Вербы са Скідзеля

Ад хвароб лечаць, суджанага клічуць: навошта вернікі асвячаюць галінкі вярбы

379
(абноўлена 09:24 12.04.2020)
У народзе лічылі, што ліхаманка, паразіты, дзіцячыя праблемы і хворыя зубы падуладны пупышкам асвечанай вярбы. Пра ўласцівасці гэтах галінак расказвае этнограф Ларыса Мятлеўская.

Вербніца — прадвесніца Вялікадня – урачыстае свята. Сімвал свята – вярба. Гэта прыгожае дрэва цэлы год застаецца непрыкметным, і раптам вясной яно пакрываецца жоўтымі духмянымі "коцікамі", над якімі танцуюць пчолы.

Але не знешнім хараством нам важная вярба. Здавён па народных павер’ях гэта дрэва лічылася ўплываючым на жыццяздольнасць і здароў’е, і хваробы. Асаблівай магічнай значнасцю надзяляліся галінкі вярбы, асвечанай у царкве ў Вербную нядзелю – за тыдзень перад Вялікаднем. Мала хто не схадзіў у нядзелю ў царкву ці да касцёлу, каб пабыць на набажэнстве і асвяціць вербы. Схадзіла ў царкву і я. Прайшлася з зацікаўленым вокам па вербным кірмашы, прыцанілася, набыла верб нямала і засталася задаволеная. Калі вярнулася дадому, сваякам і суседзям разам з чароўнымі галінкамі занесла святочны, добры настрой. А галінкі вярбы з нядзелі перад Вялікаднем і сапраўды чароўныя. На цэлы год яны годныя на ўсялякую патрэбу. Нашы бабулі верылі, што вярба лекуе і спрыяе добраму ўраджаю, засцерагае ад нечысці.

Традыцыёныя вербы і паштоўкі, зробленыя дзецьмі Нядзельнай школы
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Традыцыёныя вербы і паштоўкі, зробленыя дзецьмі Нядзельнай школы

Лекавыя ўласцівасці свянцонай вярбы

З маленства памятаю, як дзед, вярнуўшыся з царквы, сцёбаў усіх хатніх галінкамі вярбы, прыгаворваючы чароўныя словы: "Не я б’ю – вярба б’е…"

Сёлета сцёбала суседак каля храма, а яны мяне, і запісвалі словы замовы, каб не забыцца. Запісвалі хто на чым, нават на накірунку ў лякарню. Ну, няхай Бог памагае!

Вярба ў народных павер’ях асэнсоўвалася як дрэва, якое ўплывае на жыццяздольнасць і здароўе, засцерагае ад нячысцікаў і хваробы. Асаблівай магічнай значнасцю надзяляліся галінкі вярбы, асвечаныя ў царкве ў Вербную нядзелю – за тыдзень да Вялікдня. У гэты дзень па традыцыі, згодна са старажытным рытуалам, білі (пасцёбвалі) дзяцей, каб яны хутчэй раслі, з прыгаворам:

Не я б’ю — вярба б’е.
За тыдзень – Вялікдзень.
Будзь багаты, як зямля,
Будзь здаровы, як вада,
Як лёд – на ўвесь год!

Гэтай жа вярбой пахлествалі і хворых з пажаданнем ім здароўя: "Не я б’ю – вярба б’е! Хіра ў лес, а здароўе ў косці!".

Традыцыйная вярба з папяровымі шышкамі
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Традыцыйная вярба з папяровымі шышкамі

Вось яшчэ некалькі замоў, якія прамаўлялі нашы бабулі. Хто ведае, калі з верай іх прамовіць, гэтыя чароўныя словы будуць вам на дабро:             

 

  • Зоры-зараніцы, гасподнія памачніцы, памагалі Богу, памажыце і мне. Раннія зоркі, вячэрнія і божы дзянёчак, святая нядзелька, прыступіце, памажыце рабу божаму Івану ад плахога глаза.
  • Ляцеў птах па Сіянскіх гарах, сеў на Іванавых варатах. Стаў шчабятаці, урокі сабіраці: жаночыя, хлапечыя, мужчынскія дзявочыя, падумляныя, насыланыя і прыгавараныя. Ён пашчабятаў, урокі пасабіраў, паляцеў на сіне мора. На сінім моры ляжыць белы камень. Як таго камня не пасекці, не парубіць, так у раба божага Івана уоку не бываць.
  • Раз, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем – наце круп вам усем. Крупы гэтыя прымайце і здароўем надзяляйце.

