Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч

Карлюкевіч: трэба вярнуцца да тэрміну "фрылансер" і паслухаць журналістаў

19
(абноўлена 14:57 13.08.2018)
Міністр інфармацыі рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч распавёў тэлебачанню, якія яшчэ карэкціроўкі заканадаўства аб працы медыярэсурсаў будуць неабходныя пасля ўступлення ў сілу абноўленай версіі закона аб СМІ з 1 снежня бягучага года.

З 1 снежня ўступіць у сілу абноўленая версія закона аб СМІ, якая, на думку міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча, будзе спрыяць кансалідацыі і журналістаў, і самога грамадства. Хоць у плане заканадаўчых паправак яшчэ ёсць над чым працаваць, адзначыў кіраўнік профільнага ведамства ў інтэрв'ю тэлеканалу СТБ.

"Безумоўна, хацелася б, каб грамадскія журналісцкія арганізацыі ўносілі ініцыятывы, каб мы рухаліся далей", — сказаў Карлюкевіч.

Па словах міністра, пакуль у працы ведамства застаецца цэлы шэраг момантаў. Гэта і рэзанансная для многіх краін тэма фэйкавых навін, і тэрміналогія ў дачыненні да ўдзельнікаў медыйнай прасторы.

"Мне здаецца, трэба вярнуцца да разгляду самога тэрміна "фрылансер" і больш грунтоўна пагаварыць пра гэта і прыўнесці пэўныя ініцыятывы. Мы будзем максімальна прыслухоўвацца да журналісцкай супольнасці ў вызначэнні ўсіх гэтых пазіцый", — адзначыў Карлюкевіч.

Таксама, па словах міністра, у дадатак да новай версіі закона аб СМІ, якая пачне працаваць з 1 снежня, у бліжэйшы час будзе распрацаваны яшчэ шэраг нарматыўных актаў. У першую чаргу, гаворка ідзе пра пастанову Савета міністраў, прысвечаную выключна нацыянальнаму тэлевізійнаму кантэнту, паведаміў Карлюкевіч.

"Над ёй зараз працуюць супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі, і над ёй жа цяпер працуе журналісцкая тэлевізійная супольнасць. Літаральна ў самы бліжэйшы час будзе гатовы праект гэтай пастановы для шырокага абмеркавання", — паведаміў міністр.

Фрагмент інтэрв'ю міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча слухайце на радыё Sputnik Беларусь.

19
Тэги:
закон "Аб СМІ", Радыё Sputnik Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Аляксандр Карлюкевіч, Беларусь