Лидер группы Палац Олег Хоменко

Гурт "Палац" святкуе адразу два юбілеі

41
(абноўлена 17:17 29.03.2017)
Лідэр гурта "Палац" Алег Хаменка распавёў радыё Sputnik Беларусь пра будучы падвойны юбілей — уласны і свайго калектыву, а таксама ўспомніў, як чвэрць стагоддзя таму пачынаўся "Палац".

Хутка вядомы беларускі гурт "Палац", які лічыцца пачынальнікам стылю "фольк-мадэрн", адзначыць сваё 25-годдзе. А сам Алег Хаменка рыхтуецца святкаваць 50-гадовы юбілей. Выдатная нагода, каб, хай і ненадоўга, акунуцца ў гісторыю ўзнікнення гурта. Пры тым, што зусім не адразу "Палац" здабыў свой, вядомы зараз стыль.

"Я вярнуўся з войска, аднавіўся на 2-гі курс мінскага Інстытута культуры, і мяне паклікалі ў паў-аматарскі гурт, які зваўся "Парадокс". Спярша гралі хард-рокавую праграму, але потым доўга гралі на танцах і вяселлях. Па сутнасці, як цяперашнія кавер-бэнды", — распавёў Алег Хаменка.

Грошай не хапала, таму сталі выступаць яшчэ і на пляцоўках розных пансіянатаў. Вопыт ігры на вяселлях, асабліва на сельскіх, даў цікавы вынік: людзі хацелі чуць свае народныя песні, якіх музыканты тады ня вельмі ведалі. Даводзілася спачатку неяк выкручвацца, а заадно падцягваць рэпертуар. А потым прыйшло адчуванне нейкага беларускага блюзу, і гурт пачаў пераходзіць на народны матэрыял у сваіх апрацоўках. Канчаткова вызначыліся са стылем і новай назвай у 1992 годзе. Дарэчы, адбылося гэта падчас паездкі па крымскім санаторыям.

"Некаторыя вакальныя песні ніяк не падыграць. А некаторыя наадварот. Мы адчулі, што трэба пераходзіць у гэты стыль. Нас гэта зачапіла. Мы адчулі, што можам прапанаваць не толькі Беларусі, але і ўсяму свету новы падыход. Практычна з самага пачатку мы ўяўлялі сабе, што мы ствараем новы стыль", — адзначыў Хаменка.

Спалучэнне фальклору і моднага тады электроннага гучання хутка прынесла свой плён. Гурт атрымаў вядомасць, "Палац" сталі запрашаць на рознага кшталту фестывалі ў Еўропе, Расіі, Азіі. Дарэчы, непасрэдна народных песень у рэпертуары калектыву няшмат. Фальклор хутчэй з'яўляецца асновай для стварэння новага матэрыялу.

Па выніках фестывалю "Radio France International" у 1993 годзе "Палац" быў названы ў дзесятцы лепшых калектываў Усходняй Еўропы. У 2007 годзе гурт "Палац" удзельнічаў у конкурсе "Еўрафэст" (адборачны тур на "Еўрабачанне-2008"), дзе заняў трэцяе месца па выніках галасавання гледачоў. У 2010 гурт напісаў і выканаў гімн для мінскага хакейнага клуба "Дынама".

Гутарку з лідэрам гурта "Палац" Алегам Хаменкам слухайце на радыё Sputnik Беларусь.

41
Тэги:
Музыка, Палац (гурт), Алег Хаменка, Беларусь
Каментары