Беларускі кампазітар Эдуард Ханок

Ханок: калі "Спамаш" вырашыць вярнуць песні Паплаўскай, то гэта іх права

38
(абноўлена 16:51 23.04.2018)
Народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Ханок пракаментаваў у гутарцы на радыё Sputnik Беларусь сваё рашэнне перадаць усе правы на выкананне песен "Малінаўка", "Я ў бабулі жыву", "Завіруха" і "Шчаслівы выпадак" прадзюсарскаму цэнтру "Спамаш".

Скандал у музычнай суполцы Беларусі, які разгарэўся практычна год таму вакол песен Эдуарда Ханка, якія выконваў дуэт Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча, здаецца, завяршаецца дастаткова разумным рашэннем. Кампазітар абвясціў аб перадачы выключных правоў на чатыры сваіх творы прадзюсарскаму цэнтру "Спамаш", які вольны распараджацца імі як заўгодна.

"Канфлікт з Паплаўскай не вяртаем, я не магу ёй дараваць таго, што яна зрабіла на тым сумным канцэрце. Але "Спамаш" прапанаваў мне, што яны назавуць свой культурны цэнтр "Малінаўка" — па назве маёй песні — і я пагадзіўся перадаць ім выключныя правы на музыку чатырох твораў, хай яны імі распараджаюцца, як трэцяя асоба. Я гэта зрабіў для таго, каб не сутыкацца наўпрост і не мець спраў з Паплаўскай", — заявіў Ханок.

Мастацкі кіраўнік прадзюсарскага аб'яднання "Спамаш" Леанід Шырын у гутарцы з карэспандэнтам Sputnik праінфармаваў, што культурна-прадзюсарскі цэнтр і дзіцячая школа талентаў будуць называцца "Малінаўка". Таксама ён пацвердзіў свае намеры аб тым, каб Ядвіга Паплаўская працягнула выконваць перададзеныя песні.

Эдуард Ханок падкрэсліў, што, нягледзячы на тое, што сітуацыя з гэтымі чатырма кампазіцыямі вырашылася, канфлікт з Анатолем Ярмоленкам вакол песні "Вы шуміце, бярозы" не вычарпаны і будзе вырашацца ў судзе, які кампазітар спадзяецца выйграць.

Гутарку з народным артыстам Беларусі, кампазітарам Эдуардам Ханком слухайце ў аўдыёзапісе радыё Sputnik Беларусь.

38
Тэги:
Аўтарскія правы, Музыка, Ядвіга Паплаўская, Аляксандр Ціхановіч, Эдуард Ханок, Беларусь