 

Ліхаманка, паразіты і хворыя зубы падуладны пупышкам асвечанай вярбы. Для гэтага дастаткова было з'есці па дзевяць пупышак з асвечанай вярбы. Часам вярбу запальвалі і акурвалі ёю ад ліхаманкі хату, клалі вярбу ў ваду і тады, калі купалі ў ёй хворае дзіця. Пупышкі давалі дзецям ад глістоў, попелам ад спаленай вярбы пасыпалі месца вакол калыскі навароджанага дзіцяці, каб прадухіліць усялякія негатыўныя ўздзеянні варожых сіл. 

Вярба, як зваць суджанага?

Калісці дзяўчаты, як прыйдуць з царквы, сядзелі на лаўцы, і як толькі міма праходзілі якія-небудзь хлопцы, з дапамогаю вербачкі варажылі: сцебануўшы незнаёмага хлопца, пыталі ў яго імя, каб даведацца пра імя свайго суджанага. Уяўляю, як гэта было б каля пад'езду якога дома ў горадзе. Ва ўсялякім разе весела. Дзяўчаты, чаму б не паспрабаваць!

Ідзём з вярбой на могілкі   

Вось яшчэ рытуалы, звязаныя з Вербніцай, якіх сяляне стараліся прытрымвацца.

Пасля Вялікадня будзе Радуніца, дзень, калі прынята віншаваць з Вялікаднем памерлых продкаў. Гэта дзень, калі на магілы блізкіх людзей неслі галінкі вярбы, асвечаныя папярэдне ў царкве. Галінкі клалі на магілкі, такім чынам віншавалі са святам памерлых продкаў, а не букетамі штучных кветак, якімі цяпер імкнуцца ўпрыгожыць магілы блізкіх.

Каб кароўка здаровая была і давала шмат малачка

У беларусаў вярба з ядлоўцам, упрыгожаная штучнымі кветкамі і асвечаная ў царкве, служыла за магічны прадмет для выгану жывёлы ў поле на Юр’я. Ад Вербнай нядзелі яе захоўвалі на покуці за абразом.

Новыя вербы
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Новыя вербы

Абрад асвячэння вярбой агарода

Вярбе прыпісвалі здольнасці апладняць зямлю, паляпшаць яе ўраджайнасць. Для гэтага пасля выгану жывёлы вярбу ўтыкалі ў зямлю (у чатырох вуглах нівы) або разламвалі галінкі і раскладвалі іх па палях. Казалі: "Каб ураджай добры ўвосені сабраць, каб усё так хутка расло, як вярба на мяжы суседа, каб чэрві ды жукі не нападалі". Для большай упэўненасці чыталі замовы: 

Чэр нападаіць, кор пад’ідаіць. Чэр кіпучая, чэр магучая, ідзі з нашага поля на мхі, на балоты, на гнілыя калоды, а калі ня пойдзеш, то святэй Міхайла-арханій сашлець пціц з нябес з жалезным носам. Будуць драць, кляваць, вашу жысць рашаць. Ва векі амінь.

Каб скацінка здаровая была, у дзяжы хлеб удаваўся, а хата маланкі не баялася

Для гэтага пасля набажэнства ў Вербную нядзелю абыходзілі хлявы. Кароўку, авечак і іншых хатніх жывёл сцябалі галінкамі вярбы, як і людзей, каб добра вяліся, здаровыя былі, ліхога вока не баяліся. Частку вярбы пакідалі ў хляве, а часткай пасля выганялі скаціну на пашу. 

У хаце накіроўваліся да дзяжы з мэтай яе "палячыць", калі гаспадыня заўважала, што хлебнае цеста апошнім часам у ёй не ўдаецца. Гаспадыня сцёбала дзяжу і прамаўляла: "Што ж ты мая дзежачка апошнім часам збунтавалася. Каб у табе заўжды хлеб удаваўся! Глядзі ж, каб выправілася!".

Вербы з Ліды
© Sputnik Ларыса Мятлеўская
Вербы з Ліды

Куды дзець старую вярбу?

