Выстава малюнкаў Іагана Крыстафа Бротцэ

Калекцыю малюнкаў Іагана Бротцэ паказалі ў бібліятэцы Акадэміі навук Беларусі

85
(абноўлена 09:02 21.02.2018)
Іаган Бротцэ з фатаграфічнай дакладнасцю маляваў будынкі, людзей і краявіды, акрамя таго, забяспечваў малюнкі тэхнічным тлумачэннем.

МІНСК, 21 лют — Sputnik. Прэзентацыя калекцыі малюнкаў Іагана Крыстафа Бротцэ адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы iмя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi 20 лютага. Мерапрыемства было арганізавана сумесна з Пасольствам Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Акадэмічнай бібліятэкай Латвійскага ўніверсітэта. Выстава прымеркаваная да 100-гадовага юбілею Латвіі. На адкрыцці выставы бібліятэкі паднеслі адна адной у дар кнігі.

Выстава малюнкаў Бротцэ ў Мінску планавалася з 2014 года і за чатыры гады паспела пабываць у беларускім Падзвінні, а таксама у Полацку і Віцебску. Па словах дырэктара Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Грушы, ён рады, што калекцыю малюнкаў першымі ў Беларусі ўбачылі менавіта гэтыя рэгіёны, бо яны гістарычна і культурна цесна звязаны з Латвійскай Рэспублікай. Галоўным пытаннем, на якое можа адказаць выстава, мяркуе Аляксандр Груша, з'яўляецца тое, як людзі ХVIII стагоддзя глядзелі на свет і як менавіта хацелі яго паказаць.

Малюнкі Бротцэ выкананыя з фатаграфічнай дакладнасцю
© Sputnik Анастасия Волчок
Малюнкі Бротцэ выкананыя з фатаграфічнай дакладнасцю

— Стыль ў Бротцэ такі, што яго малюнкі маюць фактаграфічны характар. Вельмі шмат істотных дэталяў, якія да нас не даносіць ніводная гістарычная крыніца, — сказаў Аляксандр Груша.

Гэтыя дэталі асабліва каштоўныя для гісторыка, паколькі прадстаўленыя на выставе малюнкі — не толькі вобраз навакольнага свету, але і сапраўдная дакументальная крыніца па гісторыі канца ХVIII — пачатку ХIХ стагоддзя.

Ганаровы госць бібліятэкі, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марціньш Вірсіс пагадзіўся з Грушам і дадаў, што ў большасці людзей прадстаўленне аб мінулым складваецца па гістарычных кнігах і раманах.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марціньш Вірсіс
© Sputnik Анастасия Волчок
Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Латвійскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Марціньш Вірсіс

Малюнкі Іагана Бротце прадастаўляюць бясспрэчныя факты існавання будынкаў і прадметаў, якія не захаваліся да нашых дзён. Таксама пасол адзначыў, што гэта ўжо другі раз, калі ён прысутнічае на падобнай цырымоніі, і ён вельмі рады супрацоўніцтву гэтых двух бібліятэк, а таксама супрацоўніцтву з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мілан Экерт (злева), намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша
© Sputnik Анастасия Волчок
Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Мілан Экерт (злева), намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша

Дырэктар Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта Вента Кoцэрэ у сваю чаргу згадала, што выстава малюнкаў на працягу чатырох гадоў, пакуль не ўдавалася прывезці яе ў Мінск, не стаяла на месцы, і распавяла, што яна пабывала ў многіх краінах свету: Эстоніі, Літве, Расіі, Грузіі, Украіне, Польшчы, Венгрыі, Румыніі, Чэхіі, Фінляндыі, Ізраілі, Аўстрыі і Германii. Паводле яе слоў, магчымасць для мінчукоў пазнаёміцца з культурнай спадчынай Латвіі вельмі важная, так як Бротцэ зафіксаваў у сваіх малюнках і беларускія рэаліі — беларусаў, якія ходзяць па вуліцах Рыгі, перамаляваў гандлёвы дагавор паміж Рыгай, Полацкам і Смаленскам 1229 года.

Гандлёвы дагавор паміж Рыгай, Полацкам і Смаленскам 1229 года
© Sputnik Анастасия Волчок
Гандлёвы дагавор паміж Рыгай, Полацкам і Смаленскам 1229 года

Калекцыя малюнкаў Іагана Бротцэ — жамчужына Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта. Гэтая старадаўняя бібліятэка была заснавана ў ХVI стагоддзі і ніколі не спыняла сваю дзейнасць. Яна мяняла назву і месцазнаходжанне, але галоўныя ўнікальныя фонды захаваліся праз стагоддзі, яны праходзілі праз войны і пажары.

— Арыгінал мы ніколі не возім, гэтая выстава зробленая з копій, але яны вельмі якасныя і выглядаюць па фарбах, па колеры як арыгінал. І самае цікавае, што гэта было вельмі даўно — ХVIII — пачатак ХIХ стагоддзя, але малюнкі захаваліся такімі, як іх намаляваў Бротцэ, — распавяла Вента Кoцэрэ.

Калекцыя малюнкаў Іагана Крыстафа Бротцэ
© Sputnik Анастасия Волчок
Калекцыя малюнкаў Іагана Крыстафа Бротцэ

Праектамі лічбавання фондаў бібліятэкі кіруе Валдзіс Мазуліс, які, узяўшы слова, адзначыў, што аблічбоўка літаральна выратавала арыгіналы. Калекцыя малюнкаў Бротцэ была першай алічбаванай, паколькі яна з'яўляецца самай каштоўнай і запытваемай. Усе малюнкі былі аблічбаваныя ў максімальна даступнай якасці, паколькі яны маюць шмат дробных дэталяў.

