Лукашэнка - аграрыям: працаваць па-старому - гэта бяда, трэба скокнуць вышэй

Лукашэнка - аграрыям: працаваць па-старому - гэта бяда, трэба "скокнуць вышэй"

59
(абноўлена 22:39 25.03.2019)
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад аграрыяў у Магілёўскай вобласці знайсці новыя напрамкі развіцця і "разыначку" ў кожнай гаспадарцы так, каб "не марудзіць" і надалей лакальныя праблемы не падымаліся для вырашэння на ўзровень кіраўніка дзяржавы.

У панядзелка 25 сакавіка прэзідэнт Беларусі пачаў працоўны тыдзень паездкай па Магілёўскай вобласці напярэдадні старту пасяўной кампаніі. У ходзе паездкі традыцыйна прагучаў шэраг жорсткіх даручэнняў - як супрацоўнікам гаспадарак і мясцовым кіраўнікам, так і чыноўнікам высокага рангу.

"Вы пасееце, чаго б гэта не каштавала і пасееце так, як трэба. Сеяць у гэтым годзе не па тэхналогіях - смерці падобна. Гэта датычыцца цябе, перш за ўсё, ты адказваеш за тэхналогіі. Яны няхай тут паліва шукаюць, яшчэ нешта, гэта іх справа", - даў адно з даручэнняў прэзідэнт.

Паводле слоў беларускага лідара, напярэдадні пасяўной усё павінна быць на належным узроўні, пачынаючы ад тэхналогій і да насення высокай якасці, а таксама якасна апрацаванай глебы, асабліва, калі гаворка ідзе пра Магілёўскую вобласць.

"У іх заўсёды было сваё разуменне, я ж тут працаваў і ведаю. І пляваць на ўсё. Гэта закаранелыя. Там, дзе раней сеюць, і паліва трэба апераджальнымі тэмпамі вылучыць. Каб мы больш на маім узроўні на гэтую тэму не размаўлялі", - даручыў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб у працы не было "маруднасці": "калі вырашылі - трэба аддаць, каб у той ці іншай гаспадарцы разумелі - вось гэта ў іх будзе, а гэтага не будзе ніколі, і ў такім выпадку няхай напружваюцца і шукаюць у сябе".

"Патрэбна разыначка ў кожнай гаспадарцы, нельга па-старому працаваць, гэта бяда. Таму вось пытанне ў чым - а чым дададзім? ... Патрэбныя новыя нейкія напрамкі, трэба генераваць не толькі ідэі, але ўжо ствараць новыя напрамкі развіцця. І дзе, як не ў Шклоўскім раёне, гэта рабіць?!" - сказаў Лукашэнка.

Узараць, пасеяць, вырабіць камбікорм, аддаць каровам, перапрацаваць, быкоў на мяса, ад кароў атрымаць малако - гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, "элементаршчына", а цяпер трэба "скокнуць вышэй".

"Ужо пры такой базе трэба думаць, як апрацоўваць пойму Дняпра, што мы там будзем на гэтай пойме - якіх бараноў, авечак гадаваць і гэтак далей", - сказаў Лукашэнка.

Кожны кавалак зямлі і новае, што патрабуецца на рынку, - у гэтым сутнасць развіцця сельскай гаспадаркі, рэзюмаваў беларускі лідар.

Фрагмент заявы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі слухайце на радыё Sputnik Беларусь.

59
Тэги:
Сельская гаспадарка, Аляксандр Лукашэнка

Радыё