Вербны букецік замацоўвалі за абразамі, каб не толькі ўпрыгожваў покуць, але і засцерагаў хату ад маланкі. Летам, як толькі ў небе загрыміць, выстаўлялі ў вакно сухія галінкі вярбы, і грымоты абыходзілі сялібу бокам. Старую вярбу палілі, попел выкідалі на грады, каб спрыяў добраму ўраджаю і бараніў ад шкоднікаў. Цяпер жа для гараджан, у якіх няма лецішчаў, каля кожнай царквыстаяць скрынкі, куды можна пакласці старую вярбу.

Каб не наклікаць на сябе бяды, лічылася, што калі вярба трапіла ў хату на покуць, адорваць ёю або пазычаць камусці было ўжо нельга. 

Вось такія яны, чароўныя галінкі асвечанай вярбы! Шануйце звычаі продкаў, і яны будуць спрыяць вам штодня! Да сустрэчы.

379
Тэги:
Традыцыі і абрады, Вербная нядзеля, Беларусь
Тэмы:
Спадчына: традыцыі і вераванні нашых продкаў (90)
По теме
Час, калі Бог хадзіў, або чаму свецяць вярбу
Праваслаўныя святкуюць сёння Ушэсце Гасподняе

Праваслаўныя святкуюць сёння Ушэсце Гасподняе

78
(абноўлена 09:09 28.05.2020)
Адзін з 12 важных царкоўных святаў - Ушэсце Гасподняе адзначаюць праз 40 дзён пасля Вялікадня. У 2020 годзе свята выпадае на 28 мая.

У гэты дзень праваслаўны свет ушаноўвае евангельскія падзеі, звязаныя з апошнімі днямі знаходжання Хрыста Збавіцеля на людской зямлі. Лічыцца, што ў гэты час Ісус завяршаў свае зямныя справы і рыхтаваўся ўзнесціся да свайго Айца.

Ушэсце

Евангелле абвяшчае: на 40-ы дзень пасля Уваскрэсення Хрыстос сабраў апосталаў у Ерусаліме і правёў іх да Аліўнай гары. Там Ісус загадаў ім не разыходзіцца і абяцаў, што праз пару дзён апосталы будуць ахрышчаны Духам Святым, пасля чаго ўзнёсся на неба.

Як толькі Хрыстос схаваўся з вачэй апосталаў, з'явіліся два анёлы. Яны прадраклі вучням, што Гасподзь вернецца на зямлю ў тым жа выглядзе, у якім пакінуў яе. Пакланіўшыся Хрысту, апосталы вярнуліся на святую зямлю Іерусаліма.

Там вучні Ісуса расказалі простым жыхарам пра ўбачанае, і людзі зразумелі, што смерць - толькі пачатак, пераход душы ў іншы свет, дзе кожнага сустрэне Гасподзь і вызваліць ад зямных грахоў і пакут чалавечых. На небе кожная душа здабудзе супакой і сапраўдны дом.

Вялікае свята заключае ў сабе думка пра тое, што праз Ушэсце чалавечая душа ўзводзіцца да бясконцага жыцця. Менавіта таму, па вучэнні праваслаўнай царквы, служэнне Сына Госпада на зямлі завяршылася яго ўнебаўшэсцем.

Традыцыі Ушэсця

У гэты дзень праваслаўныя пякуць пірагі з зялёным лукам і даўгаваты хлеб "лесвічкай". Сваю назву выпечка атрымала дзякуючы форме: хлеб робяць з сямю палосамі-прыступкамі. Святочную выпечку прынята асвячаць у храмах. Таксама ў гэты дзень на стол ставяць смажаную яечню, вараныя яйкі і бліны.

У гэтае свята прынята ўспамінаць нябожчыкаў. Праваслаўныя вераць, што ў перыяд з Вялікадня да Ушэсця браму раю і пекла адкрываюцца, а межы сціраюцца. Мукі грэшнікаў спыняюцца і яны весяляцца разам з праведнымі душамі.

У гэты час людзі імкнуцца ставіцца да жабракоў з вялікім спачуваннем і разуменнем. Паводле легенды, падчас свята мы можам убачыць Ісуса ў адным з беднякоў.

Таксама гэты час лічаць "росквітам прыроды": нага Ісуса ступае на зямлю, прырода ажывае, трава зелянее, а расліны расцвітаюць.

