Касы Купалаўскага тэатра

"Рэвізора" пакажуць у Купалаўскім тэатры ў студзені

1
(абноўлена 12:04 07.12.2017)
Над сцэнаграфіяй спектакля працуе літоўскі мастак Марыус Яцоўскіс. Ён вядомы беларускай публіцы па "Чайцы" А. Чэхава. Музыку для спектакля піша Андрэй Зубрыч.

МІНСК, 7 сне — Sputnik. Прэм'ера спектакля "Рэвізор" адбудзецца ў Нацыянальным акадэмічным тэатры ім. Янкі Купалы 27 і 28 студзеня 2018 года.

За пастаноўку вядомага твора Мікалая Гогаля узяўся мастацкі кіраўнік Купалаўскага Мікалай Пінігін.

Сюжэт застаецца нязменным, але спецыяльна для гэтага спектакля ствараўся новы пераклад п'есы, які, як абяцаюць, нікога не пакіне абыякавым.

Паводле сюжэта, у невялікім мястэчку прайшоў слых, што да іх едзе рэвізор са сталіцы, і намеры ў яго самыя сур'ёзныя. Чыноўнікі нервуюцца і сутаргава пачынаюць прыкрываць свае злачынствы. Гараднічы "будуе" верхавіну мясцовай улады. Апякун медыцынскіх устаноў адпраўляе ўсіх хворых дадому, наглядчык вучылішчаў высілкам волі падымае паказчыкі, суддзя спрабуе схаваць службовыя крадзяжы, хабарніцтва, перавышэнне паўнамоцтваў…. Ці ўдасца ім выйсці сухімі з бруднай вады?

"Сапраўднымі героямі спектакля з'яўляюцца страх і смех. Страх быць выкрытымі заганяе чыноўнікаў у цемру непрыхаванай ліслівасці. Сатырычна-камічнымі сродкамі рэжысёр даследуе немагчымасць пераадолець гэтую адвечную боязь перад тварам улады", — паведамілі ў Купалаўскім тэатры.

У ролі гараднічага будуць выступаць акцёры Віктар Манаеў і Віталь Макарэвіч, апекуна медыцынскіх устаноў згуляюць Дзмітрый Есеневич і Аляксандр Зелянко, наглядчыка вучэльняў — Раман Падаляка і Аляксандр Паўлаў, суддзю — Ігар Дзянісаў і Ігар Сігаў. Ролю Хлестакова выканаюць Аляксандр Казела і Павел Харланчук-Южакоў. 

1
Каментары