Музей Уладзіміра Караткевіча ў Оршы

Удзельнікі "Літаратурнага падарожжа" наведаюць радзіму Караткевіча

50
(абноўлена 16:38 21.11.2017)
Падарожнікі наведаюць Музей Уладзіміра Караткевіча ў Оршы, дзе убачаць дом, у якім пісьменнік жыў з сям’ёй у 1956-1958 гадах.

МІНСК, 21 ліс — Sputnik. У рамках праекта "Літаратурнае падарожжа" 22 лістапада адбудзецца вандроўка Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры на радзіму выбітнага пісьменніка і класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, паведамілі Sputnik арганізатары.

"Я нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў горадзе Оршы Віцебскай вобласці. Тады гэта быў маленькі гарадок. Зялёныя вуліцы, рэшткі валоў замчышча, гудкі далёкіх цягнікоў і блізкіх параходаў (чыгунка і аўтобусы яшчэ не забілі раку), дубовыя лясы на берагах і ліпы на вуліцах, недалёкія парогі. І, вядома, сотні крыніц па берагах і нашы песні…" — так апісвае свой родны горад у аўтабіяграфіі "Дарога, якую прайшоў" Уладзімір Караткевіч.

У музеі гісторыі беларускай літаратуры адзначылі, што "ў Оршы пісьменніка памятаюць і ганарацца сваім таленавітым земляком. Таму супрацоўнікі музея разам з беларускімі пісьменнікамі вырашылі выправіцца ў вандроўку перад днём нараджэння Уладзіміра Караткевіча".

"Удзельнікі падарожжа наведаюць Музей Уладзіміра Караткевіча, дзе убачаць дом, у якім пісьменнік жыў з сям'ёй у 1956-1958 гадах", — дадалі арганізатары.

Праект "Літаратурнае падарожжа" знаёміць жыхароў беларускіх вёсак і гарадоў з цікавымі падарожнікамі: пісьменнікамі, супрацоўнікамі музеяў, літаратуразнаўцамі, журналістамі, дае магчымасць задаць ім пытанні, зацікавіцца іх творамі, а таксама даведацца пра музейную працу.

50
Тэги:
Жыццё знакамітых людзей, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Уладзімір Караткевіч, Орша Віцебскай вобласці, Беларусь
По теме
Адам Мальдзіс: з Караткевічам мы "перамігваліся" настольнымі лямпамі
Рэканструкцыя Першай сусветнай вайны, архіўнае фота

Паглядзець на баі Першай сусветнай вайны запрашаюць у Дудуткі

8
(абноўлена 11:33 29.10.2020)
Аматары гістарычнай рэканструкцыі таксама змогуць убачыць зброю тых часоў.

МІНСК, 29 кас – Sputnik. Рэканструкцыю штыкавага боя часоў Першай сусветнай вайны зладзяць у Дудутках у рамках праекта "Легендарныя эпохі", паведамілі арганізатары мерапрыемства.

Акрамя рэканструкцыі 31 кастрычніка гасцей чакае аповед пра падзеі Першай сусветнай вайны і выстава зброі тых часоў, праца інтэрактыўных і фота- зон.

"Праект "Легендарныя эпохі" закліканы ў інтэрактыўным фармаце распавесці пра самыя цікавыя эпохі, падзеі і людзей Беларусі. Кожныя выхадныя на тэрыторыі музейнага комплекса будзе праходзіць інтэрактыўная праграма, якая адлюстроўвае пэўны гістарычны перыяд або падзеі", - паведамілі арганізатары.

Праграмы ў межах праекта будуць праходзіць кожную суботу з 12:00 да 17:00.

7 лістапада тэмай мерапрыемства стане Другая Сусветная вайна, 14 лістапада – шатландскія найміты, 21 лістапада – эпоха вікінгаў, а 28 лістапада ў Дудутках пройдзе рыцарскі турнір сярэднявечча.

Чытайце таксама:

8
Тэги:
Музейны комплекс "Дудуткі", Першая сусветная вайна
Спектакль Убачыць ружовага слана

Тэатр HomoCosmos запрашае на восеньскія прэм’еры ўжо зараз

45
(абноўлена 14:46 15.05.2020)
Адзін з самых яркіх тэатральных праектаў сталіцы рыхтуе тры цікавыя пастаноўкі, сярод якіх спектакль па кнізе Святланы Алексіевіч.

МІНСК, 15 мая - Sputnik. Незалежная тэатральная кампанія Homocosmos рыхтуецца прадставіць восенню адразу тры прэм’еры, якія прыйшлося адкласці з-за пандэміі каронавіруса.

Зараз тэатр збірае грошы на падрыхтоўку рэквізіта і рашэнне арганізацыйных момантаў праз творчую ініцыятыву #АртПроездной, што аб’ядноўвае творчыя калектывы, якія зараз маюць патрэбу ў падтрымцы.

