаго з буйных беларускіх музеяў распавялі агенцтву, што рэстаўрацыйныя работы ў пацярпелым храме ўжо можна пачынаць. Па іх словах, у Беларусі ёсць дастатковая колькасць рэстаўратараў высокага ўзроўню, які змогуць ацаніць узровень страт у храме і аднавіць яго.

Што ўжо зроблена

Як паведамляе Telegram-канал “Адновім Будслаў разам!” да чацвярга ўжо праведзены некаторыя працы:

  • прыбрана тэрыторыя вакол касцёла (спатрэбіцца паўторная пасля таго, як разбяруць дах, спатрэбіцца дапамога валанцёраў)
  • разабраны абгарэлыя часткі ўнутры касцёла, прыбрана вуголле
  • паднятыя на прастаўкі для прасушкі алтары і драўляныя лавы
  • праведзены работы па прасушцы аргана
  • пачаліся работы па разбору завалаў на даху

Чым вядомы касцёл у Будславе

Будслаўскі касцёл носіць статус Нацыянальнага санктуарыя (пахавальні) Маці Божай Будслаўскай. У ім знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай, якая лічыцца нябеснай заступніцай беларускіх каталікоў. Акрамя гэтага касцёл у Будславе з'яўляецца помнікам архітэктуры і гісторыі. Гэта адзін з трох храмаў у Беларусі, якія носяць тытул "малая базіліка". У храме служаць святары з ордэна бернардынцаў (францысканцаў).

Першыя згадкі аб будаўніцтве храма ў Будславе ставяцца да 1504 года. Касцёл таксама яшчэ вядомы Будслаўскім фэстам, калі паломнікі з усёй Беларусі ў пачатку ліпеня кожны год прыязджалі пакланіцца цудатворнаму абразу. Будслаўскі фэст у асобныя гады збіраў да 50 тысяч паломнікаў, у тым ліку, з Літвы, Украіны, Польшчы, Расіі. Будслаў таксама заўсёды наведвалі высокапастаўленыя кардыналы з Ватыкана, калі прыязджалі з візітамі ў Беларусь.

У касцёле ўстаноўлены унікальны арган, які пабудаваны ў 1771 годзе віленскім майстрам Никалаўсам Янцонам.

"Такіх арганаў у цяперашні час толькі два, адзін у Будславе, другі ў Літве. Унікальнасць гэтых двух арганаў у тым, што яны не падвяргаліся перабудове з моманту стварэння", - распавялі Sputnik у Мінскай-Магілёўскай епархіі Рымска-Каталіцкай царквы ў РБ.

11 мая 2021 года касцёл пацярпеў ад пажару, у выніку якога згарэў і абваліўся дах, моцна пашкоджаны скляпенні і іншыя будаўнічыя канструкцыі.

Чытайце таксама:

5
Тэги:
арган, касцёл, Будслаў, Каталікі, СК РБ