Джазавыя вечары ля Ратушы

"Джазавыя вечары" ў Мінску распачынаюць юбілейны сезон

28
(абноўлена 15:04 27.10.2017)
Хэдлайнерамі фестывалю выступяць Скот Хэндэрсан, Крысціан Галвэз і Кліўленд Джонс.

МІНСК, 26 мая — Sputnik. 10, 17 і 24 чэрвеня ў Мінску каля Ратушы адбудуцца канцэрты пятага сезону праекта "Джазавыя вечары", на якіх выступяць музыкі з ЗША, Нідэрландаў, Францыі, Чылі, Туніса, Туркменістану і Беларусі.

У праграме пятага сезону вакальныя і інструментальныя выступы розных стыляў і напрамкаў: этна-джаз, класічны джаз, свінг, арыентал-джаз, ф'южан, джаз-фанк, джаз-соўл, модэрн-джаз, мэйнстрым, рытм-энд-блюз, кантэмпарары і іншых.

10 чэрвеня зоркай вечару будзе знакаміты Скот Хэндэрсан (ЗША), уладальнік тытулаў "Джазавы гітарыст №1" (па версіі часопіса Guitar World) і "Лепшы джазавы гітарыст" (па версіі Guitar Player). Ён выступіць у суправаджэнні французскіх музыкаў Арчыбальда Лаганьера (бас) і Рамана Лабайе (бубны). Таксама на сцэну выйдуць: спявак і мультыінструменталіст Харысан Янг (ЗША/Нідэрланды), этна-джазавы дуэт Agata (Беларусь), VIP-jazz Андрэя Славінскага.

17 чэрвеня сваю праграму прадставіць бас-гітарыст Крысціан Галвэз (Чылі), пераможца прэміі Altazor як лепшы джазавы выканаўца Лацінскай Амерыкі ў 2000 і 2004 гадах, а таксама намінант American Music Awards 2005, які выступіць з трубачом Крысціанам Куцюруфо (Чылі) і бубначом Назарам Рэджэпавым (Туркменістан). Таксама гледачоў чакае сустрэча з канцэртным аркестрам Барыса Мягкова (Беларусь) і "Трыа Канстанціна Гарачага" (Беларусь).

24 чэрвеня музычную эстафету падхопіць Кліўленд Джонс (ЗША) — спявак, кампазітар, які выконвае сімбіёз госпелу, рытм-энд-блюзу, фанку і традыцыйнага джазу, уладальнік бязмежных вакальных магчымасцяў і тытулу "Адкрыццё году" ад аўтарытэтнага сайта SoulTracks.com. Таксама выступяць: кампазітар, гітарыст, лютніст і спявак Набіль Хэмір (Туніс), вакальны квартэт Minsk Voices (Беларусь), Premier Orchestra (Беларусь).

Стартаваўшы ў 2013 годзе, "Джазавыя вечары" хутка сталі адным з улюбёных мерапрыемстваў мінчукоў. Удзел лепшых музыкаў з розных краін і асаблівая атмасфера летняга горада забяспечылі кожнаму выступу шматтысячны аншлаг. Менавіта "Джазавыя вечары" падарылі Мінску фармат штотыднёвых канцэртаў на вольным паветры ў цэнтры сталіцы.

Пачатак мерапрыемстваў а 20-й гадзіне, уваход вольны.

28
Тэги:
Музычныя жанры, Стыль жыцця і адпачынак, Верхні горад
Тэмы:
Летнія фестывалі Беларусі-2017 (21)

Афiша