— Бротцэ валодаў тэхнічным маляваннем. Калі гэты малюнак фармату А4, то надпіс на дзверах — 1 міліметр, — распавёў Мазуліс.

Пасля прэзентацыі выставы дырэктары дзвюх бібліятэк абмяняліся падарункамі.

— Гэтыя кнігі мы падбіралі вельмі старанна, улічваючы інтарэсы будучых чытачоў. У Рызе і наогул у Латвіі ёсць вялікая група беларусаў, але гэтым беларусам трэба нагадваць пра Беларусь, трэба нагадваць аб тым, што выдаецца на іх радзіме, у першую чаргу з пункту гледжання гісторыі, культуры, літаратуры і мовы, — распавёў Аляксандр Груша пра кнігі, якія будуць перададзеныя ў дар латвійскай бібліятэцы.

Дырэктар Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта Вента Кoцэрэ і дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандар Груша
© Sputnik Анастасия Волчок
Дырэктар Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта Вента Кoцэрэ і дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандар Груша

Гэтыя кнігі ўяўляюць сабой абагульняючыя даследаванні, гісторыю беларускай філасофскай думкі, таксама сярод іх знаходзіцца серыя, прысвечаная гарадам Беларусі, беларускаму нацыянальнаму касцюму.

Вента Кoцэрэ падзякавала дырэктару беларускай бібліятэкі і заўважыла, што калі яна вернецца ў Латвію, варта зрабіць другую прэзентацыю беларускіх кніг — у Рызе. Таксама яна выказала падзяку пасольствам Беларусі і Латвіі, без садзейнічання якіх перадача кніг была б немагчымая.

Пасля слова ўзяў экс-кіраўнік беларускага МЗС Пётр Краўчанка, які падзякаваў Венты Кoцэрэ за яе актыўны ўдзел у падрыхтоўцы выставы і наладжванні сувязяў паміж бібліятэкамі і распавёў, чым латвійская бібліятэка можа быць цікавая для беларускіх даследчыкаў. Паводле яго слоў, там знаходзяцца ўнікальныя выданні з бібліятэкі Радзівілаў, і ў тым ліку адна кніга, якая належала Мікалаю Радзівілу Чорнаму.

Экс-кіраўнік беларускага МЗС дыпламат Пётр Краўчанка
© Sputnik Анастасия Волчок
Экс-кіраўнік беларускага МЗС дыпламат Пётр Краўчанка

— А што тычыцца незабыўнага Бротцэ, у нас таксама ёсць такі аналаг, праўда, больш сціплы, гэта Напалеон Орда, які жыў на 100 гадоў пазней, які не пакінуў нам 3000 малюнкаў, але пакінуў 200 літаграфій, выдадзеных у Варшаве, пакінуў сотню акварэляў, пакінуў такую спадчыну, якой мы таксама ганарымся. І па сутнасці Іаган і Напалеон — гэта духоўныя браты з розніцай у сто гадоў, якія змаглі ажыццявіць подзвіг, — падвёў вынік Пётр Краўчанка.

Праваслаўная царква на малюнках Бротце, якая не захавалася да нашых дзён, паводле яго слоў, гістарычны факт, яе мог наведваць бацька Скарыны і нават сам першадрукар, а адзін з Радзівілаў увогуле быў камендантам у Рызе.

Праваслаўная царква ў Рызе і малюнкі рускіх і беларуса
© Sputnik Анастасия Волчок
Праваслаўная царква ў Рызе і малюнкі рускіх і беларуса

Іаган Крыстаф Бротцэ нарадзіўся ў нямецкім Гёрлітцэ, вучыўся ў Лейпцыгскім і Вітэнбэрскім універсітэтах тэалогіі і філасофіі. У 1768 годзе прыбыў у Рыгу і год быў хатнім настаўнікам, а затым стаў педагогам у Рыжскім імператарскім ліцэі, дзе працаваў 46 гадоў.

Малюнкі Іагана Бротцэ, якіх налічваецца тры тысячы, уяўляюць сабой найважнейшыя сведчанні яго эпохі. Ён з фатаграфічнай дакладнасцю фіксаваў будынкі, людзей і краявіды, а акрамя таго, забяспечваў малюнкі тэхнічным тлумачэннем, якое магло займаць ад некалькіх радкоў да цэлых старонак. У апісаннях утрымліваюцца звесткі аб эканоміцы і кіраванні гарадоў, жыхарах і іх занятках, а творы ўяўляюць сабой старанна выкананыя малюнкі пабудоў, помнікаў, гербаў, адзення і нават пячатак і манет, поўныя самых дробных дэталяў.

Студэнты разглядаюць малюнкі Бротцэ
© Sputnik Анастасия Волчок
Студэнты разглядаюць малюнкі Бротцэ

У 2017 годзе калекцыя Іагана Бротцэ была ўключана ў Латвійскі нацыянальны рэестр праграмы ЮНЕСКА "Памяць міру".

Наведаць выставу можна да 30 сакавіка, яна працуе з панядзелка па пятніцу з 09:00 да 19:30.

Жадаючыя бліжэй пазнаёміцца з творамі Бротцэ могуць таксама зазірнуць на старонку 10-томнай калекцыі "Monumente…" у інтэрнэце.

85
Тэги:
малюнкі, выстава, Акадэмічная бібліятэка Латвійскага ўніверсітэта, Цэнтральная навуковая бібліятэка iмя Якуба Коласа, Іаган Бротцэ, Рыга, Латвія, Мінск, Беларусь

Рэпартаж