Унукі маршала СССР Івана Баграмяна - Іван Баграмян і Карына Наджарава

Унукі маршала Баграмяна: дзед вучыў паважліва ставіцца да ўсіх людзей

9
(абноўлена 17:04 03.07.2017)
У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь унукі маршала Савецкага Саюза Івана Хрыстафоравіча Баграмяна Карына Наджарава і Іван Баграмян распавялі радыё Sputnik Беларусь, як іх сям'я захоўвае памяць пра легендарнага палкаводца.

З лістапада 1943 года маршал Іван Баграмян прыняў камандаванне войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту, якія ўлетку 1944 года былі задзейнічаныя ў Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі, якая атрымала кодавае найменне "Баграціён", у выніку якой былі вызваленыя Беларусь, частка Літвы і Латвіі.

За паспяховую арганізацыю дзеянняў войскаў 1-га Прыбалтыйскага фронту падчас Беларускай стратэгічнай аперацыі 29 ліпеня 1944 года Івану Баграмяну было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў радыё Sputnik Беларусь успамінае гутарку з нашчадкамі легендарнага палкаводца Карынай Наджаравай і Іванам Баграмянам.

"Ён быў не зусім падобны на ваеннага, гэта быў вельмі інтэлігентны чалавек, з якім я мог размаўляць літаральна на любую тэму. Ён добра разбіраўся ў мастацтве, літаратуры, мы з ім шмат абмяркоўвалі новыя тэатральныя пастаноўкі, кінафільмы. Па тэлевізары паказвалі, напрыклад, фільм пра вайну, і ён каментаваў, што не зусім так гэта было", — распавёў Іван Баграмян.

Па словах Карыны Наджаравай, унукі далёка не адразу сталі ўсведамляць, што Іван Хрыстафоравіч — знакаміты чалавек і легендарны ваеначальнік, для іх ён быў проста дзедам — клапатлівым і уважлівым.

"Мяне ён з вялікім энтузіязмам вучыў гуляць у шахматы, таму што лічыў, што гэта развівае мысленне. Я думаю, ён, вядома, паддаваўся. Малаверагодна, што я магла б яго абыграць у шахматы, ён сапраўды вельмі добра гуляў. Ён вельмі шмат увагі надаваў нашаму выхаванню і вучыў нас вельмі паважліва ставіцца да ўсіх людзей, незалежна ад іх пасадаў і становішча ў жыцці", — распавяла Карына Наджарава.

Унукі Івана Хрыстафоравіча да гэтага часу захоўваюць як сямейную рэліквію бутэльку французскага каньяку, якую іх дзеду на 70-гадовы юбілей падарыў маршал Савецкага Саюза Георгій Жукаў.

"Да гэтага часу захоўваецца. Рука не падымаецца ні ў каго. І не паднімецца, гэта ж рэліквія. Хацелася б нагадаць, што іх сяброўства пачалася яшчэ ў сярэдзіне 20-х гадоў у Піцеры. Чатыры маршала — Жукаў, Ракасоўскі, Яроменка і Баграмян, і вось так усё жыццё яны і падтрымлівалі адносіны, тым больш што дзед быў адным з нямногіх, хто падтрымліваў Жукава ў перыяд апалы", — распавёў Іван Баграмян.

Поўную версію размовы з унукамі маршала Савецкага Саюза Івана Баграмяна Карынай Наджаравай і Іванам Баграмянам слухайце на радыё Sputnik Беларусь.

9
Тэги:
Баграціён, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Іван Баграмян, Беларусь
Каментары