Редактор информагентства Sputnik Беларусь Станислав Андросик

Танкер з іранскай нафтай для Беларусі ўжо знаходзіцца ў порце Адэсы

28
(абноўлена 09:43 23.03.2017)
Беларуская нафтавая кампанія паведаміла пра тое, што танкер з іранскай нафтай аб'ёмам 80 тысяч тон ужо знаходзіцца ў порце Адэсы, першая партыя нафты павінна паступіць на Мазырскі НПЗ да канца тыдня.

Напачатку тыдня стала вядома, што "Укртранснафта" скончыла працы па выцясненні воднага кансерванта і запаўненні нафтаправода "Мазыр — Броды" І-й чаргі нафтай гатунку Urals, што дае магчымасць аднавіць трубаправодныя пастаўкі нафты з Адэсы ў Беларусь.

Пра тое, як далей будзе ажыццяўляцца транспарціроўка іранскай нафты ў Беларусь і наколькі такі варыянт паставак прымальны для беларускага бока, на радыё Sputnik Беларусь распавёў рэдактар інфармацыйнага агенцтва Sputnik Станіслаў Андросік.

"Тут трэба адзначыць такі цікавы момант, што дагэтуль для Беларусі былі не вельмі прывабнымі пастаўкі нафты з порта Адэсы. Лагістыка для Беларусі была вельмі дарагой. Але у гэтым годзе адэскі порт, каб падвысіць сваю канкурэнтаздольнасць, абвесціў тое, што на 75% зніжае партовыя зборы. Умовы для Беларусі сталі значна больш прывабнымі", — паведаміў суразмоўца.

Раней эксперты спрачаліся, у які порт паплыве танкер з іранскай нафтай — у Вентспілс ці ў Адэсу, але ж зараз дакладна вядома, што танкер стаіць у Адэсе і да 24 сакавіка павінен будзе скончыць разгрузку.

Рэдактар Sputnik працытаваў заяву намесніка генеральнага дырэктара "УкрТранснафты" Андрэя Пасішніка пра тое, что літаральна днямі была скончана запампоўка тэхнічнай нафты ў нафтаправод "Мазыр-Броды".

"Гэта значыць, што Беларусь мае магчымасць атрымоўваць нафту з адэскага порта. Канешне, эканамічна гэта не так прывабна, як перапрацоўваць расійскую нафту, але зараз мы апынуліся ў той сітуацыі, калі мы недаатрымоўваем нафту з Расіі і, каб загрузіць тыя моцнасці, якія ёсць у Беларусі, мы будзем перапрацоўваць іранскую нафту", — паведаміў Андросік.

Рэдактар Sputnik таксама патлумачыў, чаму ў якасці порта прыбыцця танкера была абраная Адэса, а не Вентспілс. Спава ў тым, што дагэтуль не скончана судовая цяжба Беларусі з латвійскім бокам.

"Спрэчка ў судзе ідзе пра лёс тэхнічнай нафты, якая знаходзіцца ў нафтаправодзе "Унеча-Вентспілс". Цікаквы момант у тым, што акцыянерам гэтага прадпрыемства з'яўляецца расійская "Транснафта". Гэты той складнік, які можа замаруджваць працэс вырашэння гэтага пытання", — адзначыў Андросік.

Па словах суразмоўцы, украінскі бок цалкам гатовы быць партнерам Беларусі ў пастаўках на Мазырскі НПЗ іранскай нафты ці азербайджанскай, пра якую таксама ішлі размовы. Больш за тое, украінскі бок зацікаўлены ў тым, каб гэты нафтаправод "Мазыр — Броды" працаваў на поўную моц.

Па словах суразмоўцы, прывабнасць такога варыянта для украінскага боку не толькі ў заробку на транзіце. Ёсць яшчэ адзін вельмі важны тэхнічны складнік.

"Калі гэты нафтаправод не працуе ў сістэме нафтаправодаў, таму што паралельна ідзе нафтаправод, які накіроўваецца ў Еўропу, тады з'яўляецца дадатковы ціск, які не дазваляе з высокай дакладнасцю правяраць працу нафтаправода і кантраляваць яго тэхнічны стан", — адзначыў Андросік.

Размову з рэдактарам Sputnik Станіславам Андросікам пра прыбыццё ў Адэсу танкера з іранскай нафтай для Беларусі слухайце на радыё Sputnik Беларусь.

28
Тэги:
нафта, Радыё Sputnik Беларусь, Украіна, Адэса, Беларусь
Каментары