Яблоки

Народныя прыкметы на Яблычны Спас: можна загадаць жаданне

457
(абноўлена 17:31 19.08.2016)
Дзень 19 жніўня ў народзе называюць "Лакамка" – да гэтага часу наліваюцца сокам яблыкі, а ў садзе і агародзе даспявае сапраўднае багацце.

МІНСК, 18 жні — Sputnik. Праваслаўная царква 19 жніўня святкуе Перамяненне Гасподняе — адзін з дванадзясятых святаў.

У народзе яго называюць Яблычны Спас, і ў гэты дзень нясуць свяціць у храмы яблыкі.

"Шанаванне яблыкаў у абрадавай практыцы беларусаў знайшло адлюстраванне ў гэтым свяце. З Яблычным Спасам ў народным эпасе звязана шмат легенд і прыкмет", — паведамілі Sputnik культуролагі.

Паводле іх слоў, адна з легенд, запісаных беларускімі этнографамі ў экспедыцыі па рэгіёнах рэспублікі, сведчыць, што ў дзень Яблычнага Спаса Гасподзь адорвае душы памерлых дзяцей райскімі яблыкамі — першым плёнам новага ўраджаю.

"Гэтая легенда і стала асновай для прыкметы — забароны жанчынам, у якiх памерлi дзецi, ёсць яблыкі новага ўраджаю. Толькі пасля таго, як Гасподзь адорыць райскімі яблычкамі дзетак на нябёсах, жанчына сама магла паспытаць яблыкаў", — распавялі суразмоўцы агенцтва.

Паводле народнай традыцыі, да 19 жніўня нельга есці ніякіх пладоў новага ўраджаю, акрамя агуркоў, інакш будуць хварэць дзеці.

У народзе дзень 19 жніўня называюць "Лакамка" — да гэтага часу наліваюцца сокам яблыкі, а ў садзе і на гародзе спее сапраўдны ўраджай. Святу Спаса, а іх тры — Мядовы, Яблычны і Арэхавы — у народзе прысвечаны прыказкі: "Прыйшоў Спас — усяму час", "На другі Спас і жабрак яблык з'есць".

Таксама ў народзе захавалася павер'е, што ў гэты дзень можна загадаць жаданне, і яно збудзецца.

"Дзяўчына адкусвала кавалак ад першага яблыка новага ўраджаю і загадвала жаданне, якое збывалася", — распавялі культуролагі.

Згодна з народнымі прыкметамі, пасля Яблычнага Спаса пачыналіся першыя халады.

У народзе Спас лічылі днём адлёту буслоў. Калі буслы пачыналі рыхтавацца да адлёту за тыдзень перад Спасам, гэта значыла, што зіма наступіць рана і будзе марозная, а вясна будзе цяплейшай, чым звычайна, калі пасля Спаса — восень будзе цёплая, зіма позняя, вясна халодная.

457
Тэги:
Нацыянальная культура, Рэлігійныя святы, Беларусь