Hуководитель галереи Дом картин Ольга Клип и научный сотрудник Национального художественного музея, востоковед Никита Монич

Шлях у Шамбалу: у Мінску прадстаўлена калекцыя святынь будызму

31
(абноўлена 12:50 07.03.2017)
У мінскай публікі ёсць магчымасць упершыню ўбачыць прыватную калекцыю будысцкага сакральнага мастацтва — бронзавыя скульптуры і жывапісныя абразы 18-20 стагоддзяў, цудам выратаваныя ў часы рэлігійных ганенняў.

Аб унікальных артэфактах, знойдзеных у закінутых будысцкіх кляштарах і цудам выратаваных ў гады камуністычнай прапаганды, на радыё Sputnik Беларусь распавялі куратары выставы "Шлях у Шамбалу" — кіраўнік галерэі "Дом карцін" Вольга Кліп і навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея, усходазнавец Мікіта Моніч.

"Невыпадкова назва выставы "Шлях у Шамбалу" суправаджаецца ёмістым слоганам "Абразы будызму з агню камунізму". Выстава адлюстроўвае сакральнае будысцкае мастацтва, а "агонь камунізму" — гэта намёк на тое, што прадметы дзякуючы шчасліваму выпадку былі выратаваны ад знішчэння падчас ганенняў на будызм ў 20 стагоддзі з боку савецкай улады", — распавёў Мікіта Моніч.

На тэрыторыі спачатку Расійскай імперыі, а потым і Савецкага саюза заўсёды былі спрадвечна будысцкія рэгіёны — Калмыкія, Бурація, Тува. У 80-я гады мінулага стагоддзя ў рукі прыватнага калекцыянера патрапілі практычна кінутыя на гарышчы рэліквіі з самага вядомага ў Бураціі Івалгінскага "дацана", дзе сёння захоўваецца адна з трох найбольш значных святынь будыстаў — нятленнае цела Ламы Іцігэлава. Дасягненне сталічнай галерэі "Дом карцін" як раз і складаецца ў тым, што зараз Мінск можа ўбачыць прыватную калекцыю.

"Гэтая калекцыя фарміравалася на працягу 30-ці гадоў. Але перш чым патрапіць у Бурацію, а потым у рукі прыватнага калекцыянера — спадара Высоцкага, многія экспанаты пабывалі ў Манголіі, Кітаі, Непале, Тыбеце. Гэта сапраўды вельмі шырокі геаграфічны арэал. І зараз, сабраныя разам, яны паўсталі перад мінскімі гледачамі", — распавяла Вольга Кліп.

Акрамя скульптуры, на выставе "Шлях у Шамбалу" прадстаўлены і жывапіс — так званыя "будысцкія тангкі". Шматлікія сакральныя выявы не проста намоленыя, месцамі яны падвэнджаны дымам будысцкіх храмаў. На думку куратараў, гэты налёт як раз і перадае глыбіню стагоддзяў.

"Мастацтва, прадстаўленае на выставе, акрамя таго, што яно вельмі прыгожае для вачэй, яно яшчэ і ўнікальнае па прапорцыях. Кожная дэталь ствараецца па пэўных правілах. Абразы будызму — гэта не метафара, гэта сапраўды сакральныя выявы, якія ствараліся па не менш вывераных канонах, чым блізкі да нас праваслаўны іканапіс", — удакладніў Мікіта Моніч.

Куратары выставы прызналі, што кожны экспанат каштоўны па-свойму, але пры гэтым адзін з самых цікавых бакоў экспазіцыі заключаецца ў тым, што прадстаўленыя прадметы 19-20 стагоддзяў, менш дэталізаваныя і больш мастацка абагульненыя, дазваляюць падкрэсліць неверагодную моц старых артэфактаў — вялікіх алтарных храмавых тханак 18 стагоддзя, кожную дэталь якіх можна разглядаць па-асобку.

Выстава "Шлях у Шамбалу" ў Доме карцін працуе да 16 красавіка з 12-тай да 21-й гадзіны з чацвярга па нядзелю. Па аўторках можна трапіць на экскурсію ўсходазнаўца Мікіты Моніча, а па чацвяргах паслухаць курс лекцый па мастацтву і гісторыі будызму. Акрамя таго, арганізатары абяцаюць знайсці шлях да сэрца кожнага дзіцяці — па выхадных на выставе можна паслухаць будысцкія казкі.

Гутарку пра выставу "Шлях у Шамбалу" у сталічнай галерэі "Дом карцін" і будысцкую казку пра 500 малпаў у выкананні Мікіты Моніча слухайце на радыё Sputnik Беларусь.

31
Тэги:
Скульптура, Выстава, жывапіс, Радыё Sputnik Беларусь, "Дом карцін", Мікіта Моніч, Вольга Кліп, Беларусь