HomoCosmos, знакаміты гледачам такімі пастаноўкамі як "Дора, ці Сэксуальныя неўрозы нашых бацькоў", "Убачыць ружовага слана", "Бог козыту", "Раскрыццё", не проста просіць грошы: яны прапануюць сваім наведвальнікам цікавую альтэрнатыву.

Сёння гледачы могуць набыць квіткі з адкрытай датай на спектаклі: такім чынам, калі адновіцца праца, яны змогуць абраць любую пастаноўку.

Патрапіць можна будзе не толькі на знаёмыя спектаклі, але і на запланаваныя на восень гэтага года прэм’еры - "Хлопчыкі" (па рамане "Цынкавыя хлопчыкі" Святланы Алексіевіч рэжысёра Алега Хрысталюбскага), "Нічога святога" рэжысёра Аляксандра Марчанкі і "Ясь і Малгося" рэжысёрак Кацярыны Аверкавай і Паліны Дабравольскай.

Чытайце таксама:

45
Тэги:
Мінск, Тэатр
Багач

Народны каляндар: святкуем Юл’яна, гатуем стравы для дзетак

0
(абноўлена 16:49 30.10.2020)
Этнограф Ларыса Мятлеўская распавядае як нашы продкі баранілі дзяцей ад хваробаў і што гатавалі для іх.

У народзе лічылі, што калі ў хаце не чуваць дзіцячых галасоў, то гэта хата не мае шчасця. 31 кастрычніка ў Народным календары адзначаюць прысвятак Юльяна, ахоўніка дзяцей. Але не толькі ў  гэтага святога бацькі прасілі дапамогі для сваіх дзяцей. Найважнейшымі аступнікамі ад усялякага ліха лічылі Прачыстую, Ісуса Хрыста і анёлаў ахоўнікаў, якія ў народным уяўленні адбіваюць чалавека ад "усіх наглых урагоў". У народнай міфалогіі дзецьмі апекавалася Дамавуха, якая магла калыхаць калыску з немаўляткам і бавіцца з астатнімі дзецьмі гаспадыні, якая ёй падабалася.

Але першай і наймацнейшай апякункай і абаронцай для сваіх дзяцей заўсёды была маці. Яна спявала на ноч калыханку, апранала, рабіла ляльку, сачыла, каб дзіця было здаровае і сытае.

Багач у Вязынцы
© Sputnik Альфрэд Мікус
Наймацнейшай апякункай дзяцей заўсёды была маці

У народзе лічылі, што падчас цяжарнасці жанчына павінна была выконваць шэраг перасцярог, у выніку якіх гарантавалася нараджэнне здаровага немаўляці. Але і надалей маці верыла, што напрацягу першага года жыцця лёс дзіцяці наўпрост залежыць ад яе паводзін. Таму падчас кармлення сама жанчына не павінна была сілкавацца, каб дзіця не было абжорай, не пазяхаць, каб дзіця не было гультаём, ні з кім не спрачацца, каб не было схільным да спрэчак і сварак. Лічылася, што карміць дзіця ў дрэнным настроі ні ў якім разе нельга. Маці павінна супакоіцца, іначай дзіця  да канца свайго жыцця будзе тужыць. Таму, каб яго лёс быў шчаслівым, маці карміла яго толькі ў светлым настроі, ласкава называючы "маё сонейка яснае", "мая зоранька ранняя", "мой верабейка, птушачка, крошачка" і інакш.

Часта кармленне павольна пераходзіла ў калыханне, дзе ў калысцы, як апісваў беларускі этнограф Чэслаў Пяткевіч  у кнізе "Грамадская культура Рэчыцкага Палесся"засынаў "абагоўлены скарб" пад манатоннае напяванне: "Аа, аа, дзе-е-таачка спаць, а я буду каа-лы-хаць, а-а…, а ты паганае, чаго слепкі вытарашчыло? Ось я табе як дам плескача, то мне зараз заснеш — аа-аа... ".

Але такое стаўленне да немаўляці заканчвалася праз год "адлучэннем". Гэты сямейны абрад, апісаны Пяткевічам адбываўся наступным чынам. Пакарміўшы дзіця грудзямі апошні раз, маці садзіла яго на памост для спання, а бацька клаў перад ім медзяны грош, кавалачак хлеба, валовы рог, ці, калі дзяўчынка, тронку ад сярпа. Калі дзіця пацягне ручку найперш да рога, то лічылі, што яно будзе добрым гаспадаром, калі да хлеба, то будзе гультаём, ахвотнікам да гатовага хлеба, калі да гроша – будзе схільным прыхапіць чужое – будзе злодзей.

Праздник средневековой культуры Меч Брачыслава
© Sputnik Альфред Микус
Галоўнае, каб дзіцяці вырасла добрым чалавекам

Рэзкае адлучэнне ад грудзей у дзіцяці практычна заўсёды выклікала доўгатэрміновы разлад страўніка і пераход на "свой хлеб" адбываўся даволі балюча. Смяротнасць сярод дзяцей гэтага ўзросту была даволі высокай і асабліва ў сем’ях сялян. Не разумеючы прыроды таго ці іншага дзіцячага захворвання, верылі, што віной таму сурокі, пярэпалахі, начніцы, крыксы, капрызы, падвей і іншыя міфалагічныя істоты.