Прыкметы Ушэсця

Здаўна лічылася, што ўсе просьбы і малітвы Усявышняму, вымаўленыя ў гэты час, маюць больш шанцаў спраўдзіцца. Але нельга прасіць пра багацце або матэрыяльныя выгоды.

У гэты час надвор'е становіцца больш пастаяннае - будуць сонечныя і ясныя дні.

Калі на Ушэсце ідзе дождж - ураджай будзе сціплым. У той жа час працяглы дождж даваў надзею на тое, што непагадзь і беды сыдуць. Калі ж дзень пагодлівы, людзі купаюцца ў вадаёмах: лічыцца, што гэта абараняе ад любых хвароб.

Асаблівай у гэты дзень лічыцца песня салаўя: яго пошчакі гучаць званчэй і абвяшчаюць аб Унебаўшэсці Гасподнім. Дзень перад святам называюць Салаўіным.

На Ушэсце жанчыны і дзяўчаты збіралі ранішнюю расу, мыліся і пілі яе: лічылася, што гэта падоўжыць прыгажосць і ўмацуе здароўе.

Таксама існуе павер'е, што ў гэтае свята трэба забыць пра ўборку, гатаванне і ўсякую працу. Свята варта адзначаць у коле самых родных і блізкіх.

78
Тэги:
Узнясенне Гасподняе (Ушэсце, Унебаўшэсце Пана)
Фрэска на калоне з абліччам Ісуса Хрыста. Царква Раства Хрыстова ў Віфліеме

Храм Раства Хрыстова ў Віфліеме адкрылі для вернікаў

10
(абноўлена 08:48 27.05.2020)
У аўторак вернікаў пачалі пускаць і ў Храм Гроба Гасподняга ў Ерусаліме, аднак з некаторымі абмежаваннямі.

МІНСК, 27 мая - Sputnik. Храм Нараджэння Хрыстова, які знаходзіцца ў Віфліеме, адкрыўся для вернікаў, паведаміла РІА "Новости" са спасылкай на старшыню мусульмана-хрысціянскага фонду падтрымкі Іерусаліма Ханна Іса.

"Храм Нараджэння Хрыстова ўпершыню з 5 сакавіка адкрыў свае дзверы, некалькі хрысціянскіх святароў кантралявалі адкрыццё царквы", - сказаў Іса.

Ён таксама адзначыў, што на цырымоніі раніцай у аўторак прысутнічалі кіраўнікі трох цэркваў, адказных за храм.
У аўторак вернікаў пачалі пускаць і ў Храм Гроба Гасподняга ў Іерусаліме, аднак з абмежаваннямі - унутр Кувукліі пакуль ўваходзіць нельга.

Храм Раства Хрыстова пабудаваны паўтары тысячы гадоў таму над пячорай, дзе, паводле падання, нарадзіўся Ісус Хрыстос, і лічыцца адной з найстарэйшых дзеючых цэркваў у свеце. З IV стагоддзя набажэнствы ў ім практычна не перарываліся. Храм зачынілі для наведвальнікаў 5 сакавіка на фоне распаўсюджвання каронавіруса.

10
Тэги:
Іерусалім
Лета ў Беларусі пачнецца з дажджоў

Лета ў Беларусі пачнецца з дажджоў

0
(абноўлена 14:57 31.05.2020)
У першы панядзелак чэрвеня ў краіне чакаецца паўночны парывісты вецер і да 17 градусаў цяпла.

МІНСК, 31 мая - Sputnik. Надвор'е па-ранейшаму не радуе беларусаў. Як вынікае з прагнозу рэспубліканскага гідраметцэнтра, першы месяц лета пачнецца з дажджоў.

У панядзелак, 1 чэрвеня, чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. Дажджы пройдуць у паўднёва-ўсходняй частцы рэспублікі ноччу, днём ападкі чакаюцца на ўсходзе краіны, у некаторых раёнах прагрымяць навальніцы.

Вецер будзе дзьмуць паўночны 5-10 метраў за секунду, аднак днём, папярэджваюць сіноптыкі, яго парывы ​​могуць дасягаць 15-18 метраў у секунду.

Ноччу тэмпература паветра ў Беларусі складзе +4..+10°С, днём +11..+17°С.

0
Тэги:
Прагноз надвор'я, Беларусь