Знакаміты беларускі футбаліст і трэнер Анатоль Байдачны

Байдачны: з Марадонам можна ўжо і не пісаць, з кім гуляе "Дынама-Брэст"

16
(абноўлена 09:16 04.07.2018)
Прыезд легендарнага аргентынца Дыега Марадоны ўскалыхне наша сумнае футбольнае балота - у першых матчах можна будзе нават не паведамляць, з кім гуляе "Дынама-Брэст", заўзятары ўсё роўна пастрояцца ў чаргу, лічыць знакаміты беларускі футбаліст Анатоль Байдачны.

Прыезд у Беларусь аднаго з лепшых гульцоў свету за ўсю гісторыю існавання футбола ўнясе разнастайнасць у наша "сумнае футбольнае балота", такое меркаванне выказаў тэлеканалу СТБ вядомы савецкі і беларускі футбаліст Анатоль Байдачны, які гуляў на пазіцыі нападаючага ў маскоўскім і мінскім "Дынама" і ў 2003-2005 гадах быў галоўным трэнерам футбольнай зборнай Беларусі.

"Першыя матчы можна нават не пісаць, з кім гуляе "Брэст", а пісаць, што адбудзецца сустрэча з Марадонам. Людзі будуць прыходзіць, з'явіцца вялікі прыток гледачоў на стадыёне для таго, каб убачыць легенду сусветнага футбола. І гэта вельмі добра", — сказаў Байдачны.

Як раней паведамляў Sputnik, першы прыезд у Брэст легендарнага аргентынца і яго знаёмства з клубам і камандай чакаецца па завяршэнні Чэмпіянату свету па футболе ў Расіі, дзе Дыега Марадона будзе працаваць па кантракце з тэлебачаннем Венесуэлы.

Як паведаміла радыё Sputnik Беларусь прэс-сакратар "Дынама-Брэст" Вольга Хіжынкова, у працэсе перамоваў з клубам Марадона быў досыць сціплы ў пажаданнях — ён паскардзіўся на халодны беларускі клімат зімой і пацікавіўся трэнажорнай залай побач з будучым жыллём у Брэсце.

Знакамітаму аргентынцу цяпер 57 гадоў, у перыяд яго футбольнай кар'еры СМІ нярэдка пісалі пра праблемы з наркотыкамі, аднак, па прызнанні самога Марадоны, у 2004 годзе ён адмовіўся ад згубнай звычкі і з тых часоў стараецца падтрымліваць фізічную форму.

"Людзі, якія зрабілі гэта — запрасілі Марадону — яны зрабілі не толькі добрае для брэсцкага футбола. Я лічу, што яны зрабілі добрую справу для беларускага футбола, для ўзняцця цікавасці да яго", — лічыць Байдачны.

Як стала вядома 15 мая, прадстаўнікі клуба "Дынама-Брэст" заключылі з Марадонам у прысутнасці яго агентаў пагадненне тэрмінам на 3 гады. Акрамя самой каманды, легендарны форвард будзе займацца таксама Дзіцячай акадэміяй "Дынама-Брэст" і праводзіць майстар-класы.

Каментар Анатоля Байдачнага слухайце на радыё Sputnik Беларусь.

16
Тэги:
футбол, ФК "Дынама" (Брэст), Радыё Sputnik Беларусь, Анатоль Байдачны, Дыега Марадона, Беларусь
Тэмы:
Дыега Марадона ў "Дынама-Брэст" (12)
Каментары