Спосабы дыягностыкі і лячэння былі часам такімі ж дзіўнымі, як і тыя нячысцікі, што па народных уяўленнях шкодзілі дзецям. Так, каб высветліць, ці будзе жыць вельмі хворае дзіця, варажылі з дапамогай мурашніку. Маці ішла ў лес і здымала верхнюю частку мурашніка, рабіла з гэтага адвар і купала ў ім дзіця тры дні запар. Пасля ізноў ішла ў лес і глядзела ці аднавілі мурашкі свой дом. Калі мурашнік меў ранейшы выгляд, то была надзея, што дзіця паздаравее. У такіх выпадках маці шукала любых паратункаў. У справу ішлі і малітвы да святых і язычніцкія замовы, якія выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне. Вось як лячылі начніцы.

Калі спакойнае ўдзень дзіця непакоілася і ўначы не спала, то лічылі, што яму шкодзяць начніцы. Яны ўяўляліся чорным кудлатым чарвяком, які быццам бы прапаўзаў пад калыбеллю. Супраць гэтай напасці ў дзвярах ставілі страх (пудзіла), як на вераб’ёў, апраналі ў вывернутую наадварот сарочку, у калысцы мянялі палажэнне ног і галавы, калыхалі дзіця ў начоўках і чыталі замовы: "Зара-зарыца, вазьмі ў майго дзіцяці начніцы. Дзе зара патухаіць, там начніцы прападаюць".

А вось як паэтычным народным словам супакойвалі дзіця перад сном на Ашмяншчыне: "Дрымоты, пакой, адшукай рабу Бога (імя), няхай яна спіць, высыпаецца, ноччу не прасыпаецца. Зоркі няхай будуць ёй сёстрамі, месяц ёй братам, а сон ёй кумам і сватам. Амын".

Існавала і такая практыка, калі дзіця быццам ахвяравалі Богу, просячы заступніцтва за яго і шчаслівага лёсу. Трэба было аднесці ў касцёл прызначаныя на ахвяру грошы, кавалак палатна, крыху лёну. Гэтай ахвярай тройчы малявалі кола вакол дзіцяці і накрывалі яго ёю. Пасля клалі ахвяру на алтар.

Дожинки в Мяделе - 2018
© Sputnik Альфред Микус
У народзе лічылі, што, калі ў хаце не чуваць дзіцячых галасоў, у ёй няма шчасця

Калі дзіця было як быццам бы здаровае, але вельмі худзенькае, яго дастаткова было ўзважыць на шалях і тады яно быццам бы пачынала папраўляцца. Каб дзіця хутчэй расло, маці здымала з яго кашульку толькі праз галаву і карміла як мага часцей.

У перыяд ранняга дзяцінства як у сялянскай так і ў заможных дваранскіх сем’ях дзецям гатавалі асобныя стравы з лепшых прадуктаў, якія дарослым не заўсёды траплялі на стол, паколькі ад якасці ежы залежыла здароўе дзіцяці. Вядома ж меню вясковай малечы вельмі адрознівалася ад дзіцячага меню ў заможных сем’ях, дзе былі знаёмыя з заходнееўрапейскай кухняй. Тут пэўныя веды аб сістэме харчавання і ўтрымання дзяцей дазвалялі рабіць яе больш сбалансаванай і правільнай. У выніку, дзеці вышэйшых саслоўяў хварэлі і паміралі значна радзей чым сялянскія. Але як бы там ні было і сялянка, і пані песцілі сваіх дзетак смачнымі стравамі.

Гатавалі звычайна салодкія кашы, бліны з начынкамі і без іх, пончыкі, тварожныя запяканкі, цыбрыкі грыбкі і яечні, разнастайнае печыва, стравы з лепшых гатункаў мяса, клёцкі, калдуны з ягаднымі начынкамі, разнастайныя супы і булёны і ў тым ліку супы-пюрэ з гародніны ды шмат што яшчэ.

Вось як гатавалі малочны суп з морквай ў вёсцы Літва Ляхавіцкага раёна Мінскай вобласці.

Суп малочны з морквай

Інгрыдыенты:

  • 4 шклянкі малака
  • 3 шклянкі вады
  • 1 морква
  • 1 яйка
  • 1 шклянка мукі
  • 2 чайныя лыжкі цукру
  • 50 г сметанковага масла
  • Соль

Як гатаваць:

Малако змяшаць з вадой і давесці да кіпення, пакласці старкаваную на буйной тарцы моркву, соль, варыць да гатоўнасці морквы. У муку ўбіць яйка, дадаць вады, старанна перамяшаць, каб атрымалася цеста, як густая смятана. Паступова ўліваць цеста ў суп пры няспынным памешванні. У канцы варкі пакласці цукар і сметанковае масла.

0
Тэги:
Народныя традыцыі, Ларыса Мятлеўская
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў